Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Путина, похоже, не смущает идея дальнейшего затягивания войны. Эксперты привели доказательства
  2. Генассамблея ООН приняла резолюцию к годовщине полномасштабного вторжения РФ в Украину. Беларусь и США проголосовали против
  3. Беларусы жаловались, что не могут сдать старые доллары. В соседней стране признали, что банкам они не нужны
  4. «Не думаю, что кто-то понесется кого-то спасать». Как сами американцы относятся к позиции Трампа по Украине — спросили беларусов в США
  5. Ровно три года Россия пытается захватить Украину. Вспоминаем семь важнейших событий, повлиявших на ход этой войны
  6. Лукашенко намекнул, кто останется работать в правительстве, а чьи кандидатуры «подлежат рассмотрению»
  7. Нацбанк принял решение, которое не порадует тех, кто собирается взять кредит на покупку недвижимости
  8. «Крест Евфросинии Полоцкой, печать Изяслава». В Литве призвали запретить беларусам использовать «Погоню» и предложили выбрать иной символ
  9. У Расіі гучны скандал з пластычным хірургам з Беларусі — яе статусная пацыентка амаль аслепла пасля шэраговай аперацыі
  10. Похоже, что у Лукашенко внебрачных детей не меньше, чем законных. А как обстоят дела у его коллег-диктаторов?
  11. Время дешевого доллара еще не прошло? Сколько будет падать курс: прогноз по валютам
  12. Эксперт рассказал, кто в Беларуси пострадает от отмены санкций против России. Об этом забеспокоился и Лукашенко
  13. «Они никуда не денутся, понимаете?» Третья годовщина «полномасштабки» — взгляд на «мир» с Россией и политику Трампа командира на фронте
  14. «Его продукция была обнаружена на поле боя». Под санкции ЕС попало госпредприятие, которое недавно посещал Лукашенко
Читать по-русски


Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч адгаворваў сваю ўнучку Станіславу Гліннік ад кар’еры ў палітыцы. І, магчыма, так бы яно і было. Срэбная медалістка міжнароднай алімпіяды ў Турцыі, дзяўчына магла стаць знакамітым біяхімікам. Але ў выніку абрала палітыку, насуперак парадам дзеда. Вось ужо некалькі месяцаў Станіслава працуе асабістай памочніцай Святланы Ціханоўскай. «Люстэрка» пагаварыла з дзяўчынай пра тое, чаму яна выбрала гэтую сферу, як гэта — працаваць з Ціханоўскай і ці дапамагае ў кар’еры сваяцтва са знакамітым палітыкам.

Станислава Глинник, личная помощница Светланы Тихановской. Вильнюс, Литва, 30 января 2024 года. Фото: «Зеркало»
Станіслава Гліннік, асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільнюс, Літва, 30 студзеня 2024 года. Фота: «Люстэрка»

Станіслава Гліннік, 29 гадоў. Нарадзілася ў сям'і архітэктара Вадзіма Глінніка і кампазітаркі Алёны Шушкевіч. Дзядуля Станіславы — фізік і палітык Станіслаў Шушкевіч — старшыня Вярхоўнага Савета, першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Вучылася ў Ліцэі БДУ, Варшаўскім універсітэце, цяпер працягвае навучанне ў Варшаўскім універсітэце прыродазнаўчых навук.

Працавала ў няўрадавых арганізацыях, была супрацоўніцай Сакратарыята Каардынацыйнай рады. З канца 2023 года — асабістая памочніца лідаркі дэмакратычных сіл Беларусі Святланы Ціханоўскай.

«Можа, дзед і не хоча, каб я танула ў нашых беларускіх апазіцыйных колах, але гэта ўсё роўна адбудзецца»

— Шмат каму прафесія асабістай памочніцы кіраўніцы знаёмая з фільма «Д’ябал носіць Prada». Вобраз гераіні Эн Хэтэўэй з гэтай стужкі адпавядае таму, чым вы займаецеся?

— Шчыра кажучы, я не глядзела гэты фільм, таму не скажу вам дакладна. Калі маецца на ўвазе, што хтосьці знаходзіцца ў вельмі падпарадкаванай пазіцыі і выконвае ўсе капрызы начальніцы, то гэта не зусім пра маю працу. Так, я дапамагаю Святлане ў яе справах. Але гэта прыемная праца, я б так сказала. З ёю прыемна працаваць.

— У якіх справах вы дапамагаеце Ціханоўскай і што трэба рабіць на пазіцыі асабістай памочніцы?

— Я займаюся камунікацыяй з людзьмі, з якімі яна сустракаецца. Дапамагаю ёй дамаўляцца пра сустрэчы, узаемадзейнічаць з партнёрамі, у тым ліку падчас міжнародных візітаў.

