Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Раней у Беларусі не існавала «Ціндара», у бібліятэцы нельга было пазнаёміцца з «Камасутрай», не было і інтэрнэту, які дазваляе чытаць нашыя матэрыялы пра сэкс. Але інтымнае жыццё нашых продкаў віравала і было, магчыма, не менш яркім, чым цяпер. Мы ўжо ўспаміналі ў падрабязнасцях, як беларусы ставіліся да сэксу і займаліся ім у дадзяржаўны перыяд і ў часы Кіеўскай Русі, а таксама ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Цяпер жа раскажам пра перыяд, калі нашыя продкі жылі ў Расійскай імперыі. Тады сэксуальнае жыццё было не менш цікавым, а магчымасцяў для задавальнення сваіх патрэбаў было нашмат больш, чым раней, — праўда, не для ўсіх.

Новыя правілы гульні ў Расіі

Час жыцця нашых продкаў у Расійскай імперыі — крыху больш за сто гадоў. Тэрыторыя Беларусі была анексаваная ўсходнімі суседзямі за тры заходы: у 1772, 1793 і 1795 гадах. А ў 1917-м здарылася рэвалюцыя, якая паставіла на царскім рэжыме кропку.

Сэксуальнае жыццё нашых продкаў паміж гэтымі датамі вызначалі два галоўныя фактары: традыцыі папярэдніх перыядаў і новаўвядзенні, характэрныя як для ўсяго свету ў ХІХ стагоддзі, так і для расійскага грамадства (апошняе непазбежна распаўсюдзілася і на Беларусь).

Сярод традыцый папярэдніх перыядаў вылучым рэлігійны сэксуальны дуалізм, які граў вялікую ролю і ў папярэднія стагоддзі. Яшчэ ў дадзяржаўны перыяд склалася паганская традыцыя, якой потым пачала супрацьстаяць хрысціянская (з'явілася пазней у часы Кіеўскай Русі). Для першай сэкс быў натуральнай часткай жыцця, прыроды і космасу, таму да яго ставіліся пазітыўна. Для другой — наадварот. У адпаведнасці з хрысціянскімі ідэямі той эпохі, мэтай сэксу магло быць выключна нараджэнне дзяцей, дапускаліся толькі вагінальнае пранікненне і місіянерская пазіцыя (апошняя мусіла падкрэсліваць паноўную ролю мужчыны ў дачыненні да жанчыны). Усё астатняе лічылася грахоўным. Нягледзячы на тое, што з часу прыходу хрысціянства на нашыя землі да гэтага моманту прайшло ўжо восем стагоддзяў, некаторыя паганскія традыцыі ўсё яшчэ захоўваліся — у тым ліку ў сэксе.

Важным фактарам у гэты час стала існаванне ў Расійскай імперыі аж да 1917 года саслоўяў — закрытых сацыяльных груп, прыналежнасць да якіх перадавалася ў спадчыну (і вельмі рэдка набывалася). Людзі, якія адносіліся да розных пластоў грамадства, жылі нібыта ў розных сустветах. Напрыклад, яны маглі нават гаварыць на розных мовах: сяляне — на мовах сваіх народаў, дваране — часцей за ўсё на французскай. І тыя і тыя, само сабой, прытрымліваліся рознай сэксуальнай філасофіі (падрабязней пра гэта ніжэй).

Важна разумець, што шматлікасць саслоўяў сур’ёзна адрознівалася. Паводле перапісу 1897 года, сяляне складалі 81% насельніцтва імперыі (без уліку Польшчы і Фінляндыі). А дваран была меншасць. У цэлым на еўрапейскай часткі Расійскай імперыі іх было ўсяго 1,5%. На тэрыторыі Беларусі на момант расійскай анексіі — 10−12% (пазней улады паменшылі іх колькасць да 5−6%). То-бок пераважная частка насельніцтва вяла акурат «сялянскі» лад жыцця, у тым ліку ў сферы інтымных адносін.

