Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Схільнасць Аляксандра Лукашэнкі казаць няпраўду ўжо наўрад ці кагосьці здзіўляе. Хочучы выставіць у лепшым святле сябе і сваю працу, палітык часта перакручвае факты (вось цэлыя «наборы» яго відавочнай хлусні ў інтэрв'ю розным журналістам: раз, два, тры). Ёсць спрэчнае меркаванне, што практычна ўсе палітыкі хлусяць, і ўменне хлусіць стала для іх прафесійна важнай якасцю. Але нават калі прыняць за нейкую норму «палітычную» хлусню, то схільнасць да хлусні Лукашэнкі выходзіць далёка за гэтыя межы. Чалавек, які сёмы раз збіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру на выбары прэзідэнта Беларусі, часта кажа няпраўду і, здавалася б, без усялякай палітычнай мэты — проста так. Прычым гэтая хлусня відавочная, лёгка пераправяраецца і не прыносіць яму ніякай карысці. Здаецца, што ён настолькі прывык скажаць ці перабольшваць рэчаіснасць, што ўжо проста не можа своечасова спыніцца. Мы сабралі некалькі яскравых прыкладаў такой бессэнсоўнай хлусні палітыка.

Чаравікі для пахавання Генадзя Карпенкі

У 2001 годзе Аляксандр Лукашэнка расказаў сваю версію скону памерлага ў 1999 годзе ў загадкавых абставінах віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенкі. Акурат тады ў Беларусі пачалі загадкава знікаць апаненты ўладаў (пра іх лёс так дагэтуль нічога і невядома, а да іх імавернага забойства, хутчэй за ўсё, датычныя людзі з найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі), і на гэтым фоне дзіўная смерць апазіцыянера выглядала вельмі падазронай.

«Яны туды [у спіс зніклых апанентаў уладаў] запісалі Генадзя Карпенку, што ён таксама знік, — абураўся Лукашэнка. — Чалавек памёр, якога ратаваў, мучачыся, наш хірург, ратаваў трое сутак».

«Зняўшы» такім чынам з сябе падазрэнні ў смерці сур’ёзнага палітычнага канкурэнта, Лукашэнка чамусьці не спыніўся. І ўзяўся расказваць пра яго пахаванне: «[Кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Міхаіл] Мясніковіч адказваў за гэта, калі памёр Карпенка. Я ўжо вам адкрыта скажу: мы яго хавалі. Жонка прыйшла, кажа, чаравікаў няма, няма апрануць у што і так далей. Вось ён хадзіў і купляў яму вопратку. Мы па-чалавечы ўсё зрабілі, пры чым жа тут прэзідэнт?»

Геннадий Карпенко. Фото: photo.bymedia.net
Генадзь Карпенка. Фота: photo.bymedia.net

Такая гісторыя пра клопат выглядала вельмі дзіўна. А жонка віцэ-спікера, Людміла Карпенка, палічыла гэтую дзіўную заяву Лукашэнкі абразлівай і абвергла факт звароту па дапамогу. Яе адказ апублікавала «Белгазета».

«Тыя, хто слухаў выступ Лукашэнкі на тэлебачанні, ужо сёння жартуюць, маўляў, твайго мужа хавалі як бамжа, — сказала жанчына. — Вы верыце, што чалец-карэспандэнт Акадэміі навук, доктар тэхнічных навук Карпенка не меў чаравікаў? Лукашэнка панічна баяўся майго мужа пры жыцці, гэты страх не прайшоў у яго і цяпер, калі Генадзя няма ў жывых. Калі памёр Генадзь, патэлефанаваў Мясніковіч, прыйшоў Ціцянкоў, каб выказаць спачуванне. Яны пыталі, якая патрэбная дапамога. Адзінае, пра што я папрасіла, — гэта даць магчымасць пахаваць Генадзя на Маскоўскіх могілках. Я сама разам з сынам купляла труну, вянкі, шмат у чым дапамаглі блізкія сябры і паплечнікі мужа — імі была нават створаная спецыяльная камісія па пахаванні. Я б хутчэй памерла ад голаду, чым да Лукашэнкі па дапамогу звярнулася. 30 жніўня ў А.Р. дзень нараджэння, куплю яму ў падарунак чаравікі і вышлю поштай».

