Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


«Патрыятычнае выхаванне трэба пачынаць менавіта з ранняга, дашкольнага ўзросту. І хоць хтосьці кажа, што ў 3−4 гады яшчэ рана, а я лічу, што не рана», — заяўляла яшчэ ў красавіку гэтага года кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Сама па сабе ідэя выхавання патрыётаў, вядома, правільная, вось толькі падчас яе рэалізацыі што да школьнікаў улады ў асноўным робяць стаўку на армію і мілітарысцкую ідэалогію. Толькі ў Мінску колькасць ваенна-патрыятычных клубаў для дзяцей вырасла ў два разы. У сувязі з гэтым успомнілі, як падобным чынам выхоўвалі дзяцей і падлеткаў у Трэцім Рэйху і чым усё гэта скончылася.

Ад моладзевай арганізацыі — да масавага руху

1918 год — вяха ў гісторыі Германіі. У выніку Першай сусветнай вайны гэтая краіна страціла 10% насельніцтва і 13% тэрыторыі, а таксама свае калоніі. Берлін і яго саюзнікаў абвясцілі вінаватымі ў канфлікце (што было справядліва толькі часткова). Краіна мусіла выплачваць рэпарацыі. У грамадстве панавалі настроі рэваншу, была папулярнай легенда пра «ўдар нажом у спіну» (нібыта імкненне Германіі да сусветнай гегемоніі абрынулася не з прычыны няздзейсненасці гэтай мары, а праз здраду купкі ўнутраных ворагаў — у прыватнасці, габрэяў).

У дадатак знікла Германская імперыя. Веймарская рэспубліка (так гісторыкі называлі палітычны рэжым, які існаваў у 1918−1933 гадах), якая ўзнікла на яе месцы, аказалася нестабільнай. Частка грамадства адчувала патрэбу ў «цвёрдай руцэ», якая дапамагла б вырашыць усе праблемы. Альтэрнатываў фактычна было дзве: камуністы і нацысты.

Групповое фото юношей из гитлерюгенда. Из собрания фотоснимков Ведомства по делам расовой политики НСДАП (1933). Фото: Бундесархив, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Групавое фота юнакоў з гітлерюгенда. Са збору фотаздымкаў ведамства па справах расавай палітыкі НСДАП (1933). Фота: Бундэсархіў, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Першыя — Нацыянал-сацыялістычная нямецкая рабочая партыя (НСДАП) на чале з Адольфам Гітлерам — з’явіліся на свет яшчэ ў 1920-м. Ужо праз два гады яны стварылі ў Мюнхене сваю першую моладзевую арганізацыю — Jugendbund der NSDAP (з нямецкай — «Саюз моладзі НСДАП»). У цэлым у гэтым не было нічога дзіўнага, такія структуры былі тыповымі як для Германскай імперыі, так і для Веймарскай рэспублікі. Але пра тое, у што можна ператварыць бяскрыўдную на першы погляд моладзевую арганізацыю, не здагадваўся яшчэ ніхто.

У той час, у першай палове дваццатых, здавалася, што пагроза прыходу да ўлады ў Германіі радыкалаў ліквідаваная. Яшчэ раней, у 1919-м, правалілася спроба камуністаў стварыць Баварскую савецкую рэспубліку, якая праіснавала нядоўга. У 1923-м быў задушаны нацысцкі «Піўны путч» у Мюнхене. Пасля гэтага і самі нацысты, і іх моладзевыя арганізацыі часова сышлі ў падполле, але ўжо ў 1924-м пачалі адраджацца. Прайшоўшы некалькі пераназыванняў і рэструктурызацый, нацысцкая моладзевая арганізацыя ў ліпені 1926-га атрымала канчатковую і вядомую ўсім назву Hitlerjugend (гітлерюгенд, даслоўна перакладаецца «Саюз Гітлера» або «Арганізацыя Гітлера»). Першапачаткова ў яе запісаліся 700 хлопчыкаў. Апошняе важна: туды спачатку бралі менавіта хлопцаў — паралельна існаваў Саюз нямецкіх дзяўчат.

