Удзельнікаў рок-гурта «Бі-2» затрымалі ў Тайландзе за правядзенне канцэртаў без дазволу на працу. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на мясцовую турыстычную паліцыю.
«Супрацоўнікі аддзялення паліцыі ў Патонгу (курорт на заходнім узбярэжжы Пхукета. — Заўв. рэд.) затрымалі ў сераду семярых чалавек, аднаго ізраільцяніна і шасцярых расіян, прычынай арышту стала адсутнасць дазволу на працу. Гаворка ідзе пра рок-гурт „Бі-2“. Яны павінныя заплаціць штраф, памер якога вызначыць суд. Магчыма, паседжанне суда адбудзецца заўтра», — сказаў прадстаўнік турыстычнай паліцыі.
Канцэрты «Бі-2» прайшлі ў Тайландзе ў Патаі і правінцыі Пхукет.
Нагадаем, неўзабаве пасля пачатку вайны гурт «Бі-2» быў вымушаны спыніць канцэрты ў Расіі. У красавіку артысты адмовіліся выступаць у Омску праз плакат «Zа прэзідэнта» ў зале, пасля гэтага ўсе іх канцэрты ў РФ былі адмененыя або адкладзеныя надоўга наперад. У чэрвеньскім сінгле «Калыханка», які «Бі-2» прысвяціў загінулай у 2021 годзе сяброўцы, многія прыхільнікі ўбачылі антываеннае выказванне. Хадзілі чуткі, што гурт пакінуў Расію, аднак летам музыкі адказвалі на гэта, што знаходзяцца ў адпачынку. У апошнія месяцы калектыў родам з Бабруйска дае канцэрты ў розных краінах у рамках свайго замежнага тура.