КДБ мае звесткі пра супрацоўнікаў спецслужбаў, якія рыхтуюць баевікоў у Польшчы, краінах Балтыі і ва Украіне для наступнага сілавога сцэнару зрынання ўлады ў Беларусі. Пра гэта ў эфіры канала «Беларусь 1» заявіў намеснік начальніка Следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.
«КДБ фіксуе такія тэрарыстычныя праявы. Падрыхтоўка злачынцаў адбываецца на базе спецпадраздзяленняў і ўзброеных фарміраванняў. У Польшчы гэта „Гром“, у Літве — Саюз стралкоў Літвы, ва Украіне — СБУ і падраздзяленні ўкраінскай ваеннай разведкі. Потым баевікі праходзяць „абкатку“ на полі бою на паўднёвым усходзе Украіны, пасля чаго робяцца інструктарамі, рыхтуюць тэракты і распрацоўваюць планы ўварвання ў Беларусь. КДБ рэспублікі вядомыя асобы супрацоўнікаў спецслужбаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку тэрарыстаў, а таксама фонды, якія фінансуюць іх дзейнасць», — заявіў ён.
Паводле яго словаў, у КДБ Беларусі ёсць усе магчымасці, каб гэтую пагрозу своечасова ліквідаваць.
«У збеглых тэрарыстаў і калектыўнага Захаду, які стаіць за іх спінай, шанцаў няма», — падкрэсліў Бычак.
Нагадаем, раней выданне The Times выпусціла матэрыял пра баявую падрыхтоўку беларусаў у Польшчы, якія былі вымушаныя пакінуць краіну і ў будучыні хочуць вярнуцца ў Беларусь, каб змагацца супраць рэжыму.