У Беларусі ў жніўні прадалі 4916 новых легкавікоў і лёгкага камерцыйнага транспарту. Гэта месячны рэкорд гэтага года, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА). Актыўней за ўсё беларусы куплялі аўто брэнда Geely.
За жнівень кампаніі — чальцы БАА прадалі 4916 адзінак легкавых аўтамабіляў і лёгкага камерцыйнага транспарту. Гэта месячны рэкорд гэтага года. Жнівеньскі паказчык таксама больш чым у два разы перавышае продажы за аналагічны месяц 2023-га.
За восем месяцаў гэтага года прадалі 29 987 аўтамабіляў. Гэта больш, чым за ўвесь 2023-і. Пры гэтым продажы за студзень-жнівень гэтага года на 120% перавышаюць паказчыкі аналагічнага перыяду 2023-га, удакладняюць у БАА.
Лідар продажаў сярод легкавых аўтамабіляў — Geely, на гэты брэнд прыпадае 49% ад агульнай колькасці рэалізацыі новых легкавікоў.
Рост продажаў новых аўтамабіляў звязаны з тым, што дылеры пашырылі свае прапановы, таксама павялічыўся попыт у пакупнікоў. На думку БАА, людзі пачалі актыўней набываць транспарт дзякуючы даступнасці аўтакрэдытаў і лізінгу. Сярод іншых прычын — рост даходаў насельніцтва, а таксама складанасці з увозам аўто з-за мяжы.
Па выніках васьмі месяцаў гэтага года больш за 5% прададзеных афіцыйнымі дылерамі аўтамабіляў адносяцца да класа электрычных, адзначаюць у БАА. Па выніках 2023-га гэты паказчык ледзь дасягаў 1,7%. На павелічэнне продажаў «электрычак» паўплывала пашырэнне інфраструктуры для падзарадкі электрамабіляў у Беларусі.
Чытайце таксама