У наступныя шэсць гадоў Гітлерюгенд падпарадкоўваўся СА (літаральны пераклад — «штурмавыя атрады», яны ствараліся з 1921 года з ліку былых вайскоўцаў для запалохвання праціўнікаў нацыстаў). У 1932 годзе ў СА ўваходзіла 400 тысяч немцаў, а на момант захопу ўлады Гітлерам у пачатку 1933 года сумарная колькасць чальцоў САнабліжалася да двух мільёнаў чалавек — то-бок у 20 разоў больш, чым магла, паводле Версальскай мірнай дамовы, налічваць рэгулярная нямецкая армія.

Колонна бойцов СА марширует по улицам Берлина, 1932 год. Фото: Bundesarchiv, B 145 Bild-P049500 / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Калона байцоў СА маршыруе вуліцамі Берліна, 1932 год. Фота: Bundesarchiv, B 145 Bild-P049500 / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

У падначаленні СА была свая логіка — моладзь адкрыта і цынічна выкарыстоўвалі для захопу ўлады, таму прымалі ў Гітлерюгенд толькі старэйшых за 14 гадоў. Яны ўвесь час удзельнічалі ў маршах НСДАП, а таксама іх бойках з праціўнікамі. Часта тыя заканчваліся крывёю.

У апошнія два гады перад прыходам нацыстаў да ўлады загінула больш чым 20 падлеткаў, якія былі ў гітлерюгендзе. Самай рэзананснай стала гібель у Берліне ў 1932-м 15-гадовага Герберта Норкуса. Калі ён разам з сябрамі раздаваў улёткі, на іх напалі іх равеснікі-камуністы. Юныя нацысты кінуліся бегчы, але Герберта дагналі і некалькі разоў ударылі нажом, пасля чаго ён памёр ад страты крыві. У нацысцкай Германіі яго абвясцілі пакутнікам, у гонар яго называлі вуліцы і плошчы, а сам ён стаў адным з сімвалаў руху.

Сам гітлерюгенд тым часам рос. У 1930-м яго колькасць складала ўжо 20 тысяч (нагадаем, за чатыры гады да гэтага — усяго 700). Гэта адлюстроўвала агульную зацікаўленасць немцаў Гітлерам, нацыстамі і іх ідэалогіяй. Сусветны эканамічны крызіс (1929−1933) прывёў да рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця і масавага беспрацоўя. У гэтых умовах стала запатрабаванай дэмагагічная палітыка фюрэра, які абяцаў хуткае рашэнне ўсіх эканамічных праблем, выразна называў «вінаватых» (імі, на яго думку, перш за ўсё былі габрэі) і ставіў сваёй мэтай перагляд вынікаў Першай сусветнай. У 1930-м НСДАП атрымала 19,3% на выбарах у парламент, сфармаваўшы другую па колькасці фракцыю і стаўшы рэальнай палітычнай сілай.

Два члена Гитлерюгенда прокладывают полевые телефонные кабели во время военной подготовки. 1933 год. Фото: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Два чальцы гітлерюгенда пракладваюць палявыя тэлефонныя кабелі падчас вайсковай падрыхтоўкі, 1933 год. Фота: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

У наступным годзе гітлерюгенд атрымаў новага кіраўніка, Бальдура фон Шыраха. Менавіта за ім арганізацыя ўвайшла ў 1933-ы, калі нацысты спачатку перамаглі на выбарах і сфармавалі ўрад, а потым ажыццявілі дзяржаўны пераварот і ўсталявалі сваю дыктатуру.

У гітлерюгендзе — уся моладзь

На момант прыходу нацыстаў да ўлады ў студзені 1933 года колькасць чальцоў гітлерюгенда складала ўжо каля 100 тысяч. У канцы таго года яно перавысіла 2 мільёны (30% нямецкіх падлеткаў ва ўзросце 10−18 гадоў). У 1937-м складала 5,4 мільёна (65%). У 1940-м — ужо 7,2 мільёна (82%). Якраз у тым годзе фон Шыраха перавялі на пасаду гаўляйтара Вены. Яго пераемнікам стаў Артур Аксман, які ўзначальваў арганізацыю да яе забароны. Дарэчы, ён заставаўся ў бункеры Гітлера да апошніх дзён фюрэра і потым расказаў на допытах пра самагубства правадыра і яго жонкі Евы Браўн.

