Суд Маскоўскага раёна Мінска 6 красавіка вынес прысуд экс-кандыдату ў прэзідэнты, лідару «Гавары праўду» Андрэю Дзмітрыеву. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў пратэсных маршах у 2020 годзе.
Палітыка прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) КК Беларусі. Яго асудзілі на паўтара года калоніі.
Пракурор, нагадаем, прасіла два гады пазбаўлення волі.
У чым абвінавачвалі Дзмітрыева
Як гаворыцца ў абвінавачанні, якое зачытала пракурор, Дзмітрыеў тройчы ўдзельнічаў у несанкцыянаваных масавых акцыях у Мінску з 23 жніўня да 6 верасня 2020 года, далучаючыся да групы людзей, якія груба парушалі грамадскі парадак, выходзіў на праезную частку дарогі, што пацягнула прыпыненне працы транспарту, заклікаў да парушэння парадку, ягоныя дзеянні былі скіраваныя на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве.
Пасля абвяшчэння абвінавачання Андрэй Дзмітрыеў сказаў, што цалкам прызнае віну і раскайваецца.
Паводле палітыка, у яго не было пратэснай сімволікі, ён не выкрыкваў лозунгаў і не пляскаў, але на праезную частку разам з натоўпам выходзіў, затрыманняў побач не бачыў. Сам фота не рабіў, але з ім фатаграфаваліся іншыя людзі і выкладвалі здымкі ў сацсеткі. Дзмітрыеў адзначыў, што разлічваў, што яго пазнавальнасць паспрыяе недапушчэнню правакацый.
Ліквідацыя «Гавары праўду», затрыманне, статус палітвязня
Нагадаем, Дзмітрыева затрымалі 11 студзеня і абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах пасля выбараў 2020 года. У дадатак да гэтага Следчы камітэт заявіў, што палітык «599 разоў перасякаў дзяржмяжу Беларусі, з іх 33 — пасля 2020 года», а яго кантакты з прадстаўнікамі палітычных колаў Еўропы і ЗША нібыта могуць сведчыць пра «каардынацыю яго дзейнасці з-за мяжы».
Грамадскае аб’яднанне «Гавары праўду», якое шмат гадоў узначальваў Дзмітрыеў, ліквідавалі ў 2021 годзе. Перад тым у арганізацыі прайшлі ператрусы, яе рахункі заблакавалі, а кіраўніка затрымлівалі для допыту.
Пасля закрыцця «Гавары праўду» Дзмітрыеў вёў блог, у якім крытыкаваў уладу, і займаўся стварэннем новай палітычнай партыі.
Калі палітыка затрымалі, на яго старонцы з’явілася загадзя запісанае відэа. Андрэй Дзмітрыеў сказаў, што разумеў, што яго могуць арыштаваць, але не хацеў спыняць дзейнасць.
З моманту затрымання Дзмітрыеў знаходзіцца ў СІЗА і прызнаны палітвязнем. На волі ў яго застаюцца жонка і трое дзяцей.
Суд над Андрэем Дзмітрыевым пачаўся 5 красавіка. Працэс вяла суддзя Кацярына Мурашка.