Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У лютым 2022 года ў Беларусі прайшоў рэферэндум па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю, праз два гады, у лютым 2024-га, — парламенцкія выбары. У адрозненне ад кампаній дзевяностых, нулявых і дзясятых гадоў, пра якія мы падрабязна расказвалі, цяпер усё змянілася. Фактычна ўлады задалі правілы гульні, якімі збіраюцца кіравацца ў найбліжэйшыя гады, а калі дазволяць абставіны — то і дзесяцігоддзі. У гэтым тэксце мы расказваем пра новую рэальнасць беларускай выбарчай сістэмы і яе рэалізацыю на практыцы. А яшчэ пра апошні ўсплёск пратэстаў, які здарыўся падчас адной з гэтых кампаній.

За доўгія гады свайго кіравання Лукашэнка і яго прыхільнікі ў парламенце выйгралі ўсе выбары — ва ўсякім выпадку, пра гэта кожны раз заяўляў цалкам падкантрольны палітыку Цэнтрвыбаркам. Насамрэч (калі выключаць першыя прэзідэнцкія выбары 1994 года) вынікі заўсёды фальсіфікаваліся, прадзяржаўныя СМІ хлусілі, а на незалежных кандыдатаў ціснулі. Каб не даць пра гэта забыць, мы расказваем пра кожную выбарчую кампанію эпохі Лукашэнкі ў праекце «Без выбару».

Навошта спатрэбілася новая Канстытуцыя?

Упершыню пра магчымасць чарговага змянення Канстытуцыі на рэферэндуме Аляксандр Лукашэнка заявіў у 2016-м — але без канкрэтыкі. Потым ён вярнуўся да гэтай тэмы ў 2019-м.

«Мне часта задаюць пытанні, часам нават публічна: „Ці хацеў бы ты пакінуць гэтую Канстытуцыю свайму пераемніку?“ Я шчыра і наўпрост казаў: „Не, я б не хацеў“. Ды мы і той этап ужо прайшлі, калі нам патрэбная была моцная ўлада, такая, як у нас ёсць. Трэба не ўладай дзяліцца, улада непадзельная, а трэба нагружаць уладнымі паўнамоцтвамі іншыя структуры і галіны ўлады. Каб за эканоміку, да прыкладу, адказваў урад разам з парламентам, і Нацыянальны банк не мусіць быць убаку», — заявіў ён.

Фото: TUT.BY
Канстытуцыя. Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Летам 2020-га — яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў — Лукашэнка прызнаўся, што яму прадставілі некалькі варыянтаў абноўленай Канстытуцыі, аднак змяненні, з ягоных словаў, былі недастаткова рашучымі. Падрыхтаваць дакумент палітык паабяцаў цягам двух гадоў. У тых умовах ён цалкам мог задумвацца пра транзіт улады па прыкладзе казахстанскага калегі Нурсултана Назарбаева, які пайшоў у 2019-м у адстаўку з пасады прэзідэнта, але захаваў уплыў як лідар нацыі — Елбасы (праўда, як выявілася пазней, усяго на некалькі гадоў).

Аднак, як паказалі выбары-2020 і пратэсты пасля іх, ад мірнай перадачы ўлады Лукашэнка вельмі далёкі. Ён вярнуўся да ідэі змянення Канстытуцыі, але цяпер гэта стала толькі фокусам з мэтай супакоіць абурэнне і знізіць напал у грамадстве. Усё прадставілі як «план выхаду з палітычнага крызісу»: пасля паправак прэзідэнт мусіў страціць частку паўнамоцтваў, казалі нават пра правядзенне новых выбараў датэрмінова, лібералізацыю ў краіне і павышэнне ролі партый. Складана сказаць, ці паверыў гэтаму хтосьці з пратэсна настроеных беларусаў, але ад самой ідэі паправак улады ўжо не адмовіліся.

У сакавіку 2021-га, калі пратэсты былі задушаныя, Лукашэнка з адданых чыноўнікаў сфармаваў Канстытуцыйную камісію. Абмеркаванні доўга ішлі за зачыненымі дзвярыма, пакуль пад самы Новы год, 27 снежня, праект новай рэдакцыі Асноўнага закона не вынеслі на грамадскае абмеркаванне.