Члены Гитлерюгенда. Фото: Бундесархив, commons.wikimedia.org
Чальцы гітлерюгенда. Фота: Бундэсархіў, commons.wikimedia.org

Як стаў магчымы такі хуткі рост арганізацыі? Прыйшоўшы да ўлады, нацысты пачалі праводзіць уніфікацыю ва ўсіх сферах. У тым ліку і ў моладзевай палітыцы. Пасля таго як усе палітычныя партыі былі распушчаныя (і засталася толькі адна НСДАП), кіраўніцтва гітлерюгенда марыла паўтарыць гэты шлях.

У красавіку 1933 года актывісты гітлерюгенда напалі на берлінскае бюро «Імперскага камітэта нямецкага моладзевага руху». Яны захапілі памяшканні, учынілі там пагром і захапілі картатэку з інфармацыяй пра чальцоў — потым гэта спатрэбілася для разгрому ўсіх альтэрнатыўных моладзевых рухаў. У наступныя гады Шырах і яго падначаленыя распусцілі іх, прымушаючы ліквідавацца або далучыцца да гітлерюгенда. Для гэтага не грэбавалі ціскам. Напрыклад, дзецям, якія не жадалі ўступаць у арганізацыю, прапаноўвалася пісьмова растлумачыць прычыну, а таксама пазначыць месца працы бацькі і імя яго працадаўцы. Зразумела, гэта прыводзіла толькі да рэпрэсій у дачыненні да апазіцыйна настроеных бацькоў.

Канкрэтны прыклад прыводзіў у размове з TUT.BY немец Паўль Зюдмаер. Яго бацька не пускаў хлопчыка на сходы гітлерюгенда. Тады па дзіця прыехаў на ровары кіраўнік іх тэрытарыяльнай арганізацыі ва ўніформе. Зюдмаер-старэйшы прагнаў нацыста са словамі: «Ідзі адсюль, ідыёт! Дзіця мусіць працаваць, а не глупствам займацца». Пасля гэтага яму давялося пазнаёміцца з таемнай дзяржаўнай паліцыяй — гестапа.

Тренировка противовоздушной обороны из членов Гитлерюгенда. 1933 год. Фото: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Трэніроўка супрацьпаветранай абароны з чальцоў гітлерюгенда. 1933 год. Фота: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

У снежні 1936 года з’явіўся «закон пра гітлерюгенд», які абвяшчаў, што «ўся нямецкая моладзь на тэрыторыі Рэйха аб’ядноўваецца ў гітлерюгенд». Фактычна была зафіксаваная манаполія гэтай арганізацыі на моладзевую палітыку. У 1939-м з’явіўся дэкрэт «Пра абавязковую моладзевую службу», згодна з якім сяброўства ў арганізацыі стала абавязковым. Пасля гэтага ў гітлерюгенд ўвайшла практычна ўся моладзь краіны.

Гэта цалкам адпавядала імкненню нацыстаў залучыць у супрацоўніцтва ўсё насельніцтва. У нацысцкай партыі было каля 12% насельніцтва Германіі (каля 8,5 млн). Яшчэ каля 10 млн знаходзілася ў «далучаных» арганізацыях: СА, працоўным фронце, гітлерюгендзе і іншых. Ухіліцца ад супрацоўніцтва з рэжымам было практычна немагчыма.

Кажучы пра рост колькасці чальцоў гітлерюгенда важна не забываць яшчэ пра некалькі аспектаў. Першы — адсутнасць якіх-кольвек альтэрнатываў для моладзі пасля закрыцця канкурэнтаў. Другі — які палохае найбольш — добраахвотнае ўступленне туды многіх школьнікаў. Гэта можна растлумачыць эфектыўнай прапагандай і нават элементам масавага псіхозу.

«Нам падабалася гэта. Мы хацелі зрабіць свой унёсак. Таямнічая сіла цягнула нас да калонаў, што маршыравалі пад трапяткімі сцягамі. Мы глядзелі толькі наперад. Людзі спявалі і адбівалі барабанны пошчак. Хіба гэтае яднанне, гэтая супольнасць не былі цудам?» — успамінала адна з удзельніцаў гэтай арганізацыі. «У песнях, якія мы спявалі, і вершах, якія мы чыталі, свет уяўляўся чыстым, светлым і зіхоткім, Сонца і зямля належалі нам, і заўтра ўвесь свет мусіў стаць такім самым», — казаў іншы.

