Вайскоўцы УСУ паказалі фота баявой працы найбольш сучаснай украінскай самаходнай артылерыйскай устаноўкі (САУ) «Багдана». Гэта першая самаходка вытворчасці Украіны, выкананая па стандартах NATO. Расказваем пра яе.
Што відаць на фота
На старонцы ў Facebook 1-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння УСУ з’явіліся фатаграфіі выкарыстання САУ 2С22 «Багдана» — першай самаходнай гарматы, вырабленай у незалежнай Украіне. «Моцная жанчына з мужнасцю і рашучасцю перамагае ворагаў, яе імя — Багдана», — напісалі вайскоўцы.
Украінскі ваенны сайт «Мiлiтарний» напісаў, што «Багдану» выкарыстоўваюць для «ўдараў па пазіцыях расійскіх акупантаў». Агонь вядзецца 155-міліметровых снарадамі — такія выкарыстоўвае артылерыя NATO.
Доўгая гісторыя стварэння
Першае, што кідаецца ў вочы, калі глядзіш на самаходную гармату «Багдана», — яна стаіць на шасі грузавога аўтамабіля, а не на гусеніцах. Гэта рэзка адрознівае яе ад савецкай артылерыі (багата прадстаўленай як у расійскай, так і ва ўкраінскай арміях). СССР патрабаваў ад сваіх зброевых канструктараў самаходак (і большасць іншай бронетэхнікі) у абавязковым парадку на гусеніцах. Гэта рабілася, каб гарматы маглі паспяваць за танкавымі калонамі і падтрымліваць іх агнём, калі армады краін Варшаўскай дамовы рвануць на Захад пасля пачатку Трэцяй сусветнай. Праходнасць тэхнікі на гусенічным ходзе нашмат вышэйшая, чым у САУ на колавым шасі, і ў СССР гэта лічылі крытычным.
Паводле заходняй ваеннай дактрыны, самаходкі знаходзяцца ў глыбокім тыле і працуюць па ворагу на вялікіх адлегласцях, піша ваенны эксперт Ігаль Левін. Пры такой тактыцы можна выкарыстоўваць тылавыя дарогі і аўтамагістралі для хуткага перакідвання і разгортвання гармат. САУ прыязджае на месца, хутка разгортваецца, выпускае снарады па праціўніку і гэтак жа хутка мяняе пазіцыю.
Калі выкарыстоўваць самаходкі менавіта так, то значна лагічней мець колавае, а не гусенічнае шасі — грузавік, як правіла, хутчэйшы за танк, паліва яму трэба менш, а праслужаць колы даўжэй, чым гусеніцы.
У 2015 годзе ўкраінская армія пачала рэформу — на той момант прэзідэнт Пётр Парашэнка заяўляў, што УСУ павінныя прывесці сваю абаронную сістэму ў адпаведнасць са стандартамі NATO і забяспечыць сумяшчальнасць з войскамі Паўночнаатлантычнага альянсу праз пяць гадоў. Вядома, гэта не азначала імгненнай замены ўсяго на натаўскае — у арсеналах Украіны была амаль выключна савецкая зброя.
Аднак ужо ў 2016 годзе канцэрн «Украбаронпрам» паабяцаў стварыць новую самаходную гаўбіцу ў калібры NATO 155 міліметраў. Адзначалася, што дальнабойнасць такой гарматы будзе вышэйшая, чым у старых савецкіх 122-мм і 152-мм самаходак. Гармату хацелі змантаваць на шасі самага сучаснага танка Украіны Т-84 «Оплот» (у гэтым выпадку ўкраінскія збройнікі працягнулі б савецкую традыцыю гусенічных самаходак). Работы стартавалі ў лютым 2016 года, стварэннем новай прылады заняўся Краматорскі завод цяжкага станкабудавання — так пачалася гісторыя «Багданы».
Ужо праз год камандуючы ракетнымі войскамі і артылерыяй УСУ генерал-маёр Вячаслаў Гарбылёў заявіў журналістам, што Украіна будзе паступова пераходзіць на 155-міліметровы калібр, таксама згадаўшы, што дальнабойнасць сістэм NATO вышэйшая, чым у тых, што дасталіся ад СССР.
Два гады пра распрацоўку ўкраінскай САУ мала што было вядома — упершыню звесткі пра тое, што «Багдана» ўжо гатовая, з’явіліся 14 ліпеня 2018 года. Шырокай публіцы САУ паказалі на парадзе ў гонар Дня незалежнасці 24 жніўня таго ж года.
