У Беларусі працягвае абвастрацца сітуацыя з дэфіцытам кадраў. Гэтай праблемай заклапочаныя і наймальнікі, і чыноўнікі — эканоміцы тут і цяпер патрэбныя працоўныя рэсурсы. Апошнім часам гучалі некаторыя прапановы, як хаця б часткова скараціць недахоп кадраў, — ад ідэі вяртаць людзей, якія з’ехалі, да прыцягнення патрыятычных пенсіянераў. Аднак рэальных эфектыўных дзеянняў з боку ўладаў пакуль няма. Пра тое, чым пагражае недахоп кадраў, «Люстэрку» расказала эканамістка, аўтарка YouTube-канала «PRO деньги» Аліса Рыжычэнка. Спойлер: абвастрэнне сітуацыі на рынку працы пагражае ў тым ліку павышэннем падаткаў, што закране фактычна ўсіх жыхароў краіны.
Пытанні з пенсіямі і чым гэта можа гукнуцца (ад павышэння падаткаў да павелічэння штрафаў)
Разам з недахопам работнікаў у Беларусі адбываецца скарачэнне долі працаздольнага насельніцтва і адначасовы рост людзей старэйшага ўзросту, таму становіцца актуальнейшым пытанне з забяспечаннем пенсійнай сістэмы, адзначае эканамістка Аліса Рыжычэнка.
— Калі мы гаворым пра перспектыву двух-пяці гадоў, то гэта прывядзе да ціску на пенсійны фонд, бо ў Беларусі ён працуе як фінансавая піраміда. Гэта значыць, што пенсійныя адлічэнні робяцца за кошт сродкаў, якія цяпер выплачваюць людзі, занятыя ў эканоміцы (такая сістэма называецца салідарнай або размеркавальнай. — Заўв. рэд.), — тлумачыць аналітык. — Натуральна, чым менш становіцца занятых, тым менш папаўняецца пенсійны фонд. Ад дзяржавы з кожным годам будзе патрабавацца ўсё больш падтрымкі ў выглядзе субсідый з дзяржбюджэту.
Пры гэтым бюджэт у Беларусі ў апошнія гады (за выключэннем 2023-га) выконваецца з дэфіцытам, то-бок яго выдаткі перавышаюць даходы. У такой сітуацыі любое павелічэнне выдаткаў прыводзіць да неабходнасці дзесьці знайсці гэтыя грошы. Часцей за ўсё, адзначае экспертка, гэта прыводзіць да павышэння падаткаў, тарыфаў і штрафаў.
Пашырэнне вытворчасці — пад пытаннем (некаторыя фірмы «падояць» дзяржбюджэт — а гэта зноў магчымае павышэнне падаткаў)
Яшчэ летась чыноўнікі давалі справаздачу, што загрузка магутнасцяў у прамысловасці знаходзіцца на дзесяцігадовым максімуме. У планах ва ўладаў — яшчэ больш пашырыць вытворчасць, але гэта будзе складана рэалізаваць ва ўмовах недахопу працоўнай сілы, адзначае экспертка.
— Нават калі ў Беларусі будзе магчымасць увозіць тэхналогіі для вытворчых магутнасцяў (з чым ужо цяпер ёсць праблема), то пашыраць вытворчасць складана, калі ў цябе няма кадраў. Тым больш калі мы гаворым пра рэгіёны.
Гэтая ж праблема вядзе да росту выдаткаў вытворчасці і зніжэння канкурэнтаздольнасці, працягвае Аліса Рыжычэнка:
— За год сярэдні заробак павялічыўся прыкладна на 20%. Калі зрабіць папраўку на інфляцыю, то гэта плюс 13%. Пры гэтым у будаўніцтве ён павялічыўся на 24%, у машынабудаванні — на 22,5%, — кажа эканамістка. — Прычым рост заробкаў у 2,5 разу перавышае павелічэнне прадукцыйнасці працы. Пра што гэта сведчыць? Каб прыцягваць супрацоўнікаў, прадпрыемствам трэба прапаноўваць усё вышэйшыя зарплаты і лепшыя ўмовы працы. Але пры гэтым у іх часцяком няма дзе браць сродкі для павышэння заробкаў.
У выніку аплата працы займае ўсё большую долю ў выдатках кампаній. Такім чынам, у арганізацый вымываюцца абаротныя сродкі, якія маглі б ісці на развіццё і пашырэнне вытворчасці.
