З апошніх прэзідэнцкіх выбараў прайшло роўна чатыры гады. Падзеі 9 жніўня 2020-га назаўжды змянілі Беларусь: такога ўзроўню ўздыму грамадзянскай супольнасці і рэпрэсій нашая краіна яшчэ не ведала. Афіцыйныя ўлады і дэмакратычныя палітыкі раз за разам вяртаюцца да падзей 2020-га ў публічных выступах і нібыта жывуць мінулым. Чаму так адбываецца? І ці жывуць 2020 годам звычайныя людзі? «Люстэрка» пагаварыла з экспертамі.
«Калі Лукашэнка вяртаецца ў 2020-ы — ён піша падручнік гісторыі»
На дварэ 2024-ы, а Аляксандр Лукашэнка працягвае вяртацца да падзей 2020 года: тлумачыць, за што саджаў журналістаў, выхваляецца «каласальным досведам», хваліць парламент за адданасць, папракае святароў, якія «заняліся палітыкай»… Навошта пра гэта гаварыць, калі прайшло столькі часу?
Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй і былы дыпламат Павел Мацукевіч лічыць, што пастаяннае вяртанне да падзей 2020 года — спроба перапісаць гісторыю.
— Думаю, што ўлады гатовыя адправіць 2020-ы ў архіў. Ён іх, вядома, непрыемна ўразіў, і сэнс усіх іх рэфлексій — часткова ў тым, каб унікнуць такіх узрушэнняў у будучыні. Але рэч не толькі ў гэтым. Калі Лукашэнка ў сваіх прамовах вяртаецца ў 2020-ы і тлумачыць свае дзеянні ці рашэнні, ён такім спосабам піша падручнік гісторыі Беларусі — не той, якой яна была насамрэч, а той, якой павінная быць з яго пункту гледжання. Ён настойліва абяляе і апраўдвае сябе, прымяншаючы пратэст і ачарняючы дэмакратычныя парывы сваіх апанентаў абвінавачаннямі ў злосных антыбеларускіх намерах.
Сілавікі таксама раз за разам вяртаюцца да падзей мінулага. Нават летам 2024-га са зводак пра затрыманні не знікае фармулёўка «затрымалі за пратэсты 2020-га», прапагандысцкія каналы пагражаюць «дайсці да ўсіх і кожнага». Чаму гэты працэс не спыняецца?
Сацыёлаг і экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Генадзь Коршунаў лічыць, што падзеі 2020-га сталі кардынальным зломам габітусу (у сацыялогіі гэта сістэма трывалых набытых схільнасцяў. — Заўв. рэд.) і карціны свету. Прычым як для прыхільнікаў уладаў, так і для ўдзельнікаў пратэстаў. Абодва бакі ўбачылі, што Беларусь нельга назваць «найцішэйшай нівай», як калісьці казаў экс-кіраўнік МУС Юрый Караеў. І цяпер сілавікі і афіцыйныя ўлады (у якіх гэтых сілавікоў вельмі шмат) не вельмі разумеюць, што рабіць далей.
— У іх няма разумення, што рабіць. Як ператварыць беларускае грамадства ў тое, што ім хочацца? А па-другое, а што рабіць ім самім? Акрамя таго, каб кожны дзень камусьці біць па галаве дубінкай альбо выціскаць з краіны тых, каго біў, анічога не змянілася. Нічога, акрамя рэпрэсій, як высветлілася, яны рабіць асабліва як бы і не могуць. Праз гэта яны робяць проста тое, што могуць, тое, што ўмеюць, не маючы іншых візій таго, што можна рабіць з грамадствам.
Псіхолаг-практык з 20-гадовым досведам і дырэктарка Еўрапейскага інстытута сучаснай псіхатэрапіі Ганна Матуляк разважае пра тое, што ў помслівасці сілавікоў могуць быць глыбокія прычыны:
— Я думаю, гэтая помслівасць і апантанасць помстай — безумоўна вынік нейкай абароны. Калі яны спыняцца, то ім давядзецца прызнаць відавочнае: яны не проста парушалі і парушаюць закон, яны чыняць злачынства, зверства. Таму, каб не сутыкацца з гэтымі непрыемнымі пачуццямі, ім максімальна трэба верыць у тое, што яны змагаюцца са злом. Прычым часам гэта прымае перакручаныя формы.
