Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Заснавальніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына пасля няўдалага мяцяжу адправілі ў своеасаблівую «высылку» ў Беларусь. Гэта далёка не першы прыклад, калі вядомыя асобы пасля апалы ў Расіі знаходзяць прытулак у нашай краіне. Успомнілі гісторыі гэтых людзей: экс-фаварыта імператрыцы, знакамітага палкаводца з гэтай краіны, савецкага міністра, які трапіў у сэкс-скандал, і імавернага забойцу амерыканскага прэзідэнта.

Фаварыт расійскай імператрыцы і ўладальнік Шклова

Сямён Зорыч нарадзіўся ў 1743-м у Сербіі, але ўжо ў дзяцінстве яго прывёз у Расійскую імперыю яго стрыечны дзядзька, які ўсынавіў хлопчыка. У 1777-м магутны князь Грыгорый Пацёмкін зрабіў яго сваім ад’ютантам, а затым прызначыў камандзірам лейб-гусарскага эскадрона — асабістай аховы расійскай імператрыцы Кацярыны II. Неўзабаве Сямён стаў яе афіцыйным фаварытам (такая «пасада» блізкай да манарха асобы тады існавала пры двары ў Расіі), будучы на 14 гадоў за яе маладзейшым.

Заступніцтва Пацёмкіна было невыпадковым. У свой час ён таксама быў фаварытам, пазней, магчыма, нават стаў таемным мужам імператрыцы. Пасля таго як адносіны спыніліся, Пацёмкін захаваў сяброўства з Кацярынай і стараўся сам рэкамендаваць ёй для адносін то таго, то таго мужчыну (у ідэале — без прэтэнзій і палітычных амбіцый), каб захоўваць свой уплыў пры двары. Так здарылася і з Зорычам. Але ўжо праз год той пачаў раздражняць імператрыцу празмерна частай картачнай гульнёй, а Пацёмкіна — тым, што не слухаўся яго.

Памятник Семену Зоричу в Шклове. Фото: TUT.BY
Помнік Сямёну Зорычу ў Шклове. Фота: TUT.BY

Да таго часу Расія анексавала ўсходнія тэрыторыі Беларусі. У Зорыча там з’явіліся ўладанні: Кацярына падарыла яму Шклоў і 7 тысяч прыгонных. Менавіта туды яго і адправілі ў высылку, калі загадалі пакінуць Санкт-Пецярбург пасля разрыву адносін з імператрыцай.

Тады Шклоў быў абсалютнай правінцыяй, але Зорыч узяўся за справу. Як адзначаў TUT.BY, новы гаспадар стараўся развіваць эканоміку. За ім з’явіліся шэсць мануфактур: суконная, парусная, залаташвачная фабрыкі, гарбарны і канатны заводы, фабрыка па выпуску камзолаў і шаўковых паясоў. Што да гандлю, то судны Зорыча хадзілі па Дняпры ва Украіну, адкуль прывозілі лімоны, апельсіны, вінаград, фінікі.

Таксама Сямён Зорыч заснаваў у Шклове прафесійны тэатр. Трупа складалася з прыгонных сялян — спевакоў, танцораў, драматычных актораў і музыкаў. У мястэчка тады з’язджаліся знаўцы мастацтва, у тым ліку замежныя — французы, італьянцы, грэкі. «Тутэйшыя прадстаўленні пераўзыходзілі па пышнасці прыдворныя спектаклі рускія, былыя польскія, імператарскія аўстрыйскія ў Шонбруне і французскія ў Версалі», — пісаў знаўца гісторыі рускага тэатра Васіль Сахноўскі.

