Сусветны банк унёс Беларусь у спіс краін, якія не абслугоўваюць свае даўгі перад ім. Ці азначае гэта чарговы дэфолт для нашай краіны і якімі будуць наступствы? Спыталі пра гэта ў акадэмічнага дырэктара BEROC (Кіеў) і запрошанага прафесара ўніверсітэта Карласа III у Мадрыдзе Кацярыны Барнуковай.
Што гэта за крэдыты, па якіх Мінск завінаваціўся Сусветнаму банку
Сусветны банк надаў крэдытам Беларусі ў Міжнародным банку рэканструкцыі і развіцця (ён уваходзіць у групу Сусветнага банка) статус неабслугоўваных праз пратэрміноўкі ў выплатах больш чым на шэсць месяцаў.
На 14 кастрычніка Мінск пратэрмінаваў выплаты на суму 68,43 млн даляраў. А агульны доўг нашай краіны перад МБРР складае 967 млн даляраў.
Звычайна МБРР выдае крэдыты на інфраструктурныя і інвестыцыйныя праекты, а таксама на праграмы па развіцці і рэфармаванні важных для грамадства галін. Напрыклад, у 2019 годзе структура выдала нашай краіне крэдыт на мадэрнізацыю сістэмы адукацыі, а таксама на павышэнне эфектыўнасці і якасці працы ЖКГ. А ў 2020-м вылучыў сродкі на рэканструкцыю аўтадарогі М6.
Атрымліваецца, Мінск адмовіўся плаціць па даўгах?
Уключэнне ў спіс краін, якія не абслугоўваюць даўгі перад Сусветным банкам, азначае, што структура вось ужо паўгода не атрымлівае ад Беларусі выплат па даўгах на агавораных падчас іх выдачы ўмовах. То-бок Мінск не выплаціў свае даўгі ў той валюце, якая была прапісаная ў крэдытных дамовах. Звычайна гэта даляры.
— Наколькі я разумею, мы прапанавалі праводзіць выплаты ў беларускіх рублях замест той валюты, якая прапісаная ў дамовах. Адпаведна, нас змясцілі ў спіс дрэнных даўжнікоў, — адзначае эканаміст Кацярына Барнукова і дадае: паколькі Сусветны банк — гэта практычна гуманітарная арганізацыя, вельмі мала хто не аддае яму даўгі.
Значыць, у нас яшчэ адзін дэфолт?
Не зусім. Па-першае, сам Сусветны банк пра дэфолт не гаворыць. Па-другое, пазыкі перад гэтай структурай адрозніваюцца ад крэдытаў перад камерцыйнымі банкамі або трымальнікамі аблігацый беларускага ўрада.
— Пакуль Сусветны банк не назваў гэта дэфолтам (мабыць, мы да гэтага яшчэ ідзём). Але трэба разумець, што крэдыты СБ не рынкавыя. Значыць, дэфолт, нават калі і адбудзецца па яго крэдытах, не будзе такім жа рынкавым сігналам, як нявыплаты, напрыклад, па еўрааблігацыях. Так што палохацца слова «дэфолт» у дадзеным выпадку, напэўна, не варта. Бо тое, што нам дыягнаставалі дэфолт па еўрааблігацыях, нашмат сур’ёзнейшае для рынкавага інвестара, — тлумачыць Кацярына Барнукова.
Нагадаем, раней Мінск разлічыўся ў беларускіх рублях па еўрааблігацыях, а не ў валюце, як было прадугледжана дамовамі. Эксперты гаварылі, што невыкананне абавязанняў азначае дэфолт па каштоўных паперах.
Хіба СБ не ідзе насустрач даўжнікам у складаных сітуацыях?
Так, ідзе. Сусветны банк, у адрозненне ад камерцыйных структур, якія працуюць на рынкавых умовах, якраз гатовы фінансава падтрымліваць краіны, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі. Ён дае крэдыты і вылучае падтрымку нават ва ўмовах, калі ў краіны кепскія крэдытныя рэйтынгі. Менавіта так ён не раз падтрымліваў Беларусь, адзначае эканаміст.
— Сусветны банк ставіць сваёй мэтай развіццё краін і барацьбу з сусветнай беднасцю. Таму, вядома, калі ў краіны ўзнікаюць нейкія эканамічныя праблемы, ён не толькі рэструктурызуе пазыку і дазваляе яе выплачваць больш прымальнымі тэмпамі, але ў момант праблем гатовы выдаць крэдыты, аказаць дапамогу, у тым ліку тэхнічную. Так было і з Беларуссю да пэўнага моманту.
Чаму СБ перастаў так сябе паводзіць у дачыненні да Беларусі?
Гэта звязана ў першую чаргу з саўдзелам беларускіх уладаў у ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, лічыць эксперт.
— Сусветны банк працягваў працаваць з Беларуссю нават пасля 2020 года, таму што яго праца была сканцэнтраваная на гуманітарных кірунках, такіх як ахова здароўя, адукацыя. Таму нягледзячы на палітычны крызіс (які СБ не ігнараваў — ён адкрыта казаў пра яго, як і пра неабходнасць яго вырашэння), ён працягваў працаваць у Беларусі. Рабіў гэта якраз таму, што ставіў якасць жыцця людзей вышэй за палітычныя моманты. Але калі 24 лютага гэтага года высветлілася, што Беларусь непасрэдна ўцягнутая ў агрэсію супраць іншай краіны, ён спыніў усе праекты, узаемаадносіны і вывеў свой офіс з Беларусі, — каментуе эксперт BEROC.
«Пасля расійскага ўварвання ва Украіну і ваенных дзеянняў супраць народа Украіны Сусветны банк неадкладна спыняе ўсе свае праграмы ў Расіі і Беларусі», — заявілі ў структуры ў пачатку сакавіка гэтага года.
— Паўтаруся, такія арганізацыі, як СБ, працуюць у многіх краінах, таму што іх асноўная мэта — не супрацоўнічаць з урадам, а дапамагаць насельніцтву. Але калі краіна з’яўляецца саўдзельніцай ваеннай агрэсіі, сітуацыя карэння мяняецца, — адзначае Кацярына Барнукова.
Ці значыць гэта, што Беларусь больш не будзе атрымліваць крэдыты ад гэтай структуры
Гэта будзе залежаць ад сітуацыі ў нашай краіне, адзначае эканаміст. У выпадку палітычных зменаў доўгатэрміновых наступстваў, да прыкладу, адмовы даваць фінансаваннне на розныя сацыяльна важныя праекты, хутчэй за ўсё не будзе. Гэта звязана якраз з тым, што СБ не працуе па тых жа правілах, што рынкавыя крэдыторы, а зыходзіць з гуманітарных меркаванняў.
— Гэта той крэдытор, які пабачыць перамены і падтрымае іх, у тым ліку новымі праектамі па развіцці і крэдытамі, — тлумачыць Кацярына Барнукова. — На шчасце, у гэтым плане доўгатэрміновых наступстваў не будзе. Але мы бачым, што падтрыманыя структурай праекты па адукацыі, медыцыне цяпер спыніліся. І пару гадоў у гэтым кірунку нічога адбывацца не будзе. Гэтыя наступствы ўжо ёсць — пры тым, што час, які мы страчваем, вельмі важны.
Варта адзначыць, што Сусветны банк перастаў адкрываць новыя крэдытныя праграмы для Беларусі яшчэ ў 2020 годзе.