Падрыхтоўка будучых салдат і прыхільнікаў фюрэра

У комплексе гэта прывяло да татальнага дамінавання арганізацыі ў жыцці падлеткаў з 10 да 18 гадоў. Дзеці менавіта такога ўзросту прымаліся ў гітлерюгенд пасля таго, як нацысты захапілі ўладу. Цырымонія прыёму была ўрачыстай і праходзіла 20 красавіка, у дзень нараджэння Гітлера. Прынятыя траплялі ў першую групу — юнгфольк («народная моладзь»). У 14 гадоў пасля аналагічнай паводле маштабу цырымоніі яны траплялі ў старэйшую групу — уласна гітлерюгенд. Такое ж ўзроставае дзяленне існавала і ў дзяўчат: з 10 да 14 гадоў — юнгмедэльбунд, то-бок «саюз дзяўчат», з 14 да 18 — Саюз нямецкіх дзяўчат.

Як адзначала даследчыца Вольга Германава, у дзейнасці гітлерюгенда можна вылучыць два асноўныя напрамкі: фізічны і ідэалагічны.

Молодежный палаточный лагерь Гитлерюгенда. 1933 год. Фото: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Моладзевы намётавы лагер гітлерюгенда. 1933 год. Фота: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

Першы меў адкрыта мілітарысцкі характар. Нароўні са спартыўнымі практыкаваннямі праходзілі страявыя і тактычныя заняткі. «Маршыраванне, крычалкі, практыкаванні, якія доўжыліся гадзінамі, мусілі выхоўваць у дзецях салдацкую дысцыпліну. Армія Германіі ў будучыні атрымала гатовых салдат. Дзяўчаты таксама былі ўключаныя ў гітлераўскі рух. Актыўна прапагандаваны ідэальны тып дзяўчыны — гэта жанчына-спадарожніца, паплечніца мужчыны-змагара, якая дапамагае яму ў яго дзеяннях на карысць нацыянал-сацыялізму», — пісала Германава.

Другім напрамкам было ідэалагічнае выхаванне, якое праходзіла ў некалькіх формах. Самымі вядомымі з апошніх былі вечары адпачынку. «Штотыдзень у серады чальцы гітлерюгенда збіраліся на так званых „хатніх вечарах“, каб вывучаць германскія гераічныя паданні і легенды. На „хатніх вечарах“ ніхто не мог выступаць з крытыкай, не ладзіліся дыскусіі, усё было як у войску — па загадзе або камандзе», — адзначала даследчыца.

Іншай формай ідэалагічнага выхавання быў лагер, які нагадваў ваенізаванае паселішча. Распарадак дня прадугледжваў спартыўную гімнастыку і навучанне, тэмы якога былі вытрыманыя ў рамках наяўнай ідэалогіі. Праз «хатнія вечары» і размовы ў лагерах дзецям убівалі ў галовы антысемітызм, расізм, захапленне Гітлерам.

Дадамо, што нацысты дзейнічалі не так ужо ў лоб, як гэта можа падавацца. У гітлерюгендзе выкарыстоўвалі прынцып: «Моладзь вядзе моладзь». Часцяком лідары арганізацыі былі ненашмат старэйшыя за сваіх падначаленых. У праграму ўваходзілі ўрокі музыкі, аўтаспорт, верхавая язда, кулінарыя і нават часам тэніс, каб прывабіць як найбольш падлеткаў. Хоць у безумоўным прыярытэце былі фізічная падрыхтоўка і ваенізаваныя вучэнні.

Члены "Гитлерюгенд" на занятиях в тире. Фото опубликовано в книге "Вторая мировая война. Фотоальбом" (Москва, 1989), commons.wikimedia.org
Чальцы гітлерюгенда на занятках у ціры. Фота апублікаванае ў кнізе «Другая сусветная вайна. Фотаальбом» (Масква, 1989), commons.wikimedia.org

Важна, што сяброўства ў арганізацыі займала практычна ўвесь вольны час моладзі. Дзеці былі абавязаныя пастаянна наведваць сходы і мерапрыемствы. Праз гэта ў іх заставалася менш часу на школу, царкву і сям’ю. Тым больш што школа ў фармаванні нацыянал-сацыялістычнага светапогляду адрыгрывала другарадную ролю пасля гітлерюгенда. У выніку часцяком менавіта камандзіры арганізацыі, а не бацькі фармавалі мысленне юных немцаў.

