Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Генпрокурор Швед нашел десятки «аномальных» районов страны и пообещал их «серьезно» проверить
  2. «Вышел, был в шоке». Экс-политзаключенный рассказал «Зеркалу» об условиях в колонии, где сидят некоторые «рельсовые партизаны»
  3. Беларуска купила Audi, а прокуратура заподозрила, что воспитывающая ребенка учительница не могла себе этого позволить. Что решил суд
  4. Редкоземельная путаница: объясняем, почему Трамп требует от Украины то, чего у нее нет, и что у нее есть на самом деле
  5. Власти по-прежнему пытаются «отжимать» недвижимость у уехавших за границу из-за политики. На торги снова выставляли такое жилье
  6. В Беларуси вернулись авиатуры в популярную у туристов страну ЕС. Есть вариант с вылетом из Минска
  7. «Стены дрожали». В Минске прозвучал грохот, похожий на звуки от двух взрывов, — вот что известно
  8. Россия требует от Украины сдать несколько крупных городов, которые у нее нет шансов захватить, а вместе с ними и более миллиона жителей
  9. Беларусам, которые получили греческий шенген, звонят из посольства. Вот что спрашивают, и почему лучше ответить
  10. «Один из самых понятных, очевидных и уже использованных сценариев». Аналитик — о поведении Трампа в отношении Украины, Путина и Беларуси
  11. Чиновники предупредили население, чтобы готовились к очередным пенсионным изменениям
  12. Вы наверняка слышали о пенсионной ловушке и, возможно, думали, как работающий человек может в нее попасть. Вот наглядный пример — был суд
  13. Почему в Литве призвали запретить «Пагоню»? Мнение
Читать по-русски


/

7 верасня 2011 года самалёт Як-42, на якім каманда яраслаўскага «Лакаматыва» ляцела на дэбютную гульню сезона ў Мінск, не змог набраць вышыню і сутыкнуўся з антэнай радыёмаяка ля аэрапорта Туношна. Усе пасажыры і экіпаж, што былі на борце, за выключэннем Аляксандра Сізава, загінулі. Сярод іх быў і 36-гадовы Руслан Салей. Абаронца збіраўся выступаць у КХЛ пасля амаль тысячы матчаў у НХЛ. Расказваем пра легенду нашага хакея, паказчыкі якога яшчэ доўга будуць недасяжнымі для іншых гульцоў з Беларусі.

Открытие памятника Руслан Салею в 2012 году в Минске. Фото: TUT.BY
Адкрыццё помніка Руслану Салею ў 2012 годзе ў Мінску. Фота: TUT.BY

Як хакей стаў прафесіяй

Руслан Салей нарадзіўся ў Мінску 2 лістапада 1974 года. Спачатку займаўся хакеем у сталічнай СДЮШАР-12. Неўзабаве на хлопца звярнула ўвагу «Юнацтва», школа якога была вядомая ў СССР.

«Хуткага позірку хапіла, каб зразумець: у хлапчука выбітны талент. Плюс неймаверная працавітасць. Я запрасіў Руслана ў „Юнацтва“. Ён пагадзіўся, але неўзабаве перастаў наведваць трэніроўкі. З пацешнай, здавалася б, прычыны: не хачу, маўляў, здраджваць ранейшым таварышам, трэнеру. Аднак асабіста я ўбачыў у гэтым праяву вельмі каштоўных чалавечых якасцяў — адданасці, прыстойнасці… Калі не здраджвае памяць, больш чым месяц пайшоў на тое, каб пераканаць Руслана ў памылковасці прынятага рашэння», — успамінаў трэнер Эдвард Мілушаў у кнізе Сяргея Аляхновіча «Руслан Салей. Simply the Best».

У Беларусі абаронца выступаў за гродзенскі «Нёман», мінскія «Дынама» і «Цівалі», якія акрамя ўнутранага першынства тады рэгулярна спаборнічалі і з расійскімі клубамі.

«Пасля таго як у пачатку 90-х трапіў у Гродна, пачаў разважаць, што ў прынцыпе хакей можа стаць маёй прафесіяй. Канчаткова ж вызначыўся, мабыць, толькі пасля пераходу ў мінскае „Дынама“. Мяне спачатку клікаў туды Уладзімір Сафонаў, а потым узяў Андрэй Сідарэнка. У той час нідзе грошай не плацілі, таму, атрымліваючы 100−150 даляраў, з цяжкасцю ўяўлялася, як усё жыццё жыць на такую мізэрную зарплату — было складана думаць пра будучыню, зарабляючы максімум 200 баксаў у месяц», — цытаваўся Салей у той жа кнізе.

