Лічбы заблакаванага экспарту, якія агучыў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, не супадаюць з дадзенымі афіцыйнай статыстыкі. Юрый Дракахруст разважае, на каго разлічана загадкавая арыфметыка.
Прэм'ер-міністр паведаміў, што санкцыі Захаду заблакавалі экспарт з Беларусі ў краіны ЕС і ЗША на 16−18 мільярдаў даляраў. Аднак паводле сайту амбасады Беларусі ў Брусэлі экспарт тавараў і паслугаў у ЕС у 2021 годзе склаў 12,24 мільярды даляраў. Паводле Белстата экспарт тавараў у ЗША склаў летась 490 мільёнаў даляраў, экспарт паслугаў — 1,51 мільярды даляраў.
У суме экспарт усяго і туды і туды — 14,24 мільярдаў даляраў.
Я не тое, што спрабую выкрыць спадара Галоўчанку, проста хачу зразумець прынцып падліку страты.
Можа, урад разлічваў, што сёлета атрымаецца ў ЕС і ў ЗША прадаць на 16−18 мільярдаў даляраў. Калі так, то гэта быў даволі смелы прагноз, асабліва з улікам таго, што мінулы год быў вельмі удалым для экспарту.
Эканамічныя прагнозы беларускіх уладаў часта не спраўджваюцца. Але ў дадзеным выпадку завышаным выглядае прагноз не прыбыткаў, а стратаў.
Што на першы погляд дзіўна. Пасля кожнага новага пакету санкцый беларускія ўлады бодра рапартавалі, што санкцыі магутнай беларускай эканоміцы ні па чым, літаральна днямі той жа Галоўчанка запэўніў «Сёння беларуская эканоміка адчувае сябе здаровай». Ну адчувае дык адчувае, можна толькі парадавацца за яе і за яе правадыроў.
І раптам — упс, у параўнанні з леташнім экспартам ва ўсе краіны свету траціну, аказваецца, як карова языком зліжа. І паведамляе пра гэта той самы «доктар» Галоўчанка, які пазаўчора дыягназаваў здароўе пацыента.
Як так? Дык дзейнічаюць, значыць, санкцыі? То не дзейнічалі, а цяпер запрацавалі. І ўрад раптам пачаў не прымяншаць, а хіба не перабольшваць іх эфэкт.
З чаго б?
Магчыма, памяняўся унутрыпалітычны пасыл. Раней думалі натхніць насельніцтва запэўніваннямі, што санкцыі магутнай айчыннай эканоміцы — як камарыны укус. Не надта атрымалася, насельніцтва на сваёй кішэні і лядоўні адчула, што ўсё сур’ёзна. Не толькі з прычыны санкцый, дарэчы. Тое, што гандаль з Украінай і транзіт праз Украіну абрынуліся — гэта вынік не заходніх санкцый, а вядома чаго.
Таму, магчыма, вырашылі памяняць ідэалагічны пасыл і цяпер валіць усе праблемы на заходнія санкцыі. Летась Беларусь ім прадала рознага дабра на 14 прыкладна мільярдаў. Дык гэтыя гады ўвялі такія зверскія санкцыі, што пазбавяць Беларусь даходаў ад экспарту ім ажно на 16 мільярдаў. Як так? Ну гады — вам жа патлумачылі, яны ва ўсім вінаватыя.
Магчыма, адрасат гэтых страшылак тут нават не адзін, не толькі беларускі народ. Пра гэтыя сумныя абставіны Раман Галоўчанка распавёў падчас перамоваў са сваім расійскім калегам Міхаілам Мішусціным. І папрасіў аб дапамозе. А ў такой сітуацыі ёсць прамы сэнс не прыхарошваць сваё становішча, а наадварот, распавядаць і расейцам, як церпіць Беларусь ад санкцый. У тым ліку і за прадастаўленне сваёй тэрыторыі для расейскіх нападаў на Ўкраіну, між іншым.
Праўда, расіяне напэўна ў курсе наконт таго, як Беларусь гандлявала і гандлюе з Захадам і ці праўда страты такія вялікія.
Але тут — як у старым анекдоце. Чалавек забірае машыну з рамонту. Глядзіць квіток за зроблены рамонт і пытаецца: «А што гэта за такая дарагая паслуга „Пракаціла“?» Механік у адказ: «Шкада — значыць, не пракаціла».
Вось не пракаціць, напэўна. І беларусам, і Мішусціну.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.