Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Ён быў дэпутатам расійскай Дзярждумы і адным з найбагацейшых жыхароў Беларусі: валодаў маёнткамі, заводамі, фабрыкай, працаваў на ваенную прамысловасць усёй велізарнай імперыі. Але калі нашая краіна абвясціла незалежнасць, без ваганняў падтрымаў гэты праект і нават стаў прэм’ер-міністрам маладой рэспублікі. А потым трапіў яшчэ і ў парламент адноўленай польскай дзяржавы. Гаворка пра Рамана Скірмунта — палітыка і бізнесоўца, які пражыў яркае жыццё і быў забіты за свае ідэалы — прычым тымі самымі людзьмі, пра дабро якіх так клапаціўся. Расказваем яго гісторыю.

Беларускія ўлады і прапагандысты робяць усё магчымае, каб беларусы не ведалі сваёй гісторыі: перапісваюць падручнікі ў школах, ствараюць псеўдагістарычныя дапаможнікі для ідэолагаў і нападаюць на нацыянальных герояў праз падкантрольныя СМІ. Яны спрабуюць даказаць, што нашая гісторыя нібыта пачынаецца з СССР, сваёй незалежнасцю мы абавязаныя Аляксандру Лукашэнку, а нашая краіна — частка «рускага свету».

Насамрэч жа Беларусь — частка вялікай еўрапейскай сям'і і была ёю вельмі доўгі час. У нашым праекце «Агульная гісторыя» мы расказваем пра людзей і з’явы, якія многія гады звязваюць Беларусь з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй і якія аб’ядноўвалі нашыя краіны ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду.

Дэпутат Дзярждумы і проста вельмі багаты чалавек

Раман Скірмунт нарадзіўся ў 1868 годзе ў маёнтку Парэчча (цяпер гэта вёска Пінскага раёна) Расійскай імперыі. Ён належаў да багатага і ўплывовага роду. Сам палітык пісаў пра гэта так: «Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям'і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі, і мае продкі да 17 стагоддзя карысталіся беларускай мовай як хатняй». Гэта, дарэчы, сведчыць і пра тое, што для Рамана беларуская ўжо не была мовай штодзённых зносін. Але, як успаміналі сучаснікі, ён «добра ўладаў беларускай мовай (трохі з палескім акцэнтам: „шо, шчо“)».

Скірмунты сапраўды з даўніх часоў жылі ў гэтых краях. Некалькі гадоў таму ў Беларусі знайшлі адну з першых згадак пра масавую вакцынацыю на тэрыторыі нашай краіны: гэта спіс вернікаў касцёла ў Пінску з адзнакамі пра перанесеную воспу ці наяўнасць прышчэпкі супраць гэтага захворвання. Спіс датаваны 1834 годам. Сярод прышчэпленых — унукі ўладальніка маёнтка Моладава Сымона Скірмунта, аднаго з продкаў Рамана.

Цяпер Моладава — аграгарадок, размешчаны за 10 км ад Парэчча. Пад уладай Скірмунтаў маёнтак ператварыўся ў цэнтр краю. Упрыгожаннем гэтых месцаў быў палац, які госці параўноўвалі з Малым Трыянонам у Версалі. Забягаючы наперад, скажам, што ў 1939-м там знайшлі сваю смерць пляменнікі Рамана. У 1944-м палац узарвалі на загад савецкіх уладаў. З усяго ансамбля да нашых дзён захавалася толькі капліца-пахавальня.

Часовня-усыпальница Скирмунтов, деревня Молодово Ивановский район, Брестская область. Фото: TUT.BY
Капліца-пахавальня Скірмунтаў, вёска Моладава, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць. Фота: TUT.BY

Але вернемся да Рамана. У спадчыну ад родных ён атрымаў значны капітал. У 2010-м выданне «Ежедневник» правяло спецыяльнае даследаванне і склала топ-50 найбагацейшых бізнесоўцаў Беларусі 1913-га — апошняга мірнага года перад пачаткам Першай сусветнай вайны. На дзявятым месцы быў акурат Скірмунт. У ліку яго актываў былі маёнткі Парэчча і Моладава, бровар, нерухомасць у Маскве, акцыі Віленскага зямельнага банка, а таксама Парэчанская суконная фабрыка — найбуйнейшая ў Беларусі, што прадавала свае тканіны праз уласную краму ў Маскве на шынялі афіцэрам расійскай арміі. У дадатак Скірмунт быў віцэ-старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Адначасова Раман цікавіўся палітыкай. Яшчэ ў 1906-м яго абралі дэпутатам Дзяржаўнай думы (першага расійскага парламента) ад Мінскай губерні. Разам з некалькімі паплечнікамі ён стварыў там так званае «Тэрытарыяльнае кола» — аб’яднанне дэпутатаў, якое адстойвала інтарэсы беларуска-літоўскага краю.

