Крымінальны кодэкс прапанавалі дапоўніць артыкулам, які прадугледжвае адказнасць за гвалт ці пагрозу гвалтам у дачыненні да прэзідэнта Беларусі, які перастаў выконваць свае паўнамоцтвы. Пра гэта гаворыцца ў праекце Закона «Пра змяненне кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», які быў апублікаваны 12 жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Усё гэта адбываецца на фоне таго, што палітык чарговым разам загаварыў пра змену ўлады.
Законапраект, нагадаем, на мінулым тыдні скіраваў у Нацыянальны сход Аляксандр Лукашэнка.
У дакуменце прапануецца дапоўніць Крымінальны кодэкс артыкулам 366−1 (Гвалт ці пагроза гвалтам у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які перастаў выконваць свае паўнамоцтвы).
«Гвалт альбо пагроза гвалтам, знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку таго, які перастаў выконваць свае паўнамоцтвы у сувязі з заканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе альбо датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі ці пастаяннай няздольнасці з прычыны стану здароўя выконваць абавязкі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, членаў яго сям'і караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў», — прапануецца законапраектам.
Акрамя таго, прапануецца дапоўніць артыкулы 367 (Паклёп на прэзідэнта) і 368 (Абраза прэзідэнта). Законапраект прапануе пашырыць іх дзеянне і на асобаў, «якія перасталі выконваць свае паўнамоцтвы ў сувязі з заканчэннем тэрміну знаходжання на пасадзе альбо датэрмінова ў выпадку адстаўкі або пастаяннай няздольнасці з прычыны стану здароўя выконваць абавязкі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, членаў яго сям'і».
Нагадаем, дагэтуль няма поўнай яснасці што да таго, ці будзе Аляксандр Лукашэнка браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. Намер вылучыцца чарговым разам ён упершыню агучыў 25 лютага. Аднак ужо 5 сакавіка заявіў, што яго няправільна зразумелі.
— Хтосьці там задаваў пытанне: «Ці пойдзеце вы на выбары?» Я там не даслухаў і [адказаў]: «Пайду-пайду». Гэта не значыць, што я ўжо вырашыў і прыняў рашэнне. Проста ім хацеў сказаць: «Ды пайду, супакойцеся вы». Гэта не значыць, што я сказаў там, «пайду» ці «не пайду». Усё будзе залежаць ад таго, як мы падыдзем да гэтых выбараў. А раптам аб’явіцца чалавек, якому мы можам даверыцца. Але ўсякае можа быць, — апраўдаўся палітык.
11 жніўня Лукашэнка зноў загаварыў пра змену ўлады, але не ўдакладніў, калі гэта адбудзецца.
— Я ўжо публічна пачынаю казаць усім вам. Вы павінныя прывыкаць да таго (я вас распесціў трошкі), што прэзідэнт будзе іншы. Не, я не кажу: заўтра я вас кіну, паслязаўтра і іншае… Ну, усякае ж у жыцці бывае. Вы павінныя прывыкаць да таго, што я не вечны, як і ўсе, — заявіў Лукашэнка.
Пры гэтым у жніўні 2020 года ён жа сказаў, што, «пакуль вы мяне не заб’яце, іншых выбараў не будзе».
Чытайце таксама