Германія і Канада ўслед за Францыяй абнавілі рэкамендацыі сваім грамадзянам па паездках і знаходжанні ў Беларусі. Тлумачым, чаму не варта баяцца: абнаўленне рэкамендацый звязанае з закрыццём памежнага пераходу «Бераставіца — Баброўнікі».
Абнаўленні рэкамендацый знешнепалітычных ведамстваў Германіі, Францыі і Канады звязаныя з закрыццём пункта пропуску «Баброўнікі» на беларуска-польскай мяжы.
У рэлізах падкрэсліваецца інфармацыя пра яго закрыццё, а паколькі паветраная камунікацыя паміж Беларуссю і краінамі ЕС спыненая, то для замежнікаў (зрэшты, як і для беларусаў), якія хочуць выехаць у Польшчу, застаецца толькі адно «акно» — праз памежны пераход «Брэст — Тэрэспаль», у якім цяпер назіраецца напружаная абстаноўка.
МЗС Германіі 13 лютага абнавіла сваю рэкамендацыю, выдадзеную 3 сакавіка 2022 года пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну, з перасцярогай ад наведвання Беларусі.
Яе тэкст практычна не змяніўся, змяніўся толькі першы абзац, астатнія рэкамендацыі засталіся ранейшымі.
«Усе памежныя пераходы з Украінай і памежны пераход „Кузніца — Брузгі“ з Польшчай закрытыя. Памежны пераход „Баброўнікі — Бераставіца“ з Польшчай закрыты з 10 лютага 2023 года, з 12.00 па мясцовым часе. Нельга выключаць далейшае кароткатэрміновае закрыццё [іншых пунктаў пропуску]. Магчымыя дадатковыя меры кантролю на памежных пераходах з Літвой, Польшчай і Латвіяй», — гаворыцца ў паведамленні.
МЗС Канады выпусціла абнаўленне рэкамендацый па Беларусі яшчэ 10 лютага. Там таксама гаворыцца пра закрыццё памежнага пераходу «Баброўнікі — Бераставіца».
Раней 13 лютага сваю рэкамендацыю неадкладна пакінуць Беларусь апублікавала МЗС Францыі. Такое ж папярэджанне МЗС Францыі выпускала 4 красавіка 2022 года. У абноўленым рэлізе МЗС Францыі адзначыла, што цяпер на беларуска-польскай мяжы для падарожнікаў дзейнічае толькі адзін пункт пропуску.