У базе дадзеных на сайце Федэральнай службы судовых прыставаў РФ абнавіліся запісы пра даўгі спявачкі Анжалікі Агурбаш — там з’явілася сума яе запазычанасці перад банкам ВТБ, звярнула ўвагу расійскае дзяржагенцтва Sputnik.
Банк ВТБ падаваў пазоў супраць спявачкі за даўнія даўгі па крэдытнай карце. Мяшчанскі раённы суд Масквы 8 лістапада 2022 года абавязаў Агурбаш вярнуць грошы. Згодна з запісам у банку дадзеных выканаўчых вытворчасцяў, сума доўгу складае 696 тыс. 422 расійскіх рубля, то-бок каля 9,5 тыс. даляраў.
Акрамя таго, абнавілася інфармацыя пра доўг спявачкі па пазове «Белкаапсаюза» пра футры. Нагадаем, прадпрыемства судзілася з Агурбаш, абвінавачваючы яе ў тым, што, атрымаўшы яшчэ ў 2018 годзе футры, шалікі, торбы і іншыя вырабы для рэалізацыі ў Маскве (ёй належалі камісійныя), яна так і не пералічыла грошы за тавар у тэрмін (да 2020 года) і сам тавар не вярнула (толькі правяла прэзентацыю). Суд стаў на бок прадпрыемства і пастанавіў спагнаць са спявачкі каля 6,1 млн расійскіх рублёў. Яна выплаціла толькі малую частку.
Паводле абноўленых звестак выканаўчай вытворчасці, Анжаліка Агурбаш усё яшчэ вінная за футры 6 млн 13 тысяч 962 расійскія рублі (каля 82 тысяч даляраў), за паўгода сума знізілася менш чым на 1 тысячу рублёў. Але вось выканальніцкі ўнёсак, які спявачцы выставілі да выплаты пасля суда, цяпер шматкротна вырас — з 5 да 426 тыс. расійскіх рублёў (5,8 тыс. даляраў).
У базе дадзеных ёсць яшчэ дзевяць выканаўчых вытворчасцяў на Анжаліку Агурбаш — па спагнанні запазычанасцяў па дзяржпошлінах, штрафах, падатках. Агульная сума яе даўгоў у Расіі на гэты момант складае 7 млн 236 тыс.146 расійскіх рублёў, або 99,4 тыс. даляраў.