Пытанне вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі не вырашыцца найбліжэйшым часам і можа стаць перманентнай зацягнутай праблемай. У гэтым упэўнены былы дыпламат беларускага МЗС, а цяпер аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR) Павел Слюнькін. У калонцы для «Люстэрка» ён разважае пра тое, чаму цяперашніх вязняў не атрымаецца вызваліць так, як гэта адбывалася ў папярэднія гады, калі ў абмен на свабоду палітвязняў афіцыйны Мінск выгандлёўваў сабе ў Захаду нейкія саступкі і паслабленні.
У турмах свету ад Лацінскай Амерыкі да Азіі, паводле розных падлікаў, знаходзіцца ад дзясятка тысяч да мільёна палітычных зняволеных. Нашая краіна апошнія тры гады ставіць сумныя рэкорды, значна апярэджваючы Іран, Кубу, Азербайджан і Венесуэлу па гэтым паказчыку. Гэта пры тым, што колькасць насельніцтва ва ўсіх гэтых краінах большая: ад 10 млн на Кубе да 88 млн у Іране.
Сама наяўнасць палітычных арыштаў для Беларусі не новая, аднак у такім глыбокім правачалавечым крызісе краіна не знаходзілася яшчэ ніколі. У пачатку 2020 года ў Беларусі не было міжнародна прызнаных палітычных зняволеных, а сёння іх 1451 чалавек. Паводле некаторых падлікаў, у Беларусі кожны дзень затрымліваюць каля 10 чалавек па палітычных матывах: ад каментара ў сацыяльнай сетцы да падпіскі на незалежныя СМІ.
Такая сумная карціна без намёкаў на паляпшэнне паставіла беларускіх дэмакратычных палітыкаў перад складаным выбарам адэкватнай стратэгіі для вызвалення незаконна затрыманых людзей. Адны разлічваюць на міжнародны ціск, іншыя — на саступкі беларускім уладам. Парадаксальна, але абодва бакі, аргументуючы сваю пазіцыю, прыводзяць прыклады з мінулага Беларусі.
Практычна пасля кожных прэзідэнцкіх выбараў у краіне з’яўляліся палітычныя зняволеныя. Кожны раз іх урэшце адпускалі — кагосьці дзякуючы прашэнням пра памілаванне, кагосьці — ад жадання перадухіліць ці зняць санкцыі, кагосьці — у выніку перамоваў з заходнімі краінамі. Прэзідэнцкія выбары 2020 года, аднак, шматкроць перасягнулі папярэднія электаральныя кампаніі па маштабах гуманітарных і палітычных наступстваў.
Упершыню ў публічнай прасторы з’явіліся такія пераканаўчыя доказы разгромнай паразы Аляксандра Лукашэнкі і масавых фальсіфікацый. Упершыню на вуліцах гарадоў краіны ад Мінска да райцэнтраў прайшлі масавыя акцыі пратэсту з палітычнымі патрабаваннямі, у якіх удзельнічалі ўсе сацыяльныя групы — ад пенсіянераў і людзей з інваліднасцю да чыноўнікаў і сілавікоў. Упершыню гэтыя пратэсты не спыняліся нават праз месяцы іх жорсткага здушэння.
Гэтым тлумачыцца і паранаідальная рэакцыя дзяржаўнага апарату. Ранейшых метадаў таргетаваных арыштаў было ўжо недастаткова для вяртання кантролю над сітуацыяй, уладам трэба было апусціць краіну ў атмасферу ўсеагульнага страху, бясконцых арыштаў і знішчэння грамадзянскай супольнасці.
Аляксандр Лукашэнка назваў новыя таталітарныя практыкі «рэформамі ў грамадскай і палітычнай сферах», гэта азначае, што ўлады разглядаюць размах і глыбіню рэпрэсій як доўгатэрміновую аснову для новага фармату ўзаемаадносін з насельніцтвам. І гэта вельмі дрэнная навіна для ўсіх беларусаў. Асабліва для тых, хто атрымаў і атрымае велізарныя тэрміны за праявы палітычнай актыўнасці.
Падчас папярэдніх эпізодаў астуджэння адносін з Захадам галоўнай перашкодай для нармалізацыі служыла менавіта пытанне палітычных зняволеных. Іх вызваленне кожны раз адчыняла дзверы для новай размарозкі. Цяпер багаж узаемных прэтэнзій бакоў нашмат больш важкі.
Па-першае, акрамя ўтрымання палітычных закладнікаў заходнія краіны абвінавачваюць Лукашэнку ў незаконным утрыманні ўлады і патрабуюць правядзення новых выбараў. Па-другое, яго лічаць суўдзельнікам захопніцкай вайны Расіі супраць Украіны, абвінавачваюць у арганізацыі міграцыйнага крызісу на межах ЕС і парушэнні міжнародных авіяцыйных правілаў. Па-трэцяе, ад яго чакаюць адмаўлення ад рэпрэсіўных практык.
За кожнае з вышэйзгаданых парушэнняў супраць Беларусі ўводзіліся санкцыі. Але нягледзячы на міжнародны ціск, паводзіны Мінска кардынальна не змяніліся. Больш за тое, на фоне павелічэння спісу заходніх патрабаванняў у беларускіх уладаў скарацілася колькасць стымулаў ісці на якія-кольвек саступкі.
Самыя аб’ёмныя ў гісторыі краіны санкцыі моцна ўдарылі па беларускай эканоміцы, але дзякуючы падтрымцы Расіі яна здолела падладзіцца пад новыя ўмовы. Жаданні захаваць рынак, інвестыцыі і доступ да інфраструктуры еўрапейскіх дзяржаваў ужо не аказваюць стрымальнага эфекту для ўнутранай палітыкі — з імі давялося развітацца, а іх месца занялі расійская чыгунка, марскія парты і экспарт у Кітай.
Глабальная трансфармацыя міжнародных адносін, каскад рэгіянальных крызісаў і рост папулярнасці ідэй ізаляцыянізму не толькі адсоўваюць праблемы беларусаў на задворкі сусветнай агенды, але і адкрываюць новыя магчымасці для ўмацавання пазіцый аўтарытарных рэжымаў.
У такіх умовах дамагацца вызвалення палітычных зняволеных як інструментамі ціску, так і праз перамовы становіцца надзвычай складана. Час грае на карысць Мінска, бо ён можа шантажаваць сваіх апанентаў жыццямі і здароўем людзей, патрабуючы ўсё большых саступак за іх свабоду або паляпшэнне ўмоваў утрымання.
Як бы гэта ні было балюча ўсведамляць, хутчэй за ўсё, тэма палітычных зняволеных у Беларусі з часовай, як гэта было ў большасці выпадкаў раней, цяпер ператворыцца ў перманентную. Як гэта адбываецца дзесяцігоддзямі ў Паўночнай Карэі, Егіпце, Саудаўскай Аравіі і іншых краінах свету. Вызваленне незаконна зняволеных людзей у значна большай ступені будзе залежаць не ад актыўнасці палітычных лідараў за мяжой або ціску заходніх сталіц, а ад добрай волі ўладаў у Мінску і іх ацэнкі ўласнай палітычнай рызыкі.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.