Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Путина, похоже, не смущает идея дальнейшего затягивания войны. Эксперты привели доказательства
  2. Генассамблея ООН приняла резолюцию к годовщине полномасштабного вторжения РФ в Украину. Беларусь и США проголосовали против
  3. Беларусы жаловались, что не могут сдать старые доллары. В соседней стране признали, что банкам они не нужны
  4. «Не думаю, что кто-то понесется кого-то спасать». Как сами американцы относятся к позиции Трампа по Украине — спросили беларусов в США
  5. Ровно три года Россия пытается захватить Украину. Вспоминаем семь важнейших событий, повлиявших на ход этой войны
  6. Лукашенко намекнул, кто останется работать в правительстве, а чьи кандидатуры «подлежат рассмотрению»
  7. Нацбанк принял решение, которое не порадует тех, кто собирается взять кредит на покупку недвижимости
  8. «Крест Евфросинии Полоцкой, печать Изяслава». В Литве призвали запретить беларусам использовать «Погоню» и предложили выбрать иной символ
  9. У Расіі гучны скандал з пластычным хірургам з Беларусі — яе статусная пацыентка амаль аслепла пасля шэраговай аперацыі
  10. Похоже, что у Лукашенко внебрачных детей не меньше, чем законных. А как обстоят дела у его коллег-диктаторов?
  11. Время дешевого доллара еще не прошло? Сколько будет падать курс: прогноз по валютам
  12. Эксперт рассказал, кто в Беларуси пострадает от отмены санкций против России. Об этом забеспокоился и Лукашенко
  13. «Они никуда не денутся, понимаете?» Третья годовщина «полномасштабки» — взгляд на «мир» с Россией и политику Трампа командира на фронте
  14. «Его продукция была обнаружена на поле боя». Под санкции ЕС попало госпредприятие, которое недавно посещал Лукашенко
Читать по-русски


Нядаўна стала вядома пра ад’езд з Беларусі легендарнага дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова. Слова «легендарны» тут не перабольшанне. На ўсю Беларусь імя гэтага чалавека прагучала ў 2012 годзе, калі ён наважыўся на авантурны ўчынак — вярнуць у краіну Статут Вялікага Княства Літоўскага. З дапамогай калег, бізнесоўцаў і вялізнай колькасці беларусаў ён даў рады — і першы асобнік гістарычнага дакумента нарэшце з’явіўся ў беларускім музеі. У 2020-м гісторык падпісаў адкрыты ліст супраць гвалту, пасля яго звольнілі з працы, потым неаднаразова затрымлівалі. Цяпер Бацюкоў знаходзіцца ў бяспечнай краіне. У гутарцы з «Люстэркам» ён расказаў, як вяртаў рэліквію ў Беларусь і як сам збягаў з краіны пасля нечаканага вызвалення з ізалятара часовага ўтрымання.

Аляксей Бацюкоў, 2021 год. Фота: TUT.BY
Аляксей Бацюкоў, 2021 год. Фота: TUT.BY

«45 тысяч даляраў — шалёная сума на той час»

У 2012 годзе, калі слова «краўдфандынг» было яшчэ не надта вядомае ў Беларусі, дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў і яго паплечнікі адважыліся на эксперымент. У адной з антыкварных крамаў Масквы на продаж выставілі Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года на старабеларускай мове за 45 тысяч даляраў. На тэрыторыі Беларусі ў той час не было ніводнага асобніка гэтага гістарычнага дакумента. Такіх вялізных грошай ні ў музея, ні ў Бацюкова і яго сяброў не было, таму шукаць іх вырашылі сярод неабыякавых беларусаў — і абвясцілі збор сродкаў для вяртання рэліквіі.

— Калі абвяшчалі збор сродкаў, мы самі не ведалі, што робім, — успамінае Аляксей Бацюкоў. — Яшчэ за гадоў дзесяць да гэтага ў нас бы нічога не атрымалася, але ў 2012-м беларускае грамадства ўжо саспела да такіх нацыянальных жэстаў, якія б дэманстравалі яго ўласнае пачуццё самапавагі. Мы ўбачылі шквал зацікаўленасці ад людзей, якія імкнуліся дапамагчы, а таксама ад шмат якіх устаноў і інстытуцый — ад чыноўніцкіх да бізнесовых.

76 мільёнаў недэнамінаваных рублёў (амаль 10 тысяч даляраў паводле сярэдняга курсу за 2012 год) назбіралі ад звычайных беларусаў, 30 тысяч пасля закліку Нацыянальнага банка Беларусі ахвяравала фінансавая кампанія Alpari, рэшту сумы — іншыя беларускія бізнесоўцы.