Фрагмент памятника Семену Зоричу в Шклове. Фото: TUT.BY
Фрагмент помніка Сямёну Зорычу ў Шклове. Фота: TUT.BY

Сярод гасцей Зорыча была і расійская імператрыца. У траўні 1780-га Кацярына ІІ сустракалася ў Магілёве з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II. Па дарозе ў гэты горад і назад, вяртаючыся ў Санкт-Пецярбург, яна двойчы наведала Шклоў. Экс-фаварыт падрыхтаваў спецыяльную праграму, падчас якой дэкарацыі ў тэатры мяняліся 70 разоў. У гонар Кацярыны далі феерверк з 5 тысяч ракет.

Тэатр Зорыча не захаваўся. Як мяркуецца, на яго месцы — магчыма, нават на падмурку — цяпер стаіць касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла.

Яшчэ адной заслугай Зорыча стала стварэнне Шклоўскага высакароднага вучылішча, дзе вучыліся дзеці збяднелых дваран. Экс-фаварыт усяляк падтрымліваў вучылішча фінансава, хоць быў адчайным карцёжнікам і шмат завінаваціўся. Мяркуюць, што марнатраўная дабрачыннасць і прывяла яго да галечы. Каб закрыць тэму вучылішча, дадамо, што ўжо пасля смерці Зорыча ўстанову перанеслі ў Гродна, затым — у Смаленск. Пасля яшчэ некалькіх пераездаў яно стала Маскоўскім кадэцкім корпусам, адным з самых прэстыжных у імперыі.

Але вернемся да Зорыча. Сярод яго гасцей былі вядомыя карцёжнікі і ашуканцы Анібал і Марк Зановічы. Яны зладзілі ў шклоўскім маёнтку Зорыча падпольны выпуск фальшывых асігнацый. Паводле адной версіі, былы фаварыт імператрыцы і сам удзельнічаў у іх справах. Паводле іншай — аказаўся імі падмануты. Тым не менш скандал дайшоў да Пецярбурга. Разбіраў яго Пацёмкін, які даўно затаіў на ўладальніка Шклова крыўду. У 1784-м Зорыча звольнілі з вайсковай службы, на якой ён яшчэ фармальна быў, пусціўшы за ім сакрэтнае назіранне.

Костел Святых апостолов Петра и Павла в Шклове. Предположительно на этоим месте находился театра Семена Зорича. Фото: TUT.BY
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове. Як мяркуецца, на гэтым месцы знаходзіўся тэатр Сямёна Зорыча. Фота: TUT.BY

Прайшло 12 гадоў, Кацярына ІІ памерла. Яе сын Павел I, які ўзышоў на трон, вярнуў былога фаварыта імператрыцы на службу ў Санкт-Пецярбург. Але ўжо праз год Зорыч растраціў казённыя грошы і быў аддадзены пад суд. Яго звольнілі канчаткова і загадалі зноў ехаць у Шклоў.

У 1799 годзе ў гэтым горадзе згарэў будынак вучылішча. Магчыма, гэта яшчэ больш ударыла па здароўі экс-фаварыта, які ў тым самым годзе памёр у спустошаным шклоўскім маёнтку. Пасля яго смерці распаўся і тэатр. Многія прыгонныя артысты трапілі ў Пецярбург і Маскву.

Нядоўга жыў у Кобрыне і патапіў у крыві прадмесце Варшавы

У адну эпоху з Сямёнам Зорычам жыў і знакаміты расійскі палкаводзец Аляксандр Сувораў. Нарадзіўшыся ці то ў 1729-м, ці то ў 1730-м (дакладны год не высветлены), ён зрабіў сабе імя ў шматлікіх войнах Расійскай імперыі з Турцыяй. Бітва пры Казлуджы, Кінбурнская бітва, бітва пры Факштанах, бітва пры Рымніку, штурм Ізмаіла і іншыя баталіі ператварылі яго ў аднаго з самых вядомых палкаводцаў свайго часу, што не прайграў ніводнай бітвы. У Расіі Суворава шануюць як аднаго з самых выбітных военачальнікаў у гісторыі. Падчас Другой сусветнай з’явіўся ордэн, названы ў яго гонар. Сувораўскія вучылішчы, якія рыхтавалі эліту савецкай арміі, існавалі па ўсім СССР.