Галасаванне ў кабінцы. Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Ужо 20 студзеня 2022 года ўлады падпісалі ўказ пра прызначэнне рэферэндуму. У бюлетэнь для галасавання ўнеслі толькі адно пытанне: «Ці прымаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?» У той жа дзень быў апублікаваны выніковы варыянт праекта, хоць прыём прапановаў ад грамадзян усё яшчэ доўжыўся.

Больш улады УНС, менш — прэзідэнту

За якія змяненні прапаноўвалі прагаласаваць беларусам?

Усебеларускі народны сход, створаны ў 1996 годзе з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, атрымліваў значныя функцыі. Яго прапанавалі зрабіць найвышэйшым прадстаўнічым органам нарадаўладдзя. Туды збіраліся ўключыць да 1200 прадстаўнікоў эліты, а тэрмін паўнамоцтваў аднаго складу абмежаваць пяццю гадамі. Арганізацыю абрання дэлегатаў УНС ускладалі на ЦВК (але дакладнай працэдуры не прапісалі).

Меркавалася, што УНС будзе зацвярджаць напрамкі ўнутранай і замежнай палітыкі, праграмныя дакументы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Ён таксама атрымае права прапаноўваць змены ў Канстытуцыю, ініцыяваць правядзенне рэферэндумаў, разглядаць пытанне легітымнасці выбараў, прымаць рашэнне пра зняцце прэзідэнта, уводзіць надзвычайнае і ваеннае становішча, даваць даручэнні дзяржорганам. Яму пяройдуць паўнамоцтвы прэзідэнта і Савета Рэспублікі што да прызначэння і звальнення суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, чальцоў ЦВК. Рашэнні УНС будуць абавязковымі да выканання, больш за тое, яны могуць адмяняць прававыя акты і рашэнні іншых дзяржорганаў, калі склад сходу палічыць, што яны супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі.

Чарга на галасаванне 27 лютага 2022 года. Фота: архіў «Люстэрка»

У парламента прапанавалі забраць права высоўваць абвінавачанне супраць прэзідэнта і перадаць яго УНС.

Прэзідэнт таксама страчваў шэраг сваіх паўнамоцтваў. Ён мог абірацца не больш чым на два тэрміны запар (але гэтае абмежаванне пачынала дзейнічаць толькі пасля наступных прэзідэнцкіх выбараў — то-бок пасля 2025 года). У яго хацелі забраць права выдаваць часовыя дэкрэты, якія маюць сілу закона. Пры гэтым былому прэзідэнту цяпер гарантавалася недатыкальнасць, яго не маглі судзіць за рашэнні, прынятыя на пасадзе, таксама ён мог пажыццёва заставацца чальцом Савета Рэспублікі і дэлегатам УНС.

Акрамя таго, у дакуменце прапісваўся абавязак дзяржавы ахоўваць «гістарычную праўду і памяць пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Замацоўвалася паняцце шлюбу як «саюза мужчыны і жанчыны». З Канстытуцыі прыбіраліся палажэнні пра імкненне да нейтралітэту і бяз’ядзерную зону, замест гэтага замацоўвалася, што Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаваў. (Як мы памятаем, усяго за тры дні да рэферэндуму, 24 лютага 2022 года, праз нашую краіну расійскія войскі здзейснілі ваеннае ўварванне ва Украіну.)

На абмеркаванне новага праекта далі тры тыдні. Улада дала справаздачу, што за гэты час атрымалі амаль 9 тысяч меркаванняў і прапановаў. Сцвярджалася, што 99,25% водгукаў падтрымалі праект, і толькі 0,15% прапаноўвалі захаваць старую рэдакцыю Канстытуцыі, а 0,3% выступілі супраць прапанаваных змяненняў. Аднак у такі хуткасны разгляд усіх заўваг і аднагалосную падтрымку верылася слаба. Як адзначалі эксперты, «улады хацелі, каб рэферэндум прайшоў ціха», і, імаверна, абмеркаванне было толькі паказным.

