Новы прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск прадставіў склад будучага ўрада. МЗС краіны ўзначаліў Радаслаў Сікорскі, які ўжо займаў тую ж пасаду ў 2007−2014 гадах і запомніўся, у прыватнасці, перамовамі з Аляксандрам Лукашэнкам і яго рэзкай крытыкай пасля іх правалу, прадказаннем, што беларускі палітык рана ці позна ўцячэ з краіны, а таксама пагрозамі трыбунала ў яго адрас. «Люстэрка» падрабязна ўспамінае, як складваліся адносіны Сікорскага і Лукашэнкі.
Прыход у МЗС і самагонка з беларускім міністрам
Радаслаў Сікорскі нарадзіўся ў 1963 годзе ў польскім Быдгашчы (ён на дзевяць гадоў маладзейшы за Лукашэнку, які прыйшоў на свет у 1954-м). Сям’я яго жонкі — родам з беларускага Кобрына, а яго ўласныя продкі па матчынай лініі — імаверна, са Стоўбцаў. У 1981-м будучы кіраўнік польскага МЗС паехаў вучыць англійскую мову ў Вялікабрытанію. Акурат тады камуністычныя ўлады ягонай краіны ўвялі ваеннае становішча, баючыся росту папулярнасці незалежнага прафсаюза «Салідарнасць». Таму Сікорскі застаўся на Захадзе. Ён пачынаў як журналіст, які працаваў у гарачых месцах (у тым ліку ў Афганістане, Анголе і Югаславіі). У дзевяностыя гады вярнуўся ў Польшчу і заняўся палітыкай.
У нулявыя гады Сікорскі быў міністрам абароны (2005−2007) у складзе кабінета, сфармаванага кансерватыўнай партыяй «Права і справядлівасць» (ПіС). Але ў 2007-м у Польшчы пасля распаду кіроўнай кааліцыі прайшлі пазачарговыя парламенцкія выбары. Перамогу атрымалі асноўныя праціўнікі ПіС — партыя «Грамадзянская платформа» на чале з Дональдам Тускам, якая набрала 41,51%. У лістападзе яна сфармавала кааліцыю з Польскай сялянскай партыяй (8,9%) і мела ўладу наступныя восем гадоў. Практычна ўвесь гэты час Туск быў прэм’ер-міністрам, а Сікорскі, які далучыўся да «Платформы», — міністрам замежных справаў.
Пакуль Туск быў у апазіцыі, адносіны паміж Беларуссю і Польшчай (прынамсі на найвышэйшым узроўні) былі фактычна замарожаныя. Але пасля прыходу «Грамадзянскай платформы» да ўлады ўсё змянілася. Праўда, ініцыятыва тады ішла не толькі ад палякаў.
Адносіны Беларусі з Захадам у цэлым былі на нізкім узроўні пасля рэпрэсій у 2006-м. Але ўжо ў наступным годзе Мінск пачаў дэманстраваць асцярожныя спробы наладзіць адносіны з ЕС. Прычынай сталі эканамічныя складанасці ў дыялогу з Масквой. Акурат з пачатку 2007-га Расія ўвяла для Беларусі экспартную пошліну на нафту, якая ўвозілася з гэтай краіны. Гэта быў сур’ёзны ўдар па эканоміцы нашай краіны, 40% экспарту якой складалі нафтапрадукты. Акрамя таго, уладам давялося дзяліцца з РФ пошлінай на экспарт нафтапрадуктаў са сваёй тэрыторыі. Толькі ў сярэдзіне снежня 2007-га краіны дамовіліся пра цану на газ на наступны год. У выніку астуджэння адносін з Крамлём афіцыйны Мінск пачаў больш кантактаваць з еўрапейскімі структурамі.
Але на паўнавартасную размарозку адносін Захад пайшоў ужо ў наступным, 2008-м, годзе. Яшчэ ў сярэдзіне сакавіка Туск сустракаўся з лідарам беларускай апазіцыі Аляксандрам Мілінкевічам. А ў канцы месяца ў розных рэгіёнах Беларусі прайшлі ператрусы ў кватэрах журналістаў, якія супрацоўнічалі з «Радыё Рацыя», «Еўрарадыё», «Белсатам» і іншымі незалежнымі беларускімі СМІ. «Белсат» акурат пачаў вяшчанне незадоўга да гэтага, у снежні 2007-га.