Рэч у тым, што ў той час Скірмунт стаяў на пазіцыях краёвасці. Сутнасцю гэтай ідэалогіі было сцверджанне пра прыярытэт агульнарэгіянальных інтарэсаў над інтарэсамі асобных этнасаў і сацыяльных групаў — то-бок непасрэдна беларускі нацыянальны праект яшчэ не быў для яе прыхільнікаў ключавым. Хоць краёўцы працавалі і для Беларусі. У цэлым Раман выказваўся за дэмакратызацыю палітычнага жыцця, роўнасць грамадзян перад законам, нацыянальнае раўнапраўе і магчымасць атрымліваць адукацыю на роднай мове. Сам ён лічыў сябе палякам з былой Рэчы Паспалітай (федэрацыі, у якой жылі продкі беларусаў, літоўцаў і палякаў), але адначасова літвінам — грамадзянінам былога Вялікага Княства Літоўскага (уваходзіла ў склад РП) і беларусам — гаспадаром зямлі, на якой нарадзіўся.

Але першую расійскую Думу хутка распусцілі, у другую Раман не трапіў. У 1907−1908 гадах Скірмунт спрабаваў стварыць Краёвы Саюз, які мусіў аб’яднаць беларускую, польскую і літоўскую нацыянальныя партыі. Аднак галоўнай палітычнай арганізацыяй беларусаў тады была Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), створаная яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Яе сацыяльны радыкалізм (напрыклад, патрабаванне ліквідаваць прыватную ўласнасць на зямлю) палохаў многіх заможных людзей і не спрыяў палітычным кантактам з краёўцамі.

Ды і сам Раман на паседжаннях Думы настойваў на захаванні прыватнай уласнасці. Яго спроба стварыць ліберальную партыю пацярпела няўдачу. Да гэтага канфлікту — паміж левымі (сацыялістамі) і правымі (як лібераламі, так і кансерватарамі) — мы яшчэ вернемся, ён адыграе важную ролю ў гісторыі Скірмунта і будучыні ўсёй Беларусі.

Роман Скирмунт в книге биографий депутатов Первой Государственной думы Российской империи, 1906 год. Фото: dlib.rsl.ru, commons.wikimedia.org
Раман Скірмунт у кнізе біяграфій дэпутатаў Першай Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі, 1906 год. Фота: dlib.rsl.ru, commons.wikimedia.org

У той, яшчэ дарэвалюцыйны, перыяд Раман нейкі час (1910−1911) быў чальцом Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі (ад Мінскай губерні) — гаворка пра верхнюю палату парламента (Дума была ніжняй). Ён сустракаўся з братамі Луцкевічамі (заснавальнікамі БСГ і выдаўцамі газеты «Наша Ніва») і іх паплечнікамі, што спрыяла іх паразуменню — як мінімум у сферы культуры. Як пішуць гісторыкі, гэтыя кантакты «забяспечылі фінансавую падтрымку беларускіх культурных ініцыятываў з боку прадстаўнікоў арыстакратычных колаў Беларусі». Можна меркаваць, што такую падтрымку аказваў і Скірмунт.

Перамовы з Расіяй і супрацьстаянне левым

У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна. Супраць Расійскай імперыі сярод іншых выступіла Германія — і неўзабаве яе войскі пачалі выцясняць рускую армію на ўсход. У 1915-м расійска-германскі фронт спыніўся на лініі Дзвінск (сучасны Даўгаўпілс) — Паставы — Баранавічы — Пінск і заставаўся ў такім выглядзе практычна нязменным цягам трох гадоў. Маёнткі Скірмунта аказаліся на акупаваных немцамі тэрыторыях. Абсталяванне Парэчанскай суконнай фабрыкі, якая дзейнічала з 1835 года, захопнікі вывезлі ў Германію, а гаспадарчыя пабудовы спалілі. Гэты ж лёс чакаў і маёнткі Альбрэхта Радзівіла — разам са Скірмунтам аднаго з нешматлікіх прадстаўнікоў фінансавай эліты, якія падтрымлівалі ідэю незалежнасці Беларусі. Па злой іроніі лёсу, абодва ў патрэбны момант засталіся без значнай часткі маёмасці.

У выніку тых падзей Беларускі нацыянальны рух раскалоўся. Браты Луцкевічы, вакол якіх зараджаўся праект незалежнай Беларусі, засталіся ў Вільні, Скірмунт — ва ўсходняй частцы Беларусі, што ўсё яшчэ была пад кантролем Расіі. Ядром беларускага нацыянальнага руху на ўсходзе стаў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны — яго ў канцы 1916-га і ўзначаліў Раман.

