Антыаксіданты, якія ёсць у бурых марскіх водарасцях, эфектыўныя для прафілактыкі хваробы Паркінсона, бо могуць абараняць нейроны ад пашкоджанняў. Да такой высновы прыйшлі японскія навукоўцы з Універсітэта Осакі падчас новага даследавання. Вынікі іх працы апублікаваныя ў часопісе Nutrients.
Даследчыкі растлумачылі, што хвароба Паркінсона развіваецца праз пашкоджанне нейронаў (вельмі важных для кантролю руху і кагнітыўных функцый) у выніку занадта вялікай выпрацоўкі актыўных формаў кіслароду (іх называюць свабоднымі радыкаламі). Калі назапашваюцца свабодныя радыкалы, гэта прыводзіць да непасрэднага акісляльнага пашкоджання нуклеінавых кіслот і бялкоў.
Раней шматлікія даследаванні паказалі, што дзеянне свабодных радыкалаў можна нейтралізаваць антыаксідантамі. Японскія даследчыкі праверылі адзін з іх відаў (Ecklonia cava), які ёсць у бурых марскіх водарасцях, і прыйшлі да высновы, што гэты прадукт здольны дапамагчы з прафілактыкай у барацьбе з хваробай Паркінсона.
Эксперыменты праводзілі на мышах. У іх змадэлявалі хваробу і цэлы тыдзень кармілі антыаксідантамі з водарасцяў.
У выніку ў мышэй палепшылася маторная функцыя кішачніка. Падчас дадатковых даследаванняў выявілася, што антыаксіданты актывавалі фермент, які называюць «унутрыклеткавым датчыкам энергіі». Ён душыў выпрацоўку актыўных формаў кіслароду.
Навукоўцы мяркуюць, што такі ж эфект антыаксіданты з бурых водарасцяў могуць мець на людзей. Яны збіраюцца правесці дадатковыя даследаванні, каб праверыць гэтую здагадку.
Чытайце таксама