У «Цівалі» (клуб стаў правапераемнікам «Дынама») Руслан атрымаў у 1994 годзе ВАЗ-2109. Ён быў першым хакеістам у Беларусі, якому прэзентавалі дзявятую мадэль «Жыгулёў».

«Машына была вішнёвага колеру, нумар — 0829. Яна стала маёй першай глабальнай уласнасцю, атрыманай з дапамогай хакея. І, мабыць, менавіта тады я зразумеў, што хакеем можна зарабляць на жыццё; што не ўсё так дрэнна, як здавалася раней. Гэта дало дадатковы стымул для працы і для наступнага росту: калі нешта ты недаатрымліваеш грашыма, то можаш узяць машынай ці нерухомасцю», — успамінаў Руслан.

Як апынуўся ў Паўночнай Амерыцы

У ЗША мінчук выправіўся ў 1995 годзе. Да пераезду Салея падштурхнула непрыемная гісторыя, калі ён трапіўся на допінгу.

Абаронца, які гуляў за сталічны «Цівалі», другі раз у кар’еры атрымаў запрашэнне ў нацыянальную зборную. Яна тады выступала ў трэцім рангам дывізіёне сусветнага хакея. У балгарскай Сафіі беларусы абыгралі ўсіх супернікаў і заслужылі павышэнне ў класе. Але радасную падзею азмрочыў не толькі канфлікт з балгарскім АМАПам, але і вестка пра станоўчую допінг-пробу Салея.

— Пасля заключнага матча з Казахстанам у мяне ўзялі аналіз мачы на допінг. І праз нейкі час, ужо летам, прыйшоў адказ, што допінг-проба дала станоўчы вынік. Я быў, мякка кажучы, шакаваны, — казаў спартовец. — Вельмі моцна перажываў, што ў нас могуць забраць залатыя медалі і вярнуць у групу «С». Я месца сабе не знаходзіў: бо, па вялікім рахунку, калі б вынік, дасягнуты зборнай у Сафіі, анулявалі, то ў гэтым перш за ўсё быў бы вінаваты я — дакладней, мой станоўчы допінг-тэст…

У арганізме беларуса знайшлі эфедрын — напярэдадні ЧС хакеіст лячыўся ад ангіны. Вынік зборнай не сталі пераглядаць, але Руслану выпісалі дыскваліфікацыю на паўгода. Абаронца вырашыў з’ехаць за акіян, дзе бан ад Міжнароднай федэрацыі хакея ігнаравалі.

Прабыўшы сезон у клубе Інтэрнацыянальнай хакейнай лігі (IHL) «Лас-Вегас», Салей звярнуў на сябе ўвагу скаўтаў НХЛ. У 1996 годзе «Анахайм Майці Дакс» задрафтаваў 21-гадовага абаронцу пад дзявятым нумарам. Доўгі час гэта быў рэкорд для беларусаў. Толькі летам 2024 года Арцём Леўшуноў перасягнуў дасягненне Руслана — «Чыкага Блэкхокс» выбраў абаронцу другім.

Руслан Салей в составе "Анахайм Майти Дакс", 7 мая 2006 года. Фото: Reuters
Руслан Салей у складзе «Анахайм Майці Дакс», 7 траўня 2006 года. Фота: Reuters

Чаго дабіўся ў НХЛ

Салей — рэкардсмен па колькасці матчаў у НХЛ сярод беларусаў. За 14 сезонаў у найлепшай хакейнай лізе свету абаронца правёў 917 гульняў у рэгулярных чэмпіянатах і 62 у плэй-оф. То-бок да запаветнай тысячы не хапіла драбніцы.

За акіянам Руслан гуляў за чатыры каманды: «Анахайм», «Флорыду», «Каларада» і «Дэтройт». Усяго ў рэгулярных чэмпіянатах ён набраў 204 (45+159) балы, 1065 хвілін штрафу і -25 паводле сістэмы «плюс/мінус». У розыгрышы Кубка Стэнлі — 16 (7+9) балаў, 52 хвіліны штрафу, +15 каэфіцыент карыснасці.

У першую чаргу Руслан вылучаўся надзейнымі дзеяннямі ля сваёй брамы. Але гэта не значыць, што ён не мог дапамагаць у атацы. Напрыклад, у сезоне-2006/07 Салей набраў за «Флорыду» 32 (6+26) балы ў 82 сустрэчах. Праз год было 23 (3+20) балы за выніковасць у 65 матчах у складзе «Флорыды» і 7 (3+4) балаў у 17 гульнях за «Каларада».