«Вельмі дзіўна выносіць на ўсенароднае абмеркаванне дакумент высокай ступені гатоўнасці, адпрацаваны ўжо дзвюма інстанцыямі — Канстытуцыйнай камісіяй і рабочай групай (а да гэтага першапачатковыя варыянты рыхтаваліся Канстытуцыйным судом і Адміністрацыяй прэзідэнта). Бо калі асноўныя прынцыповыя рашэнні прынятыя, як можна будзе выкарыстоўваць прапановы, якія паступяць? Гэта сведчыць, што ніякага рэальнага ўліку прапановаў грамадзян не будзе», — казаў юрыст Арцём Праскаловіч.

Да таго ж рэальныя спробы ўнесці крытычныя прапановы блакаваліся. Напрыклад, 68-гадовы пенсіянер і былы дэпутат сельсавета Мікалай Віцікаў напісаў у рэдакцыю раённай газеты «Маяк» у Гомелі ліст з развагамі наконт паправак у Канстытуцыю. Газета не апублікавала ягонага звароту, але адказала гнеўным пасквілем, а 14 студзеня пенсіянера затрымалі. Супраць яго распачалі справу па ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці), потым абвінавачанне змянілі на арт. 369−1 КК Беларусі (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Мужчына атрымаў восем месяцаў калоніі.

Фото: Министерство обороны Беларуси
Арганізаваная група вайскоўцаў на выбарчым участку раніцай 27 лютага. Фота: Міністэрства абароны Беларусі

Па выніках «абмеркавання» ў праект ўнеслі толькі касметычныя змяненні. Напрыклад, у артыкул 86 да фразы «прэзідэнт не можа займаць іншыя пасады» дадалі «калі іншае не прадугледжанае Канстытуцыяй». Так ліквідавалі супярэчнасць з артыкулам 144 праекта, які прадугледжваў, што «асоба, якая займае пасаду прэзідэнта на дату ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю», можа адначасова быць абраная на пасаду старшыні УНС. Вольга Чупрыс, намесніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, пацвердзіла, што гэты пункт будзе датычыць толькі яго.

Выбары ў новым фармаце

Баючыся паўтарэння 2020 года і хочучы правесці рэферэндум максімальна спакойна, улады зрабілі некалькі ключавых хадоў, якія раней было складана сабе ўявіць:

  • выбарчыя ўчасткі за мяжой вырашылі зусім не адкрываць, выключыўшы такім чынам з галасавання як сваіх апанентаў, што з’ехалі, так і дыяспару;
  • імёны чальцоў участковых камісій засакрэцілі, забаранілі закрываць кабіны для галасавання шторкай, каб зрабіць немагчымым фатаграфаванне бюлетэняў;
  • у тэрытарыяльныя камісіі не ўключылі ніводнага прадстаўніка апазіцыі;
  • незалежных назіральнікаў не рэгістравалі і арыштоўвалі. Напрыклад, у Гомельскай вобласці мужчына пайшоў на ўчастак назіральнікам і перастаў выходзіць на сувязь — яго адправілі на суткі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

«Грамадства знаходзіцца ў атмасферы татальнага страху. <…> У такіх умовах немагчымы паўнавартасны свабодны і дэмакратычны працэс прыняцця змяненняў у Канстытуцыю», — адзначалі беларускія праваабаронцы.

Чарга на галасаванне 27 лютага 2022 года. Фота: архіў «Люстэрка»

Фальсіфікаваць выбары ва ўладаў і раней атрымлівалася без асаблівых перашкод, але цяпер яны адмовіліся нават ад ілюзіі ўмоўнасцяў. Так, у лютым было абвешчана, што закон пра УНС плануюць падрыхтаваць да верасня — а беларусы ж яшчэ нават не прагаласавалі за падтрымку новай Канстытуцыі.

