Сястра міністра замежных справаў Беларусі Максіма Рыжанкова Дар’я ўжо шмат гадоў жыве ў Францыі, у 2022-м атрымала грамадзянства Расіі і называе Беларусь і РФ «наш агульны рускі свет». Пра гэта яна расказала на старонцы спецпраекта РБК «Мяккая сіла». Увагу на публікацыю звярнуў «Белсат».
Рыжанковай прысвяцілі цэлую старонку спецпраекта РБК, бо яна стала выпускніцай праграмы «Жанчына-лідар» 2023 года. Яна прадстаўляла праект «Экспат-навігатар».
Жанчына расказала, што нарадзілася ў Мінску, скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Сусветная эканоміка і міжнародныя эканамічныя адносіны» і доўгі час працавала ў сферы маркетынгу і продажаў, дасягнуўшы «дастаткова высокага ўзроўню ў гэтай галіне».
«У 2009 годзе сустрэла свайго будучага мужа і пераехала ў Францыю, дзе і жыву дагэтуль», — паведаміла яна ў сваёй біяграфіі.
У Францыі яна працягнула навучанне, у 2016 годзе атрымала дыплом бакалаўра па спецыяльнасці «Навукі пра жыццё і здароўе» (Sciences de la Vie et Santé), а таксама дыплом магістра па спецыяльнасці «Біябанкі і кіраванне базамі дадзеных». Акрамя таго, яна вучылася ў Вышэйшай школе натурапатыі Euronature ў Ліёне.
Паводле яе, падчас навучання ў магістратуры ёй зрабілі прапанова працаваць у біябанку. Яна там арганізавала структуру кіравання архівамі біялагічнага матэрыялу і сістэму аналізу і апрацоўкі звестак. Калі атрымала гэтую працу, ёй было 42 гады, яна была там стажоркай, але потым адбыўся рэзкі кар’ерны рост — праз тры месяцы стала кіраўніцай.
У 2022−2023 гадах яна ўдзельнічала ў конкурсе кіраўнікоў «Лідары Расіі» пуцінскай платформы «Расія — краіна магчымасцяў» і стала пераможцай трэку «Міжнародны» і ўдзельніцай суперфіналу.
«Гэта быў надзвычайны досвед канкурэнтнай барацьбы, самапазнання і творчага ўздыму, але самае галоўнае — здабыццё кола аднадумцаў. Абсалютна відавочна, што наступнае прафесійнае жыццё я звязваю менавіта з Расіяй. Дзякуючы конкурсу прайшла навучанне ў РАНГіДС па праграме „Майстар дзяржаўнага кіравання для кіраўнікоў для краін СНД“ (EMPM) і літаральна толькі што, у кастрычніку, атрымала ступень Executive MBA ў МДУ імя М.В. Ламаносава», — расказала Рыжанкова.
Яна таксама прызналася, што цікавіцца яшчэ і «вывучэннем гістарычных і геапалітычных працэсаў і міждзяржаўнага ўзаемадзеяння», а таксама ў тым, што пасля пераезду за мяжу «не адчувае» розніцы паміж Беларуссю і Расіяй.
«Калі ты доўга знаходзішся за мяжой, то розніцу паміж нашымі краінамі — Расіяй і Беларуссю — ужо не адчуваеш, гэта для цябе нашая агульная прастора, „рускі свет“. Яшчэ задоўга да падзей 2014 года я пачала заўважаць, скажам так, некарэктнае да яго стаўленне. Гэта маглі быць абразлівыя карыкатуры, звязаныя з нацыянальнымі сімваламі, або нечаканыя трактоўкі гісторыі Другой сусветнай вайны ў прыватных гутарках», — сказала Дар’я Рыжанкова.
Яна таксама сцвярджае, што французы заўсёды былі саюзнікамі «рускага свету», а вывучэнне гісторыі і сацыяльных працэсаў «дазволіла паступова перайсці ад пачуццяў несправядлівасці і злосці да ўдзелу ў сумесных праектах, якія дапамагаюць выбудаваць „масты“ паміж нашымі краінамі» і «простымі людзьмі». Паводле яе, яна ўдзельнічала ў двух буйных беларуска-французскіх дабрачынных акцыях у Беларусі і арганізоўвала «туры для сваіх французскіх калег у Расіі і Беларусі».
Як адзначае «Белсат», Дар’я Рыжанкова падтрымлівае адносіны з братам. У снежні 2022 года яна разам з Максімам Рыжанковым была на спаборніцтвах па баскетболе памяці іх бацькі Уладзіміра Рыжанкова, які ўзначальваў Мінспорту і НАК.
У лістападзе 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў указ пра прыём у расійскае грамадзянства Дар'і Рыжанковай.
Чытайце таксама