Увядзенне кантролю на мяжы з Расіяй абумоўленае неабходнасцю перакрыць нелегальныя пастаўкі зброі. Пра гэта расказаў у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» чалец Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Алег Дзьячэнка.
Ён падкрэсліў, што расійская агрэсія супраць Украіны перарасла фармат «спецыяльнай ваеннай аперацыі» і пераносіцца «на асабліва расійскія рэгіёны». Паводле сенатара, у такіх умовах Беларусь «павінная ўзмацняць бяспеку дзяржавы».
— Гэта мы і зрабілі, умацаваўшы паўднёвыя межы, каб адтуль не было перапампоўкі зброі і боепрыпасаў на тэрыторыю нашай краіны. Таксама ўзмацнілі памежны кантроль з РФ, таму што і праз Расію да нас могуць трапляць не толькі псіхатропы, але і зброя. Неабходна ўзмацняць бяспеку ўсяго грамадства, — падзяліўся меркаваннем Алег Дзьячэнка.
Спікер таксама адзначыў, што бяспеку трэба ўзмацняць «па ўсіх напрамках».
Нагадаем, з 5 траўня на беларуска-расійскай мяжы ўвялі часовы памежны кантроль. У Дзяржпамежкамітэце «Люстэрку» раней патлумачылі, што гэта зроблена «ў рамках выканання ратыфікацыйнага пагаднення пра ўзаемнае прызнанне візаў з Расіяй».
Праз некалькі дзён, 6 і 7 траўня, на ўездзе ў Беларусь з РФ пачаў праводзіцца патокавы агляд і аўтамабіляў беларусаў.
Чытайце таксама