Самы медыйны чалавек з сілавога блоку рэжыму ў апошнія гады — кіраўнік унутраных войскаў Мікалай Карпянкоў. Яго публічныя выступы і дзеянні могуць сведчыць пра тое, што ў чалавека, які ў жніўні 2020-га бегаў па Мінску з дубінкай і разбіваў вітрыну кавярні, з’явіліся палітычныя амбіцыі. Пра тое, што на гэта можа паказваць, разважае Арцём Шрайбман.
Арцём Шрайбман
Палітычны аналітык
Вядоўца праекта «Шрайбман адкажа» на «Люстэрку». Запрошаны эксперт Фонду Карнегі за міжнародны мір, у мінулым — палітычны аглядальнік TUT.BY і БелаПАН.
2020 год падарыў сваіх герояў не толькі пратэснай частцы грамадства, але і ахавальнікам. Я наўмысна не выкарыстоўваю словы «электарат Лукашэнкі» ці «ябацькі», бо для мэтаў гэтай калонкі важнейшы каштоўнасны набор, які стаіць за беларускім антымайданам.
І «ахавальніцтва» падыходзіць тут лепш за ўсё, бо сутнасць палітычнага праекта, які перамог тры гады таму, — гэта не проста здушэнне бел-чырвона-белых пратэстаў, гэта шматгадовы рэакцыйны бунт супраць будучыні, архаізацыя на злосць ворагам.
Мікалай Карпянкоў — адзін з такіх новых герояў гэтага лагера. За тры з лішкам гады ён прайшоў дарогу ад кіраўніка падраздзялення МУС, якое, паводле яго былых супрацоўнікаў, мусілі расфармаваць, да аднаго з самых уплывовых сілавікоў у краіне, кіраўніка ўнутраных войскаў.
Але гэта не апісвае ўсёй незвычайнасці фігуры Карпянкова. У адрозненне ад большасці сваіх калег, ён вельмі публічны. Генерал настолькі часта раздае інтэрв'ю, што з адным толькі Рыгорам Азаронкам за 2023 год ён пагутарыў мінімум пяць разоў. Але гэта, як і першыя гучныя крокі Карпянкова накшталт разбівання вітрыны дубінкай восенню 2020 года або пагрозы забойствам апазіцыянерам, можна было спісаць на жаданне падавацца самым лаяльным і бескампрамісным ястрабам у вачах Лукашэнкі.
Аднак Карпянкоў відавочна ідзе далей і нарошчвае свае ўнутраныя мускулы за кошт паглынання ці стварэння новых структур, чаго не рабілі яго папярэднікі ў МУС і не робяць іншыя сённяшнія генералы Лукашэнкі.
Менавіта пад кіраўніцтвам Карпянкова за апошнія гады МУС стварыла сетку з дзіцячых ваенна-патрыятычных клубаў і лагераў пры частках унутраных войскаў. Сілавікі рапартуюць пра больш чым 25 клубаў (станам на лета 2023 года) і амаль 150 лагераў (на лета 2022-га). Невядома, наколькі можна давяраць гэтым звесткам і колькі дзяцей сапраўды прайшло нейкую ідэалагічную і баявую падрыхтоўку там, але сама па сабе сетка выхаванцаў гэтых клубаў і лагераў — сур’ёзны рэкрутынгавы рэсурс для Карпянкова.
За год ёнтаксама стварыў дзевяць новых спецпадраздзяленняў у розных рэгіёнах краіны ў складзе ўнутраных войскаў. Усе з іх Карпянкоў адкрываў асабіста, і ва ўсіх агульны палітычны фокус — у выпадку чаго даваць адпор экстрэмістам. Мы не ведаем колькасці гэтага спецназу, гаворка цалкам можа ісці пра нейкія нязначныя штатам падраздзяленні. Але гэта не мяняе сутнасці намераў Карпянкова.
Нарэшце, з лета 2023 года менавіта ўнутраныя войскі сталі асноўным бенефіцыярам ад трэніровак з вагнераўцамі, якія аселі ў Беларусі. І тут зноў відаць рука Карпянкова — з першых дзён прыезду наймітаў ён сустракаўся з імі. Менавіта вагнераўцаў цяпер прыцягваюць для падрыхтоўкі новых спецпадраздзяленняў Карпянкова. І менавіта УВ, а не ўзброеныя сілы, паводле звестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у апошнія месяцы выкарыстоўваюць інструктараў з былой расійскай ПВК. Тут таксама відаць ініцыятыўнасць самога кіраўніцтва УВ, бо профілем свайго баявога досведу вагнераўцы бліжэйўыя да сухапутных войскаў рэгулярнай арміі, а не спецпадраздзяленняў МУС.
