Прэмію Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, які адбыўся ў польскім Гданьску, атрымаў у тым ліку Андрэй Чарнякевіч, аўтар артыкула «„Быць канфідэнтам“: штодзённае жыццё інфарматара польскай службы бяспекі ў паўночна-ўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай (1921−1939)». Гэты тэкст, прысвечаны жыццю Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы і працы спецслужбаў на гэтай тэрыторыі, быў апублікаваны ў часопісе Homo Historicus за 2022 год (№8). Пачыталі даследаванне і пераказваем самыя цікавыя тэзісы і факты, на якія звярнуў увагу навуковец.
Рыжскі мір і хаос у паліцыі
Андрэй Чарнякевіч даследаваў перыяд, калі Беларусь была падзелена дзвюма дзяржавамі. 18 сакавіка 1921-га быў падпісаны Рыжскі мір, які паставіў кропку ў савецка-польскай вайне. Паводле яго заходняя частка нашай краіны перайшла да Польшчы, усходняя засталася пад кантролем Масквы. Прычым беларуская дэлегацыя ў перамовах не ўдзельнічала, пры падпісанні гэтага дакумента не прысутнічала.
Падрабязнага даследавання пра інфарматараў савецкіх спецслужбаў у БССР няма — архівы закрытыя. А факты пра людзей, якія на тэрыторыі Заходняй Беларусі супрацоўнічалі з польскімі спецслужбамі, захоўваюцца як у беларускіх, так і ў польскіх архівах. Іх Чарнякевіч і прааналізаваў.
Па яго словах, ва ўмовах польска-савецкай вайны 1919−1920 гадоў падрабязныя справаздачы аб тым, што адбывалася на занятай войскам тэрыторыі, рыхтавалі польскія вайсковыя службы, а таксама супрацоўнікі шэрагу адміністрацыйных і грамадскіх інстытутаў. А вось пасля вайны сітуацыя карэнным чынам змянілася. Бліжэй да восені 1921 года пачалася ліквідацыя органаў дэфензівы (палітычнай паліцыі і контрвыведкі. — Заўв. рэд.) пры польскай арміі. Іх абавязкі разам з архівамі і данымі ўжо існуючых канфідэнтаў перадалі мясцовай паліцыі. За вайсковай секцыяй дэфензівы засталася толькі функцыя «збору і аналізу звестак адносна варожай выведкі».
Наогул на далучаных тэрыторыях спачатку панаваў адміністрацыйны хаос, назіралася нескаардынаванасць розных польскіх структур, бо сетку інфарматараў даводзілася ствараць з нуля.
Чарнякевіч прыводзіць наступныя прыклады. У чэрвені 1921 года нясвіжская гарадская паліцыя на нейкі час наогул забараніла дзейнічаць на тэрыторыі павета агентам ваяводскай паліцыі. А ў канцы лістапада ўжо ваяводскія службы бяспекі разглядалі неабходнасць выслаць свайго агента ў Нясвіж, каб ён дапамог раскрыць савецкую «ячэйку», якая быццам бы працавала ў мясцовай паліцыі.
Або вясной 1925 года камендант паліцэйскага ўчастка ў вёсцы Лані Нясвіжскага павета арыштаваў селяніна Яна Барташэвіча, якога падазраваў у дачыненні да ўзброенага нападу. Пазней высветлілася, што той працаваў канфідэнтам. Арыштаванага хутка вызвалілі, аднак пра яго супрацу з уладамі даведаліся ў вёсцы.
Вядомы і камічны выпадак. У 1926 годзе канфідэнт вайсковай выведкі Неўх Кушчынскі пад выглядам савецкага агента спрабаваў набыць план вайсковай мабілізацыі ў іншага агента палітычнай паліцыі са Стоўбцаў — Моўшы Кумока. Аднак паліцыя хутка разабралася, і справа пазбегла шырокай агалоскі.
