Чарговыя змяненні ў пачатку 2024 года чакаюць «дармаедаў». Гаворка пра тых, каго чыноўнікі не прызнаюць людзьмі, што ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Беларусам, каб не трапіць у базу «ўтрыманцаў», трэба да 21 студзеня пацвердзіць занятасць, паведамляюць у Мінпрацы.
У сакавіку 2024 года чыноўнікі, як плануецца, абновяць базу «ўтрыманцаў». У яе трапяць тыя, хто не зможа пацвердзіць занятасць за чацвёрты квартал 2023 года.
«Дармаедскую» базу абнаўляюць раз на квартал. Каб не трапіць са снежня ў абноўленую базу, трэба да 21 студзеня паспець падаць камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці дакументы, якія пацвярджаюць занятасць.
З тых, хто аказаўся ў базе і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, будуць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах спаганяць аплату за газазабяспечанне, ацяпленне і гарачую ваду. Асабліва адчувальнымі будуць плацёжкі за апошнія дзве паслугі, для «ўрыманцаў» яны вырастуць прыкладна ў 5 разоў.
Калі ў кватэры жыве сям’я з некалькіх чалавек і аднаго з іх прызнаюць «дармаедам», то спажытыя ЖКП дзеляцца на колькасць зарэгістраваных у жытле: прызнаны ўтрыманцам аплачвае сваю частку поўнымі тарыфамі (пры ўмове, што ён уласнік жылля), а астатнія, каго няма ў базе, — ільготнымі.
Чытайце таксама