Апошні пратэст

Асноўны дзень рэферэндуму, 27 лютага 2022 года, пачынаўся досыць спакойна. Пра тое, што гэта не простая нядзеля, нагадвала спецтэхніка сілавікоў, якую пачалі заўважаць на вуліцах гарадоў з самай раніцы. Тэлеграм-каналы дзяржорганаў і дзяржаўных медыя актыўна публікавалі фота выбаршчыкаў на ўчастках. А прэс-служба парламента дзялілася ў сацыяльных сетках заявамі дэпутатаў, якія заклікалі не толькі прыйсці на ўчасткі, але і падказвалі, як трэба прагаласаваць (забарона на агітацыю ў гэты дзень ім не перашкодзіла).

А 12-й ЦВК паведаміў, што на ўчасткі ўжо прыйшло 52,85% выбаршчыкаў — то-бок рэферэндум адбыўся. Зрэшты, дасягнуць гэтай лічбы аказалася няцяжка, бо толькі на датэрміновае галасаванне, паводле звестак ЦВК, прыйшло 42,93% грамадзян, уключаных у спісы. Як і на мінулых выбарах, такія вынікі дасягаліся прымусовым загонам беларусаў на ўчасткі і маніпуляцыяй з лічбамі.

Аднак многія беларусы прыйшлі на ўчасткі не толькі для таго, каб прагаласаваць. За тры дні да гэтага Расія напала на Украіну. Яе атака — як з паветра, так і па зямлі — ажыццяўлялася ў тым ліку з тэрыторыі нашай краіны. Гэта выклікала абурэнне ў беларускім грамадстве, і многія скарысталіся рэферэндумам, каб выказаць свой пратэст.

На асобных пунктах галасавання ў Мінску, Гродне, Магілёве, Жодзіне, Заслаўі і іншых гарадах утварыліся чэргі — як у 2020-м. Людзі з украінскімі і бел-чырвона-белымі сцягамі выкрыквалі: «Не вайне», «Слава Украіне» і «Жыве Беларусь». Пазней частка людзейадыходзіла ад участкаў маршам вуліцамі сваіх гарадоў, а машыны, якія праязджалі міма, падтрымлівалі іх сігналамі.

Сілавікі тут жа адрэагавалі на такую актыўнасць. У розных гарадах пачаліся кропкавыя затрыманні. Людзей хапалі побач з участкамі і нават унутры іх, а таксама проста на вуліцы. У Мінску ў аўтазак забралі жанчыну, якая ішла з сабакам на павадку. У Гродне некалькі чалавек затрымалі, са словаў сведак, за тое, што «адмовіліся адысці ад выбарчага ўчастка».

Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка. 3 сакавіка 2022 года. Фота: president.gov.by

Каля 17 гадзін у Мінску беларусы з украінскімі сцягамі сабраліся побач з Генштабам Мінабароны, выкрыкваючы «Слава Украіне» і «Не вайне». Мірную акцыя неўзабаве разагналі сілавікі.

Агулам 27 лютага ў краіне затрымалі каля 800 чалавек. Большасць — у Мінску. Затрыманні адбываліся таксама ў Баранавічах, Віцебску, Гродне, Наваполацку, Бабруйску, Заслаўі, Светлагорску, Жлобіне і іншых населеных пунктах.

На той час рэпрэсіі не спыняліся ўжо больш за паўтара года. Людзі, якія выйшлі на вуліцы, ведалі, што іх учынак з 99-працэнтнай імавернасцю скончыцца затрыманнем, як мінімум адміністрацыйным судом, а магчыма — крымінальным артыкулам і турэмным тэрмінам. І ўсё роўна многія наважыліся выказаць нязгоду з нападам на Украіну.

На момант гэтай публікацыі выступленні ў дзень рэфэрэндуму 2022 года — апошняя масавая акцыя пратэсту, якая адбылася ў Беларусі.