На думку Паўла Мацукевіча, улады могуць спыніць рэпрэсіі — пры пэўных умовах.
— Рэпрэсіі не спыняюцца, бо для іх з пункту гледжання ўладаў фармальна захоўваецца пажыўная глеба. Супрацьстаяньне з Захадам працягваецца. Заходнія краіны нарошчваюць санкцыйны ціск і падтрымліваюць беларускія дэмсілы ў эміграцыі, якія дэкларуюць нязломную барацьбу з рэжымам у Беларусі. У такіх умовах улады не бачаць падставаў для спынення рэпрэсій і працягваюць займацца, так бы мовіць, прафілактыкай спробаў змены ўлады і змоваў, якія, з іх пункту гледжання, рыхтуе замежжа. У момант, калі Захад пойдзе насустрач Лукашэнку і яны знойдуць паразуменне што да ўмоваў свайго суіснавання, каток масавых рэпрэсій будзе заглушаны. Праўда, да першага пратэснага чыху. Але такія асаблівасці гэтай сістэмы — занадта тонкая канструкцыя, якая не цярпіць ніякіх замахаў на ўладу.
«Сэнсы, якія нам адкрыліся ў 2020-м, застаюцца актуальнымі»
А ці жывуць падзеямі рэвалюцыйнага года звычайныя людзі? Калі каротка — людзі жывуць сваім жыццём, кажа Генадзь Коршунаў. Аднак стаўленне да падзей 2020-га розніцца ў залежнасці ад поглядаў.
Сацыёлаг вылучае ў беларускім грамадстве тры буйныя групы людзей: прыхільнікі рэжыму, «ядро пратэсту» і ўмоўная сярэдзіна, якая ў 2020 годзе выступіла супраць улады. Наколькі вялікія гэтыя групы — складана сказаць дакладна. Сацыёлагі шмат разоў адзначалі, што беларусы ўсё мацней баяцца адказваць на прамыя пытанні пра палітычныя сімпатыі.
— З упэўненасцю можна казаць, патрыятычнае ядро беларускага грамадства цалкам памятае, што было ў 2020 годзе, памятае і шануе. Тыя сэнсы, якія нам адкрыліся ў 2020-м, застаюцца актуальнымі.
Сёлета Цэнтр новых ідэй і ініцыятыва «Народнае апытанне» правялі даследаванне сярод прадэмакратычна настроеных беларусаў пра іх стаўленне да падзей 2020 года. Больш за 90% апытаных адзначаюць: калі б у іх была магчымасць вярнуцца ў тыя дні, яны дзейнічалі б гэтак жа або актыўней. Самыя частыя эмоцыі, якія выклікаюць падзеі 2020−2021 гадоў, — «гонар і павага», «злосць, гнеў, абурэнне» і «гора, боль».
Аднак група «ядра пратэсту» мае тэндэнцыю да ўсыхання. А ўмоўная «сярэдзіна» паступова павялічваецца. Сацыёлаг прагназуе, што так будзе і далей.
— Па-першае, праз рэпрэсіі, калі людзі сыходзяць ва ўнутраную эміграцыю і не раскрываюць сваіх меркаванняў. Па-другое, натуральна, праз геаграфічную міграцыю, якая працягваецца дагэтуль. І трэці момант — прапаганда працуе. Цяпер яна працуе не вельмі эфектыўна. Але ёсць тое, што можна вызначыць, як назапашаны эфект. Яна ўздзейнічае не наўпрост непасрэдна на чалавека, але праз суседзяў, знаёмых, родных, калег і гэтак далей.