Пасля ператрусаў Сікорскі патэлефанаваў дырэктарцы тэлеканала Агнешцы Рамашэўскай. «Я расказала яму, як складваецца сітуацыя, пасля чаго міністр запэўніў, што фінансаванне праекта не толькі не спыніцца, але нават павялічыцца», — адзначыла яна. У красавіку Сікорскі афіцыйна пацвердзіў інфармацыю пра павелічэнне фінансавай падтрымкі канала.
А ў жніўні 2008 года Расія атакавала Грузію. Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў амаль імгненна: ён вызваліў палітвязняў, аслабіў кантроль над СМІ і апазіцыяй. 12 верасня адбылася першая за доўгі час рабочая сустрэча міністраў замежных справаў Польшчы і Беларусі: Сікорскага і Сяргея Мартынава. Яна прайшла ў Віскулях, што ў Белавежскай пушчы (менавіта там у 1991-м была пастаўленая кропка ў існаванні СССР).
Мяркуючы з усяго, перамовы прайшлі паспяхова: верталёт з польскай дэлегацыяй вярнуўся ў Варшаву на паўтары гадзіны пазней, чым планавалася. Сікорскі патлумачыў гэта «знакамітай беларускай гасціннасцю». «Беларускі самагон і пячонка зубра — цікавы досвед», — казаў ён (праўда, пасля гэтага адна з прадстаўніц беларускай апазіцыі расказала міністру, што беларускіх зуброў адстрэльваюць праз туберкулёз — гэта прымусіла яго панервавацца). Адзін з тостаў дыпламаты паднялі за перамогу іх продкаў у Венскай бітве (у 1683-м армія Рэчы Паспалітай, якую ўзначальваў кароль Ян III Сабескі, разбіла туркаў і выратавала Еўропу ад асманскага нашэсця. — Заўв. рэд.)
Паводле словаў польскага міністра, Мартынаў паведаміў яму, што Беларусь не прэтэндуе на сяброўства ў Еўрасаюзе, але хоча больш цесных адносін з ЕС. «Беларуская эканоміка магла б атрымаць выгаду з нашага досведу эканамічных рэформаў і нашых свежых, але ўжо дастаткова моцных эканамічных сувязяў з Еўрасаюзам», — адзначыў Сікорскі. Таксама міністры абмяркоўвалі магчымасці спрашчэння візавага рэжыму паміж краінамі, малы памежны рух, карту паляка і іншыя тэмы. Супрацоўніцтва па ўсіх гэтых напрамках, на думку Сікорскага, магло інтэнсіўна развівацца з адной умовай — калі Беларусь працягне курс на дэмакратызацыю.
Таксама польскі міністр паведаміў, што Еўрасаюз працягвае абмяркоўваць скасаванне санкцый супраць Беларусі: «На сённяшні дзень, калі не адбудзецца нічога неспадзяванага, мы гаворым пра тое, рабіць гэта найбліжэйшымі днямі або найбліжэйшымі тыднямі». Так і здарылася: ужо ў наступным месяцы ЕС часткова прыпыніў візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў.
У 2009-м збліжэнне дзвюх краін працягнулася. У лютым Сікорскі выступіў у польскім Сейме. «Мы лічым, што Беларусь таксама абярэ перспектыву інтэграцыі ў Еўропу. Гэта адкрые ёй шлях да больш блізкіх адносін з заходнімі суседзямі і Еўрасаюзам у цэлым», — сказаў ён. «Маштабы ўзаемадзеяння залежаць ад гатоўнасці беларускіх уладаў лібералізаваць палітычную сістэму. Польшча будзе падтрымліваць спробы [Беларусі] пабудаваць грамадзянскую супольнасць, у якой усе грамадзяне, уключаючы палякаў, змогуць аб’ядноўвацца ў арганізацыі і будуць здольныя выказваць іх меркаванні, ідэі і жаданні», — дадаў дыпламат.
«Справа Саюза палякаў» і першая сустрэча з Лукашэнкам
Апошняя фраза ў прыведзенай вышэй цытаце Сікорскага прагучала невыпадкова. Бо ўсё ледзь не пайшло прахам праз упартасць афіцыйнага Мінска.