Часам для затрымання было дастаткова нашмат меншай «правіны», чым выхад на вуліцу. Напрыклад, за заклікі сумленна лічыць галасы 18-гадовага брастаўчаніна Рамана Карпука затрымалі яшчэ да расійскага ўварвання ва Украіну і пазней асудзілі на тры гады. Раман даслаў сябрам камісіі каля 100 лістоў: у тэксце былі заклікі лічыць галасы сумленна, паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках, прыводзіўся пералік артыкулаў Крымінальнага кодэкса з адказнасцю для фальсіфікатараў. Хлопец рассылаў гэтыя лісты ад імёнаў брэсцкіх суддзяў, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды. Акрамя Рамана за спробу «зрыву» рэферэндуму (менавіта так улады трактавалі аналагічныя дзеянні) асудзілі яшчэ шэсць чалавек.

Рэферэндум, які аказаўся непатрэбным

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, прыняцце змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю падтрымала 4 440 830 грамадзян, або 82,86% тых, хто прагаласаваў, супраць выказалася 12,78%. Якія былі рэальныя вынікі, мы, хутчэй за ўсё, ніколі не даведаемся: калі на папярэдніх выбарах назіральнікі маглі сачыць за падлікам галасоў і збіраць звесткі, то цяпер ніякіх магчымасцяў для гэтага не было.

Галасаванне ў кабінцы з незашморгнутай шторкай. Фота: Алег Белавусаў, gp.by

Такой самай думкі прытрымліваўся і Еўрасаюз. Як адзначыў вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, канстытуцыйны рэферэндум у Беларусі прайшоў ва ўмовах паўсюдных парушэнняў правоў чалавека і жорсткіх рэпрэсій. «Прастора для сапраўднага грамадскага абмеркавання цалкам закрытая, шырока выкарыстоўваецца наўмысная дэзінфармацыя. Акрамя таго, велізарная колькасць беларускіх грамадзян была вымушаная пакінуць краіну», — заявіў ён. Барэль лічыў, што гэта не тыя ўмовы, якія неабходныя для дэмакратычнага працэсу па пераглядзе Канстытуцыі. «Больш за тое, мы былі сведкамі масавых фальсіфікацый на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, і нішто не сведчыць пра паляпшэнне выбарчай сістэмы», — дадаў еўрачыноўнік. Таксама ён нагадаў пра прамежкавую справаздачу Венецыянскай камісіі, у якой гаварылася, што прапанаваныя змены ў Канстытуцыю «даюць Лукашэнку дадатковыя інструменты для далейшага ўмацавання сваёй улады».

Але самае галоўнае тое, што рэферэндум, як відаць сёння, аказаўся бессэнсоўным. Вынікі пратэстаў у Беларусі, прыклад Назарбаева-Елбасы, якога канчаткова адхілілі ад улады ў студзені 2022 года пасля хваляванняў у Казахстане, — гэтыя і іншыя прычыны, пра якія можна толькі гадаць, прывялі да таго, што Усебеларускі народны сход вырашальным органам так і не стаў, а застаўся толькі лялечным домам, дэкларатыўнай шыльдай. Лукашэнка па-ранейшаму мае ўсю паўнату ўлады і праводзіць сваю палітыку, абапіраючыся на прэзідэнцкую вертыкаль.

Поспех «Белай Русі»

Праз два гады, 25 лютага 2024 года, у Беларусі прайшлі чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў — ніжнюю палату беларускага парламента.

Указ пра гэта Лукашэнка падпісаў 20 лістапада 2023-га, аднак улады падрыхтаваліся да выбараў загадзя. За год да дня галасавання яны змянілі Выбарчы кодэкс: прыбралі мінімальны парог яўкі выбаршчыкаў (каб ніякі байкот не мог сарваць выбары), увялі забарону на фатаграфаванне бюлетэня (досвед 2020 года не даваў спакою) і — ужо афіцыйна — адмянілі ўчасткі для галасавання за мяжой. Таксама з новай рэдакцыі Кодэкса прыбралі абавязак ЦВК публікаваць рашэнні пра ўтварэнне выбарчых камісій з імёнамі іх чальцоў і спосабам вылучэння.