— Бываюць асабістыя даручэнні, якія не датычаць наўпрост працы? Скажам, схадзіць у краму ці забраць дзяцей са школы.

— Не, мы ўзаемадзейнічаем толькі па працы.

— Ваш дзед Станіслаў Шушкевіч раіў вам не лезці ў палітыку. Чаму вы яго не паслухалі і мы з вамі цяпер сустракаемся ў Офісе Святланы Ціханоўскай?

— Гэта добрае пытанне. Я сапраўды ўнікала палітычных колаў, пакуль жыла ў Беларусі, то-бок да 18 гадоў. Але ўсё роўна ўляпалася, яшчэ ў Мінску. Нават нягледзячы на тое, што не была ні ў якіх моладзевых арганізацыях, не была актывісткай нейкіх рухаў, усё роўна змудрылася быць чатыры разы затрыманай яшчэ да паўнагоддзя.

Я зразумела, што, можа, дзед і не хоча, каб я танула ў нашых беларускіх апазіцыйных колах, але гэта ўсё роўна адбудзецца, бо я хачу зменаў для сваёй краіны. Ён хацеў для мяне лепшай будучыні. Не хацеў, напэўна, каб паўтарала яго лёс ці лёс тых, з кім ён працаваў. Думаю, што я гэтага і не раблю. У мяне свой лёс. Я дарослы чалавек, які можа сам прымаць рашэнні ў сваім жыцці.

— У палітыку вас нехта паклікаў ці ініцыятыва ішла ад вас?

— Я сама. Пачалося ўсё практычна адразу, як толькі я прыехала ў Польшчу, яшчэ ў 2013 годзе. Пачала хадзіць у «Беларускі дом» у Варшаве на мерапрыемствы і акцыі дыяспары, знаёміцца з актывістамі, якія з’ехалі з Беларусі пасля 2010 года.

Потым пачала працаваць у польскіх некамерцыйных арганізацыях. Нейкі час вучылася ў Варшаўскім універсітэце на факультэце Studium Europy Wschodniej (вывучэнне краін Усходняй Еўропы. — Заўв. рэд.). Гэта тое, што ў прапагандысцкіх каналах называлі «інстытутам фармавання заходняй агентуры» ці неяк так. Я не скончыла гэтага факультэта, але ў мяне засталіся добрыя кантакты.

Там я вучылася ў той момант, калі адбываліся Майдан і захоп Крыма (2014 год. — Заўв. рэд.). Большую частку навучання мы глядзелі анлайн-трансляцыі ўсяго, што адбывалася ва Украіне. Мы разумелі, што пачынаецца гістарычны пералом.

Тады ў Польшчы была першая хваля ўкраінскіх уцекачоў. У той момант я не брала актыўнага ўдзелу ва ўсіх працэсах, але вельмі добра пра іх ведала і бачыла, што адбываецца. І ўжо да 2020 года адчула ўласныя сілы, каб таксама нешта рабіць. Калі мы пачалі арганізоўваць дапамогу для беларусаў, якія пераехалі праз рэпрэсіі, у «Моладзевым хабе», я ўжо разумела, што такое хваля ўцекачоў.

Я працавала ў некамерцыйным сектары, спачатку ў польскім фондзе Інстытута рэпартажу, і адтуль трапіла ў арганізацыю «Цяпліца сацыяльных тэхналогій». Гэта расійская арганізацыя, якая зводзіла IT-валанцёраў з грамадзянскай супольнасцю. У першыя дні вайны яна адразу ж выступіла з антываеннымі заявамі і цалкам пакінула тэрыторыю Расіі. Цяпер «Цяпліца» знаходзіцца тут, у Літве. Таму за гэтую частку маёй біяграфіі мне не сорамна.

Да 2020 года мне здавалася, што я магу паўплываць на змены ў Расіі, і гэта пацягне змены ў Беларусі. У 2020-м зразумела, што ў Беларусі асобны шлях.

— Вам стала зразумела гэта толькі ў 2020-м?

— Гэта не пра сумесную будучыню Расіі і Беларусі. Беларусь залежыць ад Расіі. Мне здавалася, што трэба спрыяць зрынанню абодвух рэжымаў. І ў той момант я дапамагала людзям, якія былі супраць Пуціна. У 2020 годзе я зразумела, што мае навыкі больш патрэбныя ў Беларусі, і з таго часу займаюся толькі нашай краінай.

Станислава Глинник, личная помощница Светланы Тихановской. Вильнюс, Литва, 30 января 2024 года. Фото: «Зеркало»
Станіслава Гліннік, асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільнюс, Літва, 30 студзеня 2024 года. Фота: «Люстэрка»

«Святлана і яе каманда гатовыя працаваць круглыя суткі»

— Вам не было страшна ісці працаваць у Офіс на фоне скандалаў, якія адбываліся з дарадцамі Ціханоўскай і прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінета? Можна ўспомніць расійскі пашпарт Валерыя Сахашчыка, звальненне Таццяны Зарэцкай, адстаўку Аляксандра Азарава.

