Нулявыя ўжо даўно схаваліся за гарызонтам, але пакінулі па сабе вялікую музычную спадчыну — неадчэпныя песні, што засталіся ў памяці беларусаў і раз-пораз нагадваюць пра сябе ўрыўкамі тэксту ці запамінальнай мелодыяй. У англійскай мове для апісання неадчэпных мелодый нават існуе асобны тэрмін earworm, які літаральна азначае «вушны чарвяк». Прычым нямала такіх кампазіцый у 2000-я было родам з Беларусі — нягледзячы на засілле на тэлебачанні расійскай сцэны. Успамінаем гэтыя народныя хіты і расказваем, як склаўся лёс іх выканаўцаў.
У гэтай падборцы мы не ацэньвалі вакальныя здольнасці салістаў, якасць музыкі, узровень калектываў або іх ролю ў гісторыі беларускай сцэны. Мы пастараліся проста сабраць тое, што ў тую эпоху гучала «з кожнага праса».
Алеся — «Птицы мои птицы»
Вольга Ярмоленка (гэта сапраўднае імя выканаўцы) нарадзілася ў сям'і папулярнага савецкага спевака Анатоля Ярмоленкі, які быў лідарам ансамбля «Сябры». У рэпертуары гэтага калектыву быў хіт «Алеся», таму яна ўзяла менавіта гэты псеўданім і ў дзевяностыя папоўніла склад бацькавага гурта. Таксама яна выступала сольна — відаць, самай удалай яе кампазіцыяй і стала песня «Птицы мои птицы», якая выйшла ў 2003-м (на яе быў зняты і першы кліп Алесі).
«Я заўсёды разумела, што трэба выконваць сучасныя песні, — успамінала ў 2005 годзе артыстка. — І раптам пачула песню „Птицы“ кампазітара Алега Елісеенкава. А беларуская папулярная музыка ў гэты момант была якраз на ўздыме, і я зразумела, што „Птиц“ гэтых мне неабходна завабіць у сваю клетку. Дарэчы, тады, пасля родаў, я важыла 80 кг, практычна ў два разы больш, чым цяпер. І каб неяк зменшыць свае прапорцыі на экране, прыдумала ў кліпе зацягнуць сябе ў гарсэт. Сёння, дарэчы, чамусьці стала вельмі модным выступаць у гарсэтах… Многія беларускія артысткі ў іх выступаюць. Але сябе я лічу першапраходцай па ўвядзенні гарсэта на нашую эстраду».
Паступова Вольга-Алеся адышла ад музыкі. У 2011-м яна выйшла замуж за Леаніда Мінца (гэта быў яе другі шлюб). Пасля жаніцьбы на экс-спявачцы бізнес яе новаспечанага мужа пайшоў у гару.
«Яго ключ поспеху — не толькі жонка, а і новы бізнес-партнёр [Сяргей Цяцерын]», — адзначалі суразмоўцы партала TUT.BY. Між тым Цяцерын быў не толькі вядомым тэнісным трэнерам. Ён далучыў да гэтага віду спорту Аляксандра Лукашэнку, з часам стаўшы адным з самых блізкіх да гэтага палітыка людзей. У сярэдзіне дзясятых гадоў структуры, падкантрольныя Цяцерыну і Мінцу, атрымалі кантроль над істотнай доляй рэкламных патокаў на радыё і тэлебачанні. Дарэчы, адна з кампаній была запісаная акурат на дачку лідара «Сяброў».
Дадамо, што Анатоль Ярмоленка пабудаваў у чыноўніцкім пасёлку Дразды катэдж-амфітэатр, які ў 2018-м прадаў сваёй дачцэ за сумнеўную суму — 50 тысяч даляраў.
J:MORS — «Не умирай» (і многае іншае)
У сярэдзіне нулявых пачалося ўзыходжанне гурта J: MORS: у 2005-м у музыкаў выйшлі два альбомы: «Апрель» і «Моё солнце». Іх актыўна ставілі ў ратацыю. Часткова гэтаму дапамагло ўвядзенне квоты на беларускую музыку, якую акурат тады павялічылі да 75%. Але Уладзімір Пугач і яго калектыў былі на ўзлёце ў першую чаргу таму, што іх музыка сапраўды была якаснай. Так што, хутчэй, тут сышліся зоркі.