Роман Скирмунт. 1906 год. Фото: Official photoalbum of First Russian State Duma, 1906 AD, commons.wikimedia.org
Раман Скірмунт, 1906 год. Фота: Official photoalbum of First Russian State Duma, 1906 AD, commons.wikimedia.org

Праз выкліканы вайной крызіс у пачатку 1917 года ў Расійскай імперыі здарылася Лютаўская рэвалюцыя. Манархія абрынулася, да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які абвясціў пра грамадзянскія свабоды для насельніцтва. Гэта выклікала ажыўленне ў нацыянальных рухах ва ўсіх рэгіёнах былой імперыі.

Не стала выключэннем і Беларусь. Самымі актыўнымі былі ўдзельнікі адроджанай БСГ. У сакавіку-красавіку яе аддзяленні з’явіліся ў Віцебску, Оршы, Гомелі, Барысаве, Бабруйску. Ужо 25 сакавіка 1917 года ў Мінску з удзелам сябраў Грамады прайшоў З’езд беларускіх арганізацый. Яго ўдзельнікі віталі Часовы ўрад і ўпершыню выказаліся за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі (гэта быў максімум, на які тады можна было разлічваць). На з’ездзе была створаная і палітычная арганізацыя для прадстаўніцтва нацыянальнага руху — Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). Прыхільнік БСГ складалі ў ім большасць. Але кіраўніком органа ўсё ж стаў Скірмунт.

Эвалюцыя яго ўласных поглядаў была надзвычай важнай. Падчас Першай сусветнай вайны большая частка беларускіх і літоўскіх краёўцаў абрала польскі нацыянальны рух. Да беларускага ж далучыліся адзінкі — адным з іх акурат быў Раман (паводле сучаснікаў, надзвычай таленавіты прамоўца).

Чаму галоўным у БНК зрабілі яго? У першую чаргу таму, што Скірмунт, нягледзячы на ідэалагічныя рознагалоссі з БСГ, меў вялікі аўтарытэт у сваім коле. Яшчэ да з’езду многія прадстаўнікі арыстакратыі (Эдвард Вайніловіч, Магдалена Радзівіл) пералічылі яму грошы і выказалі гатоўнасць яго падтрымаць. Але яшчэ адна прычына бачыцца ў іншым. Рамана адправілі ў Петраград (так тады называўся Санкт-Пецярбург) дамаўляцца пра аўтаномію, якую лічылі галоўнай мэтай на той момант. І гэта было лагічна, бо менавіта ў яго было мноства кантактаў і сувязяў у тагачаснай расійскай сталіцы.

Дворец в Поречье – имени Романа Скирмунта. Около 1915 года. Фото: audiovis.nac.gov.pl, Narodowe archiwum cyfrowe (Poland), commons.wikimedia.org
Палац у Парэччы — імя Рамана Скірмунта. Каля 1915 года. Фота: audiovis.nac.gov.pl, Narodowe archiwum cyfrowe (Poland), commons.wikimedia.org

У Петраградзе Скірмунт сустрэўся з князем Георгіем Львовым, кіраўніком Часовага ўрада. У яго прасілі аўтаноміі для Беларусі, дэмакратызацыі мясцовых органаў улады і самакіравання, магчымасці выкладаць у школах беларускую мову, айчынную геаграфію і гісторыю. Але ні пра што дамовіцца не ўдалося — пазіцыя ўрада што да «ўскраін» не надта адрознівалася ад царскай. У выніку ў чэрвені 1917-га Часовы ўрад стварыў толькі Заходнюю вобласць, у склад якой увайшлі неакупаваныя тэрыторыі Беларусі. То-бок нават для назвы крытэр быў абраны геаграфічны, а не нацыянальны.

Галоўная місія Скірмунта не была выкананая. Да таго ж сябры БСГ не давяралі «багацеям». Таму калі ў ліпені прайшоў новы З’езд беларускіх арганізацый, замест БНК яны стварылі Цэнтральную раду беларускіх арганізацый (ЦРБА), пакінуўшы Скірмунта ўбаку. Менавіта тады, летам 1917-га, прадстаўнікоў нацыянальнага руху правых поглядаў на час адсунулі з палітычнай сцэны. Ініцыятыву ўзялі на сябе левыя. Менавіта з імі звязаныя наступныя падзеі.