— Я прыйшла на працу ў Офіс пасля таго, як папрацавала ў Каардынацыйнай радзе. Практычна ўсё другое скліканне КР я была супрацоўніцай Сакратарыята, і для мяне не было сакрэтам, як уладкаваная праца ўнутры ўсіх структур, хто з іх як працуе.

Я разумела, што Офіс — найбольш эфектыўная каманда, прагрэсіўная, рэактыўная, хуткая. Калі мы прымалі дэлегацыю Офіса падчас маёй працы ў «Беларускім моладзевым хабе», я разумела, што гэта тая хуткасць працы, якая адпавядае маім уяўленням пра сучасную палітыку.

Вельмі лёгка прыняла гэтае рашэнне. Я дзесяць гадоў пражыла ў Польшчы і пасля дзвюх размоваў з Дзянісам Кучынскім (дыпламатычны дарадца Ціханоўскай. — Заўв. рэд.), які, уласна, і прапанаваў мне пераехаць у Літву і паспрабаваць свае сілы ў Офісе, пагадзілася. І за месяц пераехала.

— Атрымліваецца, Офіс вас «заханціў», то-бок вам мэтаскіравана прапанавалі гэтую працу?

— Не было адкрытай вакансіі, на якую я б магла падаць рэзюмэ. На гэтую пасаду прэтэндавалі яшчэ некалькі кандыдатаў. Але выбралі мяне.

— Ці супалі вашыя ўяўленні пра Святлану Ціханоўскую з тым, якая яна насамрэч?

— Думаю, не супалі. Мне здаецца, у публічнай прасторы Святлану вельмі часта недаацэньваюць. Я была пад вялікім уражаннем, калі мы пачалі працаваць разам, бо зразумела, што за тры гады Святлана сфармавалася як самы падрыхтаваны і навучаны палітык. Як чалавек з самым багатым досведам міжнароднай камунікацыі, які ёсць цяпер у Беларусі. Як абсалютны стоік. Як чалавек, які дзеля агульнага дабра можа кругласутачна працаваць без выходных. Яна ўвесь час адклікаецца на ўсе прапановы пра сустрэчы, дапамогу і гэтак далей.

Святлана праз сябе прапускае ўсе гісторыі і асабіста чытае ўсё, што ёй пішуць беларусы. Я не ўяўляла, што ў нас праз тры гады засталіся людзі, у якіх яшчэ захавалася такая працаздольнасць.

У зносінах з актывістамі, палітыкамі, супрацоўнікамі арганізацый разумееш, што на сёння ў многіх з іх наступіла выгаранне: яны сутыкнуліся з псіхалагічнымі праблемамі і жыццёвымі цяжкасцямі, якія не даюць ім праз гэтыя гады быць на тым жа ўздыме і ўзроўні эфектыўнасці, які быў у 2020 годзе.

Я толькі цяпер усвядоміла, чаму Святлана Ціханоўская сапраўды мае права называцца нацыянальнай лідаркай і абранай прэзідэнткай. Ну, зразумела, чаму абранай прэзідэнткай, але чаму нацыянальнай лідаркай — гэта я разумею толькі цяпер. Бо такога прыкладу стойкасці, усведамлення сваіх дзеянняў і жадання працягваць я наогул ні ў кім не бачу.

— Святлана бывае строгай начальніцай?

— Так, яна бывае строгай, але заўсёды па справе. Яна патрабавальная, аднак адзінае яе патрабаванне — каб людзі выконвалі абавязкі, якія на сябе бяруць. Яна добрая менеджарка.

— Што вас больш за ўсё ўразіла або здзівіла падчас працы з Ціханоўскай?

— Тое, наколькі яна разумее ўсё, што адбываецца, яе ацэнка сітуацыі. Яна ж сама правярае ўсе тэксты, усё, што яна робіць, прапускае праз сябе. Калі мы абмяркоўваем нешта, напрыклад, яе выступ у Еўрапарламенце, — яна цалкам сама перапісвае прамову пад сябе, яна будзе ведаць кожную яе дэталь.

Калі яна з кімсьці сустракаецца, будзе ведаць усё, што трэба для гэтай сустрэчы. Гэта вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Я шмат з кім працавала, наведвала сустрэчы з іншымі апазіцыянерамі. Гэта абсалютна іншы ўзровень, уключаючы адказнасць за тое, што яна робіць.

