На 93-м годзе жыцця не стала заслужанага архітэктара БССР Яраслава Ліневіча. Пра гэта паведамілі ў Беларускім саюзе архітэктараў (БСА).
Яраслаў Ліневіч прыклаў руку да стварэння генпланаў і праектаў забудовы многіх беларускіх гарадоў (Бабруйск, Брэст, Гродна, Магілёў і інш.). Таксама ён шмат гадоў узначальваў майстэрню генплана «Мінскпраекта». З 1989-га да 1994-га года Яраслаў Ліневіч займаў пасаду галоўнага архітэктара Мінска, а потым перайшоў у «Мінскпраект».
«Гэта быў выдатны чалавек, дасведчаны кіраўнік вялікіх творчых калектываў, таленавіты архітэктар-горадабудаўнік, душа любой кампаніі, у маладосці футбаліст рэспубліканскіх каманд, выдатны танцор і ўладальнік многіх іншых талентаў», — напісалі ў БСА.