У Віцебскім раёне нованароджаная дзяўчынка загінула ў выграбной яме. Следчыя раскрылі падрабязнасці крымінальнай справы аб прычыненні смерці з неасцярожнасці.
Паводле звестак следства, увечары 20 жніўня 39-гадовая цяжарная піла дома спіртное са сваім сужыцелем. Раніцай наступнага дня яна пайшла ў прыбіральню, дзе нарадзіла дзіця. Нованароджаная дзяўчынка звалілася ў выграбную яму. Маці не стала даставаць яе, вярнулася ў дом і расказала пра здарэнне. Мужчына патэлефанаваў у хуткую, але дзіця выратаваць не змаглі.
Жанчына патлумачыла следчым, што была п’яная і не зразумела, што нараджае. Дзіця, што звалілася ў яму, яна палічыла мёртвым. На ўліку па цяжарнасці жанчына не стаяла. У 2016 годзе яна адмовілася ад дзіцяці ў радзільні.
«Паводле судова-медыцынскай экспертызы, смерць дзяўчынкі наступіла ад механічнай асфіксіі з прычыны закрыцця дыхальных шляхоў змесцівам выграбной ямы. У крыві нованароджанай знойдзены этылавы спірт у канцэнтрацыі 1,3 праміле, што пацвярджае факт ужывання маці спіртнога напярэдадні родаў», — расказалі ў Следчым камітэце.
Па выніках расследавання 39-гадовай жыхарцы Віцебскага раёна выставілі абвінавачанне па ч.1 арт. 144 КК Беларусі (прычыненне смерці з неасцярожнасці). З санкцыі пракурора да яе ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.