З 1 студзеня з’явілася некалькі новаўвядзенняў па праверцы чыноўнікамі даходаў і выдаткаў насельніцтва. Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства падаткаў і збораў. Нагадаем, раней стала вядома, што чыноўнікі з гэтага года паднялі столь, пасля перавышэння якой будуць патрабаваць справаздачы, адкуль «лішнія» сродкі.
Як паведамляюць у МПЗ, з 1 студзеня гэтага года ў Беларусі перагледзелі спосабы, якімі падаткавікі могуць патрабаваць тлумачэнняў у беларусаў, адкуль у іх з’явіліся «лішнія» грошы, то-бок цікавіцца крыніцай даходаў. Такую ўвагу можна прыцягнуць, да прыкладу, купляй кватэры або машыны.
«Так, такое апавяшчэнне ажыццяўляецца ў першую чаргу адным з наступных спосабаў: з дапамогай дасылання паведамлення ў асабісты кабінет платніка, СМС-паведамлення на абаненцкі нумар аператара сотавай сувязі, тэлефанаграмы, — удакладняюць у МПЗ. — Толькі пры адсутнасці магчымасці апавяшчэння фізічнай асобы вышэйпералічанымі спосабамі яно ажыццяўляецца з дапамогай іншых сродкаў сувязі: тэлеграма, паведамленне электроннай пошты ці іншае».
Яшчэ адно змяненне датычыць сітуацый, калі чалавек, даходамі і выдаткамі якога зацікавіліся падаткавікі, не атрымаў ад іх паведамлення з просьбай патлумачыць, адкуль узяліся «лішнія» грошы. У 2023 годзе яны давалі 30 дзён на адказ, пазней каментары не прымаліся, і налічваўся падаходны падатак на суму перавышэння. Гэтае патрабаванне дзейнічала нават для тых сітуацый, калі чалавек не атрымаў ліста і не ведаў, што трэба даць справаздачу. Праз гэта некаторыя беларусы траплялі ў «пастку»: нават калі ў іх было ўсё ў парадку з даходамі і выдаткамі і яны маглі патлумачыць, адкуль «лішнія» сродкі, ім усё роўна налічвалі падатак на суму перавышэння, якую спачатку знайшлі падаткавікі.
З 1 студзеня гэтага года ўвялі змяненне, паводле якога чалавек, што фактычна не атрымаў ліст ад падатковай з патрабаваннем патлумачыць, адкуль «лішнія» сродкі, зможа даваць адказ і пасля 30-дзённага тэрміну. Але скарыстацца такой магчымасцю можна пры пэўных умовах. Першая: каб у падатковай была інфармацыя, што чалавек фактычна не атрымаў яе ліста. Другая: напісаць заяву падаткавікам пра неатрыманне іх паведамлення. Ёсць яшчэ адна важная дэталь — новаўвядзенне запрацавала з 1 студзеня гэтага года, яно не мае зваротнай сілы. То-бок на праверкі, якія падаткавікі пачалі да гэтага года, змены не распаўсюджваюцца.
Нагадаем, падатковая ў 2024 годзе ўвяла змяненне па праверцы даходаў і выдаткаў насельніцтва. Так, чыноўнікі паднялі столь, пасля перавышэння якой патрабуюць справаздачы, адкуль «лішнія» сродкі.
Чытайце таксама