Аднак пасля паказу навінкі распрацоўка «Багданы» прыпынілася. Разам з тым з’явілася інфармацыя, што Украіна закупіць для сваёй артылерыі чэшскія самаходкі «Дана» (гэта адна з першых колавых САУ ў свеце, на яе аснове распрацаваная, напрыклад, сучасная славацкая гаўбіца Zuzana 2 — такія прылады пастаўляюць УСУ). Намеснік міністра абароны па ўзбраенні Аляксандр Міранюк абверг падазрэнні, што гарматы з Чэхіі «заб'юць» айчынную распрацоўку, і расказаў, што «Дана» і «Багдана» — розныя сістэмы, якія дапаўняюць, а не замяняюць адна адну.
Пасля аказалася, што тэмпы распрацоўкі новай гаўбіцы знізіліся праз праблему з закупкамі боепрыпасаў NATO калібра 155 міліметраў (а такія снарады неабходныя былі для выпрабаванняў гарматы). У 2021 годзе тэсты аднавіліся — і незадоўга да вайны, у канцы студзеня 2022 года, стала вядома, што «Багдана» прайшла іх паспяхова, прычым далёкасць стральбы склала да 42 кіламетраў (савецкія САУ б’юць менш чым на 30 км).
Што ўяўляе сабой САУ «Багдана»
Самаходка змантаваная на аўтамабільным шасі КрАЗ-63221 з дызельным рухавіком магутнасцю да 420 конскіх сіл. Экіпаж САУ размяшчаецца ў спаранай браніраванай кабіне, абароненай ад аўтаматных куль і аскепкаў. Паводле словаў галоўнага канструктара мадэлі Яўгена Чарманенкі, артылерыйскай устаноўкай можна кіраваць як у цалкам аўтаматычным, так і ў ручным рэжыме.
Для хуткай стральбы «Багдана» абсталяваная аўтаматам зараджання на 20 снарадаў. Хуткастрэльнасць 155-міліметровай гарматы складае да шасці стрэлаў у хвіліну, нават звычайнымі снарадамі САУ здольная страляць на адлегласць да 40 кіламетраў.
«Багдана» на вайне
У траўні 2022 года ўкраінскі палітык Сяргей Пашынскі апублікаваў у Facebook фатаграфіі і відэа першага баявога выкарыстання САУ «Багдана». Паводле яго словаў, эксперыментальны ўзор самаходкі было загадана знішчыць яшчэ 25 лютага, на другі дзень вайны. Аднак Пашынскаму ўдалося дамагчыся вывазу гарматы ў тыл для перадачы УСУ.
Пасля першая ўкраінская САУ ўдзельнічала ў абстрэлах вострава Змяіны, з якога ў канцы чэрвеня адступілі расійскія войскі ў рамках «жэсту добрай волі». Галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны заявіў, што гармата «адыграла вялікую ролю» ў вызваленні вострава.
Мяркуючы па фатаграфіях, апублікаваных днямі, гармата да гэтага часу цэлая і здольна ваяваць — так што, імаверна, мы ўбачым і далейшыя выпадкі баявога выкарыстання першай украінскай самаходкі.
Што значыць з’яўленне «Багданы» ў складзе УСУ
З пункту гледжання ўплыву на сітуацыю на фронце — нічога. Зброя ў адзіным (пакуль) экзэмпляры не зробіць якога-кольвек уплыву на ход вайны.
Аднак яе прыняцце на ўзбраенне і баявое выкарыстанне адлюстроўвае агульную тэндэнцыю ў кардынальнай змене аблічча артылерыі УСУ. «Паступовы пераход» на 155-міліметровы калібр, пра які казаў згаданы вышэй генерал-маёр Вячаслаў Гарбылёў, аказаўся нашмат хутчэйшым, чым чакалася: пасля пачатку расійскага ўварвання Захад пачаў актыўна пастаўляць Украіне свае 155-мм гарматы — амерыканскія М777, нямецкія PzH2000 і іншыя.
Разам з тым запасы савецкіх 152-міліметровых снарадаў украінскай артылерыі не бясконцыя і рана ці позна будуць вычарпаныя. Хутчэй за ўсё, менавіта натаўскія 155 міліметраў стануць стандартам для асноўных гармат арміі Украіны.
Чытайце таксама