Карта Российской империи в 1914 году. Фото: 1-е Государственное картографическое заведение бывш. А.Ильина via commons.wikimedia.org
Карта Расійскай імперыі ў 1914 годзе. Фота: 1-я Дзяржаўная картаграфічная ўстанова был. А. Ільіна via commons.wikimedia.org

Вядома, царква (не без дапамогі дзяржавы) за шмат стагоддзяў паспела глыбока пранікнуць у жыцці як беларусаў, так і жыхароў імперыі ў цэлым. Расійская імперыя была яшчэ больш кансерватыўнай дзяржавай, чым ВКЛ ці Рэч Паспалітая, а таму ў тыя часы рэлігія толькі ўмацоўвала свае пазіцыі ў грамадстве. Праз гэта, як і ў папярэднія эпохі, грамадзянскі шлюб усё яшчэ не меў юрыдычнай сілы, прызнаваўся толькі царкоўны. Дарэчы, з гэтай прычыны ў 1902 годзе Расія нават адмовілася падпісаць Гаагскую канвенцыю, бо тая прадугледжвала ўзаемнае прызнанне шлюбаў, зключаных у розных краінах паводле іх мясцовых законаў.

Царква працягвала кантраляваць і час, калі людзі маглі займацца сэксам (хоць, зразумела, ужо не так жорстка, як у Сярэднявеччы). Як гэта выяўлялася? Кантрацэптывы тады не былі распаўсюджаныя — і сэкс даволі часта прыводзіў да цяжарнасці. Калі дзіця нараджалася ў першай палове снежня, бацькі іранічна называлі яго «поснікам» — бо выходзіла, што зачацце адбылося ў Вялікі пост (40 дзён, якія папярэднічаюць Вялікадню). У такім выпадку святар мог дакараць такога бацьку за адмову ад устрымання. Бо, паводле рэлігійнай традыцыі, сэкс падчас посту быў пад забаронай.

У сялян — сэксуальная «свабода» (але не ад добрага жыцця)

Пачнём з аповеду пра сялян. Як мы ўжо згадвалі, нягледзячы на ўсе намаганні царквы, паганскія нормы (у тым ліку, звязаныя з сельскагаспадарчымі абрадамі) захаваліся.

Напрыклад, аж да канца XIX стагоддзя ў многіх рэгіёнах былой Старажытнай Русі мужчыны «апладнялі» зямлю: адбываўся сімвалічны полавы акт. Калі раней земляробы займаліся сэксам з жонкамі і каханкамі проста на ўзараным полі, выліваючы пры гэтым семя на зямлю і такім чынам перадаючы ёй свае сілы, свой запал, то ў пазнейшыя часы яны маглі сеяць збожжа без штаноў або зусім аголенымі, мастурбаваць перад пасевам, аброшваючы зямлю спермай. Калі сеяла жанчына, яна вылівала на ўзараную зямлю семя мужа. Вядома, што беларусы ў Віцебскай губерні ў XIX стагоддзі пасля пасеву лёну раздзяваліся і качаліся голымі па зямлі. На Палессі, саджаючы агуркі, мужчына здымаў штаны і аббягаў пасевы, каб агуркі сталі такімі ж моцнымі і вялікімі, як яго пеніс.

У першай палове XIX стагоддзя ў Расійскай імперыі вызначылі мінімальны ўзрост уступлення ў шлюб (18 гадоў для мужчын, 17 — для жанчын). Але выконвалі гэтую норму ў найвышэйшых саслоўях, а вось у сялянскіх сем’ях дзяўчыну часцяком маглі аддаць замуж і раней, часам нават з 14 гадоў — у першую чаргу, каб «пазбавіцца» лішняга едака.

Шлюб часта быў своеасаблівым рубіконам ў жыцці сялян — асабліва сялянак. З гэтага моманту свабода (з магчымасцю ўдзельнічаць у забавах накшталт купальскай ночы) саступала месца рэаліям шлюбу — штодзённай цяжкай сельскагаспадарчай працы, частым цяжарнасцям (непазбежным пры адсутнасці кантрацэпцыі) і сур’ёзнай рызыцы гібелі падчас родаў. Вядома, што да канца XIX стагоддзя сярэдняя працягласць жыцця жанчын у беларускіх губернях складала 37 гадоў (мужчын — аналагічна).

Картина Василия Максимова "Сборы на гулянье". 1869 год. Изображение: nacekomie.ru, commons.wikimedia.org
Карціна Васіля Максімава «Зборы на гулянне», 1869 год. Выява: nacekomie.ru, commons.wikimedia.org

Але і да, і пасля замужжа сэкс працягваў заставацца натуральным элементам сялянскага побыту — ніякім чынам не табуяваным і нават у пэўнай ступені публічным. Рэч ва ўмовах жыцця сялян: у патрыярхальных сем’ях у адной прасторы і пад адным дахам часта жыло некалькі пакаленняў. А таму сэкс паміж мужам і жонкай адбываўся калі не на вачах сваякоў, то, як мінімум, у «гукавой» даступнасці.

