Зварот да беларусаў да Дня Канстытуцыі апублікавалі 15 сакавіка прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі і дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская адзначыла, што сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі, якую «за апошнія 28 гадоў некалькі разоў незаконна перапісвалі».
«Канстытуцыі, чые артыкулы сістэматычна парушаў рэжым, акрамя, хіба што, артыкула 20: Мінск — сталіца Беларусі. Канстытуцыі, якая ўжо даўно страціла свой сэнс. На жаль, сёння не той дзень, з якім можна павіншаваць, але той, калі можна нагадаць сабе, як шмат мы з вамі ўжо зрабілі на шляху да вяртання сваіх канстытуцыйных правоў. І як шмат нам яшчэ давядзецца зрабіць, каб усе законы нашай краіны працавалі і абаранялі беларусаў, а не станавіліся інструментам для рэпрэсій супраць народа», — напісала Ціханоўская.
Палітык адзначыла, што ў дэмакратычных сіл ужо ёсць бачанне таго, як мусіць выглядаць Канстытуцыя новай Беларусі.
«Нашая задача — не проста новая кніжка з наборам словаў, якім кожны чыноўнік зможа пагрэбаваць дзеля ўласных інтарэсаў. Нашая задача — вярнуць гэтаму дакументу значнасць. Падрыхтаваць такую Канстытуцыю, якая стане абаронай ад дыктатуры, гарантуе кожнаму чалавеку правы і свабоды, а таксама ўсталюе дэмакратычныя стрымкі і процівагі. <…> Я ведаю, што дэмакратычныя перамены ў нашай краіне непазбежныя, як бы моцна рэжым ні спрабаваў пераканаць нас у адваротным. Прама цяпер мы з вамі набліжаем той час, калі Беларусь стане свабоднай дэмакратычнай краінай», — адзначыла Ціханоўская і заклікала далучацца да абмеркавання праекта Канстытуцыі новай Беларусі.
Лукашэнка ў сваёй тэлеграме падкрэсліў, што ў Год міру і стварэння «гэтае свята набывае асаблівую значнасць».
«Асноўны закон краіны адлюстроўвае шматвяковае імкненне беларусаў самім вызначаць свой шлях развіцця, жыць у незалежнай дзяржаве, сваёй працай забяспечваць дабрабыт грамадства. Абноўленая ў пераломны для краіны час Канстытуцыя захавала асноўныя прынцыпы міралюбнасці, сацыяльнай справядлівасці, павагі да дасягненняў мінулага, пераемнасць традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа, стала надзейнай асновай для ўмацавання грамадскага адзінства, сацыяльна-палітычнай стабільнасці, зладжанай і эфектыўнай працы ўсіх галін улады», — паведаміў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што «ў сучасных геапалітычных умовах няўхільнае прытрымліванне палажэнняў асноўнага закона служыць надзейнай гарантыяй абароны нацыянальных інтарэсаў, умацавання прававога падмурку беларускай дзяржаўнасці, робіць нас яшчэ мацнейшымі і больш паспяховымі».
«Віншую ўсіх грамадзян Беларусі з Днём Канстытуцыі! Няхай нашая родная краіна заўсёды будзе мірнай, шчаслівай і квітнее!» — рэзюмаваў Лукашэнка.