Аляксей Протас замацаваўся ў Нацыянальнай хакейнай лізе і стаў шостым бамбардзірам «Вашынгтон Кэпіталз» у мінулым рэгулярным чэмпіянаце. Акрамя таго, ён адзіны беларус, які гуляў у плэй-оф НХЛ у гэтым сезоне, але яго каманда не змагла прайсці першы накаўт-раўнд. Блог «Людзі» пагаварыў з 23-гадовым ураджэнцам Віцебска пра каманду, брата-хакеіста, жыццё ў ЗША і сямейны бюджэт. Мы перадрукоўваем гэты тэкст.
Нью-Ёрк, плэй-оф, спакой
— Як праходзіць у НХЛ закрыццё сезона?
— Маштабнай сустрэчы з заўзятарамі не было. Мы проста падзякавалі людзям на апошняй гульні. Усе хакеісты раздалі хатнія джэрсі, у якіх гулялі сезон, уладальнікам абанементаў. Для гэтага выбіраліся прыкладна 25 заўзятараў. У прынцыпе, на гэтым усё. На наступны дзень звычайна выходны, а праз дзень закрываеш усе пытанні з трэнерскім і медыцынскім штабам, забіраеш форму. Увечары хлопцы збіраюцца пасядзець пры жаданні — і вольны да наступнай перадсезонкі.
— Вы ўпершыню згулялі ў плэй-оф НХЛ…
— Цудоўныя адчуванні, вядома. Калі выходзіш у Нью-Ёрку на лёд культавага «Мэдысан-сквер-гардэн» (хатняя арэна «Нью-Ёрк Рэйнджэрс». — Заўв. рэд.), то атмасфера проста незабыўная. Велізарны ажыятаж, палац бітма, усе крычаць-шумяць. Інтэнсіўнасць, хуткасць, колькасць сілавой барацьбы ў плэй-оф значна ўзрастаюць. У кожнай гульні неймаверная самааддача. У рэгулярным чэмпіянаце няма такой цаны памылкі. А ў плэй-оф кожны промах можа перавярнуць серыю. Трэба быць да гэтага гатовым. Так, усё скончылася не так, як мы хацелі («Кэпіталз» саступілі «Рэйнджэрс» у 1/8 фіналу з лікам 0:4. Протас аддаў дзве эфектыўныя перадачы. — Заўв. рэд.). Але ганарымся тым, што трапілі ў плэй-оф.
— Чаго не хапіла ў серыі супраць «Рэйнджэрс»?
— Усё ж мы гулялі супраць найлепшай каманды рэгулярнага чэмпіянату. Не зачапілі ні адзін матч, але не лічу, што моцна саступалі. Напрыклад, у роўных складах глядзеліся добра. Трохі прайгралі нашыя спецбрыгады (з 15 шайбаў у гэтай серыі «Рэйнджэрс» закінулі шэсць у большасці і дзве ў меншасці. — Заўв. рэд.), але як ёсць. Нічога страшнага. Гэта досвед для многіх маладых хлопцаў, які, упэўнены, дапаможа ў будучыні.
— Вашай камандзе давялося панервавацца ў канцоўцы рэгулярнага чэмпіянату, калі толькі ў апошнім матчы гарантавалі сабе месца ў плэй-оф.
— Думаю, мы добра гулялі ўвесь сезон. У «рэгулярцы» 82 матчы — без спадаў амаль ніхто не абыходзіцца. Каманда страціла і некалькіх лідараў: Ніклас Бэкстрэм прыпыніў выступы праз траўму, потым абмянялі [Яўгена] Кузняцова, [Энтані] Манту, з якім часта гуляў у адным звяне. Але мы заўсёды знаходзілі шлях да перамогі. Плэй-оф для «Вашынгтона» пачаўся месяцы два таму — кожная параза магла быць апошняй. Каманда заслужыла месца ў плэй-оф.
— Раней вы бралі Кубак Колдэра ў Амерыканскай хакейнай лізе, перамагалі ў Заходняй хакейнай лізе юніёрам, прычым два разы выйгравалі ў фінале ў авертайме сёмага матча. Як не пахіснуцца ў сітуацыі «ўсё ці нічога»?