Кантрабанда і недахоп грошай для аплаты агентам
Колькі ўсяго чалавек працавалі ў тагачаснай паліцыі і колькі з іх займаліся «палітыкай»? Чарнякевіч дае асобныя звесткі, якія адшукаў у архівах. Напрыклад, ва ўсім Наваградскім ваяводстве ў сярэдзіне 1920-х налічвалася ўсяго 995 паліцэйскіх. У следчым аддзеле павятовай паліцыі ў Брэсце працавала 18 чалавек, з іх палова займалася выключна «антыдзяржаўнымі злачынствамі».
Пры гэтым брэсцкі аддзел карыстаўся паслугамі адразу 82 канфідэнтаў, з якіх восем былі членамі камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). А ў Гродзенскім павеце на пачатку 1926 года працавала 126 «асведаміцеляў».
Але агулам сярод інфарматараў была цякучка. За апошні квартал 1925 года з ліку агентаў, што працавалі ў Вільні, адбыліся звальненні з наступных прычын: адсутнасць адпаведнай кваліфікацыі, невыкананне загаду, п’янства і скандалы, «непрадукцыйнасць», адсутнасць вынікаў працы, падазрэнне ў супрацоўніцтве з замежнай разведкай. Камандаванне ІХ вайсковай акругі ў Брэсце ў снежні 1925 года страціла адразу 12 агентаў: чатырох па прычыне адсутнасці «службовай ініцыятывы», шасцярых — за хлуслівыя справаздачы і дваіх як «малавыдатных і абыякавых да службы». Прычым траіх агентаў падазравалі ў супрацы з варожай выведкай. Нават міністр унутраных спраў Казімір Младзяноўскі вельмі крытычна выказаўся адносна канфідэнтаў, якія нібыта рэкрутаваліся з «грамадскіх адкідаў» і прадаваліся таму, хто больш заплаціць.
А грошай сапраўды не хапала. У канцы лістапада 1923 года лідскі стараста звярнуўся да наваградскага ваяводы з просьбай: «Некаторыя з агентаў, працуючы доўгі час у адных і тых жа асяродках, ужо паспелі дэканспіравацца». Стараста прасіў павялічыць выдаткі на арганізацыю выведкі да 3 мільёнаў марак і павялічыць колькасць агентаў амаль у два разы. У Наваградку адказалі катэгарычнай адмовай.
Фінансавыя магчымасці паліцыі ў падборы агентуры сапраўды былі абмежаванымі. Андрэй Чарнякевіч цытаваў рапарт кіраўніка следчага аддзела Слонімскай паліцыі, напісаны ў канцы 1924 года: «Арганізацыя збору інфармацыі сутыкаецца з праблемамі з прычыны адсутнасці сродкаў на выдаткі канфідэнтаў, а майго ўласнага заробку ўжо не
хапае на аплату хцівых да гэтага сялян, гатовых прадставіць інфармацыю». Ён прасіў выдзеліць дадатковыя 3−4 тысячы злотых на аплату інфарматараў з ліку мясцовага насельніцтва. Гэтым разам кіраўнік акругі выказаў гатоўнасць прызначыць нават большую суму. Але пры ўмове, што мясцовыя ўлады здолеюць арганізаваць эфектыўны збор інфармацыі.
Зрэшты, недахоп грошай не перашкаджаў інфарматарам выкарыстоўваць паліцыю ў сваіх інтарэсах. У пачатку 1924 года кіраўнік следчага аддзела ў Наваградку скардзіўся начальству, што на мясцовым участку польска-савецкай мяжы пэўныя асобы дзейнічалі ад імя паліцэйскай агентуры, займаючыся кантрабандай: «Падобная кантрабанда ў шмат разоў перавышае памеры, вызначаныя для гэтай дзейнасці, а самі канфідэнты ўсталёўваюць цесныя адносіны з мясцовымі гандлярамі, ствараючы крымінальныя арганізацыі». Паліцэйскі даводзіў, што шматлікія канфідэнты на мяжы не толькі займаюцца кантрабандай ды рабункам, але і актыўна супрацоўнічаюць з савецкай выведкай, пры гэтым іх колькасць увесь час павялічваецца. Як адзначаў Чарнякевіч, з 33 асоб, якія ў 1923 годзе мелі дазвол знаходзіцца на мяжы ў раёне Ракава па справах гандлю, пяцёра апынуліся ў чорным спісе па падазрэнні ў кантрабандзе і антыдзяржаўнай дзейнасці.