— Сёння падаецца, што 45 тысяч даляраў — гэта невялікая цана для такога гістарычнага дакумента, як Статут ВКЛ, але ў той час лічылася, што гэта шалёная сума, — кажа гісторык. — Перамовамі з тагачасным уласнікам Статута займаўся Андрэй Радкоў (беларускі гісторык і шукальнік скарбаў. — Заўв. рэд.). Ён дамовіўся на зніжку — першапачаткова за дакумент прасілі 52 тысячы даляраў. У траўні мы абвясцілі збор сродкаў, і нам адразу ж прапанавалі суму, якая была неабходная на заклад, каб гэты экзэмпляр быў зняты з адкрытага аўкцыёну. Потым у нас было два тыдні для таго, каб знайсці рэшту грошай. Даволі хутка нам паведамілі, што бізнес і грамадства ахвяравалі неабходную суму, і ўжо 7 чэрвеня 2012 года ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску адбылася цырымонія вяртання Статута ў Беларусь, пасля чаго дакумент быў перададзены ў Музей гісторыі Магілёва.

Аляксей Бацюкоў на працэдуры ацэнкі Статута ВКЛ, Масква, Расія, май 2012 года. Фота: nashaniva.com
Аляксей Бацюкоў на працэдуры ацэнкі Статута ВКЛ, Масква, Расія, травень 2012 года. Фота: nashaniva.com

«Помнік права XVI стагоддзя мог дабірацца ў Магілёў маршруткай»

Дарэчы, адным з удзельнікаў цырымоніі ў Нацыянальным гістарычным музеі быў тагачасны міністр культуры Беларусі Павел Латушка, які выступіў з вітальнай прамовай. Аляксей Бацюкоў успамінае, што тады прадстаўленасць дзяржавы чыноўнікам такога ўзроўню фундатарам акцыі падавалася недастатковай:

— Кампанія Alpari, якая выступіла ў якасці асноўнага спонсара, звярнулася да ўрада. Маўляў, мы дапамаглі выкупіць Статут ВКЛ і гатовыя перадаць яго дзяржаве ў прысутнасці вашых адказных асоб. Гаворка вялася, каб гэта быў хтосьці з Адміністрацыі прэзідэнта ці хаця б узроўню віцэ-прэм'ера. Але, наколькі я зразумеў, ва ўрадзе вырашылі, што падзея гэта культурная, таму няхай ідзе міністр культуры. Павел Латушка прыйшоў, выступіў з прамовай. Не тое каб ён быў у якасці вясельнага генерала, гэта была яго функцыя як чыноўніка на той момант. Напэўна, у Alpari лічылі, што раз Статут ВКЛ — гэта настолькі істотная нацыянальная рэліквія, то сустракаць яго трэба з міліцэйскім картэжам. Аднак урачыстасць атрымалася даволі сціплая.

Без ніякай дзяржаўнай аховы ці хаця б міліцэйскага суправаджэння адбывалася і транспартаванне Статута ВКЛ па тэрыторыі Беларусі. Гісторыка-культурную каштоўнасць збіраліся дастаўляць з Мінска звычайнай маршруткай разам з Бацюковым, але выпадкова ўзнікла магчымасць, і помнік права XVI стагоддзя дабіраўся ў Магілёў папуткаю.

— Мы скончылі прэзентацыю, выйшлі з Нацыянальнага гістарычнага музея, і ўсё: Статут у руках, якім чынам яго везці — незразумела, машыны няма, у руцэ толькі кнопкавы тэлефон, — успамінае Аляксей Бацюкоў. — Я патэлефанаваў жонцы — аказалася, што яе калега цяпер у Мінску на закупах і неўзабаве будзе вяртацца ў Магілёў. Мяне разам са Статутам пасадзілі ў іх машыну сярод розных пакункаў з прадуктамі, і вось такім чынам унікальны дакумент дабіраўся на месца захоўвання.

Сціплай была і ацэнка дзяржаваю тых намаганняў, якія Аляксей Бацюкоў і яго калегі прыклалі для вяртання гістарычнага асобніка Статута ВКЛ.

—  Мне далі грамату, — з гонарам кажа Аляксей Бацюкоў. — Дакладней, гэта быў ліст падзякі ад Магілёўскага Савета дэпутатаў для мяне, Андрэя Радкова і Змітра Яцкевіча (архівіст, яшчэ адзін з ініцыятараў вяртання Статута ВКЛ у Беларусь. — Заўв. рэд.). Але справа ў тым, што ўсе дзяржаўныя ўзнагароды і ўдзячнасці ідуць па прыступках, яны не могуць быць адразу высокімі. У Магілёве першая прыступка — гэта ліст падзякі ад гарадскога Савета дэпутатаў, пасля яго ідзе проста падзяка, потым — грамата, за ёй — ганаровая грамата. Пазней увесь цыкл паўтараецца на ўзроўні вобласці і толькі пасля гэтага выходзіць на ўзровень Міністэрства культуры і ўрада, нейкіх узнагарод можна чакаць дзесяцігоддзямі.