Праўда, ёсць і нюансы. Па-першае, Сувораў не ўдзельнічаў ні ў адной абарончай вайне. Усе канфлікты з яго ўдзелам былі наступальнымі, скіраванымі на захоп Расійскай імперыяй новых тэрыторый або здушэнне наступстваў рэвалюцыі (гаворка пра бітвы з войскамі Францыі, пра што ніжэй). Па-другое, гэтыя дзеянні вяліся на практыцы на тэрыторыі Беларусі і нярэдка былі скіраваныя супраць нашых продкаў.

Портрет Александра Суворова. Художник Йозеф Крейцингер. 1799 год. Изображение: commons.wikimedia.org
Партрэт Аляксандра Суворава. Мастак — Ёзэф Кройцынгер, 1799 год. Выява: commons.wikimedia.org

У 1768 годзе Расія навязала Рэчы Паспалітай (федэрацыя, у складзе якой жылі продкі беларусаў) Варшаўскую дамову, паводле якой Пецярбург стаў гарантам недатыкальнасці ўладанняў і асноўных законаў. Гэта дазваляла Пецярбургу пастаянна ўмешвацца ва ўнутраныя справы РП, якая фактычна стала пратэктаратам Расіі.

Кансерватыўная шляхта абурылася і стварыла ўзброены саюз — Барскую канфедэрацыю. Яе прыхільнікі выступалі супраць умяшання суседзяў ва ўнутраныя справы краіны (але адначасова і супраць якіх-кольвек рэформаў, хоць іх адсутнасць і разбурала РП). Канфедэрацыя была спачатку скіраваная супраць Расіі, а потым — і супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Той папрасіў дапамогі ў Кацярыны II, пасля чаго нашы ўсходнія суседзі адразу ж увялі войскі. Сярод іх была і брыгада Суворава, якая неаднаразова змагалася з канфедэратамі. На рахунку расійскага палкаводца перамогі пад Арэхавам (цяпер аграгарадок у Маларыцкім раёне) і Сталовічах (цяпер аграгарадок у Баранавіцкім раёне). Яны прывялі да паразы Барскай канфедэрацыі і першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Другі раз Сувораў трапіў у Беларусь у 1794-м, калі яго адправілі душыць паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі — апошні спрабаваў выратаваць РП ад знішчэння. Войскі Суворава разбілі паўстанцаў, сярод якіх былі продкі сучасных беларусаў, літоўцаў і палякаў, пад Дзівінам (цяпер аграгарадок Кобрынскага раёна), самім Кобрынам, у бітве ля Крупчыц (цяпер Жабінкаўскі раён) і пад Брэстам.

Затым войскі Суворава зайшлі на тэрыторыю Польшчы і ўзялі штурмам Прагу — прадмесце Варшавы. Расійскі генерал Іван фон Клуген успамінаў пра ўзяцце прадмесця: «Па нас стралялі з вокнаў дамоў і з дахаў, і нашыя салдаты, урываючыся ў дамы, забівалі ўсіх, хто ім ні трапляўся. Жорсткасць і прага помсты дайшлі да найвышэйшай ступені. Афіцэры былі ўжо не ў сілах спыніць кровапраліцце. <…> Ля моста здарылася зноў разня. Нашыя салдаты стралялі ў натоўпы, не разбіраючы нікога, — і пранізлівы крык жанчын, крыкі дзяцей наводзілі жах на душу. Справядліва кажуць, што пралітая чалавечая кроў абуджае нешта кшталту ап’янення. Разлютаваныя нашыя салдаты ў кожнай жывой істоце бачылі губіцеля нашых падчас паўстання ў Варшаве. „Няма нікому пардону!“ — крычалі нашыя салдаты і забівалі ўсіх, не адрозніваючы ні гадоў, ні полу. <…> Пасля ўжо прачыталі мы ў данясеннях галоўнакамандуючага, што ў Празе загінула больш за трынаццаць тысяч палякаў і што ў нас забітыя восем афіцэраў і шэсцьсот радавых».