У апошнія гады даследчыкі фіксуюць паступовы рост даверу да афіцыйных уладаў і павелічэнне задаволенасці сітуацыяй у краіне. На думку Коршунава, ключавыя фактары, якія ўплываюць на гэтыя працэсы, — неўступленне Беларусі ў вайну з Украінай і пэўная эканамічная стабільнасць:
— Цяпер людзі бачаць, што ўсё працуе. Заробкі крыху падрастаюць, хоць яны там і не вельмі растуць, калі глядзець на цэны. Жыццё трывае, усё працягваецца. Ёсць праца, нейкія грошы ёсць.
Аднак з часам уплыў гэтых фактараў паступова слабее, а нейкіх пазітыўных зменаў улады Беларусі не прапаноўваюць. У гэты ж час працягваюць назапашвацца негатыўныя фактары — накшталт «жалезнай заслоны» на мяжы і спозненай рэакцыі ўладаў на непагадзь.
— Як іх канстэляцыя ў пэўны момант будзе ўплываць на меркаванні людзей — сказаць даволі складана. Таму што сітуацыя, як вы бачыце, супердынамічная, — лічыць Коршунаў.
Паводле Ганны Матуляк, пераход людзей да лаяльнейшых поглядаў можа быць неўсвядомленым.
— Магчыма, не вельмі прыкметна нават для саміх сябе людзі рухаюцца ў бок гэтага меркавання і прысвойваюць яго сабе з пачуцця самазахавання. Гэта адбываецца на несвядомым узроўні. Я прымаю ўмовы гульні — мне сапраўды пачынае здавацца, што не ўсё так жудасна. Глядзіце, сонца свеціць. Ну так, людзей саджаюць у турму, але многіх жа не. Гэта можа быць спосаб абароны.
Такія працэсы не значаць, што людзі забылі пра падзеі 2020 года, адзначае псіхолаг:
— Гэта пытанне не кагнітыўнай функцыі памяці, а хутчэй псіхічнай. То-бок, хутчэй за ўсё, гэтае «забыванне» мае псіхалагічны характар выцяснення. Абстрагуючыся, я максімальна засяроджваюся на тым жыцці, якое ў мяне ёсць цяпер.
Паводле яе, калі кожны дзень сутыкацца з навінамі пра рэпрэсіі, знаходзячыся ў Беларусі, можна проста звар’яцець. Дзеля бяспекі неабходна ствараць альтэрнатыўную рэальнасць, у якой усё адносна добра.
У рознай меры «жыць» 2020 годам могуць людзі ўнутры Беларусі і тыя, хто пакінуў краіну з палітычных прычын. Генадзь Коршунаў адзначае, што апошняе даследаванне паказала, што асноўная лінія «дэмаркацыі» паміж беларусамі розных поглядаў — гэта «прыхільнікі рэжыму» і «прыхільнікі пераменаў». Аднак паступова назапашваецца розніца паміж тымі, хто з’ехаў і хто застаўся.
— У нас розныя праблемы, розныя інструменты, якімі мы карыстаемся для вырашэння як побытавых пытанняў, так і нейкіх стратэгічных задач. Але што добра — захоўваецца жаданне быць побач, захоўваюцца агульныя мэты і агульнае жаданне бачыць Беларусь вольнай і дэмакратычнай, — адзначае сацыёлаг.
У адным з даследаванняў рэспандэнт унутры Беларусі казаў, што палітычныя эмігранты «засталіся ў 2020 годзе», на сустрэчах кожны «ўспамінае, колькі разоў і як ён быў збіты», а камунікаваць праз гэта «цяжка і непрыемна».
— Я думаю, што тут зерне канфлікту ў тым, што людзі па-за краінай могуць бяспечна на гэтым канцэнтравацца, — каментуе Ганна Матуляк. — Яны могуць бяспечна пра гэта думаць і гаварыць. Да таго ж усім нам у той ці іншай ступені ўласцівае магічнае мысленне, асабліва ў цяжкіх сітуацыях, у якіх мы страчваем кантроль. Калі я цяпер пра гэта буду думаць — гэта са мной здарыцца, таму я лепш абстрагуюся.