«Пасля пры неабходнасці чыноўнікі тэлефанавалі мне, пра нешта пыталі, раіліся»

У жніўні 2020 года Бацюкоў разам з іншымі супрацоўнікамі Музея гісторыі Магілёва падпісаў адкрыты ліст, у якім асудзілі гвалт сілавікоў супраць пратэстоўцаў, а ў пачатку 2021-га яго звольнілі з пасады дырэктара гэтай установы.

— Калі мне паведамілі пра непрацягненне кантракта, то спыталі, чаму не цікаўлюся прычынай звальнення, але мне і так было ўсё зразумела, — расказвае гісторык. — Пасля пры неабходнасці чыноўнікі тэлефанавалі мне, пра нешта пыталі, раіліся. Калі ім была патрэбная інфармацыя, якую я меў, то я ёю з радасцю дзяліўся, нават да самага апошняга часу.

Затрыманне Аляксея Бацюкова. Скрыншот відэа "Беларусь 4 Магілёў"
Затрыманне Аляксея Бацюкова. Фота: скрыншот відэа «Беларусь 4 Магілёў»

Летам 2023 года ў жыцці Бацюкова з’явіліся сілавікі. 28 ліпеня яго затрымалі ва ўласным доме, тры дні ён прабыў у ізалятары часовага ўтрымання. У снежні 2023 года Бацюкова затрымалі зноў — гэтым разам ужо па крымінальнай справе за супрацу з «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Пасля 15 сутак у ІЧУ былога дырэктара музея адпусцілі, і ён адразу з’ехаў з Беларусі.

— 19 снежня, калі я яшчэ сядзеў «на сутках», мяне прывезлі ў КДБ на сустрэчу з аператыўнікам, які паведаміў, што супраць мяне распачатая крымінальная справа і я ў ёй падазраваны, — кажа Бацюкоў. — Правялі допыт, на ім быў адвакат, прадастаўлены дзяржавай. Напрыканцы аператыўнік сказаў, што 21 снежня мяне дапытаюць у Следчым камітэце, і адправіў назад у ізалятар часовага ўтрымання. Але а першай гадзіне ночы 21 снежня мяне чамусьці выпусцілі. Я не быў ні пад падпіскай пра нявыезд, ні пад нейкімі вуснымі абяцаннямі прыходзіць на допыты, таму як вольны чалавек вырашыў з’ехаць з Беларусі адразу.

Усе прыгоды, што адбыліся з ім у апошнія месяцы ў Беларусі, Аляксей Бацюкоў перажываў не толькі як звычайны чалавек, які трапіў пад каток рэпрэсій, але і як гісторык. Ён кажа, што два адміністрацыйныя арышты дазволілі яму лепей зразумець працэсы, якія цяпер адбываюцца ў беларускім грамадстве:

— У камеры ізалятара я чытаў для сваіх суседзяў кароткія лекцыі пра тое, што ўсё, што мы цяпер робім, — гэта анталагічны ўнёсак у будучыню ўсёй нашай нацыі. Хлопцы, якія сядзелі са мной, былі абсалютна рознымі. Я пра гэта ведаў, але калі бачыш тое на ўласныя вочы, то пачынаеш інакш разумець маштаб падзей. Людзі, якія былі ў незалежніцкім дэмакратычным руху цягам апошніх 25−30 гадоў, натуральна, цікавяцца гісторыяй Беларусі і прагнуць яе ведаць. А тыя людзі, з якімі мне давялося сядзець, цікавяцца машынамі, тэхнікай, будовай — то-бок побытавымі рэчамі. Але тое, што да такіх людзей дайшла прага пратэсту, было для мяне доказам маштабнасці падзей. Такіх людзей не пераканаеш нежывымі лозунгамі: калі яны бачаць штосьці сапраўднае, то рэагуюць на гэта. Просты чалавек у сваіх простых рэфлексіях заўсёды шчыры.

Цяпер Аляксей Бацюкоў знаходзіцца ў краіне, бяспечнай для беларускіх палітычных уцекачоў. Кажа, што да статусу эмігранта прызвычаіцца яшчэ не паспеў і час ад часу ў думках вяртаецца да ўспамінаў пра небяспеку, якая чакала яго дома:

— Бывае, едзеш па бяспечнай краіне, але не пакідае ўражанне, што сусед з правага боку зараз пакладзе руку на плячо і скажа: «Что, Алексей Николаевич, думали, все кончилось? Ан нет», — смяецца Бацюкоў. — Гэтыя флешбэкі будуць яшчэ доўга, але я не хвалююся за сябе. Спадзяюся, што родныя ў Беларусі не пацярпяць, бо яны не толькі ні ў чым не ўдзельнічалі, а нават не ведалі, чым я займаюся.

Аляксей Бацюкоў кажа, што пакуль не вырашыў, чым будзе займацца далей, але спадзяецца, што ў яго атрымаецца знайсці працу ў галіне музейнай ці культурніцкай справы.