Святлана выдатна разумее, што гэта адказнасць не толькі за сябе і за сваю сям’ю, але за вялікую колькасць людзей. Яна магла б на гэтым этапе сказаць: «Хлопцы, дзяўчаты, я зрабіла ўсё, што магла. Чаго вы ад мяне яшчэ хочаце? — Не, я хачу займацца сваімі дзецьмі. Я паспрабавала, давайце неяк далей самі». Але яна нясе гэтую адказнасць. Прычым вельмі таленавіта.

Я часам прысутнічаю на яе сустрэчах з міжнароднымі партнёрамі, і вось што зразумела. Калі Лукашэнка кудысьці едзе, то за яго ўвесь час сорамна. Ён увесь час парушае правілы пратаколу, неэтычна сябе паводзіць. Яго чыноўнікі дазваляюць сабе нейкія недарэчныя каментары, выглядаюць усе па-калгаснаму.

У нас еўрапейская краіна, хочацца, каб яе прадстаўлялі на годным узроўні. Каб пра нас не складалася ўражанне як пра людзей, у якіх з інтарэсаў — толькі «Дажынкі» і трактары, што ў нас ёсць гарадская культура, што мы ведаем замежныя мовы, што ў нас адукаваныя людзі. Вось гэтага хочацца. Хочацца паказваць, што мы не трэці гатунак, што мы годная еўрапейская нацыя. Святлана выдатна з гэтым спраўляецца.

— Вы бавіце з ёю шмат часу. Разумееце, адкуль у яе сілы на ўсю гэтую працу?

— Вось тут момант, у якім мы сутыкаемся з тым, што ў Беларусі (і не толькі) недаацэньваецца роля жанчыны.

Усюды так лёгка кідаюць фразу, што Святлана дзесяць гадоў была хатняй гаспадыняй. Яна дзесяць гадоў гадавала дваіх дзяцей, у аднаго з якіх асаблівасці — гэта дзіця з інваліднасцю. Гэта кругласутачная цяжкая праца. Святлана гадуе цудоўных дзяцей.

Я часам думаю, што гэтыя дзесяць гадоў былі падрыхтоўкай да таго, з чым яна сутыкнулася цяпер. Я мацней за ўсё раздражняюся, калі пачынаюцца вось гэтыя ўсе гісторыі пра катлеты, пра хатнюю гаспадыню. Бо гэта кругласутачная цяжкая праца. І такія выказванні абясцэньваюць наогул ролю жанчыны ў якіх-кольвек працэсах, чаму, я спадзяюся, мы ў будучай Беларусі дамо рады. Нават калі жанчына выбірае быць хатняй гаспадыняй, то ў новай Беларусі грамадства не будзе гэта ганіць.

Святлана дзесяць гадоў рыхтавалася да таго, каб цяпер быць такім стоікам. Яе здзіўляе, дарэчы, калі хтосьці стамляецца. Бо яна не здаецца. У яе ёсць слова «трэба». І яна робіць.

Яна не азіраецца і не пытае ў сябе: «Ці не адчуваю я выгарання? Ці ёсць у мяне сілы на тое, каб зараз выйсці і выступіць? Можа, мне адмовіцца? Можа, мне дома паляжаць?» У яе ў прынцыпе адсутнічае гэта. Таму ўсё яшчэ не развалілася. Усё, што было набытае ў 2020 годзе беларускай грамадзянскай супольнасцю, трымаецца ў асноўным толькі на тым, што ёсць Святлана і яе каманда, якія гатовыя цяжка працаваць круглыя суткі.

— Праз такую працаздольнасць Святланы вам часта даводзіцца перапрацоўваць?

— Хутчэй, гэта мая асабістая ініцыятыва. Магла б выбудаваць нашую камунікацыю так, што ў мяне такі і такі працоўны графік і пасля працы я нічога не раблю. Але я ж прыйшла сюды не таму, што гэта праца ў офісе з 9 да 18 гадзін, у мяне будзе адпачынак і заробак. Не, я прыйшла сюды, бо хачу зменаў для сваёй краіны. Гэтая праца вядзецца не па графіку. І я была да гэтага маральна гатовая.

Станислава Глинник, личная помощница Светланы Тихановской. Вильнюс, Литва, 30 января 2024 года. Фото: «Зеркало»
Станіслава Гліннік, асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільнюс, Літва, 30 студзеня 2024 года. Фота: «Люстэрка»

«Я расла на вачах многіх беларускіх апазіцыянераў»

— Як вашыя бацькі адрэагавалі на навіну пра новае месца працы?

— Мне здаецца, яны прынялі сітуацыю, у якой не маглі ўжо нічога зрабіць. Я з 18 гадоў жыву адна. І бацькі не прыязджалі кантраляваць мяне. Я адказвала за сябе сама, сама сябе забяспечвала і сама прымала рашэнні. Тое, што місія маёй сям'і — дэмакратычная Беларусь, мне тлумачыць было не трэба. Гэта было зразумела дэ-факта.

