Міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў прыляцеў з неабвешчаным візітам у Мінск і праводзіць сустрэчу з нядаўна прызначаным кіраўніком беларускага замежнапалітычнага ведамства Сяргеем Алейнікам. Сёння ў Мінску таксама сустрэнуцца Лукашэнка з Пуціным і міністры абароны Беларусі і Расіі.
— У Мінску праходзіць сустрэча міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Алейніка і міністра замежных справаў Расіі Сяргея Лаўрова, — расказалі ў прэс-службе беларускага МЗС.
Гэта першая сустрэча Лаўрова з Сяргеем Алейнікам, які 13 снежня быў прызначаны новым міністрам замежных справаў пасля смерці Уладзіміра Макея.
Паведамляецца, што міністры абмеркавалі супрацьстаянне заходнім санкцыям і ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і рэалізацыю сумесных праектаў. Акрамя таго, яны ўзгаднілі дату правядзення сумеснага паседжання калегій замежнапалітычных ведамстваў — яно плануецца ў другой палове студзеня 2023 года.
Апошні раз Лаўроў быў у Мінску ў чэрвені 2022 года. Тады ён сустракаўся з Лукашэнкам, Макеем і выступаў перад студэнтамі і выкладчыкамі БДУ.
Цяперашні візіт кіраўніка МЗС РФ у Беларусь не анансаваўся загадзя. Паводле звестак праекта Motolko Help, яго самалёт прызямліўся ў аэрапорце Мінска напярэдадні, 18 снежня.
Нагадаем, сёння ў Мінск таксама прыбудзе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін — ён правядзе сустрэчу з Лукашэнкам у шырокім складзе і ў фармаце «сам-насам».
У перамовах па пытаннях бяспекі Саюзнай дзяржавы ў вузкім складзе возьмуць удзел міністры абароны Беларусі і Расіі — Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу. Пра гэта паведаміў памочнік Хрэніна па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка.