Кіроўцу легкавіка, які ўвечары 24 студзеня насмерць збіў дзіця ў Магілёве, узялі пад варту. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Следчага камітэта.
Паводле інфармацыі следства, 24 студзеня ў 18.45 на скрыжаванні вуліц Крупскай і Грышына адбылося аварыйнае адключэнне святлафорных аб’ектаў, пра што адразу ж паступіла паведамленне ў ДАІ. На месца быў скіраваны нарад ДПС для рэгулявання руху, аднак трагедыя адбылася літаральна цягам пяці хвілін пасля адключэння святлафораў.
Устаноўлена, што 10-гадовы хлопчык пераадолеў пяць палос руху з шасці, кожны раз пераконваючыся ў сваёй бяспецы.
«Кіроўца, кіруючы ўседарожнікам, праявіў злачынную халатнасць, не зніжаючы хуткасці перасёк скрыжаванне і пешаходны пераход, па якім ішло дзіця. У цяперашні час 61-гадоваму жыхару Магілёва выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 317 КК (Парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека)», — расказалі ў СК.
Да абвінавачанага з санкцыі пракурора ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Вядома, што ён дырэктар прыватнага прадпрыемства ў Магілёве, раней не судзімы.