Резня в Праге (предместье Варшавы). Художник Александр Орловский. Изображение: pinakoteka.zascianek.pl, commons.wikimedia.org
Разня ў Празе (прадмесці Варшавы). Мастак — Аляксандр Арлоўскі. Выява: pinakoteka.zascianek.pl, commons.wikimedia.org

«Добры генерал, расказваючы мне пра пражскі штурм, быў у моцным хваляванні і нават некалькі разоў выціраў слёзы: „Пекла, існае пекла!“ — паўтараў ён некалькі разоў», — цытаваў яго ўспаміны мемуарыст Фадзей Булгарын.

Паўстанне было задушанае, а Рэч Паспалітая спыніла існаванне. Беларускія землі ўвайшлі ў склад імперыі. Сувораў жа за свае «гераічныя дзеянні» атрымаў у 1795-м ад імператрыцы маёнтак Кобрынскі ключ (па сутнасці раён) і 7 тысяч прыгонных сялян.

У наступным годзе Кацярына памерла, на трон узышоў яе сын Павел I, з якім у палкаводца адносіны не склаліся. У лютым 1797-га яго адправілі ў адстаўку без права нашэння мундзіра, і ў канцы сакавіка палкаводзец прыехаў у свой кобрынскі маёнтак. Але доўга пабыць там яму не давялося. На Суворава напісалі данос, што ён рыхтуе мяцеж, пасля чаго ўжо ў канцы красавіка яго адправілі пад нагляд у іншы маёнтак (на тэрыторыі сучаснай Расіі). Так што ў Кобрыне ён пражыў усяго каля месяца.

Апала была нядоўгай. У 1799-м Сувораў зноў спатрэбіўся ўладам. Расія ўступіла ў антыфранцузскую кааліцыю (Еўропа ваявала з войскамі Францыі, дзе за дзесяць гадоў да гэтага здарылася рэвалюцыя), і рускаму палкаводцу даручылі ўзначаліць аб’яднаную руска-аўстрыйскую армію. Неўзабаве тая разбіла французаў і заняла паўночную Італію. Потым былі швейцарскі паход, разрыў саюза з Аўстрыяй — і вяртанне арміі ў Расію. Па дарозе дадому Сувораў захварэў і ў 1800-м зноў спыніўся ў Кобрыне. А потым працягнуў дарогу ў Пецярбург.

Дом Александра Суворова. Теперь в этом здании Кобринский военно-исторический музей имени Суворова. Фото: TUT.BY
Дом Аляксандра Суворава. Цяпер у гэтым будынку Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя Суворава. Фота: TUT.BY

Тым часам ён зноў трапіў у няміласць, яго ўрачыстую сустрэчу ў сталіцы адмянілі. Ужо нездаровы Сувораў неўзабаве памёр у доме мужа сваёй пляменніцы.

Справа «гладыятараў»

У пачатку 1955 года на савецкім палітычным Алімпе ўспыхнуў вялікі сэксуальны скандал. У лютым кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў атрымаў ліст. Яго ў архівах знайшоў даследчык Яўген Жырноў.