Мы наогул трошкі камікадзэ ў сям'і, вядома. Не ратуем сябе ў першую чаргу. Неяк так склалася, не паспяваем спалохацца. Робім, бо трэба.

— Ці дапамагло вам прозвішча дзядулі падчас уладкавання на гэтую пасаду і на вашых папярэдніх працах?

— Думаю, найперш пра гэта варта спытаць тых, хто мяне наймаў. Са свайго боку скажу, што адмаўлялася ад камунікацыі і прапановаў наконт працы, калі чула фармулёўку: «Вы як унучка Шушкевіча мусіце…»

У мяне былі такія размовы з некаторымі публічнымі асобамі пратэсту, і я з імі не працую. Калі мяне адразу ставяць у пазіцыю, што я як я не важная, не важныя мае кампетэнцыі і досвед, і адзінае, што ўва мне цікавіць, — гэта тое, чыя я сваячка, то лічу, што гэта людзі са слабым менеджментам і мне з імі не па дарозе.

— Вы памятаеце момант, калі зразумелі, што ваш дзядуля — палітык?

— Шчыра кажучы, не. Гэта заўсёды прысутнічала. Я нарадзілася ўжо за Лукашэнкам, страшна сказаць. Праз некалькі месяцаў ён стаў прэзідэнтам.

Тое, што дзед — палітык, было зразумела заўсёды. Ён расказваў пра свае паездкі, браў мяне з сабой на розныя мерапрыемствы. Вельмі добра памятаю кампанію, якой, па-мойму, ужо ніхто не памятае. Яна называлася «Пяцёрка плюс» (кааліцыя пяці палітычных партый, утвораная ў 2003 годзе для фармавання адзінага спісу кандыдатаў на парламенцкіх выбарах 2004 года: Партыі камуністаў Беларускай (цяпер «Справядлівы свет»), БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай партыі працы. — Заўв. рэд.). Дзед мяне браў на сустрэчы гэтага аб’яднання. Я была вельмі маленькая, і мне падабаліся блакітненькія значкі «Пяцёркі плюс». Я жыла ў гэтым клімаце.

Станислава Глинник на руках у своего дедушки Станислава Шушкевича. Беларусь, 1996 год. Фото предоставлено собеседницей
Станіслава Гліннік на руках у свайго дзядулі Станіслава Шушкевіча. Беларусь, 1996. Фота ад суразмоўніцы

Дзед часам вадзіў мяне на дыпламатычныя прыёмы. Кожны год мы хадзілі на Дзень святой Люсіі (каталіцкае і пратэстанцкае свята, якое адзначаецца 13 снежня. — Заўв. рэд.) у амбасаду Швецыі. Гэта проста прысутнічала ў жыцці, не думаю, што я прыкладала нейкія намаганні для ўсведамлення гэтага. Гэта была дадзенасць.

Нейкіх бонусаў ад таго, што дзед — палітык, у маім жыцці не было. Адзінае, чым гэта цяпер дапамагае, — мяне не трэба доўга верыфікаваць, разумець, хто я, адкуль. Ёсць гісторыя сям'і, усё гэта навідавоку. Я расла на вачах многіх беларускіх апазіцыянераў. То-бок мая біяграфія крышталёва ясная. Пры гэтым нейкіх кумаўскіх гісторый у маім жыцці не было.

— У адным з інтэрв'ю вы расказвалі, што аднойчы дзед выратаваў вам жыццё, знайшоўшы кваліфікаванага доктара.

— Мне было чатыры гады. Дзядуля знайшоў спецыяліста, калі выявілі, як аказалася потым, невядомую навуцы інфекцыю. Гэта быў першы раз, калі я захварэла, трапіла адразу ў рэанімацыю пад кропельніцу. І дзед знайшоў доктара, які змог мяне выратаваць.

— Гэта стала магчыма дзякуючы яго сувязям, як вы думаеце?

— Хутчэй, гэта былі яшчэ акадэмічныя сувязі, а не палітычныя. Ён з асяроддзя навукоўцаў. Бабуля была біяхімікам, і яны з дзедам ведалі шмат дактароў.

— Вы памятаеце, што Станіслаў Станіслававіч расказваў вам пра Лукашэнку?

— Асабліва мы яго не абмяркоўвалі. Памятаю гісторыю пра тое, што Лукашэнка вельмі хацеў перад выбарамі спадабацца дзеду і прыехаў з багажнікам агуркоў. Але дзед не ацаніў.

— А гісторыю пра скрыню цвікоў, у крадзяжы якой яго абвінавачваў Лукашэнка, успамінаў?

