Віктар Каранкевіч прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі. Такое рашэнне прыняў 12 жніўня Аляксандр Лукашэнка, піша яго прэс-служба.
Да прызначэння на гэтую пасаду Віктар Каранкевіч працаваў міністрам энергетыкі. Яго крэсла заняў Аляксей Кушнарэнка. Ён перайшоў на міністэрскую пасаду з пасады гендырэктара дзяржаўнага вытворчага аб’яднання па паліве і газіфікацыі «Белпалівагаз».
Лукашэнка папярэдзіў Каранкевіча, што за ім застаецца ліквідацыя наступстваў нядаўняй стыхіі.
— Гэта трэба зрабіць — тое, пра што мы казалі. Тым больш цяпер магчымасцяў нават больш. Трэба прыводзіць у парадак нам гэтыя сеткі, паглядзець, дзе што трэба зрабіць. І разам з новым міністрам (міністрам энергетыкі прызначаны Аляксей Кушнарэнка, які ўзначальваў «Белпалівагаз». — Заўв. рэд.) папрацуй. Перадай яму ўсё, пра што мы казалі, і ўсё, што трэба зрабіць, — даручыў палітык.
Акрамя таго, 12 жніўня Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне Таццяны Астрэйка на пасаду першага намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны, Аляксандра Судніка — намеснікам міністра фінансаў, Андрэя Пракапчука — дырэктарам Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных справаў.
БЧ з гэтага дня ўзначальвае Валерый Вярэніч. Раней ён быў першым намеснікам у Міністэрстве транспарту і камунікацый.