Калі такое падаецца дзіўным і ненармальным, то дадамо, што ранні ўзрост уступлення ў шлюб і жыццё розных пакаленняў пад адным дахам перыядычна наогул прыводзілі да полавых адносін свёкра з яго нявесткай ці нявесткамі. На тэрыторыі Беларусі такі прыклад быў зафіксаваны яшчэ ў 1581 годзе (у сялянскай сям'і 13-гадовага хлопца ажанілі з дзяўчынай, старэйшай за яго, і «шлюбны абавязак» за хлопца выконваў бацька).

Падобнае мела месца і ў пазнейшы час. Адной з прычын было так званае адыходніцтва. Гаворка пра найманне мужчын на сезонныя працы ўдалечыні ад роднай вёскі — напрыклад, на будоўлях, лесанарыхтоўках ці на шахтах. У выніку муж мог бачыцца з жонкай усяго некалькі разоў на год. Апошнія ж у гэты час часта заставаліся ў кампаніі свёкра.

Даследчык Андрэй Аксёнаў расказваў пра наступны прыклад, які меў месца на тэрыторыі сучаснай Расіі. Але ўлічваючы досвед XVI стагоддзя, пра які гаворка ішла вышэй, падобнае амаль напэўна адбывалася і ў Беларусі: «Богатый крестьянин Семин, 46 лет, имея болезненную жену, услал двух своих сыновей на „шахты“, сам остался с двумя невестками. Начал он подбиваться к жене старшего сына Григория, а так как крестьянские женщины очень слабы к нарядам и имеют пристрастие к спиртным напиткам, то понятно, что свекор вскорости сошелся с невесткой. Далее он начал „лабуниться“ к младшей. Долго она не сдавалась, но вследствие притеснения и подарков — согласилась. Младшая невестка, заметив „амуры“ свекра со старшей, привела свекровь в сарай во время их соития. Кончилось дело тем, что старухе муж купил синий кубовый сарафан, а невесткам подарил по платку».

Іншы прыклад, які прыводзіў Аксёнаў, — сужыццё паміж шваграм (братам мужа) і нявесткай, якое мела месца на расійскай Арлоўшчыне. Паводле даследчыка, часам малодшыя браты наогул доўга не жаніліся, бо спалі з жонкамі старэйшых братоў.

Акрамя адыходніцтва да здрадаў жонак штурхалі і ваенна-палітычныя рэаліі таго часу, у першую чаргу рэкрутчына. На момант, калі Беларусь стала часткай Расійскай імперыі, сялян у войска прызывалі на 25 гадоў (па сутнасці, на ўсё жыццё). Паступова гэты тэрмін змяншаўся, але і на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў ён складаў шэсць гадоў — таксама досыць сур’ёзны перыяд.

Рэаліі таго часу добра паказаныя на карціне Мікалая Касаткіна «Хто?», напісанай у 1897 годзе. На ёй выяўлены салдат, які вярнуўся са службы. Ён бачыць дзіця, бацькам якога відавочна быць не можа, а таму выпытвае ў жонкі, з кім яна яму здрадзіла. У цэлым жа на сувязі салдатак са староннімі мужчынамі звярталі мала ўвагі.

Картина Николая Касаткина "Кто?" 1897 год. Изображение: bg-blog.ru, commons.wikimedia.org
Карціна Мікалая Касаткіна «Хто?», 1897 год. Выява: bg-blog.ru, commons.wikimedia.org

