Аляксандр Лукашэнка 1−4 чэрвеня будзе з візітам у Манголіі, паведамляе яго прэс-служба.
Ён правядзе перамовы з прэзідэнтам Манголіі Ухнаагійн Хурэлсухам, на якіх плануецца абмеркаваць «перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва для максімальна поўнага раскрыцця патэнцыялу беларуска-мангольскіх адносін».
Перш за ўсё гаворка пойдзе пра магчымасці пашырэння ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, пастаўкі на мангольскі рынак запатрабаванай харчовай і прамысловай прадукцыі айчынных прадпрыемстваў, сумесную працу па лініі АПК.
«Аляксандр Лукашэнка таксама пазнаёміцца з гісторыяй, самабытнымі традыцыямі і звычаямі народа Манголіі», — гаворыцца ў паведамленні.
У гэтыя дні ў сталіцы Манголіі Улан-Батары таксама пройдзе мангольска-беларускі бізнес-форум.
Паводле апошніх звестак МЗС Беларусі на 2021 год, тавараабарот паміж Беларуссю і Манголіяй склаў 43,6 млн даляраў (беларускі экспарт — 43,5 млн даляраў, імпарт з Манголіі — 14,8 тыс. даляраў).