Эканомія на каньках і клюшках

У 2011 годзе Беларусь прайшла праз цяжкі эканамічны крызіс, справакаваны дзеяннямі ўрада. Пасля штучнага павелічэння заробкаў перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года ўладам давялося двойчы дэвальваваць беларускі рубель (у траўні 2011 года яго абясцэнілі на 56%, а ў кастрычніку — яшчэ на 52%).

На гэтым фоне 23 снежня 2011 года Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю для беларускіх і замежных СМІ. Падчас яе палітык чамусьці вырашыў расказаць, як разам з астатнімі беларусамі пераносіць звязаныя з крызісам нягоды. У той час як шараговыя грамадзяне страчвалі зберажэнні і вучыліся выжываць на зарплату, пакупніцкая здольнасць якой скарацілася ў разы, Лукашэнка, паводле яго словаў, таксама эканоміў на чым толькі мог.

«Не купляў клюшкі, канькі ў гэтыя крызісныя часы, касцюмы — толькі беларускай вытворчасці, — дзяліўся палітык. — Вельмі абмяжоўваю сябе ў харчаванні і ўжываю ў ежу толькі беларускае, бо замежнае мне ў рот не лезе».

Магчыма, некага з грамадзян сапраўды крануў вобраз палітыка, які грае ў хакей з леташняй клюшкай і старанна ўнікае замежнай ежы. Якая-ніякая, але эканомія для бюджэту. Але ўсяго праз пяць дзён, 28 снежня 2011 года, СМІ стала вядома, што для палітыка, які жорстка эканоміць на спартовай экіпіроўцы, вопратцы і харчаванні, у Туркменістане купляецца авіялайнер Boeing у VIP-камплектацыі. Інфармацыя пра набыццё Boeing 767, аплачанага з бюджэту, пацвердзілася ў траўні 2012 года.

Правительственный Boeing 767−300 в Национальном аэропорту Минска, 7 февраля 2024 года. Фото: телеграм-канал «Пул Первого»
Урадавы Boeing 767−300 у Нацыянальным аэрапорце Мінска, 7 лютага 2024 года. Фота: тэлеграм-канал «Пул Первого»

Дакладная цана куплі самалёта за кошт беларускіх падаткаплатнікаў для «эканомнага» Лукашэнкі невядомая. Але сам палітык расказваў, нібыта новы такі лайнер каштуе 250−300 млн даляраў, а карыстаны ў Туркменістана купілі за суму, у два з паловай разы меншую (то-бок за 100−120 млн даляраў).

«Ніводнага бюджэтнага рубля» на новы палац

У кастрычніку 2013 года Лукашэнка выступаў перад студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова. У сваёй прамове ён закрануў балючую тэму будаўніцтва новага пампезнага Палаца незалежнасці ў Мінску, якое тады завяршалася. Апраўдваючыся за гэтую дарагую будоўлю, ён раптам прыдумаў, што яна абышлася беларусам практычна дарма.

«Сёння часта крытыкуюць за Палац незалежнасці. Але паглядзіце на гэты цэнтр — Плошча сцяга, адноўлены „Белэкспа“, дзе мы выстаўляем найвышэйшыя дасягненні нашага народа, і Палац незалежнасці, — сказаў Лукашэнка. — Яны нават не ведаюць, колькі гэта каштуе, за якія грошы пабудаванае. Там няма ніводнага бюджэтнага рубля».

Дворец независимости. Фото: телеграм-канал «Пул первого»
Палац незалежнасці. Фота: тэлеграм-канал «Пул первого»

Гэта відавочная хлусня, прычым агучаная абсалютна нясвоечасова. Абвергнуць яе ўдалося яшчэ да таго, як Лукашэнка наогул прыдумаў факт цалкам пазабюджэтнага будаўніцтва сваёй 12-й рэзідэнцыі. Яшчэ ў жніўні 2013 года Аб’яднаная грамадзянская партыя высветліла крыніцы фінансавання будаўніцтва новага палаца ў афіцыйнай асобы, атрымаўшы адказ за подпісам першага намесніка фінансаў Уладзіміра Амарына. У дакуменце сцвярджалася, што будаўніцтва фінансуецца адразу з двух бюджэтаў — папалам з рэспубліканскага і мінскага (то-бок на будаўніцтва палаца «скінуліся» са сваіх падаткаў усе беларусы, а дадаткова наверх — мінчукі).