— Не. Затое мой бацька ўспамінаў. Гэта былі цвікі, якія ён падарыў дзеду. Не ведаю, наколькі гэта праўда, але мой тата заўсёды казаў: «Гэтую праклятую скрыню цвікоў я яму падарыў сам!»

— Якія ў вас адносіны з сям’ёй?

— Я адзінае дзіця. У мяне няма стрыечных братоў і сясцёр, але ёсць траюрадныя. У нас выдатныя адносіны, і нас шмат — усё ж такі пяць пакаленняў рэпрэсій адбіліся яшчэ і на тым, што нашую сям’ю часта разрывала праз высылкі, і з’яўляліся новыя галінкі. Таму ў мяне вельмі шырокае сямейнае дрэва.

У маіх прапрадзедаў Людвіка і Франчэскі Раманоўскай (гэта дзядуля і бабуля майго дзеда) было дзесяць дзяцей. Іх раскідала па свеце. Многія загінулі, а ў тых, хто выжыў, з’явіліся свае дзеці. Бацькі майго дзеда былі адарваныя адно ад аднаго на 20 гадоў, бо прадзеда выслалі.

І ствараліся новыя сем'і. У маці дзеда былі новы муж і дачка, сястра дзеда. Яны з дзедам выраслі разам, і ўсё жыццё гэта былі самыя блізкія адно аднаму людзі. А ў прадзеда Стаха ў Сібіры з’явілася новая сям’я і чацвёра дзяцей. Потым яны ўсе вярнуліся ў Беларусь і пазнаёміліся з той часткай сям'і, якая з Беларусі не з’язджала. Усе сябравалі і сябруюць.

Цяпер я далёка ад сваякоў, але кантакты мы перыядычна падтрымліваем. Вядома, я не магу з імі пагаварыць пра тое, чым займаюся, гэта небяспечна. Але проста чалавечыя сувязі падтрымліваю.

Станислава Глинник с дедушкой и мамой. Беларусь, конец 90-х годов. Фото предоставлено собеседницей
Станіслава Гліннік з дзядулем і мамай. Беларусь, канец 90-х гадоў. Фота ад суразмоўніцы

«У пяць гадоў была першая акцыя, на якую бацькі мяне ўзялі»

— Раскажыце пра бабулю, першую жонку Станіслава Шушкевіча Алу Кавалеўскую.

— Яна была дзівоснай жанчынай, якая вельмі шмат падарожнічала. Займалася біяхіміяй, здзейсніла два кругасветныя падарожжы. У яе быў чацвёрты разрад па альпінізме. І чацвёра мужоў, дзед быў другім.

Яна пражыла 30 гадоў на Далёкім Усходзе, бо працавала на марской эксперыментальнай станцыі, займалася пошукам лекаў і праводзіла біяхімічныя эксперыменты. Шукала ўсё, што можна з мора дастаць і неяк выкарыстаць.

Пад канец жыцця яна вярнулася ў Беларусь, жыла ў Лынтупах (гарадок у Пастаўскім раёне на мяжы з Літвой. — Заўв. рэд.), тамсама памерла і пахаваная.

Станислава Глинник, личная помощница Светланы Тихановской. Вильнюс, Литва, 30 января 2024 года. Фото: «Зеркало»
Станіслава Гліннік, асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільнюс, Літва, 30 студзеня 2024 года. Фота: «Люстэрка»

— У дзяцінстве вы цікавіліся палітыкай? У сям'і, з мамай і татам, абмяркоўвалі надзённыя падзеі?

— Я вырасла, увогуле, на маршах. Па-мойму, у пяць гадоў была першая акцыя, на якую бацькі мяне ўзялі. Вельмі добра памятаю, як бацька вучыў мяне паказваць дулю мянтам. Гэта яркі дзіцячы ўспамін.

Аўтазакі паркаваліся ў мяне ў двары, з балкона я з дзяцінства бачыла, як збіваюць людзей. Я жыла каля ЦУМа, там «выдатны» двор для збіцця ў аўтазаках. На маршах у мяне было шмат сяброў. Усё сваё падлеткавае жыццё сябравала з хлопцамі і дзяўчатамі, якія вучыліся ў падпольным ліцэі Якуба Коласа (гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, выкладанне ў якім цалкам вялося на беларускай мове, улады закрылі ў 2003 годзе, і далей ён працаваў падпольна. — Заўв. рэд.), хоць сама вучылася ў Ліцэі БДУ. Але гэта не перашкаджала нам разам хадзіць на акцыі. Калі мне было гадоў дзесяць, я пачала бегаць на сядзібу Партыі БНФ.

— На вуліцы Варвашэні, 8?

