Арыштаваныя на «суткі» плацяць за сваё ўтрыманне ў цэнтрах правапарушальнікаў мільёны рублёў у год, а 4−5 арыштантаў забяспечваюць заробкам аднаго міліцыянера ў месяц. Да такіх высноваў мы прыйшлі пасля таго, як палічылі, колькі тыя, што адбываюць адміністрацыйны арышт, плацяць грошай у бюджэт.
Адміністрацыйна затрыманыя плацяць у бюджэт мільёны рублёў
Па законе з тых, хто адбывае «суткі» ў ІЧУ або ЦІП, бяруць кампенсацыю «выдаткаў на ўтрыманне» ў памеры 0,5 базавай велічыні. З пачатку 2023 года гэта 18,5 рубля за суткі.
Вядома, што ГУУС Мінгарвыканкама ўстанавіў суму харчавання аднаго арыштанта, які знаходзіцца ў ІЧУ або ЦІП на Акрэсціна, у памеры 5,57 рубля. З улікам надбаўкі і дастаўкі гарачай ежы яна павялічваецца да 7,67 рубля. З саміх арыштантаў пасля выхаду бяруць па 18,5 рубля за кожны праведзены там дзень, то-бок у 2,4 разу больш. Выходзіць, што за астатнія «паслугі» затрыманыя плацяць 10,83 рубля за дзень. Гэта 162 рублі за 15 дзён, ці 325 за месяц, — амаль бюджэт пражытачнага мінімуму. Што менавіта ўлічваецца ў гэтай суме, МУС не раскрывае. Ведамства таксама не расказвае, колькі менавіта траціцца з бюджэту на арыштаваных па адміністрацыйных справах і на ўтрыманне цэнтраў, дзе яны адбываюць «суткі».
Раней «Люстэрка» аналізавала дзяржзакупкі на харчаванне ў ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна ў Мінску. Сёлета сюды плануюць закупіць 104,3 тысячы сутачных порцый харчавання для арыштантаў. То-бок мяркуецца, што ў суме гэтыя людзі прабудуць у ІЧУ і ЦІП менавіта столькі дзён (у сярэднім 342 чалавекі ў дзень). Калі план будзе выкананы, то ўсяго гэтыя людзі заплацяць за сваё ўтрыманне амаль 1,93 млн рублёў.
Летась базавая велічыня была 32 рублі, то-бок за адбыванне арышту мінчукі плацілі 16 рублёў за дзень. Для Акрэсціна закупілі 88 141 сутачную порцыю ежы на 9 месяцаў. Выходзіць, што за гэты час усяго бюджэт мог атрымаць ад змешчаных у гэтым месцы 1,4 млн рублёў.
На колькі дзяржбюджэт мог папоўніцца за 2022 год
Паводле звестак Вярхоўнага суда, у 2022 годзе ўсяго раённыя суды прызначылі адміністрацыйны арышт 46 472 асобам (гаворка ідзе пра ўсіх правапарушальнікаў, а не толькі палітычных). Калі дапусціць, што ў сярэднім яны адбывалі па 15 сутак арышту (сярэдні паказчык для палітычных арыштантаў летась), то за сваё ўтрыманне яны заплацілі ў бюджэт краіны больш за 11 млн рублёў.
Праваабаронцы паведамляюць, што ў першыя тры месяцы 2023 года па палітычных матывах беларусы адбылі ў агульнай суме 2512 сутак адміністрацыйнага арышту. Значыць, яны заплацілі ў бюджэт за сваё ўтрыманне 46,5 тысячы рублёў. Уся сума будзе вышэйшая: па-першае, не пра ўсе выпадкі праваабаронцам становіцца вядома, па-другое, у ІЧУ і ЦІП змяшчаюцца арыштаваныя не толькі па палітычных артыкулах.
Колькі арыштантаў забяспечыць заробкам аднаго міліцыянера
У канцы сакавіка на сайце praca.by з’явілася вакансія міліцыянера, які будзе працаваць па адрасе Акрэсціна, 36. Там жа размешчаны Цэнтр утрымання правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама. Кандыдатам на вакансію абяцаюць заробак 1350 рублёў на рукі, то-бок пасля выплаты падаткаў. Мы паспрабавалі вылічыць, колькі арыштантаў, якія знаходзяцца ў гэтым жа месцы, забяспечаць гэтага міліцыянера заробкам.
Для гэтага мы звярнуліся да звестак праваабарончага цэнтра «Вясна» наконт колькасці вядомых ім палітычных арыштантаў у краіне па выніках першага квартала 2023 года. У праваабаронцаў ёсць звесткі пра 160 чалавек, а адбылі яны агулам 2512 сутак. Атрымліваецца, што ў гэты перыяд у сярэднім адзін чалавек знаходзіўся на «сутках» амаль 16 дзён. Значыць, за сваё ўтрыманне ён заплаціў крыху больш за 290 рублёў.
Гэтыя грошы ідуць у бюджэт, адкуль потым размяркоўваюцца на розныя мэты, уключаючы тыя ж дзяржзакупкі на харчаванне арыштантаў, утрыманне дзяржустановаў, а таксама заробкі супрацоўнікаў міліцыі. Калі зыходзіць з нашых усярэдненых разлікаў, можна зрабіць выснову, што заробак міліцыянеру з названай вышэй вакансіі маглі забяспечыць 4,7 «сярэдняга» арыштанта.
Чытайце таксама