У Беларусі з 1 студзеня павялічылі памер мінімальнага заробку. Аналагічныя рашэнні прынялі ўрады суседніх краін. «Люстэрка» параўнала, як адрозніваюцца мінімальныя заробкі ў нас і ў суседзяў.
Як адрозніваецца мінімалка ў нас і ў суседзяў
У Беларусі з пачатку гэтага года мінімальны заробак да выплаты падаткаў складае 626 рублёў. З 1 студзеня яго павялічылі на 13% да леташняга ўзроўню. Пасля выплаты падаткаў на руках у атрымальніка застаецца 538 рублёў.
У Літве з 1 студзеня мінімальны заробак паднялі на 10% — да 924 еўра (3 267 рублёў. — Тут і далей паводле курсу Нацбанка на 3 студзеня). Гэта сума да выліку падаткаў, пасля іх выплаты на руках застаецца 708,4 еўра (2 505 рублёў).
Выходзіць, што ў Літве мінімалка ў 5,2 разу вышэйшая, чым у Беларусі. Але мы прайграем, нават калі параўнаць гэты паказчык у суседзяў з нашым сярэднім заробкам па краіне. Паводле апошніх даступных звестак, то-бок за лістапад мінулага года, сярэдні заробак у Беларусі складаў 1 975,6 рубля да выплаты падаткаў. Пасля выліку падаходнага і ўнёскаў у ФСАН на руках у атрымальніка сярэдняга заробку заставалася 1699 рублёў.
Выходзіць, што ў суседняй Літве той, хто мае мінімальны заробак, на рукі атрымлівае на 806 рублёў больш, чым у сярэднім жыхар Беларусі. Праўда, з улікам, што сярэдні заробак пазначаны за лістапад мінулага года, можна меркаваць, што ў студзені ён будзе крыху вышэйшы. Такім чынам, гэты разрыў крыху скароціцца. Аднак наўрад ці радыкальна. Бо, як правіла, рост сярэдняй зарплаты ў студзені да лістапада не бывае вельмі вялікім. Напрыклад, у студзені 2023 года яна была на 2,2% вышэйшая, чым у лістападзе 2022-га.
У Польшчы мінімальны заробак з 1 студзеня вызначылі ў памеры 4242 злотых (3 455 рублёў). Гэта на 17,8% больш, чым было раней. Пасля выплаты падаткаў у палякаў на руках будзе заставацца 3 221,98 злотага (2 624 рублі).
У гэтай краіне мінімальны заробак у 5,5 разу вышэйшы, чым у нас. Выходзіць, што разрыў па гэтым паказчыку павялічыўся, бо летась мінімалка ў палякаў была ў 5,1 разу большая, чым атрымлівалі беларусы.
У Латвіі мінімальная зарплата вырасла з 620 да 700 еўра брута (з 2 192 да 2 475 рублёў). У гэтым выпадку яна таксама вышэйшая за беларускі сярэдні заробак, а нашая мінімалка меншая амаль у 4 разы.
У Расіі сёлета мінімалку павысілі да 19 242 расійскіх рублёў (673 беларускіх рублі). Гэта таксама паказчык да выплаты падаткаў — і ён на 47 рублёў перавышае мінімалку ў нашай краіне.
Мы не параўноўвалі гэтыя паказчыкі з Украінай, бо гэтая краіна знаходзіцца ў стане вайны праз расійскую агрэсію.
Для больш карэктнага параўнання заробкаў варта разглядаць не толькі суму, якую жыхары нашай і суседніх краін атрымліваюць на рукі, а таксама колькі і чаго яны могуць купіць на гэтыя грошы, то-бок ацаніць пакупніцкую здольнасць мінімальнай зарплаты.
Падрабязна пра тое, як адрозніваюцца мінімальныя заробкі беларусаў, палякаў, літоўцаў і расіян паводле пакупніцкай здольнасці, мы расказвалі тут. У гэтым выпадку мы выкарыстоўвалі леташнія звесткі, аднак з улікам росту мінімалкі ва ўсіх суседніх дзяржавах можна сказаць, што карціна застаецца прыкладна той жа — і яна далёка не на карысць Беларусі.
Чытайце таксама