Уладзімір Пугач застаецца ў беларускай музычнай эліце дагэтуль, хоць самыя папулярныя песні («Монтевидео», «Web-дизайн», «Принцесса», «Босиком по мостовой», «Адлегласць», «Серебром» і многія іншыя) з’явіліся акурат у нулявыя. Для нашай падборкі мы выбралі яшчэ адну запамінальную кампазіцыю, якая выйшла сінглам у 2006 годзе — «Не умирай». У песні гурт адышоў ад звыклага лёгкага поп-року да трохі цяжэйшай музыкі, але пры гэтым захаваў свае пазнавальныя рысы — вакал Пугача і загадкавую лірыку.
Калектыў Пугача доўгі час заставаўся падкрэслена апалітычным — у 2006 годзе гурт нават адмовіўся выступаць на ўручэнні прэміі «Рок-каранацыя» праз прысутнасць там кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча (музыкі назвалі мерапрыемства «палітычна афарбаваным»). Не прыходзіў калектыў на прэмію і ў некалькі наступных гадоў.
Але ў 2020-м Пугач адразу асудзіў гвалт пасля прэзідэнцкіх выбараў, а ўжо ў 2021-мтрапіў у новыя чорныя спісы музыкаў, якія не могуць выступаць у краіне, пасля чаго яго гурт быў вымушаны граць на прыватных мерапрыемствах, выступы праходзілі за мяжой. У 2022-м Пугач з’ехаў у Польшчу і з таго часу выступае для беларусаў у еўрапейскіх краінах.
Ірына Дарафеева — «Беларусь сильная»
Магіляўчанка Ірына Дарафеева пачынала кар’еру ў ансамблі «Верасы», потым працавала ў ансамблі Міхаіла Фінберга, пасля чаго пачала сольную кар’еру. «Вось ужо два дзесяцігоддзі, як без Дарафеевай не абыходзіцца ніводнае „Маладзечна“ і „Славянскі базар“, яе голас гучыць на фабрыках, заводах і ў палях падчас уборачнай кампаніі, на амбасадарскіх прыёмах і ўрадавых канцэртах. У рэпертуары ўсё, што душы заўгодна: ад гарэзлівага „Старога рок-н-ролу“ на словы ўсё таго ж Някляева да класікі савецкай ваенна-патрыятычнай песні. Пік кар’еры прыпадае на 2007 год — на 30-годдзе спявачцы даюць званне „заслужанай“, у Мірскім замку праходзіць маштабная акцыя „Купалле Ірыны Дарафеевай“, куды прыязджае Лукашэнка. Кіраўнік краіны асабіста загадае зрабіць спявачку тварам сучаснай Беларусі», — пісаў у 2013-м музычны журналіст Сяргей Будкін.
Такая ўвага з боку ўлады, паводле чутак, тлумачылася раманам спявачкі з палітыкам: нібыта яна суправаджала Лукашэнку ў паездках, адкрыта жыла ў яго рэзідэнцыі падчас «Славянскага базару» ў Віцебску і нават прысвяціла яму песню «Ангел мой несравненный, неземной и нереальный».
Ці так гэта насамрэч, мы не ведаем. Але менавіта ў 2007 годзе ў спявачкі выйшла песня «Беларусь сильная» — нібыта створаная для прапагандысцкіх мерапрыемстваў і канцэртаў у падтрымку ўлады. Відаць, часткова папулярнасць кампазіцыі гэтым і тлумачыцца — яна ўвесь час гучала на розных святочных канцэртах, якія арганізоўвала дзяржава.
У дзясятыя гады Дарафеева пачала выкладаць у сталічным Універсітэце культуры на кафедры эстраднага мастацтва, паралельна ў 2016−2019 гадах была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. У наступным годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку ўладаў яна падтрымала Аляксандра Лукашэнку, выступіўшы на жаночым форуме (прайшоў у «Мінск-Арэне»), узяла ўдзел у запісе песні «Любимую не отдают» у падтрымку гэтага палітыка.
Пачатак вайны ва Украіне не адбіўся на творчым жыцці выканаўцы. Яна працягнула выступаць, удзельнічаць у забаўляльных шоу і іншых праектах. У 2023-м Дарафеева ў размове з вядоўцам канала АНТ пацвердзіла сваю прыхільнасць дзейнай уладзе, сказаўшы, што пакуль яшчэ не гатовая стаяць на адной сцэне з тымі беларускімі музыкамі, якія з’ехалі з краіны.