— Так, відаць, трэба гуляць у свой хакей і не забіваць галаву іншымі думкамі. Важна захоўваць спакой, а там ужо хай будзе што будзе. Хлопцы ў раздзявалцы звычайна падтрымліваюць адзін аднаго, настройваюцца, і няма асаблівага хвалявання. У ключавых матчах, калі браць маю кар’еру, рэдка бывалі прыгожыя галы — звычайна закідваліся рабочыя шайбы. Ужо потым, пракручваючы гульню ў галаве, усведамляеш, як усё было на тоненькага. Але ў самім матчы проста б’ешся і аддаеш усе сілы.
Карберы, Авечкін, клюшкі
— Самы памятны матч сезона?
— Напэўна, апошняя гульня рэгулярнага чэмпіянату супраць «Філадэльфіі». І нам, і суперніку трэба было абавязкова перамагаць, таму матч атрымаўся эмацыйным. Было шмат радасці, што ў плэй-оф прабілася нашая каманда («Вашынгтон» выйграў — 2:1. — Заўв. рэд.). Зрабілі добрую працу.
— Вы сталі шостым бамбардзірам «Кэпіталз» у «рэгулярцы», набраўшы 29 (6+23) балаў. Задаволеныя сваёй статыстыкай?
— Заўсёды хочацца больш. Хоць успамінаю, як невыразна пачынаў сезон… Быў, магчыма, блізкі да адпраўкі ў фарм-клуб. Але дапамог давер галоўнага трэнера Спэнсэра Карберы. Гэта не значыць, што ён паводзіў сябе мякка — дзесьці прысутнічала крытыка. Пры гэтым Карберы працягваў дапамагаць, падказваць і не адпраўляў у запас. Паступова я пачаў лепш разумець патрабаванні трэнера і прыносіць камандзе больш карысці. Сезон не абышоўся без спадаў, але для мяне так шмат гульняў за адзін чэмпіянат у «Вашынгтоне» (Протас правёў 78 матчаў. — Заўв. рэд.) — першы досвед.
Ведаеце, усім хочацца выходзіць на лёд у большасці і набіраць ачкі. У дэбютным сезоне за «Кэпіталз» мяне выпускалі на рэалізацыю лішняга. Але разумеў, што гэта быў аванс, я гулец ратацыі, і калі вернуцца траўмаваныя, то сітуацыя зменіцца. Гульнявы час трэба заслужыць. Можна бліскаць два-тры матчы, а потым на дзесяць адыходзіць у цень. У НХЛ не замацуешся, калі не паказваеш стабільна высокі ўзровень. Гэта даволі цяжка маральна. Цяпер я атрымаў выдатны досвед. Думаю, стаў больш рознабаковым гульцом. Буду далей працаваць і развівацца.
— У чым асаблівасць цяперашняга трэнера «Кэпіталз»?
— Да Карберы я гуляў у «Вашынгтоне» пад кіраўніцтвам Пітэра Лавіялета (цяпер ён узначальвае «Рэйнджэрс». — Заўв. рэд.). Гэта дасведчаны спецыяліст, які ў НХЛ шмат гадоў. У яго, я б сказаў, быў даволі кансерватыўны падыход. У асноўным працавалі над каманднай структурай. За Карберы аддаём больш часу дэталям, індывідуальным навыкам. Напрыклад, у нас з’явіўся трэнер па майстэрстве. Ён часта даваў практыкаванні да і пасля трэніровак. Сам Спэнсэр таксама працаваў са мной і іншымі хлопцамі над кідком — мадэлявалі гульнявыя сітуацыі. Карберы вельмі эмацыйны, на лаўцы ён увесь у гульні. Для яго гэта быў першы сезон у НХЛ у ролі галоўнага трэнера.
— Калі журналісты ўспамінаюць «Вашынгтон», то ледзь не ў першую чаргу кажуць пра магчымы рэкорд Аляксандра Авечкіна. У іншых гульцоў няма рэўнасці?
— І блізка няма. Мы разумеем, наколькі гэта вялікі хакеіст і да чаго ён імкнецца (у Авечкіна 853 галы ў рэгулярных чэмпіянатах НХЛ. Па гэтым паказчыку ён саступае толькі Уэйну Грэцкі з 894 шайбамі. — Заўв. рэд.). Авечкін можа перапісаць гістарычнае дасягненне. Хакей мяняецца, а Аляксандр па-ранейшаму гуляе і закідвае. Гэта заслугоўвае вялікай павагі. Ён лідар каманды і наогул легенда сусветнага хакея. Усе толькі заўзеюць за яго і жадаюць здароўя і ўдачы. А ў раздзявалцы пра рэкорд Авечкіна асабліва не гавораць. Ён і сам не любіць падымаць гэтую тэму.