У лісце гаварылася наступнае: «Мая дачка, дзяўчына 18 гадоў, трапіла ў вялікую бяду. Сяброўка пазнаёміла яе з адным пажылым, гадоў 60, чалавекам, які прадставіўся ёй пісьменнікам Крывашэіным Канстанцінам Кірылавічам. Пачаліся сустрэчы — спачатку ў кіно, потым у рэстаранах, а потым ён угаварыў яе паехаць да яго, ён „будзе чытаць ёй п’есу“. Яна па наіўнасці пагадзілася. Астатняе Вам зразумела. Заўважыўшы, што дачка закінула навучанне і знікае невядома дзе, я пачала яе дапытваць і даведалася ўсё. Я неадкладна паехала да яго, прабыла ў яго шыкоўнай кватэры каля паўгадзіны і ўсё зразумела. <…> Паводле словаў дачкі, у яго [Крывашэіна] пастаянна бываюць нейкія пары. Сярод іх міністр культуры Аляксандраў з кінаартысткай Ларыёнавай, акадэмік Яголін з нейкай „Элай“ з тэатра Вахтангава, праф. Пятроў з „Аняй“ і шмат іншых, прозвішчаў якіх мая дачка не ведала. У кватэры сапраўдны прытон. Распуста, п’янка, разбэшчванне дзяўчат. <…> Нам нічога ад яго не трэба, але я лічу сваім маральным абавязкам паведаміць гэта Вам, каб спыніць гэтую брыду».

Хрушчоў запатрабаваў разабрацца ў гэтым пытанні. Ліст быў праўдай. Арганізатарам падпольнага бардэля быў драматург Канстанцін Крывашэін. Наведнікамі — міністр культуры Георгій Аляксандраў, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР Аляксандр Яголін, дырэктар Літаратурнага інстытута Сяргей Пятроў, загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПСС Уладзімір Кружкоў і многія іншыя вядомыя людзі.

Георгий Александров. Фото: М. Инсаров, goskatalog.ru, ru.wikipedia.org
Георгій Аляксандраў. Фота: М. Інсараў, goskatalog.ru, ru.wikipedia.org

Абмеркаванне іх дзеянняў праходзіла на паседжанні бюро Маскоўскага гаркама партыі, на якое прыехаў і сам Хрушчоў. Лідар СССР доўга крычаў на вінаватых, а потым спытаў Аляксандра Яголіна: «Ну, Аляксандраў — мужык малады, я разумею. А ты ў твае гады навошта туды палез?» (Яголіну было 59, Аляксандраву — 47. — Заўв. рэд.) На што той адказаў: «Дык я нічога, я толькі гладзіў…» З таго часу, паводле легенды, усю кампанію пачалі называць «гладыятарамі».

Ужо 10 сакавіка 1955 года ў абкамы, крайкамы і рэспубліканскія ЦК разаслалі закрыты ліст «Пра нягодныя паводзіны тт. Аляксандрава Г. Ф., Яголіна А. М. і іншых», які зачытвалі на сходах ва ўсіх партыйных арганізацыях. У ім адзначалася наступнае: «У выніку праверкі высветлілася, што <…> цягам шэрагу гадоў авантурыст Крывашэін утрымлівае прытон распусты, „дом спатканняў“ у сваёй кватэры і на дачы, куды сістэматычна прыцягвае маладых дзяўчат і жанчын, галоўным чынам з асяроддзя тэатральнай моладзі і студэнтак тэатральных вучылішчаў, спакушаючы іх рознага кшталту падачкамі і абяцаннямі зрабіць кар’еру шляхам знаёмства з адказнымі работнікамі і знакамітымі тэатральнымі і літаратурнымі дзеячамі».

Александр Еголин. Фото: isaran.ru, ru.wikipedia.org
Аляксандр Яголін. Фота: isaran.ru, ru.wikipedia.org

У тым самым лісце паведамлялася, што Крывашэіна арыштавалі. Падстава знайшлася: ён скупляў карціны, а потым перапрадаваў іх. Савецкае заканадаўства трактавала гэта як спекуляцыю.