Жанет — «Беларусь»
Гэтая песня па сваёй сутнасці вельмі нагадвае згаданы вышэй хіт Дарафеевай, хоць настрой у яе супрацьлеглы — больш лірычны. Народжаная ў Літве Жанет (сапраўднае імя — Жанет Бутэрус) таксама атрымала вядомасць як праўладная спявачка, хай маштаб яе вядомасці і падтрымкі быў несупастаўны з дарафееўскім. Найбольшую папулярнасць ёй прынесла песня «Беларусь» («Это мама моя, это мама твоя, наша земля беларусская»), якая выйшла нават раней, чым у канкурэнткі — у 2005-м.
У 2010-х выканаўца вялікіх хітоў не выпускала (хоць была заўсёдніцай святочных канцэртаў з «Беларусью»), але ў 2020 годзе таксама ўзяла ўдзел у запісе той самай песні «Любимую не отдают» у падтрымку Лукашэнкі. Магчыма, таму яна практычна адразу пасля выбараў, у снежні, атрымала званне заслужанай артысткі краіны.
Пасля пачатку вайны ва Украіне Жанет працягвала весці звычайнае творчае жыццё. Выступала на святочных канцэртах, напрыклад у гонар Дня незалежнасці і ў гонар Дня міліцыі. Таксама спявачка ўдзельнічала ў расійскіх шоу і дарыла вядоўцам падарункі ад Лукашэнкі, спявала на адкрыцці стадыёна ў Новасібірску і вяла святочныя мерапрыемствы, напрыклад у Маскве ў гонар Дня яднання народаў Расіі і Беларусі. У гэтым кантэксце іранічна гучаць словы яе хіта 2005-га:
Там у них хорошо:
Небоскребы, дворцы.
А у нас под окном
Каждым летом скворцы.
В облаках журавли,
А не бомбы летят.
Наши дети всю ночь
Сном младенческим спят.
Тэматыка творчасці Жанет пасля пачатку вайны не змянілася. У новых песнях яна спявае ў асноўным пра каханне. У красавіку 2022-га спявачка выпусціла сінгл «Я переведу», а гэтым летам — трэк «Дыхание». Таксама артыстка разам з акторам Русланам Чарнецкім запісала песню «Ты меня прости», з якой яна выступіла на шоу расійскага вядоўцы Андрэя Малахава.
Дзмітрый Калдун — Work Your Magic
Менавіта ў нулявыя гады беларусы пачалі ўдзельнічаць у «Еўрабачанні». Самым паспяховым за ўвесь час стала выступленне Дзмітрыя Калдуна — ён заняў шостае месца ў фінале з песняй Work Your Magic у 2007-м. Да гэтага мінчук у 2004 годзе стаў фіналістам расійскага праекта «Народны артыст», а потым і пераможцам «Фабрыкі зорак — 6»,
На нейкі час яго кар’ера забуксавала праз канфлікт двух прадзюсараў: Віктара Дробыша, разам з якім ён перамог на «Фабрыцы зорак», і Філіпа Кіркорава, які прадзюсаваў яго на «Еўрабачанні». У выніку Калдун на нейкі час застаўся адзін.
Але пазней ён здолеў рэанімаваць сваю кар’еру, хоць вялікіх хітоў і не выпускаў. Удзельнічаў у розных расійскіх ТБ-шоу, паралельна выпускаючы музычныя альбомы.
У 2018-м засвяціўся ў Данецку на выбарах кіраўніка самаабвешчанай ДНР. Калдун быў і на мерапрыемствах з удзелам Лукашэнкі — 3 ліпеня 2020-га ён выступаў на ўрачыстым адкрыцці мультымедыйнага фантана ў мінскім парку Янкі Купалы ў прысутнасці палітыка. Але ў наступным годзе трапіў у чорныя спісы і з таго часу не выступае ў Беларусі. Праўда, ад публічных каментароў пра падзеі ў краіне і рэгіёне музыка ўстрымліваецца.
Крамбамбуля — «Госці»
У пачатку нулявых пасля запісу легендарнага «Народнага альбома» ў аднаго з удзельнікаў праекта Лявона Вольскага засталося шмат матэрыялу падобнага характару — іранічных і парадыйных песняў, якія не падыходзілі яго асноўнаму праекту — гурту N.R.M. Так з’явіўся праект «Крамбамбуля», удзел у якім ўзялі і іншыя легенды беларускай сцэны — у прыватнасці, Аляксандр Кулінковіч і Сяргей Міхалок (пра абодвух мы яшчэ скажам далей асобна).