На пазашлюбныя адносіны сялянак штурхала і татальная галеча. Публіцыст і навуковец Аляксандр Энгельгарт пісаў наступнае пра сэксуальныя рэаліі 1870−1880-х гадоў: «Нравы деревенских баб и девок до невероятности просты: деньги, какой-нибудь платок, при известных обстоятельствах, лишь бы только никто не знал, лишь бы шито-крыто, делают все. Да и сами посудите: поденщина на своих харчах (то-бок штодзённая праца па найме без забяспечання харчавання. — Заўв. рэд.) от 15 до 20 копеек, за мятье пуда льна 30 копеек — лен мнут ночью и за ночь только лучшая баба наминает пуд, — за день молотьбы 20 копеек. Что же значит для наезжающего из Петербурга господина какая-нибудь пятерка, даже четвертной, даже сотенный билет в редких случаях. Посудите сами! Сотенный билет за то, что „не смылится“ (гаворка пра полавыя органы як пра неабмежаваны рэсурс заробку. — Заўв. рэд.), и 15 копеек — за поденщину. Поставленные в такие условия, многие ли чиновницы устоят? Что же касается настоящего чувства, любви, то и баба не только ни в чем не уступит чиновнице, но даже превзойдет ее. Я думаю, что тот, кто не знает, как может любить деревенская баба, готовая всем жертвовать для любимого человека, тот вообще не знает, как может любить женщина».

Энгельгарт пісаў гэта, назіраючы за жыццём на Смаленшчыне, рэгіёне па суседстве з Беларуссю. Між тым яшчэ ў 1860-х гадах — за дзесяцігоддзе да таго, як ён пакінуў свае ўспаміны, — доля беларусаў сярод насельніцтва гэтай губерні складала 46,6%.

Улічваючы тое, што ў гэтым рэгіёне хапала беларускага насельніцтва, а сяляне ўсёй імперыі жылі прыкладна ў адных і тых жа рэаліях, яго высновы цалкам карэктна распаўсюдзіць і на нашых продкаў.

У вышэйшых саслоўяў — жаночы холад і мужчынская жарсць

У вышэйшым, дваранскім, саслоўі назіралася іншая, нават супрацьлеглая сітуацыя. Як адзначала Беларуская даследчыца Таццяна Вароніч, «права на сэксуальныя жаданні прызнавалася толькі за мужчынамі, а жанчына выступала выключна ў якасці аб’екта для задавальнення іх патрэбаў». Гэтую цытату мы ўзялі з яе тэксту пра прастытуцыю (мы раскажам і пра гэтую з’яву ніжэй), але асноўная думка цалкам дастасоўная да сэксу ў найвышэйшым грамадстве ў цэлым.

Даследчык Андрэй Аксёнаў таксама расказваў, што дваранак выхоўвалі ў строгасці і прышчаплялі ім стандарты высокай маральнасці: «Лічылася правільным, каб дарослая жанчына думала пра сэкс як пра нешта ганебнае. Больш за тое, лічылася, што адукаваная дама не павінная мець сэксуальнай цягі: калі ў яе ёсць такія інтарэсы, то яна кепска выхаваная. Сэксуальная цяга дазвалялася жывёлам ці хаця б сялянам, якія не маглі даць рады нізкім інстынктам. Жанчынам з добрых сем’яў належала дэманстраваць халоднасць і ўраўнаважанасць, душыць нізкія парывы».

Дворянская семья, 1830-е годы. Картина Федора Толстого. Изображение: artpoisk.info, commons.wikimedia.org
Дваранская сям’я, 1830-я гады, карціна Фёдара Талстога. Выява: artpoisk.info, commons.wikimedia.org

Пры такім стане справаў большасць дваранак захоўвала цнатлівасць да шлюбу. Як адзначалі аўтары калектыўнай манаграфіі «Сметая запреты. Очерки русской сексуальной культуры XI—XX веков», было звыклай рэччу, калі пра сэкс маці ў агульных рысах расказвалі дочкам толькі непасрэдна перад першай шлюбнай ноччу. Таму мяжой дзявочых мараў былі пацалункі, якія часта апісваліся ў літаратуры таго часу.

А вось мужчыны ў адукаваных сем’ях, паводле Аксёнава, пачыналі сэксуальнае жыццё даволі рана: «Як толькі бацька разумеў, што сын увайшоў у [прыдатны для сэксу] узрост, наймалася (або выбіралася з тых, што ўжо служылі ў доме) пакаёўка, і юнак атрымліваў з ёй першы сэксуальны досвед. Гэта быў самы распаўсюджаны спосаб страты нявіннасці ў той час».

Цікава, што нават у знакамітым рамане Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», дзеянне якога адбываецца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, галоўны герой Алесь Загорскі атрымлівае першы сэксуальны досвед з прыгоннай акторкай Геленай, а зусім не са сваёй каханай Міхалінай. Такім самым алгарытмам кіравалася і расійская арыстакратыя (аж да найвышэйшага яе ўзроўню — напрыклад, спадчынніка трона, будучага імператара Мікалая II), якія нярэдка заводзілі раманы з сэксуальна разняволенымі балярынамі.