Шэраг чыноўнікаў звольнілі з пасадаў. Георгія Аляксандрава вырашылі адправіць у высылку ў Мінск. Але ехаць у беларускую сталіцу ён не захацеў. Тады супраць яго выкарысталі кампрамат. У Інстытуце філасофіі Акадэміі навук СССР, які ён узначальваў да прызначэння міністрам, правялі праверку. У справаздачы адзначалася, што «ў інстытуце дапускаліся беспрынцыповасць і безыдэйнасць, парушаўся ленінскі прынцып партыйнасці філасофіі. Груба душылася навуковая крытыка і адсутнічала самакрытыка. Дырэктар Г. Ф. Аляксандраў пераследваў асобаў, што выступалі з крытыкай, выганяў іх з інстытута». Усё гэта было праўдай, але зялёнае святло інфармацыі далі толькі ў патрэбны для ўлады момант. На наступны дзень у экс-міністра яшчэ і забралі мандат дэпутата Вярхоўнага Савета СССР.

Пасля гэтага нічога не заставалася, як пагадзіцца на пераезд. Аляксандраў паехаў у Мінск, дзе стаў загадчыкам сектара дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР — зневажальна нізкая пасада для ўчорашняга міністра. У гэтым статусе ён працаваў да самай смерці ў 1961 годзе. Яму было 53 гады.

Аляксандра Яголіна адправілі на працу звычайным выкладчыкам у маскоўскія ВНУ, ён памёр у 1959-м. Уладзімір Кружкоў паехаў за Урал галоўным рэдактарам свярдлоўскай абласной газеты «Уральскі рабочы». Але пасля смерці Аляксандрава яму даравалі, вярнулі ў Маскву і зрабілі дырэктарам Інстытута гісторыі мастацтваў. А вось Сяргей Пятроў практычна не пацярпеў і праз два гады абараніў доктарскую дысертацыю.

Владимир Кружков. Фото: Абрам Штеренберг, visualrian.ru, ru.wikipedia.org
Уладзімір Кружкоў. Фота: Абрам Штэрэнберг, visualrian.ru, ru.wikipedia.org

Праўда, у закрытым лісце ЦК згадалі далёка не ўсіх «гладыятараў». Падчас абмеркавання ліста ў калектывах высветлілася, што паслугамі «бардэля» карысталіся і іншыя людзі. Тады, у 1955-м, яны не пацярпелі. Напрыклад, беларус Міхаіл Іаўчук потым стаў рэктарам Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. А Сяргей Кафтанаў застаўся на пасадзе першага намесніка міністра культуры, а потым узначаліў Дзяржтэлерадыё СССР.

У гэтым была свая логіка. Аляксандраў, Яголін і іншыя былі прызначэнцамі Георгія Малянкова, які пасля смерці Сталіна стаў кіраўніком урада. За пасаду кіраўніка СССР з ім змагаўся Хрушчоў, які ўзначаліў кампартыю. Якраз у лютым 1955-га, калі ён атрымаў ліст пра падпольны бардэль, Малянкова ўдалося адправіць у адстаўку з пасады прэм’ера. Яго кадры засталіся безабароннымі, а таму адкрытымі для ўдару.

Гэта не значыць, што справа была прыдуманая. «Бардэль» сапраўды існаваў. Але Іаўчук і Кафтанаў прыхільнікамі Малянкова не былі, а таму за сэксуальныя ўцехі ў прытоне Крывашэіна іх не пакаралі.

«Мінск — гэта ў Сібіры?»

Амерыканец Лі Харві Освальд увайшоў у гісторыю як меркаваны забойца амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі. Між тым і ў яго біяграфіі была высылка ў Мінск. Як ён туды трапіў?

Не скончыўшы дзясяты клас школы, 19-гадовы Освальд у 1956 годзе паступіў у Корпус марской пяхоты ЗША, служыў у Японіі і на Філіпінах. Ужо ў той час калегі адзначалі прасавецкія погляды хлопца. Ён нават вывучыў рускую мову, але яго веды экзаменатары ацанілі як слабыя.