За сваю гісторыю гурт запісаў сем студыйных альбомаў, але няма ніякіх сумневаў, што самым папулярным яго хітом былі «Госці» з альбома «Каралі раёну» 2003 года (хаця «Абсэнт» і «Турысты» напэўна таксама вядомыя большасці беларусаў). У здымках кліпа на гэтую песню ўзялі ўдзел вядомыя беларускія спартоўцы: футбалісты Аляксандр Глеб, Аляксандр Хацкевіч і Генадзь Туміловіч, велагоншчыца Наталля Цылінская, плыўчыха Аляксандра Герасіменя. «Госці» выканалі дзьве беларускія зоркі — Лявон Вольскі і Сяргей Міхалок.
Пасля запісу альбома «Чырвоны штраль» у 2015 годзе Вольскі заявіў, што распускае праект, аднак гурт часам збіраўся для выступу — прычым у 2017-м яму нават удалося ўпершыню за дзевяць гадоў легальна выступіць у Мінску. Таксама «Крамбамбуля» працягвала ўдзельнічаць у тэлевізійных праектах.
«Краски» — «Старший брат», «А вы не трогайте меня», «Оранжевое солнце»
Гісторыя поп-гурта «Краски» аказалася нядоўгай. Калектыў на чале з ураджэнкай Смілавічаў Аксанай Кавалеўскай з’явіўся ў 2001-м і ўжо за першыя два гады даў 172 канцэрты: песні «Старший брат» і «Оранжевое солнце» сталі сапраўднымі хітамі.
Але ўжо ў 2003-м здарыўся скандал: у адной з дзяржаўных крамаў «Краски» знайшлі пірацкія дыскі са сваімі песнямі. Канцэртны дырэктар гурта запатрабаваў разабрацца, бо парушэнне аўтарскага права было відавочным. Але неўзабаве ў офіс калектыву ў канцэртнай зале «Мінск» уварваліся сілавікі (гэта быў спецназ МУС, у частцы якога «Краски» незадоўга да гэтага правялі дабрачынны канцэрт). Саміх музыкаў абвінавацілі ў вымагальніцтве, потым — у махлярстве. Пасля гэтага «Краски» з’ехалі ў Маскву.
У 2006-м перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі гурт нават падтрымаў апазіцыйнага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча: «Мы не па чутках ведаем, што такое рэжым Лукашэнкі. Мы вымушаныя былі бегчы спачатку ў Германію, потым у Расію, а потым у ЗША. Але рэальнасць больш жорсткая, чым нам бы таго хацелася, і ўся надзея цяпер толькі на вас і нашую агульную перамогу!»
Але праз некалькі гадоў Кавалеўская заявіла супрацьлеглае: «Я заўсёды падтрымлівала Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Тое, як мяне імкнуліся выставіць, было толькі піяр-ходам, абсалютна не ўзгодненым са мной асабіста!»
Гурт «Краски» існуе дагэтуль, але спявае ўжо зусім у іншым складзе, чым у пачатку нулявых. Аксана Кавалеўская, якая сышла з гурта пасля разводу з мужам-прадзюсарам у 2006-м, выконвае свае старыя хіты на рэтраканцэртах.
Ляпіс Трубяцкой — «Капитал»
Яшчэ ў 1989-м выпускнік мінскага Інстытута культуры Сяргей Міхалок стварыў гурт «Ляпіс Трубяцкой». У 1996 годзе выступ «Ляпісаў» убачыў банкір і мецэнат Яўген Краўцоў, які прапанаваў зрабіць запіс на студыі. Так з’явіўся першы альбом гурта пад назвай «Ранетое сердце», які прынёс яму папулярнасць. Прарыў здарыўся ў канцы 1990-х, калі касета з запісамі гурта трапіла ў Маскву. Тады «Ляпіс Трубяцкой» стаў папулярны на тэрыторыі ўсяго былога Савецкага Саюза.
Але з часам калектыў зрабіўся закладнікам свайго камічнага вобразу, а сам Міхалок сутыкнуўся з праблемамі з алкаголем і наркотыкамі. Тым не менш у сярэдзіне нулявых пачалася перазагрузка «Ляпісаў» — сам Міхалок стаў актыўна займацца спортам, а гурт пачаў выконваць вострасацыяльную і нават палітычную лірыку. Пераломным у гэтым сэнсе стаў альбом «Капитал» 2007 года, аднайменная песня з якога і зрабілася галоўным хітом.