Што да камандных вынікаў, то пік выступленняў Салея прыпаў на 2003 год, калі «Анахайм» дабраўся да фіналу Кубка Стэнлі і саступіў «Нью-Джэрсі» ў сёмым матчы серыі. Успомнім пра гэта падрабязней.

«Качкі» прабіліся ў плэй-оф з сёмай пазіцыі ў сваёй канферэнцыі. У першым раўндзе каманда Салея прайшла «Дэтройт», перамагаючы ў кожным матчы з розніцай у адну шайбу — 2:1, 3:2, 2:1, 3:2. Далей «Анахайм» выбіў «Далас» — у шасці паядынках. У першай гульні серыі «качкі» адолелі суперніка толькі ў пятым (!) авертайме. Гэта пяты па працягласці матч у гісторыі плэй-оф НХЛ — гульня доўжылася 140 хвілін 48 секунд.

У паўфінале Салей з партнёрамі перасягнулі ў чатырох матчах «Мінесоту». А ў вырашальнай серыі яны супрацьстаялі «Нью-Джэрсі Дэвілз», які меў перавагу хатняй пляцоўкі.

У першых двух матчах у родных сценах «д'яблы» былі мацнейшыя з аднолькавым лікам — 3:0. «Анахайм» адыграўся дзякуючы хатнім перамогам у авертаймах: 3:2, 1:0. Менавіта Салей закінуў пераможную шайбу ў дадатковы час трэцяга матча. Мэты дасягнуў кідок Руслана пасля выйгранага ўкідвання ў чужой зоне.

Потым каманды абмяняліся перамогамі на родным лёдзе: у пятай сустрэчы выйграў «Нью-Джэрсі» (6:3), а ў шостай — «Анахайм»: 5:2. У вырашальным, сёмым, матчы «д'яблы» былі лепшыя — 3:0.

«Маюць рацыю тыя, хто сцвярджае, што дамы і сцены дапамагаюць. У Анахайме ўсе адскокі шайбы, рыкашэты былі на нашую карысць, а ў Іст-Рутэрфордзе ўсё ішло роўна наадварот. Дастаткова ўспомніць пяты паядынак серыі, калі два недарэчныя галы зламалі ўдалы для нас характар гульні. Акрамя таго, мы незразумелым чынам правальвалі другія перыяды гасцявых матчаў (прычым большасць шайбаў заляцела ў адну і тую ж браму), падчас якіх „Нью-Джэрсі“ вырашаў лёс сустрэч… Думаю, усе нашыя праблемы — у псіхалагічнай устойлівасці: у гэтым плане падапечныя Пэта Бернса пераўзышлі нас па ўсіх пунктах. Бо ні ў фізічнай гатоўнасці, ні ў майстэрстве мы не саступалі супернікам, а калі ты гатовы псіхалагічна, то ў стане скокнуць вышэй за галаву. Відаць, пакуль не лёс», — каментаваў Салей вынік серыі. У 21 матчы плэй-оф беларус набраў 5 (2+3) балаў, +3 па сістэме «плюс/мінус» і 26 хвілін штрафу.

У 2010 годзе Руслан назваў фінал Кубка Стэнлі, як і ўдзел у Алімпіядзе, самымі важнымі момантамі ў кар’еры. І прызнаўся, што перайграў бы сёмы матч з «Нью-Джэрсі».

У 2006-м у «Анахайма» быў другі заход на Кубак Стэнлі. «Качкі» прайшлі два раўнды, выбіўшы з барацьбы «Калгары» (4:3 у серыі) і «Каларада» (4:0). Але ў паўфінале каманда Салея прайграла «Эдмантану» — 1:4. Наш абаронца ў 16 матчах набраў 5 (3+2) балаў.

Улетку таго года Руслан змяніў «Анахайм» на «Флорыду», і ўжо без беларуса ў складзе яго ранейшы клуб усё ж заваяваў самы прэстыжны клубны трафей у сусветным хакеі.

Што паспеў са зборнай

Салей выступаў за нацыянальную зборную на трох Алімпіядах (у 1998, 2002 і 2010 гадах) і дзевяці чэмпіянатах свету, у тым ліку шасці — у наймацнейшым дывізіёне.

Вядома, асобна стаяць гульні ў Солт-Лэйк-Сіці. Для трапляння ў топ-8 беларусам трэба было займаць першае месца сярод чатырох каманд на папярэднім этапе. Нашыя хакеісты трапілі ў групу да ўкраінцаў, швейцарцаў і французаў. Каманда пад кіраўніцтвам Уладзіміра Крыкунова справілася з задачай, абыграўшы Украіну (1:0) і Францыю (3:1). Гэтага хапіла для першынства ў квартэце — параза ад швейцарцаў у апошнім туры (1:2) не паўплывала на турнірныя перспектывы.

