Агрэсары аднолькавыя — што цяпер, што 500 гадоў таму. Яны прагнуць падпарадкаваць сабе іншых, навязаць сваю волю і захапіць чужыя тэрыторыі. Пра гэта заявіла дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, віншуючы беларусаў з 8 верасня, які лічыцца неафіцыйным Днём беларускай вайсковай славы.
«Сёння мы адзначаем Дзень вайсковай славы. Амаль 500 гадоў таму ў бітве пад Оршай войскі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Астрожскага разграмілі маскоўскае войска, якое вяло наступ на беларускія землі. Гэта сумесная перамога беларускага, літоўскага, польскага і ўкраінскага народаў. Мы паказалі, што здольныя абараніць тое, што нам дарагое», — сказала Ціханоўская.
Яна адзначыла, што гэта частка сумеснай гісторыі, якую варта «ведаць нам і нашым дзецям».
«Гэтыя агрэсары — аднолькавыя, што 500 гадоў таму, што цяпер. Яны прагнуць падпарадкаваць сабе іншых, навязаць сваю волю і захапіць чужыя тэрыторыі. Хоць цывілізаваны свет ужо даўно жыве паводле іншых правілаў», — падкрэсліла палітык.
Яна заявіла, што ганарыцца тым, што беларусы цэняць рэальную гісторыю, сваіх герояў і адзначаюць святы, якіх не саромеюцца.
«І Дзень вайсковай славы — адзін з такіх. І я вас з гэтым віншую. Галоўная перамога наперадзе», — падсумавала Ціханоўская.
Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года — бітва падчас Маскоўска-літоўскай вайны. У ёй войскі ВКЛ і Каралеўства Польскага пад кіраўніцтвам вялікага гетмана літоўскага Канстанціна Астрожскага разграмілі маскоўскае войска.