— У вас просяць аўтограф ці фота па-за матчамі?
— Ну, я не самы папулярны гулец. Для мяне нават нечакана, што часам пазнаюць. Не так даўно гуляў з дачкой у гандлёвым цэнтры, падышла адна жанчына са словамі: «О, нічога сабе, хто тут». Папрасіла фота і пажадала ўдачы. Было нават няёмка, хоць і вельмі прыемна. Не прывык да такога.
— А клюшкі заўзятары просяць?
— Часам. На трэніроўках бывае. За гэты сезон падараваў некалькі. Людзі прыходзяць з плакатамі, заўзеюць. Па магчымасці стараюся ім дзякаваць.
Дэбют, драфт, малодшы брат
— Назавіце самыя класныя арэны ў НХЛ.
— Калі не браць нашую хатнюю пляцоўку, то для мяне гэта «Мэдысан-сквер-гардэн» у Нью-Ёрку, арэны «Вегаса» і «Тампы». На пляцоўцы «Тампы» я дэбютаваў у НХЛ у лістападзе 2021 года, супернік на той момант быў дзейным уладальнікам Кубка Стэнлі. Знакавая падзея.
— У каго найлепшыя заўзятары?
— Вельмі цяжка гуляць у гасцях супраць «Караліны». Там класна заўзеюць. Але я цяпер гляджу матчы плэй-оф, і атмасфера, вядома, усюды ўражвае.
— Гэтым летам у НХЛ могуць задрафтаваць вашага малодшага брата Іллю. Што думаеце?
— Не хачу нічога загадваць. Ілля, лічу, правёў выдатны сезон у добрай лізе (Протас-малодшы гуляў за каманду «Дэ-Мойн» з наймацнейшай юніёрскай лігі ЗША. У 61 матчы беларус закінуў 14 шайбаў і аддаў 37 галявых перадач. — Заўв. рэд.). Глядзеў усе гульні з яго ўдзелам, калі яны не накладваліся на матчы «Вашынгтона». Ілля сур’ёзна зарэкамендаваў сябе. Будзем спадзявацца, што трапіць на драфт.
— Хацелі б згуляць у адной камандзе?
— Вядома. Пакуль толькі разам каталіся, рыхтаваліся летам да сезона — афіцыйных матчаў з братам не было. Усё ж у нас пяць з паловай гадоў розніцы. У «Вашынгтоне» ў мяне пыталі аднойчы, як маецца Ілля, але канкрэтных пытанняў не задавалі.
— У вас добрыя адносіны?
— Так, вельмі. Цяпер ён жыве з намі, дарэчы. Бавім разам час. Сезон у брата раней скончыўся. А так Ілля мне тэлефануе заўсёды, пытае парады. Я яго падтрымліваю, дапамагаю як магу. Ён малайчына, вельмі шмат працуе.
— Протас-малодшы ў нечым ужо пераўзыходзіць вас?
— Для яго ўзросту (Іллю 17 гадоў. — Заўв. рэд.) ён, напэўна, лепш катаецца, калі ўзяць мяне некалькі гадоў таму. Але вельмі цяжка параўноўваць. Арганізм расце, брату трэба набіраць мышачную масу. Шмат нюансаў, таму не буду Іллю расхвальваць. Ён ведае, што трэба будзе цяжка працаваць, каб выйсці на добры прафесійны ўзровень.
Вашынгтон, красоўкі, падаткі
— Ці ёсць нешта ў ЗША ў бытавым плане, да чаго дагэтуль не прывыклі?
— Не сказаў бы. Гуляў спачатку два гады ў Канадзе ў юніёрскай лізе, а з 2021-га ўжо жыву ў ЗША. Ніякіх праблем. У Вашынгтоне шмат рускамоўных у самых розных сферах. Калі раптам што, ведаю, да каго звярнуцца па дапамогу. Тут спагадлівыя людзі.
— А калі браць менталітэт амерыканцаў?