У шлюбе ж праз гэта ўзнікаў відавочны дысбаланс: сэксуальна разняволены мужчына хацеў яркай блізкасці, якую неспрактыкаваная жанчына ў сілу выхавання і адсутнасці досведу даць яму не магла. Таму ён нярэдка шукаў суцяшэння то ў каханак, то ў прастытутак. Былі папулярныя раманы з замужнімі жанчынамі і шлюбы з удовамі. Для мужчыны было абсалютна нармальна наогул не жыць з жонкай, утрымліваць яе і дзяцей, але не мець зносін.

"Бал в Петербургском Дворянском собрании 23 февраля 1913 года". Картина Дмитрия Кардовского. Изображение: ljplus.ru, commons.wikimedia.org
«Баль у Пецярбургскім Дваранскім сходзе 23 лютага 1913 года», карціна Дзмітрыя Кардоўскага. Выява: ljplus.ru, commons.wikimedia.org

Адной з прычын для асобнага жыцця мужа і жонкі нярэдка былі праблемы з разводам. Як пісала беларуская даследчыца Святлана Нячай, гэтая працэдура была надзвычай доўгай і складанай — прасцей было проста жыць паасобку. У некаторых выпадках (напрыклад, падчас маёмасных спрэчках або праз жаданне ўступіць у новы шлюб) з’яўлялася жаданне паскорыць працэс. Патрабаваўся прызнаны судом факт здрады, але для гэтага трэба было заспець мужа ці жонку ў ложку з кімсьці іншым.

«Праўда, у гэтым выпадку пажаданыя былі сведкі. І мяркуючы з таго, як часта яны знаходзіліся, даводзіцца зрабіць выснову, што „абражаная асоба“ не накідвалася на бок, які здрадзіў, з кулакамі ці лаянкай, а бегла да суседзяў і за руку цягнула іх у свой дом, пакуль „каханкі не паправілі прыведзенае ў беспарадак адзенне“», — адзначала Нячай.

Бывалі выпадкі, калі сэкс жонкі ці мужа на баку не ўдавалася ўбачыць на свае вочы. Тады алгарытм дзеянняў быў іншы. Вывучыўшы шэраг судовых справаў «О прелюбодеянии», якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, Нячай заўважыла, што жонка, якая імкнулася да разводу, нярэдка пытала суседзяў ці знаёмых пра каханку або каханак мужа, які жыў асобна. Як правіла, яе ахвотна інфармавалі. Мужчына, які хацеў разводу, рабіў іначай. Напрыклад, ён мог проста абвясціць, што жонка, якая кінула яго, «здабывае сабе пражытак» тым, што займаецца прастытуцыяй.

Праводзілася расследаванне, яго вынікі агучваліся ў судзе, і калі абвінавачанне не пацвярджалася, суддзі імкнуліся памірыць мужа і жонку. Нярэдка вынік быў станоўчым.

Пачатак мінулага стагоддзя — «Ліга вольнага кахання» і дамы цярпімасці

Аж да пачатку ХХ стагоддзя тэма сэксу ў цэлым лічылася табуяванай. Але часы мяняліся. «Развіццё навукі, падзенне аўтарытэту царквы, а таксама пераход ад аграрнага да індустрыяльнага грамадства прывялі да размывання хрысціянскага маральнага канона. Суфражысткі (удзельніцы руху за прадстаўленне жанчынам выбарчага права. — Заўв. рэд.) і іх паслядоўніцы феміністкі на мяжы ХІХ-ХХ ст. актыўна распаўсюджвалі сярод жанчын ідэю іх роўнасці з мужчынамі, што кардынальным чынам адбілася на сэксуальных адносінах», — пісаў гісторык Аляксандр Гужалоўскі пра еўрапейскія тэндэнцыі таго часу. Але ў Расійскую імперыю яны прыходзілі са спазненнем.

«Прарыў» здарыўся крыху пазней — і, магчыма, дзякуючы цяперашняй беларускай сталіцы. 9 красавіка 1908 года газета «Мінскае слова» надрукавала артыкул «Ліга вольнага кахання». Гаворка ў ёй ішла па сутнасці пра існаванне ў горадзе супольнасці маладых людзей, якія займаліся групавым сэксам.