Далей падапечныя Крыкунова прайгралі расіянам (4:6), фінам (1:8) і амерыканцам (1:8). Але ў плэй-оф выходзілі ўсе ўдзельнікі. А ў чвэрцьфінале беларусы, на ўсеагульнае здзіўленне, перамаглі шведаў — 4:3. Пра гэты поспех і выніковае чацвёртае месца на Гульнях-2002 будуць гаварыць, відаць, вечна.

Салей быў адзіным прадстаўніком НХЛ у зборнай Беларусі ў Солт-Лэйк-Сіці. Ён далучыўся да партнёраў на другім групавым этапе і паспеў адзначыцца ў шасці матчах двума галамі.

«Для нас гэта як заваёва золата. Ніхто не думаў, што мы зможам абыграць кагосьці з найлепшых шасці камандаў, асабліва Швецыю. Мы напісалі гісторыю», — сказаў Руслан пасля чвэрцьфіналу.

Самы ўдалы чэмпіянат свету для абаронцы быў у 2009 годзе. Напярэдадні турніру зборную другі раз узначаліў канадзец Глен Хэнлан. На ЧС у Швейцарыі беларусы прабіліся ў чвэрцьфінал, дзе ў зацятым матчы саступілі расіянам — 3:4. Салей вёў за сабой партнёраў, закінуўшы ў шасці гульнях дзве шайбы (у авертайме паядынку з нарвежцамі і ў чвэрцьфінале супраць Расіі) і зрабіўшы тры выніковыя перадачы. У 1998 годзе беларусы таксама фінішавалі восьмымі з Салеем у складзе, але абаронца тады ўзяў удзел толькі ў дзвюх сустрэчах.

У траўні 2014 года Руслана ўвялі ў Залу славы Міжнароднай федэрацыі хакея.

Руслан Салей в матче за сборную Беларуси на чемпионате мира в Кельне, Германия, 13 мая 2010 года. Фото: Reuters
Руслан Салей у матчы за зборную Беларусі на чэмпіянаце свету ў Кёльне, Германія, 13 траўня 2010 года. Фота: Reuters

«Мы яго вельмі моцна любім»

Апошнім заакіянскім клубам у кар’еры Салея быў «Дэтройт». Сезон-2011/12 абаронца збіраўся правесці ў Кантынентальнай хакейнай лізе і падпісаў кантракт з «Лакаматывам» з Яраслаўля. 7 верасня 2011 года, калі каманда збіралася ляцець на дэбютную гульню чэмпіянату, жыццё Руслана трагічна абарвалася…

Салея пахавалі на Маскоўскіх могілках Мінска побач з магілай Уладзіміра Мулявіна. Праз год пасля трагедыі, 8 верасня 2012 года, на гэтых могілках адкрылі помнік хакеісту. Паведамлялася, што цырымонію наведала каля 200 чалавек. Нумар 24, пад якім Руслан выступаў у зборнай, забралі з абароту. У 2013 годзе імя Салея атрымаў другі па значнасці нацыянальны клубны трафей — Кубак Беларусі.

У Руслана было трое дзяцей (дочкі Алексіс і Эйва і сын Сандра) і жонка Бетан, якая яго вельмі кахала і з якой хакеіст пазнаёміўся ў 1998 годзе.

«Мы ўсе вельмі сумуем па ім. Як маці мне балюча бачыць дзяцей, якія пакутуюць без бацькі. Балюча ведаць, што я нічога не магу зрабіць, каб гэта мінула. Але мы яго вельмі моцна любім — убачыўшы дом, вы б падумалі, што Руслан усё яшчэ жыве тут. Дагэтуль вісяць усе нашыя вясельныя і сямейныя партрэты з яго выявай. Я па-ранейшаму жыву ў доме, які ён купіў, калі мы былі проста хлопцам і дзяўчынай. Ніколі б не прадала дом. Гэта частка нашай сям'і. Назаўжды», — казала Бетан у інтэрв'ю «Люстэрку» ў 2023 годзе.

Паводле жанчыны, яна ніколі не любіла іншага чалавека, акрамя дзяцей, так моцна, як Салея. Ён пайшоў з жыцця, калі Эйве было пяць месяцаў, Сандра — чатыры гады, а Алексіс — шэсць.

Чытайце таксама