Пераказваць біяграфію Міхалка мы не будзем — тым больш што ўжо пісалі пра яго асобны тэкст. Толькі каротка ўспомнім, што ён тройчы разводзіўся, перажыў клінічную смерць ад наркотыкаў, варагаваў, захоўваў нейтралітэт, а потым зноў варагаваў з уладай.
Што да гурта, то ў 2014-м пасля запісу шэрагу паспяховых альбомаў Міхалок абвясціў, што «Ляпіс Трубяцкой» спыняе існаванне, гурт даў развітальны тур і мірна распаўся на дзве часткі. Сяргей стварыў беларуска-ўкраінскі праект Brutto. Яго былыя калегі — Павел Булатнікаў, Руслан Уладыка і Аляксандр Старажук — увайшлі ў гурт Trubetskoy. Але праз год паміж калектывамі ўспыхнуў канфлікт. Міхалок забараніў «Трубяцкому» выконваць песні, аўтар якіх — ён.
Неўзабаве ён сам стварыў адкрыта камерцыйны праект «Ляпіс-98», у межах якога выконваў старыя песні. У 2022-м Міхалок заявіў пра адраджэнне «Ляпіса Трубяцкога», якому летась адмянялі канцэрты ў Сербіі і ў Чарнагорыі.
«Мантана» — «Маникюры» + Merry Poppins — «Меня зовут любовь»
Лідарка абодвух праектаў («Мантана» і Merry Poppins) — Алеся Берулава. Яна выступала ў іх і як аўтарка песняў, і як кампазітарка, і як вакалістка. У артысткі ёсць дзве малодшыя сястры: Марына і Людміла. Марына таксама была вакалісткай і ў «Мантане», і ў Merry Poppins. Людміла ж была часткай толькі апошняга гурта.
«Мантана» існавала ў 1999−2003 гадах, яе галоўны хіт — песня «Маникюры» з аднайменнага альбома 2001 года. А калектыў Merry Poppins запісваў песні ў 2004−2008 гадах. Прычым апошнія два гады — ужо з Масквы. Самы гучны яго хіт — песня «Меня зовут любовь» 2006 года.
«Так склалася сітуацыя ў Беларусі, што там мне стала няўтульна. Не з-за людзей, мае самыя любімыя людзі — гэта якраз беларусы. Складана было чым-небудзь займацца, расці. Нейкі застой быццам бы пачаўся. Можа, таму, што ўлада не змянялася? Не ведаю, я ў гэтым не вельмі разбіраюся. Але я адчувала: што вось сцяна, а вось столь — і ўсё. Далей „Дажынкі“, кліпчык за пару тысяч, таму што за 15 тысяч здымаць — так і не адаб’еш…» — тлумачыла яна ў інтэрв'ю.
Паводле спявачкі, у ад’езду ў Маскву была і асабістая прычына — растанне з мужам, згаданым вышэй Сяргеем Міхалком (Берулава была яго другой жонкай): «У тым ліку і таму я ў Маскву з’ехала, таму што сысці ад Сярогі і застацца жыць у Мінску… гэта складана было ўявіць, ён бы ўсё роўна мяне вярнуў. А я не хацела больш быць разам».
Берулава дагэтуль жыве ў сталіцы Расіі. У 2016-м яна спрабавала аднавіць выступы «Мантаны», але без поспеху. Цяпер музыка для яе засталася выключна хобі. На жыццё яна зарабляе як гештальт-тэрапеўтка.
N.R.М. — «Тры чарапахі»
Пік культавага N.R.M. — на сайце «Музычнай газеты» яго называлі «безумоўна, Вялікім гуртом, беларускім гуртом нумар адзін, які зрабіў (з пераборам нават) найбольшы ўнёсак у развіццё айчыннага року» — прыпаў на другую палову дзевяностых — пачатак нулявых. Менавіта ў гэты час з’явіліся легендарныя «Тры чарапахі» (з альбома Try čarapachi 2000 года), якія застаюцца адным з нефармальных беларускіх гімнаў нават цяпер, у сярэдзіне дваццатых.