Яшчэ ў пачатку 1990-х у нашай краіне ўзнікла аб’яднанне Саюз палякаў Беларусі, якое галоўным чынам займалася падтрымкай польскай мовы і культуры сярод шматлікай польскай дыяспары ў нашай краіне. Аднак напярэдадні тых самых прэзідэнцкіх выбараў 2006-га ўлады палічылі, што кіраўніцтва гэтай арганізацыі недастаткова лаяльнае. У 2005-м прайшоў чарговы з’езд Саюза, на якім кіраўніцай СПБ была абраная Анжаліка Борыс. Але афіцыйны Мінск яе не прызнаў. Пры яго спрыянні быў праведзены альтэрнатыўны з’езд. Кіраўніком арганізацыі абвясцілі пенсіянера і былога дырэктара школы Юзафа Лучніка. У сваю чаргу Варшава катэгарычна адмовілася прызнаць яго і дэманстратыўна падтрымала Борыс.
Здавалася б, паміж краінамі адбывалася збліжэнне. Але адмаўляцца ад ранейшай палітыкі ў дачыненні да СПБ Мінск не збіраўся. Замест таго каб прызнаць Анжаліку Борыс лідаркай арганізацыі, улады толькі памянялі ў ёй кіраўніка і замест Лучніка на безальтэрнатыўнай аснове «выбралі» бізнесоўца Станіслава Сямашку — яшчэ адной імавернай прычынай перастаноўкі былі фінансавыя праблемы, з якімі праўладны Саюз сутыкнуўся пасля расколу. Непрызнаны ж уладамі саюз па-ранейшаму падвяргаўся ціску.
«Актывістам апальнага крыла арганізацыі ў мінулым [2009] годзе неаднаразова давалі зразумець, што яны знаходзяцца пад кантролем спецслужбаў. Практыкаваліся розныя формы псіхалагічнага ціску. У жніўні ў беларускіх СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што Борыс нібыта датычная да фінансавых махінацый, хоць афіцыйна абвінавачанні выстаўленыя не былі. <…> У гэтым [2010] годзе праблема Саюза палякаў абвастрылася. Беларускае кіраўніцтва не толькі ігнаруе заклікі з Варшавы і Страсбурга, але і ўзмацняе ціск на Анжаліку Борыс і яе прыхільнікаў. Дзеячы з альтэрнатыўнага Саюза палякаў прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. Праўрадаваму крылу перадаецца ўласнасць арганізацыі. Так, у Івянцы актывісты непрызнанага крыла арганізацыі выдаляліся з памяшкання з дапамогай міліцыі», — пісаў рэсурс Naviny.by.
Акурат пасля гэтай сітуацыі ў Івянцы цярпенне Польшчы скончылася. 8 лютага 2010 года ў МЗС выклікалі амбасадара Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка і заявілі яму пратэст. 9 лютага Сікорскі адклікаў у Варшаву польскага амбасадара ў РБ Генрыка Літвіна. Таксама міністр заявіў, што збіраецца «па-мужчынску» пагаварыць са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым падчас візіту апошняга ў Варшаву. Гэтая сустрэча адбылася 12 лютага, і што да Саюза палякаў усе засталіся на сваіх пазіцыях.
«Збліжэнне Еўрасаюза з Беларуссю рэалізуецца як палітыка ўмоваў і залежыць ад ступені павагі правоў нацыянальных меншасцяў і правоў чалавека ў Беларусі», — заявіў пасля сустрэчы Сікорскі. У сваю чаргу, Мартынаў адзначыў, што беларускія ўлады нібыта «не праводзяць рэпрэсій у дачыненні да польскай меншасці». Ён падкрэсліў, што палякі ў Беларусі — «неад'емная часткай грамадства і павінныя выконваць беларускія законы».
Нібыта ў насмешку беларускія ўлады 15 лютага, праз тры дні пасля сустрэчы дыпламатаў, затрымалі Борыс і яшчэ больш за 40 актывістаў. Некаторыя з іх атрымалі штрафы і «суткі».