Ли Харви Освальд в морской пехоте. Фото: pbs.org, commons.wikimedia.org
Лі Харві Освальд у марской пяхоце ЗША. Фота: pbs.org, commons.wikimedia.org

У верасні 1959 года Освальд звольніўся ў запас і выправіўся ў паездку ў СССР, якую запланаваў загадзя. Прыбыўшы ў Маскву ў кастрычніку, ён заявіў, што хоча атрымаць савецкае грамадзянства. Хадайніцтва адхілілі, і калі Освальд ускрыў сабе вены, яго адправілі ў псіхіятрычную лякарню. Выйшаўшы адтуль, Лі Харві ў апошні дзень 1959 года пайшоў у амерыканскае пасольства, дзе заявіў, што адмаўляецца ад амерыканскага грамадзянства. Тым часам інфармацыя пра яго ўжо прасачылася ў таблоіды ЗША. У наступныя дні ён даў некалькі інтэрв'ю амерыканскім журналістам, але потым адмовіўся ад камунікацыі — сядзеў у нумары гатэля і чакаў рашэння ўладаў.

Освальд спадзяваўся, што застанецца ў Маскве. Але 4 студзеня 1960 года хлопца запрасілі ў аддзел візаў і рэгістрацыі і паведамілі, што месцам яго жыхарства будзе Мінск. У дзённіку Освальд запісаў, што спытаў у чыноўніка, ці не знаходзіцца гэты горад у Сібіры. Той у адказ засмяяўся.

7 студзеня 1960 года 20-гадовы Освальд выйшаў на мінскім чыгуначным вакзале, дзе яго сустрэлі супрацоўнікі Чырвонага Крыжа. Амерыканец адразу ж трапіў пад назіранне супрацоўнікаў КДБ, якія фіксавалі кожны яго крок. Неўзабаве Освальд сустрэўся са старшынёй Мінгарвыканкама Васілём Шарапавым, які паабяцаў яму бясплатную арэнду кватэры. Сапраўды, першы час Лі Харві жыў у гатэлі «Мінск», а ўжо ў сакавіку атрымаў аднапакаёвае жыллё на беразе Свіслачы (сённяшні адрас — Камуністычная, 4).

Дом в Минске, где жил Ли Харви Освальд. Фото: JERRYE AND ROY KLOTZ MD, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Дом у Мінску, дзе жыў Лі Харві Освальд. Фота: JERRYE AND ROY KLOTZ MD, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

На працу яго адправілі на Мінскі радыёзавод. Менавіта туды, у спецыяльнае канструктарскае бюро, незадоўга да гэтага адправілі 26-гадовага Станіслава Шушкевіча, будучага кіраўніка Беларусі. У аспірантуры Шушкевіч здаваў кандыдацкі мінімум па англійскай, а значыць, быў ва ўяўленні начальства чалавекам, які ведае гэтую мову. Рэальнасць жа была крыху іншай.

«Мову я ведаў пасіўна, як аспірант: англійскія артыкулы перакладаць нас навучылі, а вось размаўляць да сёння не ўмею. Мне, каб сэнс фразы зразумець, менавіта тэкст трэба ўбачыць — гэта, як я зразумеў, велізарны савецкі дэфект, ува мне непапраўны», — прызнаваўся ў адным з інтэрв'ю Шушкевіч.

Будучы палітык сустракаўся з Освальдам нячаста.

«Дзесьці цягам месяца займаўся — агулам у нас сем-восем, максімум 10 заняткаў было», — успамінаў будучы «белавежскі зубр».

Шушкевічу забаранілі распытваць Освальда пра яго жыццё і даведвацца якія-небудзь падрабязнасці. Таму яны ў асноўным гаварылі на агульныя тэмы.