— Так, там былі значкі, налепкі, канцэрты і ўсё, што мне падабалася ў дзяцінстве. Гэта смешна вельмі: я з дзяцінства добра памятаю Франка Вячорку, а ён мяне — не. Бо мне было 10−11 гадоў, а ён ужо быў поўнагадовы. Дзяцей ніхто не запамінае, але дзеці запамінаюць дарослых. Я была вельмі радая, што жыццё звяло нас разам зноў на працы. У дзяцінстве Франак заўсёды рабіў уражанне — яркі чалавек, які задае энергію на сядзібе БНФ (З 2008 да 2009 года Франак Вячорка быў лідарам «Моладзі БНФ», моладзевага крыла партыі. — Заўв. рэд.).

Памятаю, як прынесла адтуль дадому дыск рэп-гурта «Чырвоным па белым». У песнях было даволі шмат непрыстойных словаў, якіх у мяне дома не гаварылі. Але я, ведаючы, што мая сям’я апазіцыйная, і думаючы, што яны высока ацэняць гэтую музыку, з пачуццём, поўным гонару, уключыла бацькам гэты дыск, што прывяло іх у абсалютнае замяшанне. Бо, з аднаго боку, кірунак — слушны, дзіця расце з тымі ідэямі, якія ім і хацелася б каб я ў сабе несла. Але тэксты ім не спадабаліся. Памятаю, што яны не разумелі, лаяцца на мяне ці не. Пасля гэтага мы разам пайшлі ў краму, мне купілі дыскі N.R.M. Так пачалася мая любоў да рок-музыкі. І ўвогуле, я дагэтуль больш слухаю рок.

— Вы згадвалі сяброў, з якімі бавілі час у дзяцінстве. Яны разумелі, чыя вы ўнучка? Можа, зайздросцілі вашаму становішчу?

— Яны разумелі, але ў асноўным таксама былі нечымі дзецьмі, бо ў Коласаўскім ліцэі вучыліся дзеці з інтэлігентных і палітычных сем’яў. Я сябравала з дочкамі Змітра Саўкі (мовазнавец, адзін з аўтараў сучаснай нармалізацыі беларускага класічнага правапісу. — Заўв. рэд.), Артура Клінава (беларускі пісьменнік і мастак. — Заўв. рэд.). Гэта быў адзін культурны асяродак. Мы варыліся ў сваім інтэлігенцкім кацялку.

— А вашыя аднакласнікі з Ліцэя БДУ ведалі, з якой вы сям'і?

— Заўсёды ўсе рана ці позна даведваліся. Я не хадзіла і не абвяшчала пра гэта нідзе, але звычайна настаўнікі і дырэктары школ ці Ліцэя самі пра гэта ўсім паведамлялі.

Звычайна гэта здаралася на ўроках гісторыі. Як правіла, ніхто не ведаў, пакуль не надыходзіў дзень, калі быў прыдатны ўрок, і настаўнік абвяшчаў усяму класу: «Стася, давай ты зараз раскажаш, што там было».

Лукашэнка вельмі моцна сціраў гісторыю 90-х гадоў з грамадскай памяці, таму многія дзеці проста не ведалі, хто такі Станіслаў Шушкевіч. Дзеці ў Ліцэі БДУ ці ў школе не заўсёды разумелі, кім менавіта быў мой дзед. Таму з іх боку да мяне не было нейкага асаблівага стаўлення.

— Калі б ваш дзед працягнуў кіраваць Беларуссю пасля 1994 года, як думаеце, вас мог бы чакаць такі ж лёс, як унучак Лукашэнкі? Навучанне на юрфаку МДУ, кар’ера на дзяржаўным тэлебачанні.

— Ды не, вы што?! Мой дзед адмаўляўся ад усіх выгодаў, якія прапаноўваліся на яго пасады. Ён адмовіўся ад усіх рэзідэнцый, жыў ва ўласнай кватэры, у яго было толькі два ахоўнікі. Дзядуля не дазваляў сабе ніякай раскошы і празмернасцяў, ніколі.

У нас жа нават спадчыны няма ніякай. Дзеда пазбавілі пенсіі за асаблівыя заслугі, ён зарабляў, чытаючы лекцыі па ўсім свеце. Нашая спадчына — гэта яго інтэлектуальныя працы і памяць пра яго асобу, а не нейкія накрадзеныя багацці. І гэта самае галоўнае.

Я думаю, маю сям’ю таму і не знішчылі. Уявіце, пяць пакаленняў рэпрэсій без выключэння. У нас кожнае пакаленне пацярпела, а мы ўсё яшчэ жывём і працуем на карысць Беларусі. Бо ў нас і адабраць няма чаго.