«Ганаровыя» і платныя інфарматары
У другой палове 1920-х гадоў адбылася рэарганізацыя сістэмы. Як пісаў Чарнякевіч, за выведку цяпер адказвалі так званыя агенты паліцыі, якія знаходзіліся на афіцыйнай паліцэйскай службе. Пры гэтым яны фармальна займалі пасады пры мясцовых гмінах: памочніка пісара, ляснога наглядчыка, чыноўніка самакіравання, прадстаўніка органаў страхавання і гэтак далей — з умовай, што гэтыя абавязкі не будуць перашкодай у іх галоўнай дзейнасці.
Фармальна супрацоўніцтва з будучым інфарматарам пачыналася з падпісання дамовы. Паводле іх паліцыя прымала падпісанта на пасаду «канфідэнта-выведчыка», а той, у сваю чаргу, браў на сябе абавязак прадстаўляць інфармацыю пра дзейнасць «антыдзяржаўных арганізацый». Дарэчы, дакумент прадугледжваў для канфідэнта магчымасць адмовіцца ад далейшага супрацоўніцтва.
Самі паліцэйскія дзялілі інфарматараў на тры катэгорыі.
Першыя — «ганаровыя». Яны дапамагалі паліцыі з-за патрыятызму і ідэалогіі, а не дзеля грошай ці помсты. Такімі людзьмі былі прадстаўнікі мясцовай шляхты, настаўнікі, духавенства і гэтак далей. Часцей за ўсё яны належалі да больш заможнай часткі грамадства. Мясцовае насельніцтва адносілася да іх з падазрэннем, а таму рэдка было шчырым у іх прысутнасці. Таму «ганаровыя» канфідэнты звычайна атрымлівалі патрэбную інфармацыю праз трэціх асоб. Напрыклад, праз хатнюю прыслугу, якая «адчувала да гаспадароў асабістую прывязанасць».
Другія — платныя. Пераважна яны не карысталіся добрай рэпутацыяй і даверам, аднак менавіта іх найчасцей выкарыстоўвалі паліцэйскія. «Вельмі эфектыўным лічыўся мэтанакіраваны пошук інфарматараў непасрэдна сярод сябраў антыдзяржаўных арганізацый. Разам з тым гэта было вельмі рызыкоўным, бо можна было патрапіць на прафесіянала, які б выкарыстаў службу ў паліцыі дзеля дэканспірацыі яе агентаў. Менавіта таму даводзілася хаваць ад такога канфідэнта ўсю інфармацыю, якая мелася ў службы бяспекі з іншых крыніц», — піша Чарнякевіч.
У трэцюю групу ўваходзілі выпадковыя канфідэнты, якія патрабавалі асаблівай увагі.
Інфарматары — і сярод апазіцыі
Як адзначае Андрэй Чарнякевіч, спецслужбы часцей шукалі сваіх інфарматараў у апазіцыйных асяродках. Імі былі радыкальныя палітычныя партыі, арганізацыі нацыянальных меншасцяў, а таксама царква.
У якасці прыкладу ён згадвае лёс Аляксандра Коваля — сябра мясцовай арганізацыі КПЗБ у Жабінцы і адначасова канфідэнта паліцыі, які працаваў пад гэтым псеўданімам. Цягам двух гадоў ён інфармаваў улады пра дзейнасць аднапартыйцаў, адсылаючы справаздачы непасрэдна ў Палескую ваяводскую камендатуру паліцыі ў Брэсце.