Перакажам іх максімальна сцісла. ЦРБА неўзабаве перафарматавалася ў Вялікую беларускую раду. Апошняя выступіла ініцыятаркай Першага Усебеларускага з’езда, які прайшоў у канцы 1917 года ў Мінску ўжо пры новай уладзе — у Петраградзе Часовы ўрад зрынулі бальшавікі. Дэлегатаў на той з’езд выбіралі па ўсёй краіне і сярод нацыянальных беларускіх арганізацый. Частка з іх выступала за аўтаномію і нават незалежнасць Беларусі, іншыя — за сувязь з Расіяй. Удзельнікі з’езду паспелі прызнаць права беларусаў на самавызначэнне і ўсталяванне дэмакратычнай формы кіравання, пасля чаго бальшавікі разагналі з’езд. Неўзабаве дэлегаты сустрэліся нелегальна і абралі Раду Усебеларускага з’езда (105 чалавек).

Тым часам бальшавікі, разумеючы, што народ стаміўся ваяваць, імкнуліся выйсці з Першай сусветнай. Пачаліся перамовы з Германіяй у Брэсце, але ў нейкі момант яны былі сарваныя. Тады немцы перайшлі ў наступ. У ноч на 19 лютага 1918 года бальшавікі эвакуяваліся з Мінска. У гэтых умовах Рада выйшла з падполля і 21 лютага ў Першай Устаўной грамаце абвясціла сябе найвышэйшай часовай уладай у Беларусі (да склікання Усебеларускага Устаноўчага сходу, які мусіў вырашыць лёс краіны), а таксама сфармавала ўрад — Народны сакратарыят.

У той жа дзень Мінск занялі немцы. Яны прызналі Сакратарыят не ўрадам, а толькі прадстаўніцтвам беларускага насельніцтва. Тады 9 сакавіка Выканкам Рады абвясціў Беларускую Народную Рэспубліку (Другой Устаўной граматай), а ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года пасля дзесяцігадзінных спрэчак была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, якая абвясціла незалежнасць БНР.

Роман Скирмунт. 1909 год. Фото: Świat. Nr. 31, 1909, commons.wikimedia.org
Раман Скірмунт. 1909 год. Фота: Świat. Nr. 31, 1909, commons.wikimedia.org

Вось толькі Скірмунта і ягоных паплечнікаў сярод людзей, што абвяшчалі незалежнасць Беларусі, не было. Не таму, што яны былі супраць самастойнасці краіны, — у Раду іх папросту не запрасілі. Таму яны стварылі сваю арганізацыю — Мінскае беларускае прадстаўніцтва, якое змагалася за падтрымку сярод жыхароў краіны.

На старце каманда БНР была амаль цалкам сацыялістычнай, рэй у ёй вялі сябры ўсё той жа БСГ — яны выступалі з лозунгамі свабоды, роўнасці і братэрства, яшчэ не дыскрэдытаванымі бальшавікамі. У дадатак яны арыентаваліся на сялян, а таму не бачылі неабходнасці пазначаць пераемнасць новай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім. Нядзіўна, што на першай пячатцы Народнага сакратарыята можна было ўбачыць герб са снапом, граблямі і касой. Але іншыя прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху (сярод іх Антон Луцкевіч і Раман Скірмунт) настойвалі на вяртанні да традыцый. Пазней, 15 траўня 1918-га, Рада БНР зацвердзіла герб «Пагоня» ў якасці дзяржаўнага сімвала рэспублікі.

Прэм’ер, які аказаўся ў ізаляцыі

Аднак мы забеглі наперад. Вернемся да моманту абвяшчэння БНР і яе незалежнасці — тады каманда Скірмунта старалася трымацца ў баку ад сацыялістаў. Абвешчаную самастойнасць краіны трэба было абараніць. Гэта можна было зрабіць двума спосабамі. Адзін з іх — са зброяй у руках. На жаль, БНР так і не змагла стварыць сваё войска (хоць такія спробы неаднаразова рабіліся).

Заставаўся другі спосаб — атрымаць прызнанне і абарону з боку Захаду (зрэшты, тая ж савецкая Расія выдатна існавала і без яго, бо ў бальшавікоў была Чырвоная армія). Для вырашэння новых мэтаў чарговым разам спатрэбілася каманда Скірмунта.

7 красавіка 1918 года Антон Луцкевіч пісаў Скірмунту і яго паплечнікам: «Вы як людзі сьвядомыя <…> можаце ўнесьці новы дух у Раду Рэспублікі — дух эўрапейскай дыпляматыі. А ён цяпер асабліва патрэбен». У выніку ў сярэдзіне красавіка ў Раду БНР уключылі ўсіх сябраў Мінскага беларускага прадстаўніцтва.