«Завод, цэх, кіно, вуліца… Для амерыканца, які нядаўна ў Саюз прыехаў, у яго нармальная была руская, і мы з ім трошкі спрагалі, скланялі, каб граматыку ўдасканаліць (больш за ўсё я баяўся, што гэтаму хлопцу, слесарам да нас залічаным, дэталі на маю замову вырабляць даручаць — дакладна ж сапсуе!)», — казаў Шушкевіч. Дарэчы, ён так і не паверыў, што яго вучань потым забіў прэзідэнта ЗША.

Загадкавы амерыканец з «цудоўнага далёка» не мог не карыстацца поспехам у беларускіх прыгажуняў. Да таго ж ён сачыў за сваім выглядам, што прызнавалі нават мужчыны.

«Заўсёды вымыты быў і выпрасаваны: нашае адзенне ўбогае — а яе ўбогасць я разумеў! — дапусцім, вушанка плюшавая… Увогуле, нават гэтая прымітыўная экіпіроўка глядзелася на ім акуратна. Ён, мабыць, сам умеў у парадку яе падтрымліваць, і яго элегантнаму выгляду я проста зайздросціў», — прызнаваўся Станіслаў Шушкевіч.

Тым не менш у студзені 1961 года каханая Освальда Эла не прыняла яго прапановы рукі і сэрца. А ўжо ў сакавіку ён пазнаёміўся на танцах з Марынай Прусаковай.

«Я і Эрык пайшлі ў прафсаюз на танцы, — пісаў у сваім дзённіку Освальд. — Сумна, але ў апошнюю гадзіну мяне пазнаёмілі з дзяўчынай з французскай стрыжкай, у чырвонай сукенцы і белых туфлях. Мы танцуем, і я прашу дазволу праводзіць яе. Праводжу, разам з яшчэ пяццю іншымі кавалерамі. Яе завуць Марына. Мы адразу адно аднаму спадабаліся. Яна дае мне нумар тэлефона і з’язджае на таксі з не такім новым, як я, сябрам. Я іду дадому пешшу».

Ужо праз месяц, у красавіку 1961-га, Освальд прапанаваў ёй стаць яго жонкай. У лютым 1962 года ў Освальда і Марыны нарадзілася дачка Джун.

Ли Харви Освальд. 1963 год. Фото: Dallas Police; Warren Commission. Heritage Auction Gallery, commons.wikimedia.org
Лі Харві Освальд пасля затрымання па падазрэнні ў забойстве Кенэдзі, 1963 год. Фота: Dallas Police; Warren Commission. Heritage Auction Gallery, commons.wikimedia.org

Але амерыканцу досыць хутка абрыдла жыццё ў Савецкім Саюзе. «Праца шэрая; заробленыя грошы няма куды патраціць. Няма начных клубаў ці боўлінга, няма месцаў адпачынку, акрамя танцаў. З мяне дастаткова», — фіксаваў ён у дзённіку яшчэ ў студзені 1961 года.

Цікава, што ў сваіх дзённікавых запісах Освальд расказвае, што жонка спачатку спалохалася ідэі мужа вярнуцца ў ЗША, але потым яе падтрымала. Матэрыялы сачэння КДБ, наадварот, ілюструюць сваркі ў сям'і, у якіх Марына нібыта зычыць мужу з’ехаць у Амерыку і «памерці па дарозе». Магчыма, спачатку жонка сапраўды была супраць пераезду, а потым змяніла рашэнне.

Праз год, вясной 1962 года, Освальд і Марына атрымалі ў амерыканскай амбасадзе ў Маскве дакументы, якія дазволілі ім эміграваць у ЗША. А 22 лістапада 1963-га ў Даласе быў застрэлены прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі. Яго забойцам — нягледзячы на велізарную колькасць канспіралагічных тэорый — Освальда многія лічаць дагэтуль. Высветліць праўду і вынесці прысуд яму суд не паспеў — мужчыну самога застрэлілі праз два дні пасля гэтых падзей падчас транспартавання. Марына Освальд яшчэ раз выйшла замуж і дагэтуль жыве ў ЗША.

Чытайце таксама