Колькі каштавала такая інфармацыя? Звычайна гэта былі адносна невялікія сумы — ад 5 да 12 злотых. Аднак пры рэгулярным супрацоўніцтве агульны прыбытак мог быць значна большым. Чарнякевіч спасылаецца на даследаванне гісторыка Яўгена Мірановіча. Той згадваў агента па мянушцы Хітры Ян. Са жніўня 1933 па верасень 1934 года апошні склаў 13 справаздач, за што атрымаў 77 злотых. На Палессі гэта быў кошт каровы ці каня.
Таму з паліцыяй асабліва актыўна супрацоўнічалі самыя бедныя сяляне, якія імкнуліся
атрымаць максімальную суму грошай. Праўда, існаваў нюанс. Шмат канфідэнтаў інфармавалі пра крымінальныя злачынствы, аплата за якія не перавышала двух злотых. А паліцыя больш канцэнтравалася на палітыцы. Таму інфарматары з часам перасталі звяртаць увагу на звычайныя злачынствы. А большасць крымінальных злодзеяў не трапляла пад суд.
У сваю чаргу, грошай у дзяржавы не хапала. Таму вырашылі эканоміць: вышэйшыя ўлады заахвочвалі стараст да пошуку інфарматараў, якія б згаджаліся працаваць задарма. У першую чаргу гаворка ішла пра людзей, эканамічная дзейнасць якіх залежала ад дазволу з боку мясцовых улад. Гэта гаспадары рэстаранаў, бараў, піўных, кінатэатраў, вандроўных ціраў, ілюзіяністы. У такой сітуацыі адмова ад супрацы з паліцыяй успрымалася як праява антыдзяржаўных поглядаў і з’яўлялася падставай, каб самому патрапіць пад падазрэнне.
Свой падыход вынайшлі памежнікі. Маючы яшчэ менш грошай, яны звычайна прапаноўвалі людзям, якія з імі супрацоўнічалі, неафіцыйную падтрымку пры вырашэнні розных гаспадарчых ці судовых спраў.
Інфарматарамі станавіліся і добраахвотна. Напрыклад, такім чалавекам быў Мікалай Ляўковіч з вёскі Старое Сяло Баранавіцкага павета, які працаваў пад мянушкай Чорны. У нейкі момант ён пачаў працаваць шафёрам і адказваў за транспарціроўку партыйнай літаратуры, пра што і паведамляў паліцыі.
Здаралася, што паведамленні ад агентаў былі вельмі рэдкімі, а іх каштоўнасць — мінімальнай. Напрыклад, Клеменс Калачак з Івянца Валожынскага павета за чатыры гады толькі тройчы прадставіў спецслужбам звесткі. Пры гэтым у двух паведамленнях гаворка ішла пра нелегальны выраб самагону.
«Асабліва часта сярод данясенняў агентаў паўтараліся звесткі пра падрыхтоўку да чарговага паўстання супраць польскай улады. Улады надзвычай сур’ёзна ставіліся да падобных звестак, што ўскосна магло толькі паспрыяць іх з’яўленню. Прычым падазрэнне ў падрыхтоўцы да ўзброенага выступлення супраць дзяржавы магло выклікаць нават тое, што вясковая моладзь раптам пачынала насіць аднолькавыя шапкі, якія фасонам нагадвалі галаўныя ўборы савецкіх памежнікаў», — расказвае Чарнякевіч.
На яго думку, польскія службы бяспекі ў пэўным сэнсе самі «былі зацікаўлены ў стварэнні вобраза „ўнутранага ворага“ і перманентнай пагрозе. Яны самі глядзелі на падуладных вачыма сваіх агентаў, якія часта даносілі на асоб са свайго непасрэднага атачэння, кіруючыся меркантыльнымі інтарэсамі. <…> Парадаксальным чынам, з аднаго боку, службы бяспекі разам з падуладнай ім сеткай інфарматараў усяляк знішчалі варожыя да дзяржавы арганізацыі, а з другога боку, яны часам стваралі вобразы неіснуючых ці значна перабольшаных пагроз. Нічога дзіўнага, што тыя ж вайсковыя ўлады вельмі крытычна ставіліся да высноў службы бяспекі, небеспадстаўна мяркуючы, што паліцыя занадта праніклася „атмасфераю дыверсіі“ і некрытычна ставіцца да данясенняў канфідэнтаў».