У гэтыя ж дні ва Украіне праходзілі прэзідэнцкія выбары. Пасля другога тура, які прайшоў 7 лютага, пераможцам стаў Віктар Януковіч — той самы, які праз чатыры гады будзе зрынуты ў выніку «рэвалюцыі годнасці». На інаўгурацыі ў Кіеве і адбылася першая сустрэча Лукашэнкі з Сікорскім — той асабіста вырашыў пачаць непасрэдныя перамовы з беларускім палітыкам і дзеля гэтага прыляцеў ва ўкраінскую сталіцу (на звязаных з інаўгурацыяй мерапрыемствах Польшчу прадстаўляў прэзідэнт Лех Качыньскі).
«Хачу падкрэсліць, што паміж Беларуссю і Польшчай няма ніякіх праблем. Хачу, каб вы зыходзілі з гэтага. Калі ёсць нейкія непаразуменні, інакш іх не назавеш, то мы ў стане іх вырашыць», — заявіў тады Лукашэнка. Ён дадаў, што ўпэўнены ў паспяховым вырашэнні сітуацыі вакол Саюза палякаў Беларусі.
«Прэзідэнт Беларусі запэўніў мяне, што будзе шукаць рашэнні і што можа з’явіцца група экспертаў, якая найбліжэйшым часам знойдзе рашэнне, якое задаволіла б абодва бакі. Мы прымаем на гэтым этапе такую дэкларацыю <…> і будзем чакаць вынікаў», — адзначыў Сікорскі ў каментары польскім СМІ.
У красавіку Сікорскі добразычліва выступіў у Сейме па беларускім пытанні. «З павагай і прыязнасцю мы назіраем за станаўленнем беларускай дзяржаўнасці. Але ў постсавецкіх рэаліях незалежнасць не можа ўмацавацца без прасоўвання дэмакратыі. Дэкларуючы волю да шырокага ўзаемадзеяння з Беларуссю, мы нязменна падштурхоўваем беларускія ўлады да ажыццяўлення сістэмных зменаў», — заявіў міністр, зноў нагадаўшы пра правы польскай меншасці.
Выбары-2010 і візіт у Мінск
Неўзабаве ўсе праблемы ў адносінах Мінска і Варшавы засланіла трагедыя пад Смаленскам: 10 красавіка 2010 года, заходзячы на пасадку на аэрадром Смаленск-Паўночны, разбіўся польскі прэзідэнцкі самалёт Ту-154М. На борце было 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Лех Качыньскі з жонкай, вядомыя палітыкі, амаль усё найвышэйшае вайсковае камандаванне і шэраг грамадскіх дзеячаў. Дэлегацыя ляцела на жалобную цырымонію, прысвечаную 70-й гадавіне расстрэлу супрацоўнікамі НКУС польскіх афіцэраў у Катыні. Усе людзі, якія знаходзіліся на борце, загінулі.
Туска і Сікорскага ў тым самалёце не было. З аднаго боку, сумесны візіт супярэчыў бы правілам: дзве першыя асобы дзяржавы звычайна не лётаюць адным бортам з меркаванняў бяспекі. Але рэч была яшчэ і ў вельмі нацягнутых адносінах паміж прэзідэнтам і прэм’ерам і іх партыямі — фактычна ў Смаленск у той дзень мусілі ляцець дзве групы польскай эліты.
У выніку беларускія ўлады ўсяляк дапамагалі палякам: прынялі рэйс у Віцебск, арганізавалі дастаўку палітыкаў да Смаленска і іх вяртанне дадому. На нейкі час гэта дазволіла яшчэ мацней палепшыць адносіны паміж краінамі. Тым больш што «справа Саюза палякаў» заціхла.
На снежань 2010 года ў Беларусі былі запланаваныя чарговыя прэзідэнцкія выбары. За паўтара месяца да іх правядзення, 2 лістапада, Сікорскі і міністр замежных справаў Германіі Гіда Вестэрвеле прыязджалі ў Мінск і сустракаліся з Лукашэнкам. Пасля гэтай сустрэчы Сікорскі адклікаў сваё вета на магчымасць удзелу Беларусі ў праграме Еўрасаюза «Паўночнае вымярэнне» (яго ўдзельнікамі тады былі Германія, Данія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Польшча, Фінляндыя, Швецыя, Эстонія і Расія). Сікорскі падкрэсліў, што гэта палітычнае рашэнне, якое «будзе мець і фінансавыя наступствы». «Паводле нашых падлікаў, Беларусь у выпадку правядзення сумленных выбараў і паляпшэння супрацоўніцтва з Еўрасаюзам можа разлічваць больш чым на 3 млрд еўра цягам наступных трох гадоў», — заявіў тады польскі міністр.