У другой палове нулявых актыўнасць калектыву пайшла на спад. У 2011-м наогул здарыўся скандал: заснавальнік Лявон Вольскі пакінуў гурт. Паводле адной версіі, яго выціснулі іншыя ўдзельнікі. Паводле іншай, ён сам перастаў прыходзіць на рэпетыцыі. Як бы там ні было, абноўлены N.R.M. пад кіраўніцтвам Піта Паўлава ранейшай папулярнасці ўжо не меў. У 2020 годзе падчас пратэстаў калектыў сабраўся класічным складам (разам з Вольскім), каб зноў сыграць «Тры чарапахі».
Пасля здушэння пратэстаў і Вольскі, і N.R.M. былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Піт Паўлаў разам з калектывам цяпер выступае з канцэртамі перад байцамі палка Каліноўскага. Вольскі ў снежні 2023-га прэзентаваў альбом «Лісты палітвязням». У траўні 2024-га з ілюстрацыямі Лявона выйшаў прыгодніцкі раман пісьменніка Альгерда Бахарэвіча.
Neuro Dubel — «Гузік»
У 1989 годзе Аляксандр Кулінковіч стварыў гурт Neuro Dubel, які граў панк-рок. Праз два гады пачаліся першыя выступы, яшчэ праз чатыры быў запісаны першы студыйны альбом. У 1999-м на «Рок-каранацыі» гурт атрымаў галоўны прыз — «Рок-карону», перамог у намінацыях «Найлепшая песня года», «Найлепшы альбом года», «Гайлепшы кліп года» (за песню і аднайменны альбом «Охотник и сайгак»).
У 2003-м «залаты склад» гурта фактычна спыніў існаванне: са «старых» засталіся толькі Андрэй Сцепанюк і Кулінковіч, якія набралі новых музыкаў. Менавіта з імі і быў запісаны хіт «Гузік» — ён увайшоў у альбом Tanki 2004 года. Дарэчы, гэтая кружэлка — адзіная для гурта, запісаная цалкам на беларускай мове. На «Рок-каранацыі-2005» яе прызналі «Альбомам года» (па факце прэмія ўручалася за два папярэднія гады).
У будучыні Neuro Dubel чакалі ўключэнне ў чорныя спісы (як у пачатку нулявых, так і ў пачатку дзясятых) — прычым адначасова лідар калектыву супрацоўнічаў з галоўным афіцыйным выданнем уладаў «СБ. Беларусь сегодня» як калумніст. Апошні студыйны альбом гурта «Першы» выйшаў у 2017 годзе. А ў 2018-м Кулінковіч памёр ва ўзросце 46 гадоў. Прычынай стала недалечаная пнеўманія. Пасля гэтага гурт спыніў існаванне.
«Нестандартный вариант» — «Не последнее слово» + «Паветраны шар»
Барысаўскі «Нестандартный вариант» стаў, па сутнасці, першым шырока вядомым беларускім рэп-гуртом і ў цэлым калектывам, які зрабіў многае для развіцця хіп-хоп-культуры ў краіне. Мабыць, галоўны яго хіт — трэк «Не последнее слово» з альбома «Не как все…», выйшаў у 2004 годзе. Заключнай песняй на гэтым жа дыску была «Паветраны шар». Аднайменная кампазіцыя гурта N.R.M. з’явілася яшчэ ў дзевяностыя, але многім слухачам запомнілася менавіта версія «Нестандартного варианта», у запісе якога паўдзельнічалі Лявон Вольскі і альтэрнатыўны гурт IQ48.
«Нестандартный вариант» пачынаўся з пяцярых чалавек у 1998 годзе. Да канца дарогі ў 2011-м дайшлі толькі двое — Дзмітрый Міхневіч (Міх) і Васіль Садкоўскі (Базыль). У інтэрв'ю AFISHA.TUT.BY у 2021 годзе Міхневіч расказваў, што перастаў пісаць песні яшчэ ў канцы нулявых, а ў 2010-м «перахварэў на жорсткі неўроз (трывогі, панічныя атакі, дэпрэсія) і зразумеў, што сумяшчаць сям’ю, завод (тады Дзмітрый працаваў на МТЗ. — Заўв. рэд.), а таксама працу гукарэжысёрам на студыі, канцэртную дзейнасць (бывала да 20 выступаў на месяц) і напісанне песняў адначасова вельмі цяжка». На поўнае акрыянне ў яго пайшло каля трох гадоў.