Дадамо, што першапачаткова Лукашэнка наогул чамусьці хлусіў, што на праспекце Пераможцаў не будуецца ягоная рэзідэнцыя.

«Гэта не рэзідэнцыя прэзідэнта. Там, праўда, ёсць адзін працоўны кабінет для прэзідэнта, больш там кабінетаў няма», — заяўляў ён.

Праз дзесяць гадоў ужо відавочна, што гэта не так: Палац незалежнасці ператварыўся менавіта ў рэзідэнцыю Лукашэнкі, дзе ён праводзіць пераважную частку афіцыйных мерапрыемстваў. Забыліся на ранейшыя словы палітыка і рэдактары яго афіцыйнага сайта — у апісанні аб’екта наўпрост сказана, што «тут размяшчаецца рэзідэнцыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Паўтаральная хлусня пра Быкава

3 кастрычніка 2014 года Лукашэнка сустракаўся з фіналістамі конкурсу «Настаўнік года». Размаўляючы з педагогамі, ён раптам успомніў пра пісьменніка Васіля Быкава і ягоную паслядоўную палітычную пазіцыю (той востра крытыкаваў Лукашэнку з моманту пачатку ягонай палітычнай кар’еры).

«Васіль Быкаў не быў маім прыхільнікам, але ў яго ёсць класныя творы, якія мусяць ведаць у школе», — сказаў Лукашэнка.

Могила писателя Василя Быкова на Восточном кладбище в Минске, 19 июня 2024 года. Фото: Х/pryvid
Магіла пісьменніка Васіля Быкава на Усходніх могілках у Мінску, 19 чэрвеня 2024 года. Фота: Х/pryvid

Але на гэтай, увогуле, нейтральнай фразе палітык не спыніўся і невядома чаму пачаў расказваць настаўнікам, як сам Быкаў і яго жонка, аказаўшыся ў цяжкім становішчы, нібыта звярталіся асабіста да яго па дапамогу: «Мне казалі: вось, Быкаў здраднік, ён з’ехаў з краіны… Гэта яго права — з’ехаў і з’ехаў. Але калі цяжка стала, ён звярнуўся да каго б вы думалі? Да прэзідэнта. Да прэзідэнта прыйшоў, і жонка прыйшла: дапамажыце, лячэнне… Памёр чалавек — зноў прыйшлі да дзяржавы, зразумелі, хто чаго варты».

«Наша Ніва» тады звязалася з удавой пісьменніка Ірынай Быкавай, каб удакладніць, ці сапраўды яна ці яе муж звярталіся па дапамогу да Лукашэнкі. Для той гэтыя словы палітыка прагучалі як гром сярод яснага неба. Спачатку яна многае сказала журналістам, але потым папрасіла выкрасліць усё і пакінула наступнае: «Асабіста Лукашэнку, магчыма, хто і прасіў ад нашага імені, але мне пра гэта невядома. Нам прэзідэнт даслаў спачуванне, калі Быкаў памёр, і ўсё».

Але праз восем гадоў, у верасні 2022-га, Лукашэнка зноў успомніў пра Быкава на сваім «адкрытым уроку». Ён паказаў адразу некалькі ўзнагародаў, якія яму ўчора прынёс старэйшы сын, Віктар Лукашэнка.

«Хтосьці са сваякоў на рынку прадаваў за 30 даляраў!» — заявіў палітык. Журналісты зноў звярнуліся да сваякоў і ўдавы Быкава — усе абверглі факт продажу. Аказалася, што да Ірыны Быкавай прыязджаў чалавек, які назваўся прадстаўніком літаратурнага архіва. Пасля чаго дакументы і іншыя рэчы, якія належалі пісьменніку, забралі. Неўзабаве да яе прыйшоў яшчэ адзін чалавек, які назваўся дырэктарам літаратурнага музея. Ён таксама хацеў убачыць архіў Быкава і не ведаў, што да яго ўжо нехта наведваў удаву. Ён сказаў жанчыне, што папярэднікі былі аферыстамі.