Што ў нас адбяруць? Сумленне, памяць, сямейную гісторыю? Ну, адабралі ў нас калісьці дваранскія граматы, шляхецкія нашыя званні. Перыядычна адбіралі жыллё, працу, сацыяльныя дапамогі. Ну і што? Мы навучыліся выжываць. Як і ўся Беларусь. Самае галоўнае не адбяруць.

Станислава Глинник, личная помощница Светланы Тихановской. Вильнюс, Литва, 30 января 2024 года. Фото: «Зеркало»
Станіслава Гліннік, асабістая памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільнюс, Літва, 30 студзеня 2024 года. Фота: «Люстэрка»

«Я не лічу сябе патэнцыйнай палітычнай лідаркай. Пакуль што»

— Як смерць вашага дзеда паўплывала на сям’ю, на яе адзінства і агульны стан?

— Тут склаліся некалькі абставінаў — і смерць дзядулі, і кавід, і эміграцыя часткі сям'і. З’ехала не толькі я. Усё маё жыццё мы двойчы на год збіраліся ўсе разам — на Каляды і Вялікдзень. І гэта першыя гады, калі мы падзеленыя па ўсім свеце і яшчэ не з’ехаліся. Гэта даволі цяжкая гісторыя для мяне, бо я дагэтуль за мяжой, пражыўшы тут больш за дзесяць гадоў, знаходжуся па візах.

— Вы ўжо маглі атрымаць грамадзянства Польшчы.

— Магла, так. Але для мяне заўсёды было вельмі важна на Каляды і Вялікдзень прыязджаць у Мінск. Я ведала, што сваякі пажылыя, часу засталося не так шмат, і гэта было крытычна важна — заўсёды прыязджаць.

Калі спрабуеш атрымаць від на жыхарства, то ёсць перыяд чакання, калі ты не можаш пакідаць краіну, інакш спыніцца разгляд справы. Да 2020 года ў Польшчы былі больш строгія крытэры атрымання віду на жыхарства, можна было на год-паўтара «падвіснуць» у краіне і не мець магчымасці выехаць, пакуль чакаеш дакументаў. Я не магла сабе гэта дазволіць. Таму праз столькі гадоў усё яшчэ сяджу з візамі. Затое я не прапусціла ніводнага свята. Ні пра што не шкадую.

— Калі былі ў Беларусі апошні раз?

— У 2020 годзе, у пачатку верасня прыехала на пратэсты. Прабыла паўтара месяца. Месяц хадзіла на пратэсты, а паўмесяца — ужо не, у мяне была траўма. Сяброўка мне зашывала нагу дома пад лямпай.

— Траўма звязаная з удзелам у пратэстах?

— Так, я ўпала на лесвіцы, калі быў налёт АМАПа на плошчу Якуба Коласа.

— Памятаеце свае пачуцці ў верасні 2020 года?

— Я такога горада, як Мінск у верасні 2020 года, не бачыла, напэўна, нідзе. Гэта было фантастычна. Нягледзячы на тое, што ўжо актыўна ішлі рэпрэсіі, па ўсім горадзе віднелася нацыянальная сімволіка, можна было спакойна зайсці ў бары, там былі тэматычныя напоі, усюды гучала беларуская музыка.

Былі вельмі жывыя людзі — яны глядзелі адно аднаму ў вочы, вышукваючы сваіх, усміхаліся. Такога я ў Беларусі не бачыла ніколі. Кажуць, цяпер гэта знікла. Кажуць, цяпер у Мінску ў метро людзі зноў глядзяць у падлогу. Спадзяюся, што беларусы зноў падымуць вочы і будуць глядзець адно на аднаго, шукаючы сваіх, а не ворагаў.

— Як думаеце, у будучыні будзеце ўдзельнічаць у палітыцы не толькі як адміністратарка працэсаў, але і як іх ініцыятарка? Станеце палітыкам?

— Я не ведаю, пакуль не гатовая адказаць на гэтае пытанне. Буду глядзець, што эфектыўнейшае. Я даволі шматзадачная, але не ўпэўненая ў сабе як у публічнай спікерцы, як у чалавеку, які нясе выразна сфармаваныя палітычныя ідэі. У палітыка ўсё ж мусіць быць цвёрдае разуменне сваёй палітычнай пазіцыі.

За апошнія гады мая пазіцыя мянялася — я вывучала і правыя, і левыя партыі. Мае погляды ў адрыве ад беларускага кантэксту, то-бок глабальныя, яшчэ не да канца сфармаваныя. Таму не лічу сябе патэнцыйнай палітычнай лідаркай. Пакуль што. Магчыма, калі-небудзь сфармую ўласную ідэалогію і захачу сабраць вакол сябе яе прыхільнікаў. Але цяпер я эфектыўная каардынатарка.

Чытайце таксама