Пасля гэтага музыка сышоў з завода, займаўся сваёй студыяй гуказапісу (на ёй запісваліся першыя альбомы Макса Каржа, песні ЛСП; закрылася ў 2019-м), а таксама адкрыў ІП і цалкам прысвяціў сябе сайту «Яблык» для карыстальнікаў тэхнікі Apple. «Я выконваю працу рэдактара, галоўнага рэдактара, бухгалтара, вярстальніка, сеошніка», — расказваў музыка. Рэсурс абнаўляецца дагэтуль.
Яго экс-партнёр Васіль Садкоўскі працягвае запісвацца сольна і ў розных праектах. «Але дагэтуль мы працягваем рэгулярную канцэртную дзейнасць са старымі песнямі. У цэлым гэта ўжо выглядае як „рэтрапраект“ у рамках начной шоу-праграмы ў беларускіх клубах. Нам вельмі прыемна, што нас запрашаюць», — казаў Дзмітрый у 2021-м.
Сярога — «Чёрный бумер»
Гамяльчук Сяргей Пархоменка, які ўзяў сабе псеўданім Сярога, прагрымеў на світанку нулявых на ўсёй постсавецкай прасторы як выканаўца хітоў «Возле дома твоего», King Ring і асабліва «Чёрный бумер» — апошні выйшаў у 2004 годзе ў альбоме «Мой двор». Але папулярнасць вельмі хутка сышла на нішто.
З 2010 года беларускі выканаўца стаў суддзёй праекта «X-фактар Украіна». У 2014-м казаў, што атрымаў бестэрміновы від на жыхарства ва Украіне і ў Беларусі практычна не бывае. У 2021-м ён адзначыў, што яму спадабалася ва Украіне адразу ж пасля прыезду: «Краіна для жыцця, краіна для любові, краіна для творчасці. Яна і цяпер для мяне такая ж». Аднак пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання Сярога знік з публічнага поля ў гэтай краіне. Пазней спявак «усплыў» у Беларусі, дзе з кастрычніка 2021 года стаў сябрам журы мясцовага «X-фактару» (а потым яго аналага).
Сярога называў Іосіфа Сталіна, падчас рэпрэсій якога загінулі мільёны людзей, вялікім гуманістам. Аляксандра Лукашэнку — «захавальнікам балансу», а ў адказ на пытанне пра сотні тысяч пратэстоўцаў на вуліцах у 2020-м заявіў пра «мільёны згодных» з палітыкай улады. У ліпені 2021-га падчас свята Купалле ў Александрыі музыка паціснуў руку Лукашэнку, спусціўшыся са сцэны.
Пасля пачатку вайны ва Украіне, у верасні 2022-га, у эфіры «Беларусь 1» Сярога наогулказаў пра «паняволеныя народы Еўропы (Брытаніі, Іспаніі, Германіі, Францыі), Паўночнай Амерыкі», якія «чакаюць нашай дапамогі, чакаюць вызвалення, чакаюць, што хтосьці прыйдзе і іх узначаліць». Ён таксама заявіў, што вайну ва Украіне развязалі «англасаксы», а таксама што ўкраінцы, расіяне і беларусы — «адзін народ». Гэта не перашкодзіла яму ў 2024-м выступіць на фестывалі ў адным з нямецкіх гарадоў.
Ксенія Сітнік — «Мы вместе»
У нулявыя гады беларусы адкрылі для сябе не толькі дарослае, але і дзіцячае «Еўрабачанне» — прычым менавіта на другім нашыя прадстаўнікі выступалі нашмат больш паспяхова. Самым запамінальным стаў выступ Ксеніі Сітнік, якая перамагла на конкурсе ў 2005-м. Дзяўчынка заваявала публіку і журы сваёй песняй «Мы вместе» (вядомымі сталі словы з прыпеву: «О-а-о, только вместе мы большая сила»). А яшчэ беларуска выгадна адрознівалася ад канкурэнтаў, многія з якіх спрабавалі пераймаць сваіх дарослых куміраў, — яна ж выглядала шчыра і натуральна.
Нейкі час Ксенія працягвала музычную кар’еру, выпусціўшы кампазіцыі «Простая песенка» і «Нон-стоп». Да 2009 года вяла праграму «Наша пятерочка» на тэлеканале «Лад».