Тлумачачы паводзіны тых, хто шмат разоў паўтарае сваю гісторыю з 2020-га, псіхолаг кажа, што гэта не заўсёды негатыўны працэс. Менавіта так чалавек можа пражываць сваю траўму — праз шматразовае судакрананне з тым досведам, які аказаўся балючым. Супрацьлегласць гэтаму — выцясненне цяжкіх успамінаў, так часта здараецца, калі чалавек не адчувае сябе ў бяспецы. Але бываюць і выпадкі «захрасання» — чалавек нібыта ходзіць па коле.
— Гэта адбываецца, калі чалавек не ідзе ў глыбокае пражыванне пачуццяў. Ён, напрыклад, расказвае, злёгку дакранаецца, потым выцясняе. Потым зноў трошачкі. Нібы дастае, дэманструе, потым зноў хавае. І вось раз за разам гэта адбываецца, — кажа псіхолаг і адзначае, што такія сітуацыі важна прапрацаваць са спецыялістам.
«На ўспамінах можна будаваць толькі мары ці паветраныя замкі, а не эфектыўную палітыку»
Чаму ж дэмакратычныя сілы Беларусі, якія знаходзяцца па-за краінай, працягваюць так часта звяртацца да падзеяў 2020-га? Напрыклад, у грамадскіх выступах і публікацыях палітыкі пастаянна робяць адсылкі да мінулых выбараў і пратэстаў — і будуюць на гэтых фактах далейшыя аргументы і дзеянні.
— Гэта іх крыніца натхнення, — тлумачыць Павел Мацукевіч. — Праблема, па-першае, у тым, што насамрэч гэтая крыніца даўно перасохла: пратэсту няма, а ёсць толькі ўспаміны пра яго. А на ўспамінах можна будаваць толькі мары ці паветраныя замкі, але не эфектыўную палітыку. Па-другое — у тым, што дэмсілы ў прынцыпе не гатовыя адпусціць 2020-ы і перагледзець свае падыходы, а значыць, у нейкі не вельмі далёкі момант яны рызыкуюць страціць сваю актуальнасць і запатрабаванасць.
Калі казаць пра палітычна актыўную і дэмакратычна настроеную частку беларускага грамадства, людзі ў ёй таксама часта вяртаюцца да падзей 2020 года. Генадзь Коршунаў адзначае, што для многіх удзельнікаў пратэстаў гэты досвед стаў самым эмацыйна моцным. Але грамадства, на яго думку, не асэнсавала гэтыя падзеі да канца.
— Мне падаецца, праблема ў тым, што мы да канца ўсё роўна яго не асэнсавалі, — разважае Коршунаў. — Не стварылі свайго такога гістарычна-каштоўнаснага наратыву. І гэта пытанне не толькі да палітыкаў, але таксама да публічных інтэлектуалаў, экспертаў, навукоўцаў, даследчыкаў, а таксама да журналістаў і мастакоў. Бо мы цяпер кажам практычна толькі пра боль, і зразумела, што пра гэта трэба казаць. Але мы не робім стратэгічных крокаў далей.
Калі я кажу, што мы захраслі ў 2020-м, я хутчэй акцэнтую той момант, што мы захраслі ў болі. І зразумела чаму — бо ёсць за што балець, ёсць каму балець. І з пэўнага пункту гледжання гэта няблага, было б значна горш, каб яно не балела. Але трэба рабіць наступны крок. Трэба асэнсаваць тое, што было, зрабіць пэўныя высновы і маляваць, выпрацоўваць нейкую стратэгію. Нейкія крокі — не толькі на ўзроўні палітыкі і будучых рэформ. Але браць больш шырокую карціну нацыянальна-грамадскага асэнсавання і будавання краіны і нацыі ў глабальным кантэксце.