— Ён адрозніваецца, вядома, ад беларускага. Людзі шчаслівейшыя, чым у нас. Вельмі люблю Беларусь, заўсёды рады прыязджаць дадому. Проста ў ЗША інакш. У іх таксама хапае праблем, але бачу больш усмешак, пазітыву. У нас неяк усе самі па сабе, у сваіх думках. Рэдка сустрэнеш, каб, напрыклад, незнаёмыя людзі завялі на вуліцы размову і паўгадзіны балбаталі. А для амерыканцаў гэта звычайная рэч.
— Гэта звязана з узроўнем жыцця?
— Думаю, так. Варта гаварыць адкрыта. Зразумела, што тут выдаткі зусім іншыя. Амаль усё значна даражэйшае, чым у Беларусі. Але і заробак дазваляе жыць інакш.
— У ЗША можна знайсці нешта таннейшае, чым у нас?
— Складана сказаць. Раней брэндаваная тэхніка дакладна была таннейшая: тэлефон, навушнікі. Бензін, нядаўна параўноўвалі са знаёмым, цяпер прыкладна каштуе гэтак жа. Але ў ЗША цана на паліва адрозніваецца ў кожным штаце. Добрыя красоўкі, дарэчы, у Беларусі даражэйшыя. Маме нядаўна куплялі ў Вашынгтоне за 100 даляраў, а ў нас за тую ж мадэль прасілі ў два разы больш.
— Лічылі, колькі ў вас ідзе на жыццё ў сярэднім у месяц?
— Прыкладна ведаю суму, але часта ўзнікаюць нейкія абставіны, калі трацішся дадаткова. Я не скарджуся, у мяне добрая зарплата. Але і падаткі ў ЗША прыстойныя — палова заробку ідзе на іх. Акрамя таго, ёсць агенцкія выплаты. Вялікі плюс, што страхоўка для мяне і сям'і кампенсуе ўсе выдаткі на медыцыну.
У студзені гэтага года форвард падпісаў новы пяцігадовы кантракт з «Кэпіталз». Згодна з ім Протас заробіць 16,875 мільёна даляраў, то-бок 3,375 млн у сярэднім за год. У гэтым сезоне ў яго заканчваўся трохгадовы кантракт, згода з якім Аляксею належала 716,666 тысячы даляраў на год.
Бюджэт, Таня, Аліса
— Цікава, як вы размяркоўваеце з жонкай сямейны бюджэт?
— Мае грошы — гэта нашыя грошы, а грошы жонкі — яе. Мы так жывём. Па-першае, мая зарплата дазваляе. Па-другое, Таня траціць не толькі на сябе. Часта робіць падарункі мне і бацькам, купляе нешта дзіцяці. Да нараджэння Алісы яна працавала, таму былі ашчаджэнні. У нас у плане фінансаў няма рознагалоссяў. Усё абмяркоўваем. Але не бяруся нікога судзіць і раздаваць парады — у кожнай сям'і свая сітуацыя.
— Ці задумваліся пра інвестыцыі ў нейкі бізнес?
— Такія думкі ёсць, але не думаю, што гэта трэба выносіць на публіку. У любым выпадку пакуль няма сур’ёзных праектаў.
— Як бавіце вольны час?
— А яго амаль няма. У нас Таняй маленькае дзіця — хутка Алісе будзе год і тры месяцы. Таму ў асноўным усё звязана з сямейнымі клопатамі. Графік матчаў падчас сезона вельмі шчыльны. Стараюся хоць цяпер больш дапамагаць жонцы. А так часам чытаю, часам проста хочацца паляжаць. Аліса ўсюды носіцца, бегае — трэба пастаянна глядзець за ёю.
— Да каго яна больш падобная?
— Пакуль меркаванні разышліся (смяецца). Напрыклад, мае бацькі кажуць, што да Тані, а яе — што да мяне. Але хай будзе лепш да мамы — яна ў нас прыгожая.
— Якія планы на адпачынак?
— На мора наўрад ці паедзем. Спачатку выберамся ў Канаду, каб падоўжыць амерыканскую візу. Гэта трэба рабіць кожны год. Заадно хацеў пабачыць сяброў у Канадзе. А потым паляцім у Беларусь і пачну рыхтавацца да наступнага сезона. Тыдні тры, думаю, сумарна адпачну пасля плэй-оф — трэба цалкам аднавіцца і залячыць траўмы, якія былі цягам чэмпіянату.
Чытайце таксама