«Гэтыя хлопчыкі і дзяўчаты ў дзесяць гадоў прыходзяць у нашыя арганізацыі і часта толькі там упершыню атрымліваюць глыток свежага паветра; праз чатыры гады яны трапляюць з юнгфолька ў гітлерюгенд, дзе мы іх пакідаем яшчэ на чатыры гады <…>. А калі яны ўсё яшчэ не стануць дасканалымі нацыянал-сацыялістамі, тады іх прызавуць у „Службу працы“ (арганізацыя, у якой юнакі адбывалі працоўную павіннасць перад службай у войску. — Заўв. рэд.) і будуць шліфаваць цягам шасці-сямі месяцаў. <…> А тым, што ўсё яшчэ застанецца ад класавай свядомасці ці саслоўнага статусу, <…> зоймецца вермахт (узброеныя сілы Германіі. — Заўв. рэд.)», — адкрыта гаварыў у 1938-м Адольф Гітлер. Варта прызнаць, што яго планы былі паспяхова рэалізаваныя.

Бессэнсоўнае кровапраліцце і ганебны фінал

Доўгі час забавы гітлерюгенда падаваліся гульнямі падлеткаў. Але толькі да часу: неўзабаве пачалася Другая сусветная вайна. Чым даўжэй яна ішла, тым мацней нацысты адчувалі недахоп людскіх рэсурсаў, былі праблемы з лагістыкай.

Першапачаткова чальцоў арганізацыі выкарыстоўвалі на дапаможных працах (напрыклад, кур’ерамі або для адпраўкі пасылак на фронт). У 1943-м справа дайшла да рэальнай баявой службы: у кастрычніку была створаная 12-я танкавая дывізія СС гітлерюгенд. Яна складалася з юнакоў 1926 года нараджэння (на момант прызыву ім было па 16−17 гадоў), ваявала ў Францыі з саюзнікамі, што там высадзіліся, і запляміла сябе забойствам канадскіх палонных і Аскскім кровапраліццем — расстрэлам 86 ні ў чым не вінаватых французаў.

У кастрычніку 1944 года сітуацыя для Гітлера стала крытычнай. Савецкія войскі ўступілі ў Нарвегію, вызвалялі Славакію і Балгарыю, заходнія саюзнікі працягвалі выбіваць нацыстаў з Францыі. Вайна падышла непасрэдна да тэрыторыі Трэцяга Рэйха. Сіл вермахта не хапала, таму фюрэр наважыўся на крайнія меры.

Участник фольксштурма из "Гитлерюгенда" на параде весной 1945 года в Берлине. Фото: commons.wikimedia.org
Удзельнікі фольксштурма з гітлерюгенда на парадзе вясной 1945 года ў Берліне. Фота: commons.wikimedia.org

На прапанову начальніка Генштаба сухапутных войскаў Хайнца Гудэрыяна 18 кастрычніка з’явіўся загад пра поўную мабілізацыю ўсяго мужчынскага насельніцтва ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў (нагадаем, у гітлерюгенд ўваходзілі падлеткі да 18 гадоў). Дата была падабраная сімвалічна. У гэты ж дзень у 1813 годзе Напалеон у бітве пад Ляйпцыгам пацярпеў адну са сваіх найцяжэйшых паразаў — гэта стала пралогам да вызвалення Германіі ад яго ўлады.

Новае аб’яднанне мабілізаваных атрымала назву фольксштурм. У яго не траплялі габрэі і ромы, людзі, якія ўжо служылі ў войску ці былі ў зняволенні, а таксама прадстаўнікі некаторых нацыянальных меншасцяў (французскай, польскай і славенскай). Усе астатнія былі абавязаныя служыць: за ўхіленне каралі па законах ваеннага часу — зняволеннем у канцлагеры ці расстрэлам. Зрэшты, нацысты здолелі мінімізаваць супраціў людзей: у краіне прайшла актыўная прапагандысцкая кампанія. Апалчэнцаў пераконвалі, што яны будуць абараняць сваю Айчыну.