Ну і вішанька на торце — апошнія навіны пра сімволіку «Вагнера» як на флагштоку каля размяшчэння часткі ўнутраных войскаў 3214 у Мінску (а да гэтага ў жніўні — у навучальнай частцы «Валоўшчына»), так і на шаўроне ў Карпянкова асабіста. Расійскі прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла паведаміў, што «ў Беларусі „вагнеры“ ўступілі ў шэрагі спецназу ўнутраных войскаў».
Гэтыя ва ўсіх сэнсах сімвалічныя навіны складана інтэрпрэтаваць як ісціну ў апошняй інстанцыі — нам мала дакладна вядома пра фармат узаемадзеяння войскаў Карпянкова і (былых?) расійскіх наймітаў. Але ўбудаванне ў беларускія сілавыя структуры нейкай колькасці з тых сотняў вагнераўцаў, што ўсё яшчэ заставаліся ў Беларусі пасля частковага згортвання іх лагера, выглядае цалкам лагічным развіццём сітуацыі. І калі гэта так, то галоўным іх вярбоўшчыкам, мяркуючы з усяго, стаў менавіта Карпянкоў.
У выніку мы маем аднаго з самых публічных і радыкальных сілавікоў у сучаснай гісторыі Беларусі, які стварае сваю сетку моладзевых вайскова-патрыятычных лагераў, атрадаў спецназу, у тым ліку — з ветэранаў УВ, і, імаверна, забірае пад сваё камандаванне дзясяткі ці сотні расійскіх наймітаў з баявым досведам.
У сваіх інтэрв'ю Карпянкоў далёка не заўсёды застаецца ўнутры вузкапрафесійных тэмаў, звязаных з ўнутранымі войскамі: часам ён пускаецца ў размовы пра бездухоўнасць сучасных серыялаў, боскі план падчас разгону «дэманаў-змагароў» і непераможнасць рускай арміі.
Мы не можам залезці генералу ў галаву і даведацца, ёсць у яго насамрэч палітычныя амбіцыі ці ўсе апісаныя вышэй дзеянні можна растлумачыць чымсьці іншым. Але калі б такія амбіцыі ў яго былі, яны ў рамках сённяшняга рэжыму выяўляліся б менавіта так.
Як мінімум няма ніякага сумневу, што, калі візуалізаваць сцэнар спантаннага адыходу Лукашэнкі з нейкіх прычын накшталт здароўя, менавіта ад Карпянкова варта чакаць ініцыятывы ў тым, каб навязаць свой сцэнар транзіту ўлады, калі не самому ўзяць яе сілай. Падрыхтаваных і лаяльных «штыкоў» у яго для гэтага, мяркуючы з усяго, больш, чым у кагосьці іншага ў беларускай кіраўнічай эліце.
Падчас транзітнага хаосу ў нашай краіне менавіта такія людзі, як Карпянкоў, маюць найлепшыя шанцы стаць полюсам прыцягнення для самых заўзятых ахоўнікаў усіх масцяў — ад сталіністаў да ультракансерватараў. Гэта ўжо відаць па яго медыйным тандэме з Азаронкам, які, мяркуючы з аб’ёму праслаўленняў на адрас Карпянкова, аддае генералу трывалае другое месца ў сваім пераліку «культаў асобы».
Гэты ж алгарытм можа спрацаваць і ў заваяванні сімпатый Масквы, калі там на момант змены ўлады ў Мінску будуць вызначаць парадак дня людзі такіх жа чарнасоценных поглядаў, як і цяпер.
Амбіцыі Карпянкова могуць застацца латэнтнымі і ніяк не праявіцца ў палітычным полі, калі Лукашэнка прыбярэ яго далей ад узброеных людзей да таго, як сам пойдзе на пенсію. Або калі транзіт улады аднойчы пройдзе паводле жорстка зададзенага сцэнара, і пераемнік хутка кансалідуе ўладу.
Дакладна гэтак жа, напрыклад, «згубіўся» экс-кіраўнік МУС Ігар Шуневіч. Часы былі не тыя, і яго энтузіязм мог увасобіцца толькі ў надзяванні формы афіцэра НКУС, ахове помніка гарадавому ад аплявух і аблавах на цыган. Калі б ён датрымаўся на мінулай пасадзе да сённяшняй вайскова-рэакцыйнай сітуацыі, я перакананы, Шуневіч бы таксама сябе праявіў.
Але Карпянкоў карыстаецца гэтай сітуацыяй максімальна. Свядома ці не, ён робіць з сябе галоўнага сілавога гаранта статус-кво для ахавальніцкай часткі грамадства. У адрозненне ад іншых генералаў, ён робіць нашмат больш, чым проста выслужваецца. Карпянкоў з відавочным запалам развівае ўласную інфраструктуру здушэння будучых рэвалюцый, якая здольная перажыць і самога Лукашэнку.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.