Дом по улице Володарского, 12 в Минске, где на втором этаже находилась частная квартира Романа Скирмунта и штаб-квартира Беларусского народного представительства. Фото: Anna Chervonets, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Дом на вуліцы Валадарскага, 12 у Мінску, дзе на другім паверсе знаходзілася прыватная кватэра Рамана Скірмунта і штаб-кватэра Беларускага народнага прадстаўніцтва. Фота: Anna Chervonets, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Адной з першых яе ініцыятываў стала спроба заручыцца падтрымкай Берліна (нагадаем, усе гэтыя падзеі адбываліся ва ўмовах нямецкай акупацыі). 25 красавіка — праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці — частка Рады БНР (у тым ліку Скірмунт) падпісала тэлеграму нямецкаму імператару Вільгельму II. «Рада Беларускае Народнае Рэспублікі дэкляравала незалежнасьць цэлае і непадзельнае Беларусі і просіць Вашую Імпэратарскую Вялікасьць аб абароне ў яе кіраваньнях дзеля ўмацаваньня дзяржаўнае незалежнасьці і непадзельнасьці краю ў сувязі з Германскай Імпэрыяй. Толькі пад абаронай Германскай Імпэрыі бачыць край сваю добрую долю ў будучыні», — адзначалася ў тым дакуменце.

Стараннямі прапаганды (спярша савецкай, а потым сучаснай беларускай) гэты дакумент ператварыўся ў нібыта бясспрэчнае сведчанне супрацоўніцтва БНР з захопнікамі. Насамрэч жа немцы часоў Першай сусветнай зусім не нагадвалі нацыстаў часоў Другой сусветнай з іх жахлівымі злачынствамі супраць беларусаў — яны былі звычайнымі акупантамі: не менш, але і не больш. Ды і ход з тэлеграмай па-свойму выглядае апраўданым. Ва ўмовах нямецкай акупацыі Германія падтрымала незалежнасць Літвы, Латвіі і Украіны. Было лагічным паспрабаваць гэтую ж камбінацыю ў дачыненні да Беларусі.

На жаль, ідэя не спрацавала. У нямецкіх вярхах — як і ў цэлым на Захадзе — амаль нічога не ведалі пра нашую краіну, а часу расказаць пра гэта не было. Так што ніякага адказу аўтары звароту не атрымалі. Тэлеграма толькі прывяла да канфлікту ў беларускім нацыянальным руху (у прыватнасці, гэта стала перадумовай расколу БСГ).

Военная комендатура в Гродно в апреле 1919 года. Фото: history-belarus.com
Вайсковая камендатура ў Гродне ў красавіку 1919 года. Фота: history-belarus.com

А сітуацыя з прызнаннем БНР ніяк не зрушвалася з мёртвага пункта. Таму 14 траўня Скірмунт атрымаў мандат на фармаванне новага складу Народнага сакратарыята — то-бок стаў фактычным прэм’ерам рэспублікі. Ён запрасіў ва ўрад генерала Кіпрыяна Кандратовіча, былога мінскага гарадскога галаву Станіслава Хржанстоўскага і іншых.

Новы прэм’ер хацеў наладзіць адносіны з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, бачыў найважнейшымі стратэгічнымі партнёрамі Літву і Украіну. Ён выступаў за развіццё адукацыі на беларускай мове і прызнаваў неабходнасць аграрнай рэформы. Скірмунт прапаноўваў зменшыць буйныя гаспадаркі і надзяліць сялян часткай гэтай зямлі. Аднак падкрэсліваў, што гэта мусіць адбывацца мірным шляхам, а прыватная ўласнасць мусіць быць захаваная.

Скірмунт прапаноўваў левым увайсці ў яго ўрад, аднак тыя адмовіліся. Так і не атрымаўшы падтрымкі большасці, праз дзесяць дзён пасля прызначэння ён здаў мандат. Тады палітыка прызначылі надзвычайным паслом ва Украіне з паўнамоцтвамі весці перамовы з урадам гэтай краіны. У ад’ездзе ён быў месяц і вярнуўся ў Мінск у канцы чэрвеня — зноў, на жаль, нічога не дасягнуўшы.

Другая спроба сфармаваць урад была зробленая 9−11 ліпеня таго ж 1918 года. Як пісаў даследчык Сяргей Шупа, «з розных прычынаў (службовыя справы, культурная праца на месцах, сямейныя абставіны) да Менску не даехаў зь дзясятак радных ад левага крыла Рады [БНР]. Правыя на чале са Скірмунтам, карыстаючыся колькаснай перавагай, прынялі яшчэ чатырох новых радных, якія папоўнілі іхныя шэрагі. Скірмунт узяў назад сваю адмову сфармаваць кабінэт».

Гэта фактычна значыла вяртанне палітыка на пасаду прэм’ера. Але, як справядліва адзначалі сучаснікі Скірмунта, трагедыя заключалася ў тым, што яму па-ранейшаму не было на каго абаперціся: выхадцы з сацыяльных нізоў не хацелі ісці за багатым прадпрымальнікам, а большасць людзей з больш забяспечаных слаёў насельніцтва не ўсведамляла сябе беларусамі.