«Каждый из них приносил по стеариновому огарку и по две бутылки пива. Они зажигали огарки и, лежа на софках и просто на полу, пили пиво. Возлежали они, обыкновенно, так, что в шеренге первый номер занимали гимназисты, второй гимназистки. Когда догорал последний огарок, торопливо допивался последний стакан пива, и во тьме спутывались все номера… Это было в городе Орле. <…> Так, говорят, теперь происходит в Минске. Лишь маленькая разница: местные карандаши свой клуб разврата называют: „Лига свободной любви“», — паведамляла выданне.

Артыкул перадрукавала мноства газет Расійскай імперыі. І рэч не толькі ва ўзніклым скандале (праз тое, што такіх публічных прэцэдэнтаў да «Лігі вольнага кахання» амаль не было).

Газеты называлі ўдзельнікамі «Лігі» мінскіх гімназістаў (у цяперашніх рэаліях іх назвалі б старэйшымі школьнікамі). Таму дырэктар Мінскай мужчынскай гімназіі Сяргей Праабражэнскі перайшоў у контрнаступленне: даслаў мінскаму паліцмайстру ліст з просьбай расказаць пра паводзіны сваіх падапечных. Большасць прыставаў не знайшла нічога адмоўнага. Толькі адзін з іх паказаў, што вучні вельмі часта наведвалі дамы цярпімасці. «Ранее не было никакого распоряжения о записи фамилий таковых, а потому находимые в упомянутых домах ученики лишь немедленно удалялись чинами полиции из таковых, и никаких сведений о них в управлении части не оставалось», — напісаў ён.

Аллея любви в минском Губернаторском саду (теперь парк Горького). Фото: архив TUT.BY
Алея кахання ў мінскім Губернатарскім садзе (цяпер парк Горкага) — паводле сцверджанняў газеты «Мінскае слова», менавіта там сустракаліся заснавальнікі мінскай «Лігі вольнага кахання». Фота: архіў TUT.BY

Зрэшты, хутчэй за ўсё гісторыя пра «Лігу вольнага кахання» была выдуманая. «Вывучыўшы архіўны фонд Мінскай мужчынскай гімназіі, я не знайшоў дакументаў, якія пацвярджаюць існаванне названай „лігі“. І ніхто з беларускіх гісторыкаў не бачыў рэальнай паліцэйскай або жандарскай справы», — адзначаў журналіст Сяргей Крапівін.

На ягоную думку, тэкст у «Мінскім слове» быў напісаны літаральна дзеля некалькіх фраз — пра тое, што бацькі хлопца і дзяўчыны, якія заснавалі «Лігу», былі прадстаўнікамі апазіцыйных партый. «У него мамаша — кадет, у нее папаша — кадет. Как известно, кадеты отличаются свободомыслием и свобододействием только не для себя. Понятно, собственные дети содержались строго. Но зло началось еще в 1905 году (тады ў імперыі адбылася рэвалюцыя. — Заўв. рэд.), когда и его мамаша, и ее папаша еще не были кадетами, а были эсерами», — пісала выданне. То-бок магчыма, што з дапамогай артыкула ў «Мінскім слове» ўлады проста хацелі дыскрэдытаваць сваіх палітычных праціўнікаў.

А вось дамы цярпімасці былі цалкам рэальнай з’явай. Вышэй мы ўжо цытавалі словы Таццяны Вароніч пра тое, што «права на сэксуальныя жаданні прызнавалася толькі за мужчынамі, а жанчына выступала толькі ў якасці аб’екта для задавальнення іх патрэбаў». У вачах грамадства прастытуткі былі «продажными, публичными, развратными, распутными, непотребными, блудными, испорченными» жанчынамі. А вось у дачыненні да мужчын, якія наведвалі публічныя дамы, такія эпітэты не ўжываліся.

Грамадства асуджала не шматлікія сэксуальныя кантакты мужчын, а толькі магчымыя наступствы ў выглядзе венерычных захворванняў. Таму сэкс мусіў быць бяспечным. І адказнасць за гэтую бяспеку вырашылі ўскласці на жанчын. Менавіта таму прастытуцыю ўзялі пад кантроль, а работніц сферы падвяргалі пастаянным (і нярэдка зневажальным) аглядам.

