Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская апублікавала зварот да беларусаў пад канец марафону салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно!», на якім за два дні сабралі 574 356 еўра, і падзякавала ўсім, хто данаціў, за падтрымку.
Ціханоўская расказала, што цягам тыдня назіральная рада на чале з прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольгай Гарбуновай размяркуе сабраныя грошы паміж 13 арганізацыямі і фондамі. У іх будзе два месяцы на тое, каб накіраваць дапамогу палітвязням і іх сем’ям, а публічная справаздача будзе прадстаўленая ў лістападзе.
— Я дзякую кожнаму, хто ахвяраваў грошы. Дзякую актывістам, палітыкам, праваабаронцам і артыстам, якія ўзялі ўдзел у марафоне. Вялікі дзякуй усім журналістам і незалежным беларускім медыя, якія аб’ядналіся вакол адной мэты. І, вядома, давайце разам падзякуем Волі Гарбуновай і яе камандзе за арганізацыю такой ініцыятывы — гэта так важна для ўсіх нас.
Гэты марафон зноў даў веру ў тое, што мы, беларусы, здольныя аб’яднацца. Мы здольныя дапамагаць адно аднаму, дзе б мы ні знаходзіліся. Разам мы зноў паказалі ўсяму свету, што нам не ўсё адно на лёсы тых, хто зараз знаходзіцца ў закладніках рэжыму.
Дарагія, памятайце галоўнае — для дапамогі адно аднаму не патрэбная нейкая нагода ці асаблівая дата. Салідарнасць і ўзаемны клопат заўсёды былі і будуць нашай сілай. А іх вынік — так радуе і зараджае натхненнем усіх нас. Я заўсёды кажу, што веру ў беларусаў. І вы, мае дарагія, таксама не забывайцеся верыць адно ў аднаго, — сказала Святлана Ціханоўская.
Нагадаем, марафон салідарнасці з беларускімі палітвязнямі «Нам не ўсё адно!» доўжыўся два дні — суботу і нядзелю. За гэты час беларусы сабралі для 1475 палітвязняў і іх сем’яў 574 356 еўра. За час трансляцыі марафону ў зборы сродкаў паўдзельнічала мінімум 9,2 тысячы чалавек.