— Гэта прыводзіць да таго, што прадпрыемствы вымушаныя прыцягваць крэдыты альбо субсідыявацца з боку дзяржавы, — тлумачыць экспертка. — У выніку атрымліваецца замкнёнае кола (як з пенсійным фондам): паколькі ў нас больш за 70% прамысловай вытворчасці прадстаўленыя дзяржпрадпрыемствамі, ім аказваюць падтрымку ў выглядзе дзяржаўных гарантый па крэдытах альбо субсідый з бюджэту. Мы зноў вяртаемся да пытання, што бюджэт плануецца дэфіцытным — значыць, каб знайсці гэтыя сродкі, іх трэба будзе забіраць у насельніцтва (зноў вяртаемся да павелічэння падаткаў і тарыфаў).
Паводле ацэнкі аналітыка, перспектывы беларускіх прадпрыемстваў у цяперашніх умовах звязаныя з узмацненнем закрэдытаванасці, пратэрмінаванай пазычанасці, што прывядзе да росту стратных прадпрыемстваў.
Рызыка пагаршэння сітуацыі ў сацыяльнай сферы
Недахоп кадраў адчуваецца не толькі ў прамысловасці, але і ў многіх іншых галінах. У тым ліку ў медыцыне. Да прыкладу, калі 25 траўня не хапала 4884 дактароў-спецыялістаў, то на 12 чэрвеня ў агульнарэспубліканскім банку вакансій для іх размясцілі 4998 прапановаў ад наймальнікаў.
— Значная частка дактароў працуе больш чым на 1,5 стаўкі. Гэта сведчыць пра тое, што ў нас фактычна не хапае яшчэ больш такіх спецыялістаў, — адзначае Аліса Рыжычэнка. — І дэфіцыт кадраў будзе павялічвацца. Гэта звязана з тым, што сацыяльная сфера датуецца дзяржавай, павышаць заробкі там няма магчымасцяў, фізічна працаваць на знос дактары не могуць, асабліва вузкія спецыялісты, бо гэта павялічвае рызыку памылак — а яны працуюць з жыццямі людзей.
Праз абвастрэнне сітуацыі на рынку працы ў сацыяльна важных напрамках, у прыватнасці ў медыцыне, пацярпяць перш за ўсё рэгіёны, перакананая экспертка. Некаторыя з іх, на яе думку, сутыкнуцца з тым, што аказваць асобныя медпаслугі проста не будзе каму. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да росту сацыяльнай незадаволенасці з боку насельніцтва.
Як урад, з аднаго боку, спрабуе вырашыць праблему, а з іншага — пагаршае яе
Аліса Рыжычэнка акцэнтуе ўвагу на тым, што ў Беларусі пачалі звяртацца да практыкі, якую ў свой час выкарыстоўвалі многія развітыя краіны. Да нас пачалі прыцягваць імігрантаў, у прыватнасці з краін Сярэдняй Азіі. Нядаўна Беларусь і Манголія падпісалі дарожную карту пра прызнанне дакументаў адукацыі.
— Гэта таксама робіцца з мэтай прыцягнуць кадры ў Беларусь. Але ў такога рашэння ёсць цёмны бок. Спецыялісты з гэтых краін — гэта людзі іншай культуры і менталітэту. Відавочна не ўсе беларусы прывыклі суіснаваць у адной прасторы, на адным прадпрыемстве з такімі людзьмі, — кажа экспертка і адзначае: само па сабе прыцягненне замежнай працоўнай сілы — гэта не дрэнна і не добра, але ў некаторых выпадках пры непрадуманых рашэннях можа прывесці да ўнутранага сацыяльнага напружання.
Без структурных рэформаў, скіраваных на павелічэнне эфектыўнасці эканомікі, і змянення падыходаў да сітуацыі на рынку працы кропкавыя рашэнні не дапамогуць справіцца з абвастрэннем дэфіцыту кадраў і спадарожных складанасцяў.
Ёсць адно простае рашэнне, але чыноўнікі яго ігнаруюць
У абвастрэнне сітуацыі на рынку працы ўнеслі лепту рэпрэсіі. І рэч не толькі ў міграцыі ці масавых арыштах, а ў тым, што ў Беларусі цяпер нават пры недахопе спецыялістаў адмаўляюцца браць на працу людзей з «адміністрацыйкай» праз «палітыку».
— Насамрэч у нас ёсць каму працаваць. Але гэтыя людзі непажаданыя для рэжыму, бо многіх звольнілі з прычыны таго, што ў іх было адміністрацыйнае парушэнне ў сувязі з удзелам у мітынгах, праз каментары ці крамольную татуіроўку, — тлумачыць эканамістка. — Цяпер гэтых людзей не бяруць на працу па палітычных матывах, а не таму, што яны не падыходзяць кваліфікацыяй ці не хочуць працаваць.
Калі чыноўнікі адмовяцца ад гэтай практыкі, гэта можа палепшыць сітуацыю на рынку працы.
Чытайце таксама