Усе мабілізаваныя захоўвалі ранейшае месца працы, пасаду і абавязкі. Але служба ў фольксштурме лічылася прыярытэтам. Навабранцаў планавалі падзяліць на чатыры катэгорыі. Да першай аднеслі людзей, не занятых на вытворчасці. Гэта быў прынцыповы крытэр: фюрэр не хацеў зніжаць эфектыўнасць нямецкай ваеннай эканомікі. У другую трапілі людзі, занятыя на вытворчасці. Яны маглі служыць толькі ў сябе «на месцах» і начавалі ў сваіх кватэрах (першая катэгорыя — у казармах). У трэцюю — хлопцы ва ўзросце 16−20 гадоў. У чацвёртую — людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і добраахвотнікі, старэйшыя за 60 гадоў. Але на практыцы паўсталі два тыпы фольксштурмаўскіх атрадаў: узброеныя і няўзброеныя. Пазней у апалчэнне пачалі прызываць і жанчын, старэйшых за 18 гадоў, і нават падлеткаў 10−14 гадоў.

Йозеф Геббельс поздравляет за Железный крест II Класса 16-летнего бойца Гитлерюгенда Вилли Хюбнера. Март 1945 года. Фото: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Ёзэф Гебельс віншуе з уручэннем Жалезнага крыжа II класа 16-гадовага байца гітлерюгенда Вілі Хюбнера, сакавік 1945 года. Фота: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

Усяго ж у фольксштурм трапіла каля 6 млн чалавек. Але іх выніковая эфектыўнасць аказалася нізкай. У апалчэнцаў не было фізічнай падрыхтоўкі, добрай зброі (некаторыя байцы атрымлівалі нават вінтоўкі другой паловы ХІХ стагоддзя, але пераважала трафейная зброя). Час падрыхтоўкі быў абмежаваны: 48-гадзінная ваенная падрыхтоўка пасля працы або вучобы, па 2 гадзіны ў будні дзень і 6 гадзін у выхадны. Але здаралася, што ў бой кідалі і без яе.

Частка фольксштурма выкарыстоўвалася для будаўніцтва і аховы тылавых умацаванняў. Гэта рашэнне аказалася па-свойму эфектыўным: яно давала магчымасць адправіць рэзервы на фронт. А вось непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях аказаўся неэфектыўным. Апалчэнцы не маглі супрацьстаяць рэгулярным войскам праціўнікаў Трэцяга Рэйха. Многія з навабранцаў разбягаліся або станавіліся гарматным мясам, якое выкарыстоўвалі, каб закрыць чарговы прарыў на фронце.

Зразумела, былі і выключэнні. Найбольш вядомым эпізодам стала абарона крэпасці Брэслаў (сучасны Вроцлаў), якая доўжылася да 6 траўня 1945 года — на той час нават асноўныя часткі вермахта ўжо спынілі баявыя дзеянні. Фольксштурмаўцы актыўна абаранялі Берлін і Кёнігсберг (сучасны Калінінград) — у барацьбе за апошні апалчэнец Эрнст Цібужы падпаліў за адзін бой адразу пяць савецкіх танкаў. Але гэтыя выключэнні толькі пацвярджалі правіла: перамога саюзнікаў была справай часу. Фанатычны супраціў з боку фольскштурма толькі прывёў да вялікіх стратаў з абодвух бакоў. Паводле ацэнак гісторыкаў, ад 60 да 70 тысяч падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў з шэрагаў гітлерюгенда загінулі ў баях Другой сусветнай вайны.

Пасля падзення нацысцкага рэжыму гітлерюгенд быў забаронены разам з НСДАП і іншымі арганізацыямі ў рамках палітыкі дэнацыфікацыі. Але сваю чорную справу ён зрабіў. Мільёны падлеткаў дзесяцігоддзямі ўбіралі яго прапаганду. Так што рэальны ўплыў гэтай арганізацыі аказаўся нашмат даўжэйшы, чым жыццё Трэцяга Рэйха.

Чытайце таксама