Лыжны трэнер алімпійскай чэмпіёнкі

У верасні 2018 года на фізкультурным фестывалі, прысвечаным сталічнаму дню горада, Лукашэнка расказаў пра самы пачатак спартовай кар’еры чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай: «Калі яна маленечкая была, пачынала тут. Вунь там яшчэ фатаграфіі ёсць, я яе вучыў бегаць, казаў: „Ты будзеш вялікай, калі зробіш гэта, гэта і гэта“. Яна зрабіла».

Ці мог Лукашэнка сапраўды вучыць маленькую Дар’ю Домрачаву бегаць на лыжах? Наўрад. Рэч у тым, што славутая біятланістка нарадзілася ў Мінску ў 1986-м, але праз чатыры гады пераехала ў Расію і наступныя 14 гадоў жыла ў Нягані (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга). У Мінск яна вярнулася толькі ў 2004-м.

Дарья Домрачева во время женской гонки на 12,5 км с масс-старта на зимних Олимпийских играх в Сочи 17 февраля 2014 года. Фото: Reuters
Дар’я Домрачава падчас жаночай гонкі на 12,5 км з мас-старту на зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы 17 лютага 2014 года. Фота: Reuters

Калі дапусціць, што Лукашэнка трэніраваў Домрачаву яшчэ да ад’езду, то гэта мусіла адбывацца, калі Дар’я была зусім маленькай (каля чатырох гадоў). Сам Лукашэнка ў гэты час кіраваў не дзяржавай, а саўгасам «Гарадзец» Шклоўскага раёна. І вельмі сумнеўна, што ў гэты перыяд ён вучыў бегаць на лыжах чужых дзяцей дзесьці ў Раўбічах.

Таксама вядома, што лыжнымі гонкамі Домрачава займалася яшчэ з 1992-га — наогул незразумела, навошта ёй у той час трэба было ездзіць вучыцца ў Мінск да малавядомага дэпутата ад Шклоўшчыны.

Калі ж гаворка ідзе пра перыяд пасля 2004 года, то на той час Домрачава была ўжо зусім не «маленечкая» (18 гадоў) і цалкам умела бегаць на лыжах. Бо займацца біятлонам яна пачала яшчэ ў Нягані і ўжо была шматразовай чэмпіёнкай Расіі сярод юніёраў.

Падарунак ад Ілана Маска

2 верасня 2019 года Лукашэнка выступаў перад вучнямі 93-й школы ў мінскім Уруччы. У гутарцы са школьнікамі палітык расказаў, што амерыканскі мільярдэр Ілан Маск падарыў яму электрамабіль Tesla, выраблены ягонай кампаніяй: «Я часам яе тэстую. Маск падарыў. Потым ён мяне ўбачыў на матацыкле і кажа: „Слухай, у вас прэзідэнт на двухколавым матацыкле ездзіць?“»

Навошта палітык схлусіў у гэтым выпадку — абсалютна незразумела. Магчыма, гадоў 30 таму такая хлусня засталася б незаўважанай. Але ў эпоху сацсетак удакладніць інфармацыю ў самога мільярдэра аказалася зусім не складана. Усяго праз чатыры дні, 6 верасня, адзін з карыстальнікаў сацсеткі Twitter задаў Маску пытанне пра тое, ці дарыў ён Лукашэнку аўтамабіль. І той вельмі хутка адказаў: «О, не».

Адзначым таксама, што гэта не першая бессэнсоўная хлусня Лукашэнкі пра аўтамабіль «Тэсла» незразумелага паходжання ў ягоным гаражы. Яшчэ ў 2017 годзе ён расказваў, як тэставаў Tesla Model S: «Шчыра прызнаюся: праехаў 280 км/г і спалохаўся, што ён можа ўзляцець. Самалёт узлятае і садзіцца з такой хуткасцю. Вельмі добры аўтамабіль». Тым разам журналісты AUTO.TUT.BY заўважылі, што гэтая мадэль аўтамабіля разганяецца толькі да 250 км/г.

Чытайце таксама