Ён адзначыў, што ў Беларусі ёсць «унікальны шанец»: у выпадку правядзення справядлівых выбараў краіна зможа «скарыстацца ўсімі перавагамі добрых адносін з Еўрасаюзам». «Падкрэслю, што я кажу пра якасць выбараў, а не пра іх вынік, бо вынік выбараў — гэта рашэнне беларускага народа», — сказаў кіраўнік польскага МЗС. «Прэзідэнт Беларусі нам клятвенна абяцаў, што выбары будуць сумленнымі, а правы нацыянальных меншасцяў у Беларусі будуць выконвацца. Мы будзем лавіць яго на слове», — дадаў ён.
Пасля Сікорскі прызнаваўся, што перамовы праходзілі цяжка: «Бо ён (Лукашэнка. — Заўв. рэд.) такая дамінантная асоба, ён грыміць, схільны да двудушнасці». «Мы дамаўляліся з ім пра тое, каб наступныя выбары былі менш сфальсіфікаваныя, чым папярэднія», — дадаваў польскі міністр.
Праз гады ён працягваў лічыць, што палітыка ЕС тады была правільнай: «Гэта стварыла для Лукашэнкі поле манеўру». Вось толькі той скарыстаўся ім няправільна: выкарыстаў прапанову трох мільярдаў еўра ад Еўрасаюза «як гандлёвую карту ў сваіх размовах з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным» — і дамовіўся з ім.
У сваіх мемуарах Сікорскі ўспамінаў, што Вестэрвеле падчас той сустрэчы з Лукашэнкам згадаў правы этнічных меншасцяў, у тым ліку палякаў: «А Лукашэнка на гэта: „Чаму вы пытаеце мяне пра палякаў? Я ж люблю сваіх палякаў. Мае палякі — гэта мае самыя адданыя выбаршчыкі. І я хачу, каб палякі ў Беларусі мелі такія ж правы, як і ўсе іншыя грамадзяне“. Гэта, вядома, можна было ўспрыняць як абяцанне, але і як пагрозу — беларускія грамадзяне маюць няшмат правоў».
Вось яшчэ адна вытрымка з мемуараў Сікорскага: «Паводле дамоўленасці [з Вестэрвеле], я згадаў пра сэксуальныя меншасці. Лукашэнка паглядзеў на мяне як на вар’ята і праз хвіліну гаворыць з нотай здзіўлення: „Але ў нас у Беларусі няма ніякіх сэксуальных меншасцяў“. „Разумею, пан прэзідэнт, Беларусь, вядома, мае сваю спецыфіку. Але гіпатэтычна, калі ў будучыні ў Беларусі з’явяцца нейкія сэксуальныя меншасці, то вы будзеце ставіцца да іх талерантна, праўда?“ Лукашэнка глядзіць то на мяне, то на Вестэрвеле і, ківаючы галавой, паблажліва ўсміхаецца і кажа: „Ну не ведаю, не ведаю… А… Лесбіянкі хай будуць, нават можна паглядзець. Але п***ў трэба саджаць у аўтобусы, вывозіць за горад, і будзем трымаць іх там у рэзервацыях“».
«Відавочна, што супрацоўнікі Лукашэнкі забылі яму сказаць, што Вестэрвеле адкрыта прызнаецца ў тым, што ён гей, і шмат гадоў жыве са сваім сталым партнёрам. Цікава, што разам з Гіда мы пачулі прыватную гутарку двух беларускіх міністраў на гэтую тэму. Яе змест можна было б падсумаваць словамі „Што гэты лапух зноў нагаварыў“», — дадаваў у мемуарах Сікорскі.
Плошча-2010 і маршы-2020
У выніку прапанова Сікорскага правесці сумленныя выбары і рэформы, атрымаўшы ўзамен еўрапейскую падтрымку, не спрацавала. Адбылося роўна наадварот. Галасаванне 19 снежня 2010 года завяршылася шматлікімі фальсіфікацыямі, масавымі пратэстамі і іх брутальным разгонам з затрыманнямі і збіццём.
