На мінулым тыдні абменны курс беларускага рубля зноў зазнаў рэзкія змены. У першы дзень тыдня, 9 снежня, даляр ЗША патаннеў на 0,85%, да USD/BYN 3,3775. Потым рэзка пайошў уверх і да чацвярга, 12 снежня, падняўся да USD/BYN 3,4850, дадаўшы 2,80%. Закрыццё тыдня прайшло з курсам USD/BYN 3,4755. Чаго чакаць ад валютнага рынку ў сярэдзіне снежня, расказвае Myfin.by.
Гайданка з курсамі
Выніковае змяненне курсу за тыдзень склала +2,03%, з пачатку гэтага года — +9,38%. Аб’ём таргоў далярам за тыдзень застаўся ў сярэднім дыяпазоне з 67,495 млн даляраў.
Абменны курс расійскага рубля ў гэты ж час мяняўся ў такім самым трэндзе, толькі з адваротным знакам — ад максімуму тыдня ў панядзелак, 9 снежня, да мінімуму ў чацвер, 12 снежня, ад RUB/BYN 3,4156 за 100 расійскіх рублёў да 3,3486. Скончыўся тыдзень на RUB/BYN 3,3558 за 100 расійскіх рублёў. Агульнае змяненне курсу за тыдзень склала -1,20%, з пачатку гэтага года абменны курс расійскага рубля на беларускім валютным рынку зніжаецца ўжо на 4,10%. Аб’ём таргоў за тыдзень быў вышэйшы за сярэдні і ўсяго растаргавалася 25 808,860 млн расійскіх рублёў. Гэта складае прыкладна 256 млн даляраў.
Такія рэзкія змены абменнага курсу заўсёды былі праблемай для валютнага рынку, бо ўскладняюць сярэдне- і доўгатэрміновае планаванне, падымаюць кошт валютнага хэджавання. На беларускі рынак высокая валацільнасць імпартуецца з расійскага рынку, на якім валацільнасць абумоўленая нярэўнасцю вонкавых абмежаванняў.
Па-ранейшаму на расійскі рубель цісне дэфіцыт замежнай валюты, справакаваны рэстрыкцыямі ў дачыненні да расійскіх банкаў, якія забяспечваюць праводку экспартнай выручкі. Пакуль захоўваецца гэтая праблема, высокая валацільнасць будзе прысутнічаць на валютным рынку. Праўда, ёсць меркаванне, што цягам аднаго-двух тыдняў могуць быць уведзеныя выключэнні ў дачыненні да расійскага «Газпрамбанка» (паўнавартасныя санкцыі ў дачыненні да яго ўступаюць у сілу з 20 снежня), але гэта на ўзроўні развагаў.
Такім чынам, курс даляра на расійскім рынку з вялікай доляй імавернасці застанецца вышэйшым за 100 рублёў у дыяпазоне USD/RUB 104,0 — 108,0. Пра гэта ўскосна сведчыць зніжэнне аб’ёму экспарту тавараў у лістападзе на 4,0% г/г і зніжэнне сальда цяперашняга рахунку з 4,7 млрд даляраў у кастрычніку да 3, 2 млрд даляраў у лістападзе. Меншая выручка — даражэйшыя даляры на рынку, усё банальна.
Дзве галоўныя падзеі наступнага тыдня
Безумоўным хітом на тыдні могуць стаць два паседжанні цэнтральных органаў — ФРС ЗША ў сераду, 18 снежня, і Банка Расіі ў пятніцу, 20 снежня. Ёсць чаканні, што ФРС можа пайсці на чарговы крок зніжэння працэнтнай стаўкі на 0,25%. Падставай для такога рашэння можа быць апошняя статыстыка рынку працоўнай сілы ў Штатах у пачатку месяца. У выпадку зніжэння стаўкі валютная пара EUR/USD мае шанец знізіцца да 1,045.
У канцы тыдня, ужо пасля закрыцця беларускага рынку ў 15.00 паводле Мінска будзе апублікаванае рашэнне рады дырэктараў Цэнтрабанка Расіі па ключавой стаўцы. Прагноз на павышэнне стаўкі на 2,00%, але малаімаверна, што гэта прывядзе да істотнага ўмацавання расійскага рубля. Усё ж баланс попыту і прапановы пакуль не на карысць апошняга.
З улікам сказанага можна чакаць далейшага аслаблення курсу беларускай валюты на ўнутраным рынку ў дачыненні да даляра ЗША і ўмацавання да расійскага рубля. не выключана, што пара USD/BYN вернецца да адзнакі вышэй за 3,50, расійскі рубель пры гэтым зніжаецца да RUB/BYN 3,32 за 100 расійскіх рублёў.
Меркаванні экспертаў банкаў, інвестыцыйных і фінансавых кампаній, прадстаўленыя ў гэтай рубрыцы, могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі і не з’яўляюцца афертай або рэкамендацыяй да куплі ці продажу якіх-кольвек актываў або валют.