Некалькі дзён таму Зянон Пазняк заявіў, што Аляксандр Лукашэнка павіншаваў яго з 80-гадовым юбілеем. «Люстэрка» спытала ў палітыка, што было ў гэтым лісце, якім чынам ён прыйшоў і як ён сам усё гэта ўспрыняў. А таксама даведаліся ў экс-дыпламата, як рыхтуюць віншаванні ад Лукашэнкі.
«Гэта сведчыць, што ёсць палітэс»
Зянон Пазняк спачатку адмовіўся каментаваць сваю публікацыю, заявіўшы, што ўсё, што хацеў сказаць, ужо апублікаваў. Але потым дадаў некалькі дэталяў.
— Віншаванне [было] па дыпламатычнай пошце з усімі патрабаваннямі. Павіншаваў спадар Латушка і спадар Лукашэнка, якія з’яўляюцца маімі палітычнымі праціўнікамі. Гэта сведчыць, што ў іх ёсць палітэс (добрыя манеры, ветлівасць, пачцівасць. — Заўв. рэд.), узровень палітэсу, — расказаў ён і ўдакладніў, што раней віншаванняў ад Лукашэнкі не атрымліваў, «у гэтым годзе толькі».
Працягваць размову пасля гэтага Пазняк адмовіўся, паўтарыўшы, што ўся інфармацыя была апублікаваная ў яго тэлеграм-канале.
«Ініцыятыва магла ісці ад Адміністрацыі Лукашэнкі»
Пра тое, якім чынам адпраўляюцца віншаванні ад Аляксандра Лукашэнкі, мы спыталі былога часовага паверанага ў справах Беларусі ў Швейцарыі Паўла Мацукевіча.
Паводле экс-дыпламата, Аляксандр Лукашэнка віншуе з днём нараджэння замежных лідараў, прычым тых, з якімі ён у добрых адносінах, як правіла, віншуе штогод, а часам нават тэлефануе (напрыклад, Уладзіміру Пуціну). Таксама віншуе выбітных дзеячаў палітыкі, мастацтва, культуры як унутры краіны, так і за мяжой (у асноўным гэта датычыць Расіі).
— Звычайна выбітных дзеячаў або палітыкаў мінулага ён віншуе з нагоды юбілею, — тлумачыць Мацукевіч. — Што да саміх пасланняў, яны рыхтуюцца ў папяровым выглядзе, гэта не электронная пошта. Лукашэнка не піша імэйлаў, паведамленняў у тэлеграме. Усё гэта ў папяровым выглядзе надрукаванае ў друкарні на спецыяльных бланках. Калі браць замежных дзеячаў, то праекты паслання рыхтуюцца амбасадамі ў адпаведных краінах. Напрыклад, у выпадку Сі Цзіньпіна, якога віншуюць штогод, віншавальнае пасланне рыхтуе беларуская амбасада ў Пекіне. Прыкладна за месяц-паўтара да даты праект тэксту прыходзіць у Мінск, паступае спачатку ў МЗС, дапрацоўваецца і адтуль ідзе ў Адміністрацыю Лукашэнкі. Потым падпісваецца і скіроўваецца назад па дыпламатычных каналах. Апошняе значыць, што ліст дастаўляецца кур’ерам у амбасаду, а тая потым павінная перадаць яго адрасату.
У выпадку ўжо згаданага Кітая, мяркуе суразмоўца, амбасада перадае ліст у МЗС, а там яго ўжо аддаюць Сі Цзіньпіну.
— Як правіла, за гэтыя віншаванні адказваюць канкрэтныя ведамствы. У выпадку замежных выбітных асоб — Міністэрства замежных справаў, у выпадку дзеячаў культуры ўнутры краіны — Міністэрства культуры і гэтак далей. Лукашэнка гэтых тэкстаў не складае, але часам акрамя свайго подпісу (хоць часта гэта факсіміле) можа ад рукі нешта напісаць, — кажа экс-дыпламат. — Напрыклад, бачыў яго пасланне Вячаславу Кебічу (кіраўнік Савета Міністраў Беларусі з 1990 да 1994 года. — Заўв. рэд.) з нагоды 75-годдзя, І там быў традыцыйны віншавальны тэкст, нічога характэрнага. Але ён па гэтым тэксце сваёй рукой напісаў такі радок: «Я памятаю ўсё, але добрага было больш».
Што да Зянона Пазняка, то ініцыятыва ягонага віншавання наўрад ці ішла ад амбасады Беларусі ў Польшчы, лічыць Павел Мацукевіч.
— Уявіць такое мне, шчыра кажучы, складана. Што да ініцыятывы, тут магчымыя варыянты. Яна магла ісці ад Адміністрацыі Лукашэнкі, калі такое пасланне сапраўды было, — кажа ён. — Бо калі ён кагосьці афіцыйна віншуе, пра гэта паведамляецца на яго сайце і на БЕЛТА. Напрыклад, як было з віншаваннем Кебіча з 80-годдзем. А сам працэс не асабліва складаны ці загадкавы. Калі такое пасланне было, хутчэй за ўсё, яго спачатку перадалі з Адміністрацыі ў беларускае МЗС, адтуль у амбасаду Беларусі ў Варшаве. Далей гэта ўжо галаўны боль амбасады — адшукаць Пазняка і перадаць яму ліст. Думаю, гэта невялікі клопат, бо яго кантакты не трымаюцца ў таямніцы.
Чытайце таксама