Як адзначала агенцтва БелаПАН, прэм’ер Дональд Туск тады заявіў, што, нягледзячы на гэтыя падзеі, яго краіна не будзе правадніком агрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. «Гэта азначае, што мы не збіраемся адварочвацца ад Беларусі і ігнараваць яе існаванне. Палітыка мусіць быць не агрэсіўнай, але эфектыўнай, асабліва ў сітуацыі, калі ў Беларусі ёсць шматлікая польская меншасць. Хацеў бы пачуць рэцэпты правядзення палітыкі ў дачыненні да Мінска ад прыхільнікаў жорсткай лініі, калі б пачаліся рэпрэсіі супраць палякаў», — пракаментаваў выказванне свайго шэфа Сікорскі.
Таксама кіраўнік польскага МЗС заявіў, што «існуе імавернасць, што Лукашэнка гэтыя выбары не выйграў. Паводле атрыманых намі звестак, у пачатковай фазе выбараў (з аўторка да суботы) у яго было 30% галасоў, а ў нядзелю гэты вынік дасягнуў 40%. Гэта быў найлепшы вынік сярод усіх кандыдатаў, але недастатковы для выйгрышу ў першым туры». Беларускі МЗС вуснамі прэс-сакратара Андрэя Савіных паспяшаўся абвергнуць гэтую заяву — не без звыклага агрэсіўнага тону. «Мы звярнулі ўвагу на заяву Радаслава Сікорскага. Мяркуючы з лічбаў, яму на стол трапілі фальсіфікаваныя звесткі, якія, паводле нашых дадзеныя, былі падкінутыя ў інтэрнэт ад імя кампаніі ТНС з Украіны», — заявілі ў ведамстве.
Ужо пасля разгону паслявыбарчых пратэстаў, 24 снежня, Сікорскі патэлефанаваў жонцы збітага і затрыманага кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Вользе, паабяцаўшы зрабіць усё магчымае для вызвалення яе мужа і іншых кандыдатаў.
У той жа дзень у газеце The New York Times выйшаў сумесны артыкул міністраў замежных справаў Швецыі, Чэхіі, Польшчы і Германіі (Карла Більта, Карэла Шварцэнберга, Радаслава Сікорскага і Гіда Вестэрвеле) з сімвалічным загалоўкам Lukashenko the Loser («Лукашэнка — няўдачнік»). На думку аўтараў, «Лукашэнка, відаць, зразумеў, што не атрымае 50% галасоў, неабходных для таго, каб пазбегнуць зневажальнага другога тура супраць адзінага кандыдата ад апазіцыі», а «падлік галасоў ператварыўся ў фарс». «Фальсіфікацыя падліку галасоў і непасрэдныя рэпрэсіі засланяюць усё тое, што спрабаваў зрабіць у 2000 годзе Слабадан Мілошавіч у Сербіі. Тое, што мы ўбачылі, адраджае ў памяці ўвядзенне ваеннага становішча ў 1981 годзе ў Польшчы», — былі перакананыя дыпламаты. «Працяг пазітыўнага дыялогу з панам Лукашэнкам сёння здаецца пустым марнаваннем часу і грошай. Ён зрабіў свой выбар, і гэты выбар супярэчыць усяму, што абараняе Еўрапейскі саюз», — гаварылася ў артыкуле.
Пасля разгону беларускай Плошчы Польшча працягвала падтрымліваць беларускі дэмакратычны рух. Напрыклад, 6 верасня 2011-га прэм’ер-міністр Туск абяцаў дапамагаць беларускай апазіцыі: «Мы будзем іх падтрымліваць, каб весці дыялог у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі, а не пад дыктоўку Аляксандра Лукашэнкі». Прэм’ер таксама адзначыў, што фінансавай дапамогі для афіцыйнага Мінска ад Польшчы не будзе, пакуль у краіне не адбудуцца перамены.