Скончыўшы школу, Сітнік атрымала вышэйшую адукацыю ў Чэхіі: яна вучылася ў прыватным Англа-Амерыканскім універсітэце на журналіста і атрымала ступень бакалаўра. У дыпломнай працы разглядала, як СМІ асвятляюць міжнародныя канфлікты.
У 2020-м асудзіла гвалт пасля прэзідэнцкіх выбараў, у лютым 2023-га трапіла ў спіс з 87 калектываў і артыстаў, чые песні забаронена выконваць у Беларусі. Як мяркуецца, яго склалі ў КДБ і перадалі дзяржустановам, звязаным з арганізацыяй канцэртаў.
Станам на 2021 год Ксенія жыла ў Мінску, была занятая ў fashion-індустрыі, але больш не як журналістка, а як мадэль. Мяркуючы з сацсетак пераможцы дзіцячага «Еўрабачання», з таго часу ў яе жыцці нічога кардынальна не змянілася.
Кірыл Слука — «Белоруссия»
Кірыл Слука быў адной з зорак нулявых гадоў. Ён вёў папулярнае ток-шоу «5×5», на тэлебачанні — шоу «Одноклассники», спрабаваў сябе як прадзюсар, вядоўца і спявак. У апошняй якасці выконваў песні ў дуэце з Сяргеем Кавалёвым пад назвай «Ка Слука да Ковалёв». У многіх на слыху кампазіцыі Слукі «Минск — это я», «Минские окна», «Трамвай» і асабліва «Я придумал-думал-думал…» (вядомая таксама пад назвай «Белоруссия») — яна выйшла ў 2003-м.
У 2006-м Слуку надалі званне заслужанага артыста, але дуэт з Кавалёвым распаўся. Кірыл з’ехаў у Расію, у сярэдзіне дзясятых гадоў выступаў у маскоўскіх клубах. У пачатку 2020-х займаўся арганізацыяй забаўляльных мерапрыемстваў. Яго экс-партнёр па дуэце Сяргей Кавалёў у 2021 годзе працаваў доктарам у мінскім цэнтры «Маці і дзіця».
Топлес — «Периферия»
У 2005 годзе ў беларускім шоу-бізнесе з’явіўся гурт «Топлес», які стварыў прадзюсар Максім Алейнікаў. Беларускі адказ гурту «ВИА Гра» і стаўка на візуальна-сэксуальны складнік аказаліся паспяховымі. Самай папулярнай песняй гурта была «Периферия» — кліп на яе выйшаў у 2006-м.
У першым складзе калектыву былі Вольга Вайніловіч, Анастасія Касянкова і Наталля Дзяруга. Усе яны прадказальна не затрымаліся ў праекце. У канцы 2006-га Дзяруга і Касянкова выйшлі замуж. Першая з іх стала жонкай нейкага паспяховага бізнесоўца, чыйго імені ў прэсе не называлі, і знікла з публічнай прасторы. Другая пры ўсім жаданні зрабіць гэтага не магла, бо яе мужам стаў найлепшы беларускі футбаліст таго часу Аляксандр Глеб — Анастасія пакінула калектыў акурат пасля здымак кліпа на «Периферию». За сваім мужам яна паехала спачатку ў Лондан, а потым у Барселону, дзе той гуляў. Праз шмат гадоў Аляксандр абвінаваціў Анастасію ў сумеснай з агентам здрадзе, праз якую ён нібыта не згуляў у «Барселоне». Пра ціхі развод стала вядома ў 2014-м. Пазней Касянкова другі раз выйшла замуж за арганізатара канцэртаў Паўла Багдановіча.
У 2009 годзе з гурта сышла і Вольга Вайніловіч, якая выйшла замуж за шоумена Вадзіма Галыгіна. У шлюбе экс-спявачка вядзе свецкае жыццё.
А гурт «Топлес» існуе дагэтуль — але ўжо без Алейнікава і чарговым складам, які змяняецца з пэўнай перыядычнасцю. Цікава, што ў 2021-м годзе калектыў перазапісаў свой па сутнасці адзіны вялікі хіт — тую самую «Периферию».
У кожнай гісторыі ёсць працяг. «Люстэрка» сочыць за лёсамі людзей, пра якія вы дакладна чулі ў мінулым, і паказвае, наколькі па-рознаму склаліся іх жыцці.
Падтрымайце рэдакцыю, каб мы маглі ствараць больш такіх матэрыялаў
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.
Чытайце таксама