Удостоверение на право работы проституткой на Нижегородской ярмарке на 1904—1905 годы. Фото: Nizhny Novgorod Fair Government, ljplus.ru, commons.wikimedia.org
Пасведчанне на права працы прастытуткай на Ніжагародскім кірмашы на 1904−1905 гады. Фота: Nizhny Novgorod Fair Government, ljplus.ru, commons.wikimedia.org

Парадокс, але прадстаўнікі гарадскога грамадства нават лічылі, што існаванне прастытуцыі неабходнае для падтрымання фізічнага здароўя мужчын (галоўным чынам ваенных). Калі ў Гродне ў пачатку XX стагоддзя былі закрытныя амаль усе публічныя дамы, начальнік мясцовага гарнізона папрасіў іх зноў адкрыць. З ім быў згодны і гродзенскі губернатар, які сцвярджаў, што «забарона публічнай установы <…> несумненна паставіць у ненармальныя ўмовы жыццё войскаў шырокага Гродзенскага гарнізона».

Да прастытуцыі ў Расійскай імперыі ставіліся вельмі сур’ёзна. 1 жніўня 1889 года ў краіне нават правялі своеасаблівы аднадзённы перапіс прастытутак. Дзякуючы гэтаму вядома, што ў гарадах Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў гэтай прафесіяй толькі афіцыйна займаліся 624 жанчыны (з іх 326 — у дамах цярпімасці, астатнія — дома, на вуліцы і ў іншых месцах). Але сучаснікі былі ўпэўненыя: рэальная колькасць прастытутак была нашмат большай. У залежнасці ад горада колькасць «легальных» прастытутак складала ад 1/5 да 1/10 ад рэальнай колькасці. То-бок у беларускіх губернях імперыі магло працаваць ад 3 да 6 тысяч такіх жанчын.

Асабліва ж вырасла іх колькасць падчас Першай сусветнай вайны, калі будучая беларуская сталіца ператварылася ў прыфрантавы горад. «Минск наводнен проститутками, едва ли в настоящее время есть город в России, который бы мог в этом отношении конкурировать со столицей Полесья (насамрэч Мінск не адносіцца да гэтага рэгіёна. — Заўв. рэд.). Только ранним утром город свободен от проституток, но после полудня сады, рестораны, кофейни, кинематографы, улицы до поздней ночи кишат проститутками. В гостиницах, банях, темных аллеях творятся неслыханные для Минска безобразия. Здесь же снуют юркие агенты, предлагая живой товар. Минск пережил за последнее время различного рода голод, но в проститутках недостатка не было», — пісаў у 1916 годзе Мінскі ўрачэбны інспектар.

Таццяна Вароніч не змагла знайсці ў архівах дакладных адрасоў сталічных бардэляў. Зрэшты, паводле яе, улады забаранялі такія ўстановы ў цэнтрах гарадоў. У інтэрнэце можна знайсці інфармацыю, што ў цяперашняй беларускай сталіцы быў свой «квартал чырвоных ліхтароў». Гаворка пра цяперашнюю вуліцу Максіма Танка, якая называлася тады Нова-Чырвонай — тады гэта не быў цэнтр горада. Тут размяшчаліся даволі дарагія ўстановы з прастытуткамі.

Реклама секс-изделий в брошюре, издававшейся в Варшаве во времена Российской империи, начало XX века. Фото: russiahistory.ru
Рэклама сэкс-вырабаў у брашуры, якая выдавалася ў Варшаве ў часы Расійскай імперыі, пачатак XX стагоддзя. Фота: russiahistory.ru

А вось прэзерватывы можна было купіць у кожнай аптэцы. Кошт тузіну самых якасных складаў тры рублі. За гэтыя грошы можна было купіць пару выдатных чаравік. Парнаграфічныя ж часопісы і паштоўкі заказвалі поштай альбо куплялі таемна ў кнігарнях або ў прадпрымальных дзялкоў.

Вяртаючыся ж да «Лігі вольнага кахання», скажам, што гэтая арганізацыя — хай і прыдуманая — у нейкай ступені апярэдзіла падзеі будучыні. Не прайшло і паўтара дзясятка гадоў, як у Беларусі пачалася сэксуальная рэвалюцыя, у асноўным справакаваная камуністамі, якія прыйшлі да ўлады. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Чытайце таксама