Маці прыйшла з працы і знайшла цела дачкі ля выграбной ямы. Спецыялісты Дзяржкамітэта судмедэкспертыз (ДКСЭ) высветлілі, чаму загінула жанчына. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.
У канцы траўня ў вёсцы Вялікія Навасёлкі Дзяржынскага раёна маці, вярнуўшыся з працы, знайшла дома ля выграбной ямы цела сваёй 35-гадовай дачкі. Экспертам, якія прыехалі на месца, яна расказала, што дачка цэлы дзень займалася гаспадаркай. Пад загінулай жанчынай знайшлі электрычную помпу для адпампоўвання вадкасці, падлучаную да электрасеткі.
Для высвятлення дакладнай прычыны смерці прызначылі судова-медыцынскую экспертызу. Спецыялісты знайшлі на целе загінулай характэрныя для пашкоджаных электрычным токам участкі скуры — электраметкі, праз якія адбыўся ўваход і выхад электрычнага разраду.
Эксперты высветлілі, што помпа для адпампоўвання вадкасці мела дэфекты і механічныя пашкоджанні сеткавага шнура кабеля, якія прывялі да смяротнага паражэння электрычным токам.