У Лельчыцкім раёне суд вынес прысуд мужчыну, які ўдарыў участковага інспектара нажом. Пра гэта паведамляе прэс-служба судовай інстанцыі.
60-гадовы вясковец быў у стане алкагольнага ап’янення, калі ўчастковы прыйшоў да яго дадому, каб правесці прафілактычную гутарку.
«Пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, лаяўся грубай нецэнзурнай лаянкай у дачыненні да супрацоўніка міліцыі, з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі выганяў яго з дому, пасля чаго ўзяў у руку нож, якім нанёс адзін удар у вобласць брушной поласці, а таксама спрабаваў нанесці не менш за тры ўдары нажом па целе апошняга, ад якіх апошні адбіваўся», — гаворыцца ў матэрыялах справы.
Мужчыну асудзілі на 3,5 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яму таксама прызначылі штраф у памеры тысячы беларускіх рублёў і прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Нагадаем, інцыдэнт адбыўся 30 жніўня мінулага года ў вёсцы Стадолічы. Аднак у МУС не так апісвалі абставіны здарэння.
«Мужчына выйшаў з дому насустрач супрацоўніку, трымаючы адну руку за спінай. Міліцыянер папрасіў паказаць руку і ўзяўся за яе. У вяскоўца аказаўся нож, якім той паспрабаваў ударыць праваахоўніка ў вобласць жывата, потым пачаў ім размахваць, парэзаў участковаму далонь і грудную клетку», — расказвалі тады ў ведамстве.