Мінскі абласны суд вынес прысуд па справе «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай», паведамілі ў прэс-службе пракуратуры.
Крымінальную справу разглядалі ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Суд прызнаў абвінавачаных вінаватымі ў:
- змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
- уваходжанні ў склад «экстрэмісцкага фарміравання» з мэтай здзяйснення злачынстваў «экстрэмісцкай» скіраванасці;
- спрыянні публічным заклікам да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
- спрыянні дзеянняў, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці і разладу па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асобаў.
Пры гэтым дарадцу Святланы Ціханоўскай Аляксандра Дабравольскага таксама прызналі вінаватым у кіраўніцтве «экстрэмісцкім фарміраваннем» і структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у яго.
Па сукупнасці злачынстваў ім прызначаныя наступныя пакаранні:
- Аляксандру Дабравольскаму — 11 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 6000 базавых велічынь (240 тысяч рублёў);
- Красулінай, Кучынскаму, Рудкоўскаму і Шлыку — па 11 гадоў пазбаўлення волі са штрафам ад 1000 да 40 000 базавых велічынь (ад 40 тыс. да 1,6 млн рублёў);
- Астапеню, Біканаву, Дракахрусту, Казакевічу, Крыжаноўскаму, Лапуцьку, Лагвінцу, Любаковай, Навумаву, Рагавой, Руднік, Рабавай, Чуліцкай, Шмацінай — па 10 гадоў пазбаўлення волі, а Усаву — 11 гадоў пазбаўлення волі.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Нагадаем, 25 студзеня Следчы камітэт паведаміў пра пачатак спецвытворчасці ў дачыненні да 20 чалавек — незалежных аналітыкаў і паплечнікаў Ціханоўскай. Усе яны знаходзяцца за мяжой.