Хозяйственная постройка в Поречье – усадьбе Романа Скирмунта. Около 1915 года. Фото: allegro.pl2. Narodowe archiwum cyfrowe (Poland), commons.wikimedia.org
Гаспадарчая пабудова ў Парэччы — сядзібе Рамана Скірмунта. Каля 1915 года. Фота: allegro.pl2. Narodowe archiwum cyfrowe (Poland), commons.wikimedia.org

Левыя адмаўляліся перадаць Скірмунту архіў, пячатку БНР, а таксама амаль усе справы. У выніку ўжо 20 ліпеня ўрад Рамана пайшоў у адстаўку. У гэтым бачыцца велізарны нявыкарыстаны шанец для беларусаў.

«Была пахаваная ідэя пошуку прыхільнікаў незалежніцкай праграмы сярод прадстаўнікоў вышэйшага сацыяльнага класа, — пісала гісторык Дарота Міхалюк. — І гэта былі менавіта апошнія тыдні для распрацоўкі дзяржаўнай праграмы, якая б задаволіла ўсе сацыяльныя і нацыяльныя групы, а не канцэнтравалася б на гарантыі выканання інтарэсаў аднаго сацыяльнага слоя — сялянскага».

Як дадае гісторык Аляксандр Пашкевіч, калі б прапанаваныя дзеячамі левых поглядаў «радыкальныя праграмы былі рэалізаваныя, эліта страціла б усё, што мела. Таму ўсе людзі з грашыма бачылі ў беларускім руху не хаўрусніка, а ворага. У выніку [адстаўкі Скірмунта] нават верагодныя шанцы на поспех [БНР] аказаліся страчанымі».

Барацьба за адзінства краіны

Пасля новай адстаўкі Скірмунт не адышоў ад палітыкі. У кастрычніку 1918 года ён у складзе беларускай дэлегацыі спрабаваў трапіць на размову да канцлера Германіі Максіміліяна Бадэнскага, але той не прыняў іх. Потым місія выправілася ў Швейцарыю, дзе перадала ноты Рады БНР швейцарскаму ўраду, а таксама амбасадарам Англіі, ЗША, Францыі і Італіі — пераможцам у Першай сусветнай вайне. Ёсць звесткі, што Скірмунт у канцы 1918 года наведаў і Лондан.

У сакавіку 1919 года Рада БНР уключыла яго ў склад дэлегацыі на Парыжскую мірную канферэнцыю, на якой мусіў вырашацца лёс пасляваеннага свету. Аднак туды Скірмунт так і не дабраўся. Магчыма, ён ужо не верыў у поспех справы, бо эліты заходніх краін па-ранейшаму папросту не ведалі пра існаванне Беларусі. Да таго ж Усходняя Еўропа трапіла ў сферу інтарэсаў Францыі: тая спадзявалася вярнуць велізарныя грошы, якія ёй заставалася вінная Расія, таму не была зацікаўленая ў распадзе гэтай краіны. У адной з сітуацый французскі прэзідэнт Жорж Клемансо ўдарыў па карце на тым месцы, дзе знаходзілася Беларусь, і вымавіў: «Тут будзе Расія!» Не маючы войска, з такім аргументам было складана спрачацца. Удзел у Парыжскай канферэнцыі скончыўся для БНР нічым.

Паводле гісторыка Станіслава Рудовіча, перад Скірмунтам на той момант узнікла наступная дылема: далучэнне Беларусі да савецкай Расіі з усімі наступствамі ці ўваходжанне з суседнімі народамі ў Другую Рэч Паспалітую — Польшчу, якая адрадзіла сваю дзяржаўнасць. Выбар для буйнога землеўладальніка і прадпрымальніка быў відавочны — прыход бальшавікоў не абяцаў яму нічога добрага.

У ліпені таго ж 1919 года, калі ў Парыжы ішла канферэнцыя, Раман удзельнічаў у перамовах з самым аўтарытэтным польскім палітыкам Юзафам Пілсудскім, аднак той не пагадзіўся на стварэнне ні беларускага ўрада, ні нават краёвага прадстаўніцтва ў Польшчы. У далейшым Скірмунт аж да 1920 года імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж Масквой і Варшавай, якія вялі вайну, — ён хацеў цалкам уключыць край у склад Польшчы на ўмовах шырокай аўтаноміі.