А вось Сікорскі наогул не стрымліваўся. «Прэзідэнт Лукашэнка, вы страчваеце ўладу. Рана ці позна вы будзеце вымушаныя бегчы са сваёй краіны, пераследаваныя сваім жа народам, каб шукаць прытулку ў іншай краіне. Пасля падзей у Тунісе і Егіпце гэта становіцца яшчэ больш відавочным. Вам у Мінску таксама давядзецца трымаць самалёт гатовым да хуткага ўзлёту ў любы час», — заявіў ён у лютым 2011-га, выступаючы на міжнароднай канферэнцыі донараў «Салідарнасць з Беларуссю» ў Варшаве. Сікорскі заклікаў беларускую апазіцыю чэрпаць натхненне ў дзейнасці польскага руху «Салідарнасць», які зрынуў камунізм у Польшчы ў 1989 годзе. «Маё другое пасланне адрасаванае народу Беларусі, — сказаў ён. — Вы знаходзіцеся ў Еўропе, і Еўропа з вамі. Мы не перастанем падтрымліваць вас».
У траўні 2011-га Сікорскі звярнуўся да беларускіх уладаў з патрабаваннем «адумацца і павярнуць з фальшывага шляху». У жніўні заклікаў Лукашэнку пачаць перамовы пра мірную перадачу ўлады і «не чапляцца за яе, як жорсткія кіраўнікі ў Паўночнай Афрыцы». У кастрычніку — намякаў на прыклад польскага лідара Войцеха Ярузельскага, які пайшоў на дыялог з апазіцыяй. На думку Сікорскага, Еўрасаюз, і Польшча ў прыватнасці, «не павінныя байкатаваць Лукашэнку». Беларускага палітыка трэба «заахвочваць, калі ён зрабіў нешта станоўчае, і караць, калі зрабіў нешта насуперак еўрапейскім каштоўнасцям». Як мы ўжо ведаем, гэтыя заклікі ні да чога не прывялі.

Расклад у двухбаковых адносінах зноў змяніўся праз два гады, калі Расія анексавала Крым і стварыла падкантрольныя ёй ДНР і ЛНР на ўсходзе Украіны. У верасні 2014 года Лукашэнка некалькі разоў стэлефаноўваўся з прэм’ерам Тускам. Поўны змест гэтых размоваў не станавіўся здабыткам грамадскасці. Больш за тое, інфармацыя пра адзін са званкоў была цалкам выдаленая з сайта дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА. Паводле інфармацыі крыніцы з польскага МЗС, Лукашэнка абмяркоўваў з Тускам расійска-ўкраінскі канфлікт і выказваў занепакоенасць наступствамі гэтага крызісу для нашай краіны. Цікава, што акурат у гэты час Сікорскі не дазваляў сабе ніякіх выказванняў пра нашую краіну.
Неўзабаве пасля гэтага званка, 22 верасня, Туск пакінуў пасаду прэм’ера дзеля таго, каб стаць старшынёй Еўрапейскага савета, — то-бок адным з найвышэйшых чыноўнікаў Еўрасаюза (ён займаў гэтую пасаду ў 2014−2019 гадах). У гэты ж дзень Сікорскі пакінуў пасаду міністра замежных справаў і стаў спікерам Сейма. Ён займаў гэтую пасаду менш за год: летам 2015-га «Грамадзянская платформа» саступіла ўладу партыі «Права і справядлівасць». Менавіта пад уладай гэтай партыі Польшча чарговым разам паспрабавала зблізіцца з афіцыйным Мінскам — але і гэтая спроба скончылася правалам у 2020-м.
Сікорскі ж на чатыры гады пакінуў палітыку. Але ў 2019-м стаў дэпутатам Еўрапарламента ад Польшчы. У гэтым статусе ён узяў шэфства над затрыманым аўтарам блога «Страна для жизни» Сяргеем Ціханоўскім, які хацеў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. Пасля польскі палітык кантактаваў з ягонай жонкай, лідаркай дэмсіл Святланай Ціханоўскай, і ў прыватнасці прапаноўваў «падвойваць аб’ём дапамогі беларускім апазіцыянерам кожны раз, калі Лукашэнка забівае ці выкрадае кагосьці ў Еўрасаюзе або павялічвае маштабы рэпрэсій у Беларусі». У 2021-м, Сікорскі прадказаў Лукашэнку лёс сербскіх палітыкаў Слабадана Мілошавіча і Радавана Караджыча, якіх судзілі на міжнародным трыбунале па абвінавачанні ў генацыдзе.
Чытайце таксама


