У Полацкім раёне нецвярозы мужчына збіў кіроўцу, а пасля сам на сябе выклікаў міліцыю, расказаў набліжаны да МУС тэлеграм-канал.
Паведамляецца, што 57-гадовы кіроўца Mercedes ехаў трасай Багушова — Бабынічы. З прычыны тэхнічнай няспраўнасці аўтамабіля мужчына спыніўся, але пакінуў уключаным далёкае святло фар. У гэты час у сустрэчным кірунку ехаў Peugeot, у якім знаходзіўся 46-гадовы пасажыр нападпітку. Апошні абурыўся, што транспартны сродак, што стаіць на месцы, яго слепіць, таму вырашыў зладзіць разборкі.
У выніку пасля слоўнай сваркі ён збіў кіроўцу Mercedes. Апошні сеў за руль і з’ехаў. Але пасажыру Peugeot гэта не спадабалася, таму яны пачалі яго пераследваць. Падчас пагоні п’яны мужчына патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што за рулём Mercedes знаходзіцца нецвярозы кіроўца.
Супрацоўнікі міліцыі спынілі аўтамабілі. Высветлілася, што кіроўца Mercedes цвярозы. Ён пра ўсё расказаў міліцыянтам.
У дачыненні да нецвярозага пасажыра Peugeot распачалі крымінальную справу за злоснае хуліганства.