Тым больш што даносы ў палескай вёсцы ў нейкім сэнсе замянілі такія спосабы помсты, як, напрыклад, чараўніцтва.
Рэпрэсіі ад камуністаў
Напачатку Камуністычная партыя Заходняй Беларусі выступала супраць індывідуальнага тэрору, у тым ліку і супраць здраднікаў. Асоб, якія сябе дыскрэдытавалі, выключалі з партыі. Але ў сярэдзіне 1920-х гадоў палякі пачалі ліквідаваць канспірацыйныя ўстановы КПЗБ. У адказ стала пашырацца практыка так званага ахоўнага тэрору. Ужо напрыканцы 1925 года ЦК КПЗБ заклікала працоўных «самім пазбаўляцца правакатараў». Як піша Андрэй Чарнякевіч, «у выніку тэрыторыю ўсходніх ваяводстваў ахапіла хваля тэрору, першымі ахвярамі якой сталі прадстаўнікі валасной адміністрацыі, ляснічыя і сельскія настаўнікі, на якіх лягло падазрэнне ў даносах. Хутка гэты спіс пашырыўся аднавяскоўцамі».
Навукоўца прыводзіць дзясяткі прыкладаў. Вось толькі некалькі з іх. У кастрычніку 1925 года ў Дзісненскім павеце па падазрэнні ў супрацы з паліцыяй быў застрэлены Мікалай Івашкевіч. Ягоны забойца, сябра КПЗБ Андрэй Ядзінак, збег у СССР. У лютым 1927 года адбыўся напад на дом канфідэнта Гладкага ў вёсцы Кашубцы Наваградскага павета, падчас якога загінулі маці і брат інфарматара. Падпольны камуністычны друк шырока асвятляў некаторыя выпадкі, трактаваў іх як сацыяльную помсту і імкненне навесці рэвалюцыйны парадак.

У большасці выпадкаў забойцы канфідэнтаў атрымлівалі пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне.
У 1935 годзе ў Кобрынскім павеце нават з’явілася баявая камуністычная арганізацыя, якая актыўна выкарыстоўвала тэрор у адносінах да аднавяскоўцаў, якіх падазравала
ў супрацы з уладай. «Між іншым „канфідэнтам“ ламалі ногі і адразалі вушы. Нават у данясеннях канфідэнтаў сустракаюцца сведчанні ўзаемнага недаверу і падазрэнняў у асяроддзі камуністычнага падполля. <…> У 1938 годзе [агент] Чорны перадаў паліцыі інфармацыю аб тым, што „камуністы ў Іўі не жадаюць кантактаваць з камуністамі ў Лідзе і павеце, бо там шмат правакатараў“, а „старыя, вядомыя паліцыі камуністы атрымалі ад свайго кіраўніцтва загад пазбягаць кантактаў з маладымі партыйцамі і кандыдатамі“», — пісаў Чарнякевіч.
Кропку ў працы польскіх інфарматараў паставілі падзеі 1939 года. СССР заключыў саюз з нацысцкай Германіяй і 17 верасня напаў на Другую Рэч Паспалітую. Ужо ў кастрычніку з агульнай лічбы больш чым 4 тысяч арыштаваных каля тысячы складалі былыя «агенты
і правакатары». Новыя ўлады імкнуліся ў першую чаргу захапіць архівы жандармерыі, памежнай службы і ІІ аддзела Генштаба, а таксама актыўна карысталіся паслугамі ўласных агентаў. Можна з упэўненасцю меркаваць, што праз гэта значная частка польскіх інфарматараў у Заходняй Беларусі ўрэшце трапіла ў ГУЛАГ.
Читайте также