Роман Скирмунт. Ранее 1935 года. Фото: audiovis.nac.gov.pl, Narodowe archiwum cyfrowe (Poland), commons.wikimedia.org
Раман Скірмунт, раней за 1935 год. Фота: audiovis.nac.gov.pl, Narodowe archiwum cyfrowe (Poland), commons.wikimedia.org

Аднак у кастрычніку 1920-га гэтыя краіны заключылі паміж сабой перамір'е, а 18 сакавіка 1921-га — Рыжскі мір. Пры гэтым беларускія дэлегацыі — ні бальшавікоў, ні прадстаўнікоў БНР — не дапусцілі да перамоваў (спроба запрасіць туды Скірмунта як эксперта таксама аказалася няўдалай). Мяжа ў выніку прайшла па рацэ Заходняя Дзвіна, далей праз возера Мядзель па рацэ Вілія, каля Радашковічаў і Ракава, па рацэ Случ да яе ўпадзення ў Прыпяць, а затым практычна па роўнай лініі з поўначы на поўдзень да сучаснай беларуска-ўкраінскай мяжы. Тэрыторыі на захад ад яе аказася ў складзе Польшчы, на ўсход — у СССР.

Для Скірмунта гэта стала ударам. Алесь Смалянчук, аўтар фундаментальнай біяграфіі гэтага палітыка, цытаваў яго прарочае выказванне, зробленае ў кастрычніку 1920 года ў Варшаве (калі з’явілася інфармацыя пра ўмовы савецка-польскай дамовы): «У будучым пана Грабскага (гаворка пра польскага палітыка Уладыслава Грабскага. — Заўв. рэд.) назавуць бацькам беларускага супраціву ў Польшчы, бо абедзьве часткі Беларусі заўсёды будуць імкнуцца да паяднання. Польшча валодае меншай часткай. Беларускі рух, якога Грабскі так баіцца, не быў страшным, ён паварочваўся да Польшчы, шукаў у ёй апірышча, ад яе хацеў браць культуру Захаду, з ёй хацеў паяднацца. Цяпер ён стане зброяй у руках будучай Расіі, якая накіруе яго супраць Польшчы».

На думку Смаленчука, магчыма, дыстанцыя Скірмунта што да беларускага нацыянальнага руху, якую ён захоўваў усе дваццатыя і трыццатыя гады, тлумачылася перакананнем, што за гэтым рухам (або за яго часткай) стаіць Расія.

Роман Скирмунт (на переднем плане слева). До 1935 года. Фото: senat.edu.pl, commons.wikimedia.org
Раман Скірмунт (на пярэднім плане злева), да 1935 года. Фота: senat.edu.pl, commons.wikimedia.org

Праца сенатарам і смерць ад рук мясцовых жыхароў

У пачатку 1920-х галоўнай задачай Скірмунта стала аднаўленне Парэчча, якое трапіла ў склад Польшчы. Знішчаную прамысловасць маёнтка ён адраджаць не стаў. Магчыма, прычына не толькі ў недахопе грошай.

«Упэўнены, што больш, чым фабрыкі і заводы, яго заўсёды вабілі гісторыя, літаратура і музыка, — пісаў Алесь Смалянчук. — Літаратура і гісторыя прысутныя амаль ва ўсіх ягоных публікацыях. У выступах і тэкстах ён часта дэманстраваў блізкае знаёмства з творамі старажытных грэчаскіх і рымскіх аўтараў. Апрача таго, выдатна ведаў польскую, англійскую і нямецкую літаратуру, цытаваў вядомых расійскіх пісьменнікаў. Скірмунт быў аўтарам цікавых тэкстаў з элементамі даследавання, прысвечаных гісторыі і культуры Палесся, разважанняў-успамінаў пра жыццё і дзейнасць колішніх калегаў і сяброў па „краёвай“ палітычнай дзейнасці, нарэшце, выдаў брашуру, прысвечаную творчасці [польскага паэта] Юліуша Славацкага ды інш.».

Паступова Скірмунт інтэграваўся ў новую рэальнасць: сустракаўся з польскімі чыноўнікамі, якія прыязджалі ў рэгіён, удзельнічаў у абмеркаванні мясцовых праблем. У 1930-м яго выбралі дэпутатам польскага Сената (да 1935-га), дзе ён далучыўся да беспартыйнага блоку супрацоўніцтва з урадам і выступаў супраць асіміляцыі нацыянальных меншасцяў (у тым ліку беларусаў, што актыўна практыкавалася ў Польшчы таго часу). У цэлым жа ўжо немалады Скірмунт не быў актыўны ў палітыцы і праводзіў большую частку жыцця ў родным Парэччы, дзе, дарэчы, за свой кошт утрымліваў пажарную каманду.