Да выбараў Беларусь падышла ў атмасферы татальнага страху рэпрэсій і з цалкам зачышчаным палітычным і грамадскім полем. У краіне з 15 засталіся ўсяго чатыры партыі — усе праўладныя: Беларуская партыя «Белая Русь», Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі; Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Астатнія былі ліквідаваныя і вылучаць кандыдатаў не маглі.

Тым не менш Дзмітрый Кучук, старшыня ліквідаванай партыі «Зялёныя», заявіў, што збіраецца ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах — нягледзячы на тое, што «ў Беларусі няма сумленных свабодных выбараў, а галасоў ніхто не лічыць». «Але мне важна стаць голасам тых беларусаў, хто знаходзіцца ўнутры краіны, хто гатовы падтрымліваць незалежных кандыдатаў», — растлумачыў сваё рашэнне Кучук. Аднак ЦВК паказальна не зарэгістраваў яго ініцыятыўнай групы.

Заседание оргкомитета по созданию партии по инициативе РОО "Белая Русь" 7 февраля 2023 года. Фото: sb.by
Паседжанне аргкамітэта па стварэнні партыі з ініцыятывы РГА «Белая Русь» 7 лютага 2023 года. Фота: sb.by

Так што альтэрнатыўных кандыдатаў у бюлетэнях не было, як не было іх і ў складзе выбарчых камісій. Выбары прайшлі і без незалежных назіральнікаў, у тым ліку замежных. 8 студзеня 2024 года Беларусь паведаміла ў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавек (БДІПЧ) АБСЕ пра свой намер не запрашаць прадстаўнікоў гэтай арганізацыі. МЗС Беларусі абгрунтаваў гэта «традыцыйным дамінаваннем прадстаўнікоў краін Захаду ў гэтых місіях АБСЕ», «увядзеннем неапраўдана жорсткіх палітычных і эканамічных санкцый, у тым ліку ў дачыненні да ЦВК і парламента», а таксама «пагаршэннем па віне Захаду лагістычных магчымасцяў выезду і ўезду з Беларусі». Сярод назіральнікаў на выбарах былі толькі праўладныя, і яны не заўважылі ніякіх парушэнняў.

Пра замарозку палітыкі ў краіне казала і тое, што на 110 дэпутацкіх месцаў у Палаце прадстаўнікоў вырашылі прэтэндаваць толькі 265 кандыдатаў у дэпутаты. Для параўнання, на папярэдніх выбарах у парламент, якія адбыліся ў 2019 годзе, зарэгістравалі 562 кандыдатаў.

У спісах аказалася нямала чыноўнікаў: міністр працы і сацабароны Ірына Касцевіч, прапагандысты Аляксандр Шпакоўскі і Ігар Марзалюк, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, спартоўка Анастасія Мірончык-Іванова, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, скандальна вядомы генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа, які ездзіў з дапамогай на акупаваны Данбас, Дзмітрый Шаўцоў і старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў. Таксама ў дэпутаты пайшлі і сілавікі — былы намеснік кіраўніка МУС, а потым памочнік Лукашэнкі па Мінску Аляксандр Барсукоў, начальнік УСК Мінскай вобласці Аляксандр Ліс, начальнік штаба МУС Ігар Пашкоў, намеснік начальніка УКДБ Рэспублікі Беларусь Брэсцкай вобласці Андрэй Крупенькін.

У апошні момант чальцом парламента «вырашыў» стаць і кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка.

Паводле афіцыйных звестак, яўка склала 72,98% ад агульнай колькасці ўключаных у спісы для галасавання. Датэрмінова нібыта прагаласавала 41,71% грамадзян, а ў асноўны дзень нашмат менш — толькі 31,27%.

Усе пералічаныя вышэй людзі прадказальна трапілі ў Палату прадстаўнікоў, а Сяргеенка стаў яе спікерам. Ніводнага выпадковага кандыдата ў парламенце не аказалася. Асаблівасцю гэтых выбараў стала толькі партыйнае прадстаўніцтва: амаль палову дэпутацкіх мандатаў атрымала свежаствораная партыя ўлады «Белая Русь» — 51 месца з 110, або 46,4%.

Чытайце таксама