Ганна Матуляк таксама адзначае, што беларускае грамадства яшчэ не справілася з траўмай 2020-га. У першую чаргу таму, што сітуацыя яшчэ не завершаная, мноства людзей да гэтага часу не знаходзіцца ў бяспецы. На яе думку, паўнавартасна ацаніць тое, што здарылася, і яго наступствы можна будзе, калі сітуацыя нейкім чынам завершыцца.
Аднак эфекты могуць быць вельмі доўгатэрміновымі. Яна прыводзіць у прыклад перажыванні тых, хто стаў ахвярай рэпрэсій у СССР. Тады самай частай рэакцыяй было выцясненне цяжкіх эмоцый. Паводле даследаванняў, наступствы тых траўмаў назіраліся цягам усяго жыцця пацярпелых і былі прыкметныя нават у дзяцей і ўнукаў рэпрэсаваных.
— Страх, які яны перажылі, адмаўленне мінулага, няздольнасць гараваць, няздольнасць перажыць смутак, страту і гора з усімі складнікамі — гэта ўсё, вядома, ускладняе працэс перажывання траўмы і пераводзіць яе ў хранічную форму, — мяркуе суразмоўніца.
Паводле яе, наступствы цяжкіх падзей ХХ стагоддзя могуць накладвацца на сучаснасць. Напрыклад, выклікаць жаданне далучыцца да агрэсара, абвінаваціць ахвяру, не заўважаць несправядлівасці.
— Калі мы бачым людзей, якія вераць тэлевізару, трымаюцца да апошняга за няісную рэальнасць, што ў краіне стабільна, што ў краіне надзейна, што насамрэч ніякіх рэпрэсій не адбываецца, а людзі трапляюць у турму «за справу». Гэта ўсё ў тым ліку вынік тых працэсаў, — тлумачыць спецыялістка.
Яна дадае: сітуацыю пагоршыла і тое, што рэпрэсіі мінулага не атрымалі адназначнай ацэнкі — нават праз шмат гадоў.
— Я ўпэўненая, нам як грамадству дапаможа даць рады гэтай траўме ў далейшым дакументаванне ўсяго, што адбываецца, — кажа Матуляк. — Савецкая ўлада спрабавала максімальна замесці сляды [рэпрэсій], у іх была такая магчымасць — і тое не атрымалася. Цяпер, па-першае, гэта немагчыма зрабіць. Па-другое, вельмі шмат працы вядзецца ў тым кірунку, каб людзі не былі нябачнымі: іх абвяшчаюць палітвязнямі, пра рэпрэсіі гаворыцца, усе факты дэталёва фіксуюцца. Ужо само па сабе гэта досыць тэрапеўтычна. Чалавек атрымлівае свой статус пацярпелага ад рэпрэсій, а гэта важна.
Павел Мацукевіч лічыць, што дэмакратычным сілам варта змяніць акцэнт сваёй працы. На яго думку, санкцыйны шлях практычна вычарпаны.
— З таго моманту як рэжым выстаяў, а гэта, паводле маіх прыкідак, кастрычнік 2020-га, калі не раней, міжнародны акцэнт мусіў быць зусім іншым — на ўздзеянні на грамадства, на падтрымцы грамадскай цікавасці да дэмакратыі і яе каштоўнасцяў, — кажа даследчык. — Санкцыі, ізаляцыя, за што б’юцца дэмсілы, а таксама абсяканне ўсіх каналаў камунікацыі, плот на мяжы — зусім не тыя ўмовы, у якіх гэтая цікавасць можа пусціць карані ці нават выжыць. Ну і ў прынцыпе гэта дэструктыўная лінія для Беларусі, якімі б добрымі намерамі яна ні тлумачылася. Дэмсілам быццам нязручна выступаць за наладжванне кантактаў Захаду з рэжымам, але толькі так можна захаваць сувязь з Беларуссю і ў выніку неяк паўплываць на сітуацыю, павырашаць хаця б нейкія пытанні. Такія, напрыклад, як вызваленне палітвязняў.
Чытайце таксама