У Беларусі цягам 2023 года збіраюцца істотна павысіць стаўкі акцызаў на цыгарэты і моцны алкаголь. Пра гэта паведамляе Мінфін. Таксама з гэтага года электронныя сістэмы курэння і сістэмы для спажывання тытуню ўключылі ў пералік падакцызных тавараў. Усё гэта прадугледжваюць праўкі ў Падатковы кодэкс, што азначае блізкі рост рознічных цэн на гэтыя тавары.
Мінфін паведаміў, што цягам 2023 года стаўкі акцызаў на цыгарэты першай цэнавай групы вырастуць у 2,2 разу, другой — на 60,9%, а на сцікі — на 86%.
Павышэнне ставак акцызаў на іншыя тытунёвыя вырабы (тытунь трубачны, курыльны, для кальяна, цыгары, цыгарыл) будзе ў межах 13,1−21,3%.
На 2023 год таксама прадугледжанае павышэнне ставак акцызаў на вадкасці для электронных сістэм курэння ў 5,1 разу, а на моцныя алкагольныя напоі — на 31,1%, удакладняе Мінфін.
Нагадаем, павышэнне ставак звязанае з пагадненнем з Расіяй і ўраўнаваннем кошту цыгарэт і моцнага алкаголю.