Место захоронения Романа Скирмунта в Поречье. 2013 год. Фото: Da voli, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Месца пахавання Рамана Скірмунта ў Парэччы, 2013 год. Фота: Da voli, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

У цэлым ён запомніўся мясцовым жыхарам як «свой пан», «наш Скірмунта». Паводле Смаленчука, «у вусных успамінах [сялян] паўставаў вобраз „добрага пана“, апекуна вёскі, паводзіны якога мінімізавалі тую сацыяльна-культурную дыстанцыю, што існавала паміж маёнткам і вёскай, чаго, дарэчы, не назіралася ва ўспамінах пра іншых прадстаўнікоў роду Скірмунтаў ці сваякоў гаспадара маёнтка ў Парэччы». «Людзі згадвалі, што „пан“ часта вітаўся першым, аказваў дапамогу, асабліва падчас будаўніцтва, „даваў сенакос“, рабіў падарункі на вяселле і святы, „па-гэтаму людзям вельмі падабалася ў яго працаваць, і яны ніколі ад яго не ўходзілі“», — пісаў даследчык.

У 1939-м пачалася Другая сусветная вайна. З захаду на Польшчу напала Германія, з усходу трохі пазней — Савецкі Саюз. Атрымаўшы звесткі пра другую падзею, Скірмунт зразумеў, што яму пагражае небяспека. З сястрой і яе мужам Баляславам Скірмунтам ён выехаў з Парэчча ў Пінск. Там іх арыштавалі, але праз суткі выпусцілі. У канцы верасня Раман вырашыў вярнуцца ў Парэчча.

Як адзначае Смалянчук, там Скірмунта вельмі паважалі, і, магчыма, ён разлічваў на абарону мясцовых жыхароў ад савецкіх уладаў. Тым больш што ў Пінску ўжо расказвалі як пра «стыхійныя» расправы над землеўладальнікамі, так і пра выпадкі іх абароны людзьмі. Раману не раілі вяртацца, бо мясцовы камітэт, створаны новай уладай, ужо пачаў рэпрэсіі. Але выбару ў Скірмунта, мяркуючы з усяго, не было. Жыць яму, акрамя радзімы, не было дзе.

У Парэччы Раман і Баляслаў, які прыехаў з ім, амаль не пакідалі будынкаў, дзе спыніліся. Праз некалькі дзён адзін з мясцовых сялян абудзіў іх ноччу і папярэдзіў, што камітэт вырашыў расстраляць Скірмунтаў. Раман, падобна, не паверыў, але ўсё ж наважыўся раніцай з’ехаць з родных мясцін. Яго апярэдзілі: раніцай 6 кастрычніка палітыка зноў арыштавалі. Праз суткі Скірмунтаў пасадзілі на воз і паведамілі ім, што вязуць у Пінск. Насамрэч іх адвезлі ў лес за 8−10 км ад Парэчча.

Мемориальный камень Роману Скирмунту в Поречье. 2013 год. Фото: Мікола Кузіч, fgb.by, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Мемарыяльны камень Раману Скірмунту ў Парэччы. 2013 год. Фота: Мікола Кузіч, fgb.by, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Мясцовыя жыхары расказвалі, што там экс-прэм'еру загадалі адвярнуцца ад забойцаў. Ён адмовіўся: «Я ад людзей ніколі не адварочваўся. Хто да мяне звяртаўся, кожнаму дапамогу даваў».

А вось успаміны адной з мясцовых жыхарак, пераказаныя журналістам: «Аднойчы я сведкай была, як Селівестр Лукашык падвыпіў і распавядаў: „Завялі мы іх і прымусілі яму капаць. Раман адмовіўся: „Я не заслужыў сабе магілу капаць“. Баляслаў (тут і далей — імёны сялян, якія ўдзельнічалі ў забойстве. — Заўв. рэд.) маладзейшы быў, адразу збаяўся, згубіўся. Заўважыў гэта Скірмунт, абапёрся на сук — цяжка стаяць, ішлі доўга — і просіць: „Хутчэй рабіце што вырашылі“. „Павярніся“, — кажу яму. А ён глядзіць на мяне: „Я нічога дрэннага людзям не рабіў“. Ударыў яго, а ён кажа: „Не думайце, што прашу, сваё пражыў, але вы не бярыце грэх на душу“. Цудзіла вінтоўку кінуў, Пархамчук таксама пабег. Прыйшлося мне канчаць“».

Забойства адбылося 7 кастрычніка 1939 года. Целы Скірмунтаў толькі прысыпалі зямлёй. Адзін з забойцаў на наступны дзень хадзіў у вопратцы Рамана і з яго гадзіннікам на руцэ. Пасля гэтага сядзібу разрабавалі. Гэта зрабілі тыя самыя мясцовыя жыхары, пра якіх так клапаціўся Скірмунт. Адна са сваячак Рамана ў размове з гісторыкамі адзначыла, што «трагедыя Беларусі не толькі ў тым, што вынішчылі найлепшых. Самым жахлівым было тое, што ролю непасрэднага ката часта выконвалі самі беларусы. Быццам забівалі ўласную будучыню».